Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Трэба жыць сваім розумам. Трэба рабіць тое, што нам выгадна


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочым візітам наведаў Брэсцкую вобласць. Тут на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі пад Баранавічамі ён азнаёміўся з распрацоўкамі айчыннага ваенна-прамысловага комплексу. Увазе Галоўнакамандуючага прадставілі беспілотныя авіяцыйныя комплексы і іншыя ўзоры ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, распрацаваныя арганізацыямі абароннага сектара эканомікі. 


«Усё павінна быць па-сапраўднаму»

«Ты ж не проста паказваеш у адзіным экзэмпляры ўзор. Любы ўзор зараз на фронт — і ён ваюе? — удакладніў Аляксандр Лукашэнка ў старшыні Дзяржкамваенпрама Дзмітрыя Пантуса падчас агляду беспілотнікаў. Прэзідэнт пацікавіўся, хто купляе гэтыя машыны ў беларускіх вытворцаў. «Хто купляе — таму і будзем прадаваць. Непажадана, вядома, каб нашы ўзоры ваявалі ва Украіне: усё ж свае людзі», — падкрэсліў ён.

Сярод прадстаўленых мадэляў былі беспілотнікі-разведчыкі, ударныя комплексы і разведвальна-ўдарны беспілотны верталёт, аналагаў якому ў свеце няма. Як далажылі Прэзідэнту, частка машын стаіць на ўзбраенні, частка праходзяць выпрабаванні, а некаторыя перададзены арміі на паддоследную эксплуатацыю. Праграмнае забеспячэнне і сістэмы кіравання ў беларускіх беспілотнікаў таксама беларускай вытворчасці.

Свае распрацоўкі прапанавала і Акадэмія навук, чые узоры таксама запатрабаваны за мяжой. У планах — удасканаленне тэхнікі. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб яны паскараліся ў гэтай працы.

Акрамя беспілотных лятальных апаратаў, на палігоне Прэзідэнту прадэманстравалі і іншыя ўзоры ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, сярод якіх оптыка-электронныя комплексы для аховы граніц і аб’ектаў інфраструктуры, лазерная і электрамагнітная зброя, рабатызаваны агнявы комплекс, баявыя і разведвальныя машыны, мадэрнізаваныя бронетранспарцёр і танк Т-72БМ2, аснашчаны абаронай ад процітанкавых ракетных комплексаў. Наконт характарыстык і адметных асаблівасцяў тэхнікі Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся непасрэдна ў экіпажа. 

«З пункту гледжання сучаснай вайны патрэбны больш сучасныя танкі?» — спытаў кіраўнік дзяржавы. Міністр абароны Віктар Хрэнін адказаў, што беларускія танкі мадэрнізуюцца і яны не горшыя за Т-90.

«Гэта значыць трэба свае танкі прывесці ў парадак — і нармальна. Калі ён гаворыць, што гэта добры танк, будзем на яго арыентавацца. Давайце будзем да розуму гэтыя танкі даводзіць», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці акутальна сёння ўвогуле выкарыстанне танкаў у сучасных баявых дзеяннях. «Квадракоптары і барацьба з імі, станцыі РЭБ сёння на мяне больш робяць уражанні, чым танкі», — прызнаўся ён. Але Віктар Хрэнін адзначыў, што толькі танкам можна забяспечыць актыўнасць абароны«, — падкрэсліў міністр абароны.

«Гэта значыць танкам быць? Таму трэба мадэрнізаваць. Трэба выходзіць на больш істотныя аб’ёмы мадэрнізацыі», — паставіў задачу Прэзідэнт.

Увазе Галоўнакамандуючага прадставілі і медыцынскія камплекты, якімі ўкамплекатаваныя беларускія ваенныя. На розныя ваенныя сітуацыі — розныя камплекты са сродкамі айчыннай вытворчасці. 

«Індывідуальная аптэчка павінна быць не горшая за натаўскую. Не спрашчайцеся, рабіце як лепш. Не дай бог што здарыцца, з-за гэтага загіне чалавек. Таму спрашчацца нельга. Усё павінна быць па-сапраўднаму. Не горш, чым у ворага. Павінна быць лепш», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны Аляксандр Малюх расказалі, што ў новай версіі медыцынскага набору, прызначанага для аказання меддапамогі невялікаму падраздзяленню ваеннаслужачых, прадстаўлена каля 50 найменняў медыцынскіх вырабаў. У індывідуальнай — каля 20. Абодва медыцынскія камплекты можа выкарыстоўваць вайсковец, які не мае медыцынскай адукацыі, але пры гэтым прайшоў адмысловую падрыхтоўку. Гэтыя наборы даюць магчымасць аказваць першую дапамогу практычна пры любых надзвычайных сітуацыях. 

Аляксандр Лукашэнка ўбачыў магчымасці спецыяльнай ваеннай тэхнікі ў справе. З назіральнага пункта ён азнаёміўся з баявым прымяненнем беспілотных лятальных апаратаў, комплексным баявым прымяненнем сродкаў барацьбы з БЛА, прымяненнем шматузроўневай аўтаматызаванай сістэмы кіравання батальённай тактычнай групай.

Беларуская армія нацэлена на абарону сваёй тэрыторыі

Пасля агляду тэхнікі Прэзідэнт сустрэўся з журналістамі і адказаў на актуальныя пытанні. Але найперш — падзяліўся ўражаннямі ад убачанага на палігоне. Прэзідэнт падкрэсліў, што беларуская армія перш за ўсё нацэлена на абарону сваёй тэрыторыі, а не нападзенне, таму і распрацоўваюцца адпаведныя ўзоры ўзбраення. «Тут мы, вядома, лідары ў свеце, і гэта не менш важна, чым мець такія беспілотнікі, якія могуць наносіць удары па пэўных мэтах», — адзначыў ён. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што чацвёрты ці пяты раз праводзіцца мадэрнізацыя нашай арміі і ўзбраення найперш. Адпаведныя планы абмяркоўваліся даўно і, па словах Прэзідэнта, былі завоблачныя. Але, калі пачалася спецыяльная ваенная аперацыя, стала зразумела, што трэба выносіць урокі і рабіць адпаведныя высновы. 

Ён нагадаў, што вядома шмат выпадкаў, калі са строю выходзіць самы сучасны танк і не ведаюць, што з імі рабіць. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што танк Т-72мадэрнізаваны да такога ўзроўню, што ён не ўступае самым сучасным стандартам. «Гэта наш шлях, мы пачалі мадэрнізацыю гэтых танкаў і будзем паскарацца. Можна захапіцца апавяданнямі са сродкаў масавай інфармацыі і зайсці вельмі далёка, патраціць вялізныя грошы а выніку не дасягнуць таго выніку, якога мы хацелі б. Таму робячы высновы і ўрокі, мы, напэўна, у разоў пяць а можа быць і больш, зможам скараціць фінансаванне, але дасягнуць таго выніку які нам патрэбен. Галоўнае — вучыць, вучыць людзей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Не толькі сябе — краіну трэба абараняць

Журналісты пацікавіліся меркаваннем Прэіздэнта наконт укідаў у інтэрнеце аб нібыта тайнай мабілізацыі ў Беларусі. Прэзідэнт растлумачыў, што такое мабілізацыя, каб «апусціць на зямлю». Ён прывёў просты прыклад. Чалавек атрымаў павестку ці іншым шляхам апавешчаны. Прыходзіць у ваенкамат. Там глядзяць, які спецыяліст, і ён накіроўваецца ў ваенную часць. «Хай прывядуць хоць адзін прыклад, калі мы запрасілі чалавека ў ваенкамат, далі яму, груба кажучы, ружжо і адправілі ў часць. Няхай прывядуць хоць адзін прыклад», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён падкрэсліў, што беларусы вучацца на ўроках расійскай мабілізацыі. Напрыклад, там былі выпадкі, калі прыйшла павестка, а чалавека няма—з’ехаў, памёр. Таму беларускім ваенным пастаўлена задача: праз ваенкаматы адпрацаваць сістэмы апавяшчэння. «Гэта значыць, адпрацаваць шляхі, як дастукацца да чалавека, якога мы хочам мабілізаваць. Далей — знайшлі яго, запрасілі ў ваенкамат, удакладнілі, паглядзелі падыходзіць ці не — ідзі хлопец, адпачывай. Вось якая ў нас мабілізацыя, паклікалі, паглядзелі — ідзі працуй. Якая тут мабілізацыя?», — расказаў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што для Беларусі вельмі важная тэрытарыяльная абарона. «Кожны павінен абараняць свой дом, гэта на месцы людзі. Мы таксама гэта правяраем. Я заўтра дам каманду падняць тэрытарыяльную абарону — паднялі ўсіх, яны выйшлі на абарону аб’ектаў, масты, электрастанцыі, тое, што трэба для забеспячэння жыцця ўласнага дома», — сказаў ён. І яшчэ адзін від войскаў, якія пачынаюць разгортваць, — народнае апалчэнне. Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння кожны павінен умець ваяваць, кожны павінен умець страляць. Ён растлумачыў, што гэта вопыт, які за плячыма не насіць. «У мяне і ў сям’і такі падыход, нягледзячы на тое, што я прэзідэнт. Мае дзеці ўсе ваенныя і нават малодшы — яны рыхтуюцца сябе абараніць. І не толькі сябе — краіну трэба абараняць», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што на сёння ў Беларусі няма ніякай вайны і нашай краіне яна не патрэбная. «А калі палезуць... Ну вось мы трэніруемся, можна нас за гэта крытыкаваць, і мяне ў тым ліку. Усё трэба рабіць. Трэба разлічваць на свае сілы. Я ж не адмаўляю, я рыхтуюся да вайны. 25 гадоў мінімум я рыхтуюся да вайны. Не я прыдумаў: хочаш міру — рыхтуйся да вайны. Я і рыхтуюся, як галоўнакамандуючы. Таму трэба супакоіцца. Кожны павінен займацца сваёй справай. Я як Прэзідэнт буду рабіць сваю, у мяне спектр інтарэсаў і адказнасці значна шырэйшы чым у звычайнага чалавека. Трэба займацца сваёй справай, калі мы хочам, каб не было балюча», — адзначыў ён. 

«Усё будзе ісці ад народа»

У чацвер Прэзідэнт правёў нараду, адной з тэм якой быў законапраект «Аб Усебеларускім народным сходзе». Журналісты не пакінулі без увагі гэтую тэму. І пацікавіліся, ці не прывядзе надзяленне УНС шырокімі паўнамоцтвамі да дэцэнтралізацыі ўлады. Справа ў тым, што ў інтэрнеце распаўсюдзілася інфармацыя, маўляў, «Лукашэнка будзе прызначаць членаў УНС».

Па словах Прэзідэнта, Усебеларускі народны сход — гэта найвышэйшы орган прадстаўніцкай улады. І ўсё будзе ажыццяўляцца выключна выбарным шляхам, за выключэннем людзей, якія будуць там займаць месцы па пасадзе: дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, прэм’ер-міністр, дзеючы Прэзідэнт. Яны там будуць займаць свае месцы, яны прадстаўляюць большую частку народа. «УНС — гэта выбарчы орган, усё будзе ісці ад народа. І Лукашэнку няма такой неабходнасці там прызначаць. А тыя „буракападобныя таварышы“ — яны туды не патрапяць. Іх туды ніхто не выберэ. Яны ворагі народа. Ворагам народа там рабіць няма чаго. Людзі са сваім пунктам гледжання — калі ласка, па пэўных правілах, якія для ўсіх будуць устаноўлены. Калі ім будзе аказаны давер — яны туды патрапяць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Ніякай дэцэнтралізацыі ўлады няма і быць не можа. УНС — гэта ўжо адпрацаваная гадамі форма, ёсць практыка яго правядзення. «УНС толькі стратэгіяй будзе займацца і кантролем за выкананнем стратэгічнай задачы. Як быў Прэзідэнт кіраўніком дзяржавы, так ён і застанецца. Мы дэмакратызуемся ў тым плане, што Вярхоўны і Канстытуцыйны суды, Цэнтральная выбарчая камісія з-пад прэзідэнта выведзеныя ва Усебеларускі народны сход, каб не было прэтэнзій, што ЦВК палічыў не так ці суддзі ад кагосьці з выканаўчай улады залежныя», — растлумачыў ён. 

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ён прыхільнік кітайскага варыянта абрання кіраўніка дзяржавы. Старшыня КНР выбіраецца прафесіяналамі — членамі Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. І пры гэтым ніхто не можа сказаць, што ў кіраўніка КНР недастаткова паўнамоцтваў. Ён выказаў меркаванне, што магчыма, і Беларусі трэба было да гэтага прыйсці. «Але я падумаў, што народ наш яшчэ не гатовы да таго, каб аддаць камусьці, нават давераным асобам УНС, выбраць Прэзідэнта. Важна часам ні ў якой форме мы Прэзідэнта выбіраем, а важна, якія функцыі і паўнамоцтвы ён будзе мець», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, тут спяшацца ні ў якім разе нельга. «Пакуль народ будзе вызначаць. Усё будзе больш дэмакратычным, чым калі-небудзь», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

У працяг гаворкі аб дэмакратыі Прэіздэнт канстатаваў, што Беларусі такая дэмакратыя, як у Еўропе, не патрэбна. «У Вялікабрытаніі пасмешышча, ну які народ абраў Ліз Трас. Ну які народ абіраў? Сабраліся — абралі. Ядзерная дзяржава, на ўсялякі выпадак. Вельмі багатая. І грае адну з ключавых роляў у свеце. Пасмешышча», — адзначыў ён. Таму кіраўнік дзяржавы накіроўвае: «Сваё, сваё, толькі для сябе. Не глядзіце, што будуць нам падкідваць дэмакратыю, рыначную эканоміку ды іншае....».

Аляксандр Лукашэнка іранічна заўважаў, што калі б у Мінску дэмакратызавалі дубінкамі —: гэта катастрофа, аўтарытарызм. А ў Францыі можна. Вось і ўся дэмакратыя. «Трэба жыць сваім розумам. Трэба рабіць тое, што нам выгадна. Да чаго гатовы наш народ і ўлада ў тым ліку. Можаце рэгуляваць цэны — рэгулюйце. Можаце кіраваць прадпрыемствамі — кіруйце. Не можаце — лепш паглядзець на прыватызацыю. Трэба зыходзіць з рэальнай рэчаіснасці. Калі нам патрэбныя гэтыя квадракоптары і станцыі іх знішчэння — давайце іх рабіць», — сказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што ў Беларусі ніхто не займаецца паказухай. Так, на палігоне быў паказ, але тут не было ні грама паказухі. «Пацэліілі — пацэлілі. Прамазалі — прамазалі. Мы людзі ваенныя, мы гэта бачым. Адпрацавалі нядрэнна», — канстатаваў Галоўнакамандуючы. 

«Каму сёння хочацца памерці?»

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ён не верыць, што можа пачацца трэцяя сусветная вайна. Але папярэджвае, што баяцца і прадбачыць трэба ўсё: «Хто сёння можа сказаць, што не пачнецца трэцяя сусветная вайна? Мы як ніколі блізкія да яе. Але я не веру, што трэцяя сусветная вайна будзе. Таму што небяспека ў тым, што трэцяя сусветная вайна прывядзе да знішчэнню ўсіх і ўся. Ну каму хочацца сёння памерці?» 

Гэты тыдзень у Беларусі — бацькоўскі 21 кастрычніка ўпершыню адзначаецца Дзень бацькі, а 14 кастрычніка адзначаўся Дзень маці. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў такі неспакойны час самае галоўнае для бацькоў і іх дзяцей. «Каб мы жылі нармальным жыццём.А яшчэ дакладней скажу: каб мы будучы год пражылі хаця б так, як гэты.Не горш. Галоўнае, каб не было горш — вы бачыце, што адбываецца ў свеце. Гэта асноўнае», — сказаў Прэзідэнт.

Журналісты пацікавіліся ў Прэзідэнта, ці не трэба на фоне правядзення контртэрарыстычных мерапрыемстваў абмяжоўваць перамяшчэнне на беларускай мяжы? У сувязі з тым, што ў краіне дзейнічае бязвіз для суседзяў, штодня ў Беларусі прымаюць перасяленцаў з Украіны, няма гарантыі, што сярод гэтых людзей няма тэрарыста. 

«Адказваю прама: гарантыі ніхто даць не можа. Але свет вельмі адкрыты, узаемазалежны. Тэрарысты, калі яны і будуць атакаваць нас, яны не будуць хадзіць прама: у іх даўно вызначаны шляхі. Так, яны ў натоўпе могуць згубіцца, але гэта вельмі рызыкоўна і небяспечна, у іх дастаткова іншых шляхоў. Спецслужбы гэта ведаюць. Пакуль мы спраўляемся. Будзем старацца справіцца», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна праваахоўнікі абясшкодзілі банду тэрарыстаў. Яны сабраліся здзяйсняць на тэрыторыі нашай краіны злачынствы. І гэта яшчэ не ўсе. «Што яшчэ трэба для доказу таго, што нам спакойна жыць не дадуць? Так, можна закрыць уезд, можна забараніць. Але вы не думайце, што мы не працуем на пунктах пропуску і перасячэння. Сучасныя сродкі кантролю даюць нам такую магчымасць працаваць.», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Да таго ж, па яго словах, унутры краіны хапае ідыётаў і мярзотнікаў, якія «за пяцьсот долараў гатовы сёння ўчыняць нейкія там дзеі і злачынствы». «Свет такі, што чорт яго ведае, адкуль чакаць гадасці і брыдоты. Думаю, што нам трэба проста працаваць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Я тут. Чаго мяне шукаць?»

Прадстаўнікі СМІ папрасілі Прэзідэнта пракаментаваць інфармацыю аб тым, што нібыта Служба бяспекі Украіны аб’явіла яго ў росшук. «А чаго мяне аб’яўляць? Я тут. Калі трэба СБУ, няхай прыедуць сюды. Калі захочуць мяне ўбачыць — калі ласка», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Інфармацыя аб гэтым актыўна абмяркоўвалася ў інтэрнеце. Але пазней СБУ абвергла гэта.

«А хто афіцыйна пацвердзіць? Трэба спачатку ўкінуць, паглядзець рэакцыю. Рэакцыя мая першапачатковая такая: прыязджайце, не пытанне. Пры вас сустрэнуся з імі, пагавару. Бяспеку на сваім участку тэрыторыі забяспечым на сто працэнтаў. Мы адкрытыя людзі, нам баяцца няма чаго», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адкрыў журналістам інсайд: СБУ два дні таму папрасіла аб сустрэчы беларускіх спецыялістаў. Пазіцыя беларусаў як заўсёды адназначная — калі ёсць пытанні давайце сустракацца. Прэзідэнт падкрэсліў, што самыя галоўныя тэмы абмяркоўваюцца заўсёды па-за публічнай плоскасцю. 

На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з расійскім філосафам і грамадскім дзеячам Аляксандрам Дугіным. Падчас размовы закраналася тэма нацыянальнай ідэі. Журналісты ўзгадалі гэтую сустрэчу і вярнуліся да гэтай тэмы. «Нацыянальная ідэя — гэта тое кароткае, кампактнае, што цябе павінна захапіць адразу. Вось зірнуў, рот адкрыў і дыхаць не можаш. Можа, я памыляюся. Гэта мой пункт гледжання. Але я пакуль такой ідэі не бачу», — сказаў Прэзідэнт. Па яго словах, гэтую ідэалогію нельга прыдумаць. Яна павінна выспець. 

«Мы не саспелі, напэўна. Мы яе не выкрышталізавалі, калі можна так сказаць, гэтую нацыянальную ідэю. Я за гэтым вельмі ўважліва назіраю. Я пакуль не бачу. Расія тым больш, як сказаў Дугін, таксама гэтага не бачыць . Ён чалавек сістэмны, адукаваны філосаф, мы з ім доўга гаварылі. Ён са мной пагадзіўся. Хацелася б, каб хутчэй, але тут час не падштурхнеш», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У тэму

Міністр абароны Віктар Хрэнін у размове з журналістамі падкрэсліў, што ў беларускіх ваенных ёсць дакладнае разуменне і выпрацавана сістэма забеспячэння і мадэрнізацыі Узброеных Сіл.

«У Генеральным штабе пастаянна адсочваюць абстаноўку: як змяняюцца формы і спосабы прымянення ўзбраення, якая новая зброя з’яўляецца. Зыходзячы з гэтага, мы вызначаем, што нам неабходна. Кіраўнік дзяржавы вельмі правільна сказаў, што мы не павінны гнацца за звышдарагім узбраеннем. Мы павінны зыходзіць з аптымальнай дастатковасці і эфектыўнасці, зважаць на тое, што трэба, перш за ўсё, для абароны нашай краіны», — сказаў ён. Міністр звярнуў увагу, што ў свеце больш робіцца наступальнага ўзбраення. А на дэманстрацыі было прадстаўлена, перш за ўсё, абарончае ўзбраенне.

«Напрыклад, для процідзеяння беспілотным лятальным апаратам. Для паказу была выстаўлена цэлая лінейка БПЛА. Частка з іх ужо знаходзіцца на ўзбраенні нашай арміі. Асноўны напрамак тут — разведка. Ударных беспілотных лятальных апаратаў мы не робім і лічым, што яны не патрэбны нашай краіне, бо гэта своеасаблівая праява агрэсіі. Мы да гэтага не імкнемся, нам важна зберагчы сваё. Многія беспілотныя лятальныя апараты, асабліва квадракоптары, простыя ў засваенні і спецыяльнай падрыхтоўкі аператара не патрабуюць. БПЛА сёння ёсць ужо ў кожнай роце, мы іх выкарыстоўваем. Нашая моладзь выдатна асвойвае новыя тэхналогіі», — удакладніў Віктар Хрэнін. 

Валерыя СЦЯЦКО

Брэсцкая вобласць

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».