Вы тут

Быць бацькам — вялікае шчасце. У сям'і Мініных з Віцебскага раёна — 4 дачкі


Таты Беларусі адзначаюць новае свята — Дзень бацькі. Моцныя і сур'ёзныя, яны нараўне з жанчынамі расплываюцца шчаслівымі ўсмешкамі ў абдымках родных ручак, абараняюць сваіх дзяцей ад нягод. Не ўсім выпадае шчасце бацькоўства, але асабліва шанцуе тым, у каго яно памножана на некалькі разоў.


У светлым доме сям'і Мініных з Віцебскага раёна ніколі не бывае ціха: гамоняць старэйшыя Алена і Ангеліна, раздаецца тупат ножак двайнятак Машы і Дашы. Галава сямейства Аляксандр ласкава называе сваіх дзяўчатак «ружавым кветнікам», ды і як тут па-іншаму, калі ён — адзіны мужчына. Гісторыя кахання Аляксандра і Святланы пачалася сем гадоў таму, праз тры — ажаніліся, а яшчэ праз год у пары нарадзіліся двайняты.

Света і Саша мясцовыя, з Суража, доўга былі проста знаёмымі, а пасля сталі крок за крокам віць сямейнае гняздзечка. Ён працуе трактарыстам-машыністам агракомплексу імя М. П. Шмырова Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, мае за плячыма багаты сельскагаспадарчы вопыт — больш 15 гадоў — і носіць пачэснае званне перадавіка, бо не раз станавіўся пераможцам раённых галіновых спаборніцтваў. Больш як 10 гадоў падчас уборачнай шчыраваў на камбайне, але змяніў кірунак дзейнасці — мужчыну больш падабаецца працэс падрыхтоўкі асновы пад будучы ўраджай, таму Аляксандр на энерганасычаным «Кіраўцы» задзейнічаны на земляробчых работах.
А кола палявых сельскагаспадарчых работ амаль не спыняецца.

Святлана па спецыяльнасці кухар, некаторы час працавала ў Віцебску, потым вярнулася на малую радзіму і ўладкавалася ў мясцовую гаспадарку бухгалтарам, пасля перавялася на пасаду загадчыка склада: адпускала запчасткі для сельгастэхнікі, вяла дакументацыю. Пра тое, наколькі адказна ставіцца да работы, сведчыць яе клопат у дэкрэтным адпачынку: паспявала забягаць на склад і кансультаваць калег. Маладыя бацькі выхоўвалі двух дачок Ангеліну і Алену, дапамагалі ім і бабулі з дзядулямі. А калі Мініны вырашылі, што дзявоцкаму асяроддзю не хапае браціка, лёс распарадзіўся іначай і падарыў дзвюх дзяўчынак Машу і Дашу.

«Канешне, спачатку было цяжка спраўляцца з двайнятамі і старэйшымі дзецьмі, але муж падставіў моцнае плячо дапамогі. І падтрымліваў парадак у хаце, і суцяшаў двайнят, і гатаваў — даваў мне такія патрэбныя хвілінкі адпачынку. З упэўненасцю магу сказаць, што я за ім як за каменнай сцяной», — расказвае Святлана.

Маша і Даша, як найкаштоўнейшыя падарункі бацьку, нарадзіліся амаль на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі — 18 лістапада. Зараз ім амаль тры, яны нядаўна сталі наведваць дзіцячы садок. Вельмі падобныя знешне, але зусім розныя па характары: Марыя — старэйшая ўсяго на адну хвіліну — занадта сур'ёзная, а Дар'я гарэзлівая і любіць усміхацца. Але бацькоўскія сонейкі ўжо ў такім маленькім узросце абараняюць адна адну і падтрымліваюць. Старэйшай Ангеліне шаснаццаць, яна заканчвае школу з юрыдычным ухілам і плануе паступаць у Віцебск. Алене дванаццаць, яна вучыцца ў сёмым класе Суражскай сярэдняй школы, а ў вольны час займаецца вышыўкай і маляваннем.

Шматдзетны тата Аляксандр называе сябе самым шчаслівым чалавекам і ў першую чаргу заўсёды расказвае не аб сваіх справах, а аб дасягненнях чатырох дочак. Як на крылах, спяшаецца пасля цяжкага працоўнага дня дадому, дзе яго любяць і чакаюць. Калі ўдаецца правесці выхадны дзень з сям'ёй, то ўсе хатнія справы робяць разам. Асабліва падабаецца малым з татам у трактары, а яшчэ — дапамагаць маці на градках, паліць з дзядулем лазню, назіраць за тым, як сабраныя імі ў садзе яблыкі і грушы з-пад лёгкай мамінай рукі выходзяць у форме павідла і кампотаў.

Падчас тыдня бацькоўскай любові, які фінішаваў у Дзень бацькі, з цёплымі віншаваннямі да Мініных завітала старшыня Віцебскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Дзіканава. «Быць бацькамі — найвялікшае шчасце і цяжкая штодзённая праца, з якой вы ўзорна спраўляецеся. Вялікі дзякуй за важкі ўклад вашай сям'і ў развіццё сельскай гаспадаркі раёна і выхаванне дзяцей — светлай будучыні нашай краіны. Жадаю вашаму дому дабрабыту, гармоніі і новых дасягненняў», — павіншавала прафсаюзны лідар аграрыяў раёна і ўручыла Мініным салодкі падарунак і сокавыціскалку.

Главу сямейства Аляксандра дома не засталі — ён, як і заўсёды, барозніць бязмежныя падзвінскія палі, не губляючы апошніх пагодлівых хвілін. Але ўвечары дружная сям'я збярэцца за вялікім сталом, і дзяўчаткі скажуць бацьку запаветнае «дзякуй, за тое, што ты ёсць». А для простага мужчынскага шчасця большага не трэба.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.