Вы тут

«Мы не чакаем шокаў у рабоце ўнутранага рынку». Кіраўнік МАРГ Аляксей Багданаў пракаментаваў новую сістэму рэгулявання цэн


Гэта пастанова прынята ў развіццё Дырэктывы № 10 у мэтах абароны інтарэсаў грамадзян. «Сутнасць дакумента — спыніць рост цэн, інакш кажучы, выбудавана сістэма рэгулявання цэн па ўсім ланцужку — ад вытворцы да прылаўка», — сказаў Аляксей Багданаў. Паводле яго слоў, дакумент распрацаваны і прыняты на падставе тых даных, якія былі прапанаваны рабочай групай, створанай па даручэнні кіраўніка дзяржавы.


Фота: pixabay.com

«Рэгуляванне паводле гэтага дакумента распаўсюджваецца на 370 таварных груп. Практычна на ўвесь спажывецкі кошык, які ахоплівае больш за 90 % тавараў, якія набываюцца насельніцтвам нашай краіны. За выключэннем лекаў, паліва, алкаголю і тытуню. Гэтыя тавары рэгулююцца іншымі нарматыўна-прававымі актамі, і сюды іх уключаць не было ніякага сэнсу», — дадаў міністр.

Не парушаючы эканамічны рост

Аляксей Багданаў адзначыў, што дзяржава сапраўды ўводзіць кантроль над цэнаўтварэннем, але і раней гэтая практыка існавала ў краіне. У розных элементах яна стрымлівала рост цэн. «Сёння мы проста распаўсюдзілі гэтую сістэму кантролю на больш шырокі пералік тавараў. У той жа час, у выпадку неабходнасці пакінулі магчымым рост цэн у каго-небудзь з вытворцаў. Для гэтага вытворцам тавараў неабходна звярнуцца ў адпаведны орган з нармальным эканамічным абгрунтаваннем». Міністр запэўніў, што ніхто не будзе стрымліваць эканамічны рост таго ці іншага прадпрыемства.

«У нас няма задачы спыніць эканамічную актыўнасць краіны. Наадварот, яе неабходна развіваць і ўзмацняць. Натуральна, такую актыўнасць трэба стымуляваць, але варта задумацца над пытаннем зніжэння выдаткаў». Аляксей Багданаў лічыць, што гэта сур'ёзнае пытанне, якое само жыццё ставіць перад намі. Бо сітуацыя ў свеце вельмі заблытаная, у многіх краінах вялікія ўзроўні інфляцыі.

Словы аб зніжэнні выдаткаў не проста лозунг, лічыць міністр. Міністэрства ўжо сёння атрымлівае інфармацыю ад гандлёвых арганізацый аб тым, што многія вытворцы (мясны і малочны напрамак, прадпрыемствы хлебабулачных вырабаў) знізілі цэны на свае тавары.

Стоп цане без кантролю

Асобна спыніўся Аляксей Багданаў на двух раздзелах новай сістэмы рэгулявання цэн: айчынныя вытворцы і тавары імпартнага вырабу.

Што мы маем па таварах мясцовага вырабу? «З сённяшняга дня любое павышэнне адпускных цэн вытворцаў падлягае ўзгадненню з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам (у залежнасці ад месца рэгістрацыі юрыдычнай асобы) альбо з рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, калі арганізацыя, якая выпускае прадукцыю, уваходзіць у яго склад або знаходзіцца ў падпарадкаванні, альбо з Белкаапсаюзам, калі арганізацыя ўваходзіць у сістэму спажывецкай кааперацыі», — сказаў Аляксей Багданаў.

У асобных выпадках, па яго словах, узгадненне не патрабуецца. Напрыклад, заканчэнне тэрмінаў правядзення мерапрыемстваў па прасоўванні тавару — акцыі, зніжкі, распродажы, па якіх былі заключаны адпаведныя дагаворы з рознічнымі гандлёвымі аператарамі. Таксама пры заключэнні дагавораў пастаўкі з новымі контрагентамі або пры змене ўмоў пастаўкі з дзеючымі контрагентамі, але не вышэй за адпускныя цэны, вызначаныя ў прэйскурантах пастаўшчыкоў або ў палажэннях аб зніжках на дату ўступлення ў сілу гэтай пастановы на дату 20 кастрычніка.

«Самі вытворцы могуць змяняць цану без узгаднення з адпаведнымі органамі ў выпадку павышэння цэн або тарыфаў, якія рэгулююцца дзяржавай. Напрыклад, паліва, энергетыка і іншыя. Акрамя таго, у выпадку павышэння падаткаў або абавязковых плацяжоў, якія ўваходзяць у сабекошт вырабленай прадукцыі, прапарцыянальна іх росту і ўдзельнай вазе ў сабекошце», — адзначыў міністр.

Узгадненне з дзяржорганамі аб павышэнні цаны выконваецца ў тэрмін не больш за 10 рабочых дзён з даты паступлення дакументаў, а ў выпадку, калі тавар хутка псуецца (яго тэрмін прыдатнасці — не больш за 30 дзён), — не больш за 5 рабочых дзён.

Прымусіць працаваць з імпартам без максімальных накрутак

Міністр адзначыў, што, паводле пастановы № 713, таксама ўводзіцца рэгуляванне цэн на імпартаваныя спажывецкія тавары шляхам устанаўлення дыферэнцыраваных гранічных максімальных надбавак для імпарцёраў. «Калі раней гэтых надбавак у імпарцёраў не было і можна было 200—300 % накруціць, сёння гэтая сітуацыя будзе выключана», — звярнуў увагу Аляксей Багданаў.

«Пры распрацоўцы гэтых падыходаў доўга абмяркоўвалі тэму з імпарцёрамі і выпрацавалі сумесныя дзеянні. У прыватнасці, уводзіцца абавязак імпарцёра мець абгрунтаванне кантрактнай уваходнай цаны. У прынцыпе, гэтая працэдура ўжо многімі з іх праводзілася, — паведаміў ён. — Калі імпарцёр увозіў, напрыклад, з Расійскай Федэрацыі сланечнікавы алей, ён праводзіў даследаванні: браў 5—6 вытворцаў з Расіі, выбіраў найбольш выгадны варыянт і ў сябе захоўваў гэтыя звесткі. Гэта была неабавязковая працэдура, а цяпер з мэтай пацвярджэння абгрунтаванасці імпартнай цаны яе павінны будуць выконваць усе кампаніі, якія займаюцца ўвозам тавараў, вызначаных у пастанове».

Акрамя таго, Дзяржаўны мытны камітэт выбудуе сістэму маніторынгу такіх цэн і сумесна з МАРГ будзе ажыццяўляць кантроль, каб не дапусціць злоўжывання завышэння цаны імпартнага тавару.

Першы намеснік міністра Іван Вежнавец удакладніў, што абгрунтаванне кантрактнай цаны павінна захоўвацца ў імпарцёраў на папяровых носьбітах або ў электроннай форме.

«Гэта з'яўляецца абавязковай часткай эканамічнага абгрунтавання адпускной цаны. Такім чынам, у імпарцёра павінна быць абгрунтаванне да ўсяго ланцужка пастаўкі прадукцыі: кантрактная цана, мытныя плацяжы, выдаткі па дастаўцы тавару, абавязковае страхаванне, калі патрабуецца, іншыя выдаткі і надбаўка імпарцёра», — сказаў ён.

І. Вежнавец дадаў, што цяпер распрацоўваюцца рэгламенты адміністрацыйных працэдур. І адзін з дакументаў, які будзе ўтрымлівацца ў патрабаваннях, — гэта маркетынгавае даследаванне, параўнанне цаны на аналагічныя тавары, якія выпускаюцца самім прадпрыемствам або іншымі суб'ектамі на рынку Беларусі. А таксама параўнанне цэн з экспартнай альтэрнатывай.

Каб былі рэшткі салодкімі

«На рэшткі тавараў цэны павінны быць прыведзены суб'ектамі гаспадарання ў адпаведнасць з патрабаваннямі пастановы на працягу пяці рабочых дзён. І гэтай работай неабходна будзе заняцца ўжо цяпер», — сказаў Аляксей Багданаў.

«МАРГ як каардынатару неабходна будзе распрацаваць каля пяці рэгламентаў ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур і парадак дзеянняў па выкананні гэтай пастановы. Гэтую работу з учарашняга дня мы пачалі. Таму ўсе рэгламенты будуць выпушчаны ва ўстаноўлены тэрмін», — паведаміў міністр.

Па яго словах, з 1 студзеня ў краіне адмяняюцца бартарныя аперацыі. Акрамя выпадкаў знешнегандлёвых аперацый, аперацый паміж удзельнікамі холдынгаў, а таксама, калі такая здзелка будзе ўзгоднена з адпаведным дзяржаўным органам.

Таксама ўводзіцца забарона на выплату ўзнагароджанняў за прасоўванне прадукцыі ў рознічным гандлі, так званых бонусаў для пастаўшчыкоў айчыннай прадукцыі.

Што тычыцца аптовых арганізацый і гандлю, уводзіцца рэгуляванне ў сферы аптова-рознічных аперацый шляхам устанаўлення дыферэнцыраваных гранічных максімальных надбавак па пераліку спажывецкіх тавараў. «Такі від надбаўкі носіць сумешчаны характар, аб'ядноўвае аптовую і рознічную надбаўку па-за залежнасці ад колькасці аптовых звёнаў. Такім чынам, мяркуецца, што неабгрунтаванае пасрэдніцтва будзе выключана», — сказаў Аляксей Багданаў.

Паслугі на сваёй «хвалі»

Яшчэ міністр адзначыў, што паслугі не трапілі ў новую сістэму рэгулявання цэн. «Іх у пастанову ўрада № 713 не ўключалі па прычыне таго, што ў нашай краіне больш за 60 % паслуг ужо рэгулюецца дзеючым заканадаўствам. Напрыклад, гэта паслугі сувязі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту, адукацыі, рытуальныя паслугі і шэраг іншых».

А Мінсельгасхарч абавязалі

Аляксей Багданаў паведаміў, што Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання па ўзгадненні з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўстановіць гранічныя максімальныя цэны на шэраг тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў перапрацоўцы. Гэта такія тавары, як малочка, свініна, буйная рагатая жывёла, некаторыя віды збожжавых, буракі, мука, масла, цукар і яйкі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».