Вы тут

Выжывальнасць дзяцей з анкалогіяй у Беларусі адна з самых высокіх у свеце — да 90%


РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі адзначае гэтымі днямі сваё 25-годдзе. За гэты час праз яго стацыянарныя і амбулаторныя аддзяленні прайшло 150 тысяч дзяцей. Пры гэтым паказчык выжывальнасці малых з анкалагічнымі хваробамі ў Беларусі адзін з самых высокіх у свеце — ад 82 да 90 %.


Святкаванне юбілею прайшло ў сталічным Палацы Рэспублікі. Як адзначыла дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Анжаліка Сонцава, штогод 6 тысяч дзяцей лечацца ў стацыянарах цэнтра, 40 тысяч наведваюць яго спецыялістаў амбулаторна, праведзена больш за 1400 трансплантацый. Штогод выконваецца больш за 70 трансплантацый гемапаэтычных ствалавых клетак, прыкладна 6 % з іх — дзецям з замежжа.

— Дваццаць пяць гадоў для медыцынскай установы — не вельмі вялікая дата. Але насамрэч за ёй стаіць шмат падзей, перамог і адкрыццяў. Апошнія гады мы працуем на апераджэнне. Наш навуковы аддзел практыкаарыентаваны і валодае самымі перадавымі тэхналогіямі. Гэта метады клетачнай тэрапіі, імунатэрапіі, імунапрафілактыкі. Сёння ў нас пяцігадовая выжывальнасць дасягнула 82 %, а па некаторых відах анкалагічных хвароб — да 90 %. Я вельмі спадзяюся, што хутка гэта лічба будзе набліжацца да 100 % і мы зможам сказаць, што перамаглі дзіцячы рак, — сказала дырэктар РНПЦ.

Дзіцячы цэнтр знаходзіцца пад патранатам Савета Рэспублікі: ад дапамогі ў набыцці неабходнага абсталявання да арганізацыі мерапрыемстваў і свят для дзяцяй. Сенатары ўдзельнічаюць у акцыях «Нашы дзеці», аказваюць падтрымку малым да 1 верасня.

— У нас створаны папячыцельскі савет, яго члены збіраюцца і вырашаюць праблемы цэнтра, абмяркоўваюць тое, што варта зрабіць, — расказвае старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна РУНЕЦ. — Цэнтр намі быў абраны невыпадкова, бо аказанне дапамогі дзецям блізкае кожнаму чалавеку. Прычым гэта дзеці з няпростым лёсам. Хочацца, каб людзі, якія працуюць у гэтым цэнтры, заўсёды мелі магчымасці ім дапамагчы.

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што анкалогію прынята лічыць хваробай пажылых людзей. Улічваючы гэта, дзіцячая анкалогія з’яўляецца больш знакавай і адказнай галіной.

— Для нас РНПЦ — гэта своеасаблівы сімвал педыятрыі, якая з’яўляецца маркай айчыннай аховы здароўя. Дзіцячая анкагематалогія — гэта і сімвал высокіх тэхналогій, сімвал комплекснага падыходу. Самае важнае — не колькі юных пацыентаў мы пралячылі, а выжывальнасць, якая з’яўляецца адной з найлепшых у свеце. Гэта таксама персаніфікаванае лячэнне, калі тактыка і прэпараты падбіраюцца кожнаму дзіцяці індывідуальна. З гэтым мы прыйшлі да 25-годдзя, а значыць, і ў будучыні цэнтр застанецца перадавым.

Алена КРАВЕЦ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.