Вы тут

Сямейны капітал — на паляпшэнне жыллёвых умоў


У Храме-помніку ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія збаўленню Айчыны нашай паслужылі, напярэдадні Дня бацькі сабраліся прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства інфармацыі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі СМІ. На круглым стале ішла гаворка пра сямейную палітыку, традыцыйныя каштоўнасці ў свеце сучасных рэалій, пераемнасць пакаленняў у кантэксце бяспекі дзяржавы. Акрамя таго выступоўцы адзначылі важнасць факультатыўных заняткаў «Асновы сямейнага жыцця» для вучняў 9—11 класаў школ, а таксама адукацыі бацькоў у межах рэспубліканскага праекта «Бацькоўскі ўніверсітэт».


«Сям'я — як клетачка: ад яе стану залежыць стан усяго арганізма — дзяржавы», — адзначыў Валерый Кавалькоў, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны. Паводле яго слоў, 98 % насельніцтва нашай краіны лічыць сям'ю асноўнай часткай свайго жыцця. «Дзяржаўная палітыка накіравана на падтрымку сем'яў, у тым ліку і шматдзетных. Радуе, што колькасць апошніх вырасла на 70 % ва ўсіх рэгіёнах. Зараз іх 120 тысяч. Аднак у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паступае шмат зваротаў ад жанчын аб тым, што наймальнік не вельмі ахвотна дае ім выхадны дзень (сёння, згодна з нашым заканадаўствам, шматдзетныя маці маюць права на адзін дадатковы выхадны дзень у тыдзень. — Аўт.). Таму зараз разглядаецца пытанне, каб адзін свабодны ад працы дзень замяніць на скарочаныя працоўныя дні — даць шматдзетнай маці магчымасць штодзень сыходзіць з работы на гадзіну раней (альбо прыходзіць на гадзіну пазней). Мы лічым, што гэта будзе накіравана на дапамогу бацькам, якія выхоўваюць дзяцей».

Вельмі станоўча было ўспрынята і рашэнне аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам у 2020—2022 гадах, у асноўным сем'і выкарыстоўваюць яго на паляпшэнне жыллёвых умоў. Акрамя таго, як адзначыў Валерый Кавалькоў, з 2021 года кожная шматдзетная сям'я, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, павінна быць накіравана на будаўніцтва жылля на працягу аднаго года з даты пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу. Каб не было такога, што людзі атрымалі «квадратныя метры», калі дзеці ўжо выраслі. За 8 месяцаў гэтага года жыллём забяспечана 6,3 тысячы шматдзетных сем'яў.

Паводле слоў намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага, зараз вядзецца работа над праектам абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, у аснове якой ляжыць у тым ліку і пераемнасць пакаленняў, моцныя сямейныя традыцыі і каштоўнасці.

Пасля круглага стала адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў штогадовага рэспубліканскага творчага конкурсу «Моцная сям'я — моцная дзяржава», які стаў ужо традыцыйным. На падставе рашэння журы дыпломы і грашовыя ўзнагароды ў памеры 11 базавых велічынь атрымалі 12 прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Паводле слоў Ігара Бузоўскага, усяго на конкурс было прадстаўлена 135 работ ад 101 рэдакцыі СМІ. «Усе матэрыялы, пададзеныя на конкурс, настолькі цікавыя і карысныя, што іх можна і варта перачытваць».

Павіншаваў пераможцаў і творчы фальклорны калектыў «Мядоцкая талака». Артысты прывезлі з сабой не толькі песні, але і калекцыю вышытых ручнікоў трох пакаленняў сям'і Марыі Ціханаўны Абрамовіч, Ганаровага грамадзяніна Барысаўскага раёна, дэпутата Вярхоўнага савета СССР, ветэрана сельскай працы.

Шмат гаварылася і пра важнасць сямейнага чытання як аснову гарманічнага развіцця дзяцей. Лілія Ананіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падарыла старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» Таццяне Краўчанцы і шматдзетным маці, якія прысутнічалі на круглым стале, зборнік выбраных твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа «Бацькоўскі дар», выдадзены ў межах праекта «Сямейнае чытанне». Кніга аздоблена цудоўнымі ілюстрацыямі фотакарэспандэнта «Звязды» Анатоля Клешчука.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».