Вы тут

Надвор'е: Зараз прыкметна пахаладала, аднак на наступным тыдні зноў прыгрэе


Калі ў пачатку тыдня тэмпературны фон па краіне быў даволі высокі для сярэдзіны кастрычніка, то ўжо ў сераду днём, калі праз тэрыторыю нашай краіны прарваўся атмасферны фронт з затокам халодных паветраных мас паўночных шырот, у Беларусі прыкметна пахаладала. Дастаткова холадна будзе і ў выхадныя, аднак на наступным тыдні нас зноў прыгрэе, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

У пятніцу ўдзень істотных ападкаў па краіне не чакаецца. У ранішнія гадзіны месцамі будуць згушчацца туманы. Максімальная тэмпература паветра не перавысіць плюс 5—11 градусаў.

Надвор'е пачне псавацца ў першы дзень выхадных. У ноч на суботу да паўднёва-заходніх рэгіёнаў Беларусі наблізіцца франтальны раздзел з тэрыторыі Польшчы: атмасферны ціск пачне падаць, павялічыцца колькасць аблокаў, і ў начныя гадзіны месцамі па паўднёвым захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы франтальны раздзел працягне сваё зрушэнне праз нашу краіну, і кароткачасовыя дажджы будуць адзначацца ўжо на большай частцы тэрыторыі. Ноччу і раніцай у асобных раёнах згусціцца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад мінус 1 да плюс 6 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да плюс 6—11 градусаў, а па паўднёвым захадзе — да 13 цяпла.

У нядзелю надвор'е вызначаць атмасферныя франты і няўстойлівыя паветраныя масы, якія распаўсюджваюцца з Балтыйскага мора. На большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Уначы тэмпература паветра складзе плюс 3—9 градусаў, а па паўднёвым захадзе — плюс 11 градусаў. Днём слупок тэрмометра падымецца да плюс 10—17 градусаў, а па паўночным усходзе — да плюс 7—9 градусаў.

Паводле папярэдняга прагнозу айчынных сіноптыкаў, няўстойлівае з кароткачасовымі дажджамі надвор'е захаваецца ў нашай краіне і ў першай палове новага тыдня. І яшчэ, значна пацяплее.

Так, у панядзелак месцамі па краіне прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. У начныя і ранішнія гадзіны магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 2—9 градусаў, а днём — плюс 8—15 градусаў. Па паўднёвым захадзе паветра прагрэецца да 17 цяпла.

У аўторак на паўднёвай палове краіны цяпло будзе нават у начны час. У гэтыя суткі ноччу месцамі, а раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 2 да плюс 8 градусаў. Максімальная тэмпература ўдзень складзе плюс 7—14 градусаў. Па паўднёвым захадзе краіны ноччу плюс 9—11 градусаў, а днём — плюс 15—17 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?