Вы тут

У Мінску выдадзены летапіс шпіталяў Першай сусветнай вайны


Шкада, што кнігі падобнага масштабу выдаюцца зусім невялікімі накладамі. Размова ідзе пра ёмісты фаліянт памерам у 488 старонак, багата ілюстраваны, насычаны ўнікальнай гісторыка-краязнаўчай інфармацыяй, сабранай літаральна па крупінках, — «Госпитали и лазареты Великой войны на землях Белорусских 1914 — 1918» Аляксандра Вялічкі і Генадзя Сабалеўскага. Кніга выйшла ў выдавецтве «Выдавец Зміцер Колас» у 2022 годзе. Прычынай на тое, што яна яшчэ не заўважана гісторыкамі, крытыкамі, аглядальнікамі гісторыка-краязнаўчай літаратуры, не заўважана краязнаўцамі ў рэгіёнах нашай краіны і за яе межамі, — наклад выдання. Ён роўны 60 асобнікам. І факт гэты па сённяшнім часе зразумелы, наўрад ці варты лішні раз абмеркавання, ды ўсё ж сумна з-за гэтага... 


Але ж — пра кнігу. Знаёмству з ёю папярэднічае даволі грунтоўная анатацыя. Можна лічыць, што аўтары і, пэўна, выдавец таксама шырока выклалі задачу, якая хаваецца за вокладкай грунтоўнага, адмысловага і ў нечым нечаканага для беларускага краязнаўства выдання.Чытаем анатацыю: «У кнізе сабраны малавядомыя звесткі пра шпіталі і лазарэты Першай сусветнай вайны, якую называлі ў тыя гады Вялікай Еўрапейскай ці Другой Айчыннай. Агляд ахоплівае болей 1000 ваенна-медыцынскіх устаноў Паўднёва-Заходняга, Заходняга і Паўночна-Заходняга франтоў, якія аказвалі дапамогу параненым на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У пералік уключаны медыцынскія ўстановы ваеннага ведамства, Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа, Усерасійскага земскага саюза, Усерасійскага саюза гарадоў, Паўночнай дапамогі, Рускай Праваслаўнай Царквы, грамадскіх арганізацый і прыватных асоб. Акрамя зводных, перасоўных, этапных шпіталяў і лазарэтаў, адзначаны перадавыя, дэзінфекцыйныя і эпідэмічныя атрады, урачэбна-харчовыя пункты, патранаты і лятучкі. Асобна прадстаўлены розныя тыпы ваенна-санітарных цягнікоў, якія курсіравалі па чыгунках беларускіх губерняў. Прадстаўлены дзясяткі ўстаноў, якія былі ўтвораны на ахвяраванні Дома Раманавых. Як і многіх дваран, што ўтрымлівалі ў сваіх сядзібах лазарэты, сярод якіх Ірына Паскевіч, Ізабэла Любанская, Плятэр-Зіберг, Габрыэла Ваньковіч, Філіберта Гартынг, Герард, Радзівілы, Чапскія, Бонч-Асмалоўскі, Храптовіч-Буценеў, Абаленская, Аліна Рэйтэн, Пуслоўскі і інш. Адзначаны ў складзе медыцынскіх устаноў Аляксандр Вярцінскі, Саша Чорны, Канстанцін Паўстоўскі, Максім Багдановіч, Новікаў-Прыбой, Павел Фларэнскі, Сакалоў-Мікітаў, Аляксандр Блок і яго жонка, дачка Дзмітрыя Івановіча Мяндзялеева — Соф’я, дачка Льва Талстога Аляксандра Львоўна, муж Марыны Цвятаевай Сяргей Эфрон, праўнучка Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна — Соф’я Варанцова-Вельямінава і інш. Прыведзены імёны соцен сясцёр міласэрнасці, фельдшараў і дактароў са складу шпіталяў, як даніна памяці за іх подзвіг...» 

І яшчэ адну акалічнасць адзначу на пачатку размовы пра кнігу, якая проста абавязана заняць сваё годнае месца ў бібліятэцы лепшых краязнаўчых выданняў Беларусі, выданняў сапраўды энцыклапедычнага характару. Аўтары выказваюць сардэчную ўдзячнасць арганізацыям, якія аказалі па меры магчымасцяў дапамогу ў зборы матэрыяла, у прыватнасці Баранавіцкаму краязнаўчаму музею, Кобрынскаму краязнаўчаму музею, Маладзечненскаму філіялу МКМ, Нясвіжскаму гісторыка-краязнаўчаму музею, Нясвіжскаму музею «Палац Радзівілаў», Чэрыкаўскаму гісторыка-краязнаўчаму музею. Выказваюць асобную падзяку «нераўнадушным людзям, якія аказалі садзейнічанне ў падборы матэрыяла і падрыхтоўцы кнігі да выдання»: супрацоўніку музея «Палац Радзівілаў» Андрэю Уладзіміравічу Блінцу, выконваючаму абавязкі дырэктара Чэрыкаўскага краязнаўчага музея Іне Міхайлаўне Вараб’ёвай, нашчадку фельдшара Цыцарына Ігару Аляксеевічу Гарачаву (Касімаў, Разанская вобласць), супрацоўніку Нацыянальнага гістарычнага архіва Уладзіміру Мікалаевічу Дзянісаву, Алегу Сяргеевічу Ішуціну, супрацоўніку Вілейскага краязнаўчага музея Андрэю Юр’евічу Каркотка, дырэктару СШ N 2 імя М. М. Асяненкі г. Паставы Аляксандру Іванавічу Кузняцову, выкладчыку гісторыі, краязнаўцу Віктара Паўлавічу Літвіну (Орша), настаўніку гісторыі, краязнаўцу Дзмітрыю Уладзіміравічу Люціку (Гродна), загадчыку аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміле Аляксандраўне Марозавай, камандзіру роты Мінскага сувораўскага вучылішча, краязнаўцу Дзмітрыю Георгіевічу Новікаву, супрацоўніцы Бабруйскага краязнаўчага музея Інне Уладзіславаўне Аўсейчык, кіраўніку праекта «Крокі» Андрэю Уладзіміравічу Араліну (Мінск), краязнаўцу Аляксандру Аляксеевічу Пашчуку (Брэст), Аксане Вячаславаўне Расказавай (Мінск), супрацоўніку выдавецтва «Ваяр» Аляксандру Віктаравічу Сявенька, краязнаўцу Аляксандру Міхайлавічу Сярожкіну (Орша), Людміле Міхайлаўне Хмяльніцкай (Віцебск), пісьменніцы, гісторыку Алене Іванаўне Харашэвіч (Мінск), архівісту Вользе Уладзіміраўне Чэрвінскай (Мінск), Вользе Уладзіміраўне Шкрабінай (Нясвіж). 

Стварэнню кнігі дапамагалі многія людзі. І аўтары найперш спяшаюцца выказаць ім падзяку. А яшчэ і таму хацелася б звярнуць на гэта ўвагу, каб падкрэсліць, што вялікія даследчыцкія праекты патрабуюць супольных намаганняў. І прыемна, што сваё плячо Аляксандру Вялічку і Генадзю Сабалеўскаму падставілі многія сапраўды нераўнадушныя да тэмы гісторыкі, архівісты, краязнаўцы, музейшчыкі. Ужо толькі гэты момант пацвярджае і тое, што кніга на ваенна-медыцынскую гістарычную тэму нараджалася на працягу істотнага адрэзку часу, у шматгранным пошуку. 

Праца ўражвае і жаданнем аўтараў выкласці максімальна вядомую інфармацыю літаральна пра ўсе суб’екты даследвання і ўсе ўстановы, якія дзейнічалі на тэрыторы Беларусі альбо размяшчаліся стацыянарна паблізу ад Беларусі і займаліся выратаваннем удзельнікаў эпахальных ваенных падзей у беларускіх губернях. Спіс «Палявыя запасныя і рухомыя шпіталі» фактаграфічна адрасуе да інфармацыі пра ўстановы, якія былі разгорнуты ў сістэме ваеннага ведамства практычна адразу ўсе ў 1914 г. Далей пададзены спіс «Тэрытарыяльныя медыцынскія ўстановы». Трэці дадатак (а на справе — чарговыя ўводзіны ў тэму) — «Імянныя ваенна-санітарныя ўстановы»

Пасля грунтоўнага артыкула «Уводзіны», у якім пададзена агульная карціна тэмы, ідзе асноўны тэкст у прывязцы да геаграфіі. Пачатак пакладзены гісторыка-краязнаўчай інфармацыяй пра Мінск. Старонкі шырокіх і даволі кароткіх нарысаў, а часам — толькі паведамленняў, багата ілюстраваны. Як на мой прыватны погляд, спрыялі гэтаму ранейшых дзесяцігоддзяў напрацоўкі, бо і Аляксандр Вялічка, і Генадзь Сабалеўскі — аўтарытэтныя, дасведчаныя даследчыкі, добрыя знаўцы філакартычнага і ўвогуле фатаграфічнага матэрыялу. Вядомыя многія публікацыі і кнігі, альбомы, якія Аляксандр Міхайлавіч Вялічка як спецыяліст у галіне філакартыі, як знаўца старой паштоўкі пачатку XX стагоддзя пабудаваў на аснове сабраных красамоўных ілюстрацый. Візуалізацыя тэматычных абсягаў даследвання прыцягвае да кнігі болей шырокую, масавую аўдыторыю чытачоў. Візуалізацыя дазваляе слядамі згаданых А. Вялічкам і Г. Сабалеўскім адрасоў развіць новыя краязнаўчыя пошукі, дапамагае ўключыць у справу захавання гістарычнай памяці моладзь, школьнікаў. 

Гартаеш «мінскі» раздзел кнігі — і ненаўмысна выпраўляешся ў падарожжа па сённяшняму гораду. Па розных ацэнках, сведчаць аўтары, у Мінску ў час Першай сусветнай вайны функцыяніравала болей 100 шпіталяў і лазарэтаў. А яшчэ ж размяшчаліся і ўстановы, якія абслугоўвалі войскі на ўзроўні франтоў і губерні. Знаёмая ўсім сённяшняя вуліца Фрунзе — тут ваенны шпіталь; вуліца і называлася Шпітальнай. Аўтары кнігі расказваюць пра тых, хто выконваў тут свае службовыя абавязкі, пералічваюць канкрэтныя прозвішчы. Уважліва пастаўцеся да гэтай інфармацыі: мо раптам знойдзеце сваіх прашчураў.Назавём хаця б сясцёр міласэрнасці: Зінаіда Гарадзецкая, Кацярына Марозава, Алена Гарына, Алена Шантыка, Вольга Савіч, Галіна Сукачова, Вера Шашкоўская, Лідзія Мацкевіч, Алена Шышла... Знаёмыя беларускія прозвішчы!.. Шпіталь меў сваю дамавую царкву. У 1916 — 1917 гг. Мінскі шпіталь быў эвакуіраваны ў Смаленск разам са штабам Мінскай ваеннай акругі. Адрадзіўся шпіталь у Мінску ў 1918 годзе на базе Мінскай земскай бальніцы ў былым палацы графа Чапскага. Да 1934 г. шпіталь знаходзіўся на вуліцы Карла Маркса, затым быў пераведзены ў будынак былога жаночага духоўнага вучылішча па вуліцы Куйбышава. У 1936 годзе там быў пабудаваны новы корпус, які злучылі са старым. У Вялікай Айчынную вайну прамым пападаннем бомбы ён быў знішчаны. Пасля вайны шпіталь заняў гарадок былых артылерыйскіх казарм на Камароўцы (праспект Машэрава), дзе знаходзіцца і зараз. Як бачым, аўтары не абмяжоўваюцца інфармацыяй у храналагічных рамках Першай сусветнай, а стараюцца выкласці як мага болей звестак. Мэта зразумелая і надзвычай правільная — звязаць гісторыю і сучаснасць, паказаць еднасць мінулага і сённяшняга, падштурхнуць чытачоў задумацца: «А вось на гэтым месцы адбываліся тыя ці іншыя падзеі...» 

Знаёмства з лаканічнай і разам з тым дэталёвай біяграфіяй асобных медыцынскіх устаноў Першай сусветнай падштурхоўвае і да наступных разваг. У нас параўнальна шырока развіта літаратурнае краязнаўства. Не ведаючы ўсё да драбніц, мы тым не меней ведаем повязь з Беларуссю многіх рускіх пісьменнікаў. Ды і пра мастакоў, якія не толькі стала жылі ў Беларусі, але і прыязджалі ў нашу старонку на кароткі тэрмін, таксама вядома шмат. А вось імёны медыкаў, якія выратоўвалі жыцці вайскоўцаў, абаронцаў Айчыны на тэрыторыі Беларусі, мы не так часта згадваем, а ў большасці выпадкаў і не ведаем іх. Праца А. Вялічкі і Г. Сабалеўскага ў значнай ступені выпраўляе гэты пралік. Возьмем, напрыклад, згадку пра галоўнага ўрача ўласнага шпіталя N1 Яе Імператарскай Высокасці Іаганэса Карла-Хрысціяна Дзірне (1861 — 1938), прафесара Маскоўскага ўніверсітэта, доктара медыцынскіх навук. Пайшоў на фронт добраахвотнікам, хаця і меў за плячыма ўжо 53 гады. Дарэчы, у 1901 годзе быў галоўным урачом плывучага шпіталя Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа «Царэўна» у час Іхэтуньскага (Баксёрскага) паўстання ў Кітаі. З 1904 па 1906 гг. — начальнік ваеннага шпіталя ў час Руска-японскай вайны. Быў узнагароджаны пяццю ардэнамі. Тры ордэны атрымаў і за Першую сусветную вайну. Эмігрыраваў з Расіі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Працаваў урачом у Батумі, Канстанцінопалі, Варне і Сафіі. У 1922 — 1923 гг. — прафесар Універсітэта Вітаўта Вялікага ў Каўнасе. З 1932 па 1935 гг. — удзельнік чакскага паўстання (узброенага канфлікта паміж Парагваем і Балівіяй) у званні маёра медыцынскай службы. Між іншым, чакскае паўстанне — самая крывавая вайна ў Лацінскай Амерыцы ў XX стагоддзі. У 1938 годзе Дзірне быў прызначаны на пасаду генеральнага ганаровага консула Парагвая на Бліжнім Усходзе ( з рэзідэнцыяй у Бейруце). І зараз звяртаюцца да класічнай працы Дзірне «Аператыўная ўралогія», якую ён напсіаў яшчэ ў 1914 годзе. Пагадзіцеся, унікальны гістарычны персанаж для рамана пра самыя складаныя перыпетыі XX стагоддзя?!. 

Падарожнічаючы па старонках кнігі літаральна па ўсёй Беларусі, адкрываеш новыя, невядомыя раней факты пра тыя мясціны і тых асоб, якія, здавалася б, і раней былі навідавоку. З цікавасцю даведваешся, што лазарэт працаваў у маёнтку Анатоля Восіпавіча Бонч-Асмалоўскага ў Блоні Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён). І сястрой міласэрнасці працавала другая жонка славутага рэвалюцыянера-народніка — Лізавета Фёдараўна Бонч-Асмалоўская (Новікава). А якой багатай з’яўляецца інфармацыя, прысвечаная медыцынскім установам, што працавалі ў Навагрудскім павеце — у мястэчку Мір, у Шчорсах, дзе на свае сродкі граф Канстанцін Апалінар’евіч Храптовіч-Буценеў заснаваў лазарэт на 40 ложкаў. За кожным фрагментам ваенна-медыцынскай гісторыі Першай сусветнай — падзеі, людзі, за кожным фрагментам — мужнасць, адвага, высокі прафесіяналізм медыкаў, якія сумленна выконвалі свае абавязкі. 

Несумненна, кніга А. Вялічкі і Г. Сабалеўскага «Шпіталі і лазарэты Вялікай вайны на землях Беларускіх 1914 — 1918» патрабуе шырокай прапаганды, шырокага расповяду. У працы, пачатай таленавітымі збіральнікамі гістарычнай памяці пра далёкія падзеі, павінен быць працяг. А ўжо выдадзены фаліянт хацелася б, каб заўважылі мастакі слова, пісьменнікі. На 488 старонках — неймаверная колькасць сюжэтаў, якія патрабуюць і шырокага мастацкага раскрыцця. Сюжэтаў пра чалавечую дабрыню, міласэрнасць, сюжэтаў пра дабрачыннасць нашых прашчураў. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.