Вы тут

У хаўрусе са злачынцамі і знаёмства з бумерангам. Расказваем пра Ксаверыя Карніцкага – першага беларуса ў Аўстраліі


Паколькі гэты мацярык ад Еўропы далёка, еўрапейцы дабраліся туды толькі ў пачатку ХVІІ стагоддзя. Першым ступіў на гэтую зямлю ў 1606 годзе галандскі мараход, адмірал Вілем Янсзан. А ў 1642 годзе ў Аўстраліі пабываў яго супляменнік — мараплаўца, даследчык і гандляр Абель Тасман (цікава, што другая частка яго двайнога імя таксама Янсзан). Пазней наведваліся і іншыя мараплаўцы. Так, знакаміты англійскі першапраходзец Джэймс Кук абследаваў усходні бераг гэтага кантынента. Ён жа прайшоў пралівам паміж маце¬рыком і Новай Гвінеяй. А вось з беларусаў першым у Аўстралію трапіў Ксаверый Карніцкі.


Карта Аўстраліі 1794 года.

Пуп сусвету? Цікава... 

Звестак пра яго, на жаль, захавалася вельмі мала. Але дата і месца яго нараджэння вядомы: 13 жніўня 1750 года на Наваградчыне. Толькі дзе канкрэтна — сказаць немагчыма. Вучыўся ў піярскіх школах. Бадай, паходзіў са шляхецкай сям’і. Інакш адкуль з’явіліся грошы, каб у 1774 годзе падацца ажно ў Паўднёвую Амерыку. 

Некаторыя, пачуўшы аб гэтым, палічылі яго дзіваком. Іншыя папярэдзілі, што нічога добрага там не чакае. Сёйтой жаданне падарожнічаць успрыняў звычайнай авантурай. Толькі ад свайго намеру ён адмаўляцца не збіраўся. 

Калі ж дабраўся да Францыі, уздыхнуў з палёгкай. Адсюль адпраўляліся судны ў розных напрамках. Знайшоў і такое, якое плыло да берагоў Амерыкі. Каб ашчаджаць грошы, што меў пры сабе, пагадзіўся выконваць у час плавання любую работу. За гэта капітан узяў яго на ўтрыманне. 

Трапіўшы ж у Паўднёвую Амерыку, стараўся пабываць шмат у якіх месцах. Для гэтага выкарыстоўваў розныя спосабы перамяшчэння. І на лодках плыў з туземцамі. І з атрадам гэтакіх жа, як і сам, рамантыкаў-авантурыстаў на конях прабіраўся праз джунглі. Неаднойчы быў сведкам, як тыя, хто дзень назад лічыліся сябрамі, штосьці не падзяліўшы, адразу хапаліся за зброю. Часам гэта заканчвалася кровапраліццем. Стараўся не ўмешвацца ў падобныя разборкі. Не таму, што баяўся. Не збіраўся недарэчна загінуць пасярод джунгляў. Хацелася яшчэ шмат дзе пабываць. 

Нарэшце апынуўся на ўзбярэжжы Ціхага акіяна. У гэтым месцы знаходзілася яшчэ адна невядомая яму зямля — Чылі. Там затрымаўся надоўга. Зацікавіўся карэнным насельніцтвам — аўраканамі. З задавальненнем наведваўся да іх нават у цяжкадаступныя раёны. Цікавіўся побытам абарыгенаў, іх традыцыямі. Так працягвалася, пакуль не знайшоў пастаянны занятак — кітабойны промысел. Месяцамі знаходзіўся ў моры. У Чылі даведаўся і пра ці не самы загадкавы ў свеце востраў Пасхі. 

Абель Тасман.

Гэты востраў, як вядома, размешчаны ў Цэнтральнай частцы Ціхага акіяна. Ён належаў Чылі. На ім пражывалі палінезійцы. Яны называлі гэтую зямлю Рапануі. Праўда, прыгадвалі і іншую, старажытную назву — Тэ Піта Хенуас. У перакладзе азначае Пуп Сусвету. Адразу ж захацеў пабываць там. Але чакаць давялося даўгавата. Судны ішлі не часта. Як-ніяк, ад узбярэжжа да гэтага вострава не адна тысяча міль. Затое чаканне і доўгае пла¬ванне адплаціліся яму непаўторнымі ўражаннямі. 

Як і заўсёды, з прыемнасцю знаёміўся з побытам мясцовага насельніцтва. Але гэта для яго было ўжо чымсьці звыклым. Затое асабліва ўразілі гіганцкія статуі, якія задуменна ўзіраліся ў наваколле. У сваім позірку хавалі нейкую адным ім вядомую таямніцу. Таямнічае, невядомае пастаянна хвалявала і Ксаверыя Карніцкага. 

У хаўрусе... са злачынцамі 

У 1788 годзе ў газетах прачытаў, што англійская эскадра з адзінаццаці суднаў на чале з капітанам Артурам Філіпам прывезла ў Аўстралію вялікую партыю асуджаных злачынцаў. Яны мусілі абжываць амаль невядомыя мясціны і закласці на гэтым кантыненце першы горад. Не заставалася сумнення, што пасля судны будуць адпраўляцца туды больш-менш рэгулярна. Такой магчы¬масцю ён не мог не скарыстацца. 

У Аўстралію прыбыў у 1790 годзе. Што яна ўразіла — не тое слова. Гэта стала ўваходжаннем у нейкі іншы свет. Нават у параўнанні з Чылі тут было куды больш нязведанага. Здзівіла ўжо тое, што ў Аўстраліі пражывала прыкладна 500 плямёнаў. Калі ўпершыню пачуў пра гэта, падалося, што не дачуў. Нават перапытаў... 

Аднак больш здзівіўся, што туземцы да яго і спадарожнікаў ставіліся насцярожана. Хутка даведаўся, у чым прычына. Некаторыя паводзілі сябе з імі ваяўніча, крыўдзілі. Сярод ссыльных аказаліся такія, хто глядзеў на іх, як на людзей другога гатунку. Ды знаходзілася нямала і тых, хто не страціў чалавечнасці. Адным з іх аказаўся нехта Джон, з якім Ксаверый хутка сышоўся. 

Джон быў англічанін. На радзіме ў яго засталіся састарэлыя бацька і маці. А таксама старэйшыя браты і сёстры. Сам ён у выпадковай бойцы забіў чалавека. За гэта і быў асуджаны. Але з турмы ўцёк. Калі ж злавілі, вырашылі пакараць больш сурова. Таму і саслалі ў Аўстралію. Ксаверыю ён вельмі спадабаўся. Таму папрасіў начальства Джона дазволіць браць яго з сабой у час вандровак па кантыненце. Пытанне вырашылася хутка. Тым больш што прапанаваў і адкупную. Балазе, перад паездкай няблага зарабіў. 

У беднаце, але не ў крыўдзе 

Пасля прыбыцця Карніцкага ў Аўстралію быў вільготны сезон. У гэты перыяд там дзьме паўночназаходні мусон. Дождж, не перастаючы, лье як з вядра. Так працягваецца да канца красавіка. Аднак у асобныя гады гэты перыяд захоплівае і пачатак мая. Затое, калі вільготны сезон заканчваецца, для туземцаў вялікая радасць. Сухі сезон часцей у маі-лістападзе. А на працягу некалькіх дзён, а то і тыдняў увогуле стаіць суцэльнае цёплае, спакойнае надвор’е. 

Тады абарыгены яшчэ не навучыліся займацца жывёлагадоўляй. Ды і зямлю не апрацоўвалі. Асноўным харчам была рыба. Яе ў рэках вадзілася шмат. А яшчэ яны палявалі на птушак. Забівалі і дробных жывёл. Таксама лавілі яшчарак і збіралі насенне перасохлай травы. 

Аўстралійскія абарыгены пач. XIX cт.

Большага дазволіць сабе не маглі. Мелі ўсяго нейкіх пяць-шэсць відаў прылад. Адны з іх прызначаліся для рыбнай лоўлі. Іншыя — для палявання. А былі і такія, з дапамогай якіх у сухі сезон капалі глыбокія ямы. Часта — у чалавечы рост. Так дабіраліся да вады. Яна была мутнай, але радаваліся і такой, калі няма іншай. 

У гэты перыяд начавалі пад адкрытым небам. Размяшчаліся каля вогнішчаў. Агонь падтрымлівалі да самай раніцы. Калі надвор’е было ветраным, ставілі прымітыўныя заслоны з галін і кары дрэў. Летам жа, у перыяд дажджоў, узводзілі круглыя хаціны. Рабілі іх з доўгіх жэрдак. Пакрывалі палосамі той жа кары. Вогнішчы распальвалі ўнутры. Дым выходзіў праз адтуліну ўверсе. Кожная сям’я мела сваю хаціну. У ёй жылі разам з сабакамі. З наступленнем вечара ў добрае надвор’е некалькі сямей збіраліся разам. Пад адкры¬тым небам пачыналі весяліцца. Спявалі, танцавалі, ладзілі штосьці накшталт спектакляў. У аснове іх былі фальклорныя сюжэты. Нярэдка разыходзіліся пад са¬мую раніцу. 

Неверагоднае ў паветры 

На адным з такіх свят Джон пазнаёміў Карніцкага з мужчынам-туземцам. Той назваўся Сумчатым Ваўком. Ксаверый ужо ведаў, што туземцы часта называюць сваіх дзяцей так, як і звяроў. Але ўразіла, што яго звалі не проста Ваўком, а менавіта Сумчатым. 

— Тут не толькі звычайныя ваўкі водзяцца, — патлумачыў Джон, — а і так званыя сумчатыя. У іншых месцах такіх няма. 

— Цікава, — задумаўся Ксаверый. 

— Тут шмат цікавага... 

— То раскажы мне пра што-небудзь, — у вачах Карніцкага загарэліся іскрынкі зацікаўленасці. 

— Пра бумеранг, канечне ж, чулі? 

— Гэта такая драўляная прылада, — паказаў сваю дасведчанасць Ксаверый. — Найчасцей падобная на серп. Апісаўшы замкнёную крывую, яна вяртаецца да свайго кідальніка. 

— То, можа, хочаце ўбачыць бумеранг у палёце? — прапанаваў Джон. 

— Яшчэ пытаецеся! 

Яны адышлі на некаторую адлегласць ад хаціны, каля якой ладзілася гулянне. 

Сумчаты Воўк узяў бумеранг. 

— Гэты від бумеранга называецца барган, — патлумачыў Джон. 

Тым часам Сумчаты Воўк рэзка, з усёй сілы паслаў бумеранг уверх. Барган, дасягнуўшы пэўнай вышыні, на нейкае імгненне завіс у паветры. Потым нечакана пачаў набіраць новыя абароты. Пасля гэтага па нахільнай пайшоў уніз, на тое месца, дзе яны стаялі ўтрох. 

Карніцкаму стала страшна. Захацелася хутчэй адскочыць убок. Спыніла толькі тое, што Джон з Сумчатым Ваўком ніяк на гэта не зрэагавалі. Барган жа, апынуўшыся за некалькі метраў ад зямлі, зноў набраў вышыню. І пачаў тварыць у паветры сапраўдныя цуды. 

Як ні ў чым не бывала, праляцеў над іхнімі галовамі. Яшчэ раз узяў вышыню. Пасля гэтага плаўна пайшоў уніз, паспеўшы застыць у паветры. Затым, быццам вяла яго нейкая прыцягальная сіла, паволі рабіў зніжэнне. Нарэшце барган — дзіва і толькі! — аказаўся каля Сумчатага Ваўка. Той спакойна працягнуў руку і гэтаксама спакойна злавіў яго. 

Карніцкі яшчэ не прыйшоў у сябе ад пабачанага, а Джон чарговы раз заінтрыгаваў: 

— А ведаеце, як з’явіўся бумеранг? 

— Як? — вырвалася ў Ксаверыя. 

— Гэта, праўда, легенда, тым не менш... 

Як з’явіўся бумеранг 

— Даўным-даўно гэта было, — пачаў Джон. 

«А легенда гэтая, — мільганула ў Карніцкага думка, — сваім пачаткам нічым не адрозніваецца ад тых паданняў, якія мне пашчасціла чуць у маленстве». Успамін аб Радзіме лёгкай хваляй крануўся яго настрою. А Джон жа працягваў: 

— Тады свет толькі нарадзіўся. Неба яшчэ знаходзілася вельмі нізка. Таму сваім цяжарам так ціснула на Зямлю, што яна зрабілася амаль пляскатай. Толькі месцамі выступалі невялікія пагоркі. З-за такой цеснаты дрэвы не маглі вырасці. Усё жывое не хадзіла, а поўзала паміж травы і нізкага кустоўя. На карачках перамяшчаліся і людзі. 

— І доўга так працягвалася? 

— Шмат гадоў, а гады складваліся ў дзесяцігоддзі. Дзесяцігоддзі «вырасталі» ў сотні гадоў. Праўда, знаходзіліся адчайныя. Спрабавалі выпрастацца. Аднак пачыналі хварэць і хутка паміралі. І тут знайшоўся адзін вірынун... 

— Хто-хто? — здзівіўся Ксаверый. 

Вілем Янсзан.

— Па-мясцоваму так называюць мудраца, — патлумачыў Джон. — А яшчэ гэты вірынун быў знахарам і чараўніком. Ён асабліва настойлівым аказаўся. Некалькі разоў спрабаваў падняць неба. Нарэшце яно ўсё ж крыху зрушылася з месца. Але далейшыя намаганні скончыліся няўдачай. Стоячы на карачках, ён ухапіўся рукой за куст, які рос поруч. Аднак рука нечакана саслізнула, і неба прыціснула яго да зямлі. Зразумеў вірынун, што не стае небу належнай апоры. Адшукаў рослы куст. Адрэзаў самую тоўстую і вялікую галіну. Зрабіў з яе пал¬ку. Пасля гэтага, прыўзнімаючы неба, пачаў устаўляць палку ў якасці апоры. Праўда, удалося не адразу. Затое нарэшце палка паміж небам і зямлёй стала вертыкальна. Ад штуршка, што адбыўся пры гэтым, неба рэзка зрушылася з месца. Яно паляцела высока-высока ўверх. Зірнуў вірынун на палку, а яна сагнулася. 

— Так з’явіўся першы бумеранг?! — здагадаўся Ксаверый. 

— Ён самы, — запэўніў яго Джон. — А бумеранг смелых любіць. 

— І ўмелых, — дадаў Карніцкі. 

Тое, чаго не магло не быць 

У Аўстраліі Карніцкі знаходзіўся прыкладна год. А ў 1791 годзе адправіўся ў Еўропу. Плыў праз Індыйскі акіян. Пасля абагнуў Афрыку. Нарэшце апынуўся ў французскім горадзе Марсель. 

Звестак пра тое, чым займаўся ён потым, не захавалася. Вядома толькі, што да самай сваёй смерці ў 1801 годзе жыў у французскім горадзе Шэрбур. Там і быў пахаваны. 

Пасля сябе пакінуў дзённік. Вёў яго на працягу доўгага часу. У многіх запісах знаходзіўся багаты фактычны матэрыял. Але гэты дзённік знішчыла полымя Другой сусветнай вайны. 

А як жа ў такім разе ўдалося ўзнавіць асобныя моманты з жыцця гэтага нашага выдатнага суайчынніка? Ведаючы тое, дзе ён бываў, з кім мог сустракацца, куды закінуў яго лёс, можа ўявіць магчымае развіццё некаторых падзей. 

Гэтым я і кіраваўся, апавядаючы пра Ксаверыя Карніцкага. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?