Вы тут

Святлана Пенкіна і яе галоўныя ролі. Разам з сынам Валерыем Мулявіным гартаем сямейны фотаальбом


Шэсць гадоў таму пайшла з жыцця актрыса Святлана Пенкіна. Яе часта называлі актрысай адной ролі. Яшчэ часцей жонкай народнага артыста СССР, стваральніка і мастацкага кіраўніка ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна. Святлана Аляксандраўна вельмі рэдка давала інтэрв’ю. Падобна на тое, яна нікому нічога не хацела тлумачыць, а проста жыла, як лічыла патрэбным. Яе адзіны сын Валерый Мулявін пагадзіўся расказаць пра маму. На сустрэчу ён прынёс велізарны пачак фатаграфій.


Нарадзілася Святлана Пенкіна 6 чэрвеня 1951 года. Яе бацькамі была класічная пара: тата — афіцэр, мама — настаўніца. Дзяцінства прайшло ў Беларусі, а вось школьныя гады — у Германіі і Венгрыі, дзе служыў бацька.

— У мамы галава матэматыка, а душа — актрысы, — кажа Валерый. — Школу яна скончыла з сярэбраным медалём, хоць прэтэндавала на золата. На экзамене па літаратуры яна выцягнула білет з пытаннем пра творчасць Пушкіна, і адмовілася, маўляў, ведаю адказ, — у іх жа дзень нараджэння супадае. А іншую тэму яна ведала толькі на чатыры балы. Усе думалі, што яна будзе паступаць на фізмат, а мама сказала: у тэатральны. Яе бацька быў незадаволены, лічыў, што актрыса — не сур’ёзная прафесія для дачкі.

Тым не менш, перашкаджаць бацькі не сталі, і Святлана паступіла ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, зараз гэта Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

— А матэматычны склад розуму нікуды не дзеўся. Мама абыгрывала ў шахматы мужчын і некаторых гэта вельмі моцна раздражняла.

Будучы студэнткай 4 курса, Святлана прайшла пробы на ролю Каці ў серыяле «Хаджэнне па пакутах».

— Рэжысёр Васіль Ардынскій шукаў актрысу на ролю Каці з сумнымі вачыма. У той час мая бабуля была паралізаваная пасля няшчаснага выпадку. Так што мамін сумны погляд з жыцця перайшоў на кінастужку. На працягу многіх гадоў дзядуля даглядаў бабулю, мама дапамагала і паралельна пачала здымацца ў кіно.

Серыял здымаўся сем гадоў з перапынкам на год. Гэтая савецкая кінастужка дэманстравалася ва Усходняй Еўропе і мела поспех.

Сама Святлана Пенкіна спакойна ставілася да таго, што яе называлі актрысай адной ролі. «Адной, але якой», — парыравала яна. Праўда, досыць папулярная і яе роля боцмана Олі ў фільме «Беражыце жанчын».

— У фільмаграфіі мамы каля дзесяці карцін, ёсць тэлеспектаклі,— кажа Валерый. — А яшчэ яна прайшла пробы на ролю Мілэдзі ў «Д’артаньяне і трох мушкецёрах». Але паколькі раней на ролю Канстанцыі зацвердзілі Ірыну Алфёраву — партнёрку па серыяле «Хаджэнне па пакутах», то вырашылі, што зноў двух сясцёр звесці ў адным фільме будзе няправільна.

Святлана Пенкіна і Уладзімір Мулявін пазнаёміліся ў Маскве. Актрыса агучвала ролю ў серыяле, а «Песняры» здымаліся ў Аляксандра Стэфановіча ў фільме «Дыск». Неўзабаве пасля прэм’еры серыяла Святлана пачала здымацца ў фільме «Беражыце жанчын», пастаянна лётала з Адэсы ў Гродна да бацькі, каб падтрымаць яго пасля смерці мамы. Праз некаторы час там яна зноў сустрэлася з Уладзімірам Мулявіным пасля канцэрту «Песняроў», які зрабіў на яе моцнае ўражанне. Зрэшты, і Мулявін паглядзеў серыял і быў захоплены ігрой маладой актрысы.

У 1981 годзе Святлана Пенкіна і Уладзімір Мулявін узялі шлюб.

— Пышнага вяселля не было, — кажа Валерый. — У сціплым загарадным рэстаранчыку сабраліся самыя блізкія людзі, прыляцела са Свярдлоўска цётка Наташа, сястра таты.

У 1982 годзе Святлана стала мамай.

— Падчас цяжарнасці мама назіралася і ў маскоўскіх дактароў. Тата дамовіўся, што мама будзе нараджаць у адной з лепшых маскоўскіх спецыялізаваных клінік. Але я паспяшаўся і з’явіўся на свет ў Гродна, дзе, як аказалася, дактары не горш.

Бацькі любілі Валеру. Яны ледзь не з пялёнак бралі яго амаль на ўсе гастролі.

—Маім ложкам на гастролях часам быў жорсткі футляр ад гітары. У школьныя гады бацькі дамаўлялі ся з настаўнікамі, я атрымліваў заданне, потым здаваў нешта тыпу экзаменаў. Вось так напалову эсктэрнам і вучыўся. Калі бацькі з’язджалі адны, са мной заставаўся дзядуля.

— Не памятаю гэты момант, быў маленькі, але бацькі распавядалі. Я дома з татам, мама прыязджае з проб і кажа: «Не магу без вас, нам неабходна быць разам, бо сям’я гэта адно цэлае». Тым больш пастаянныя гастролі бацькі і маміны кінаэкспедыцыі было немагчыма сумяшчаць.

Але і без працы яна таксама не магла. Спярша мама была вядучай канцэртаў у «Песнярах», а з 1991 года — рэжысёрам калектыву, з 1993 — памочнікам мастацкага кіраўніка. Таму ўсе гэтыя размовы нядобразычліўцаў, што «жонка ўмешвалася» ў работу калектыву, лухта. Яна вельмі дапамагала тату з пошукам тэкстаў для песень, тым больш, што іх літаратурныя прыхільнасці супадалі.

Дарэчы, за працу ў ансамблі мама ўзнагароджана Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

— Гэта дома тата быў мяккім і добрым чалавекам, а што тычыцца работы, то бескампрамісным. Аднойчы мама нешта напела. Ён сказаў: «Света, калі ласка, больш не трэба, спевы — гэта не тваё».

— А ведаеце, як з’явілася праграма «Ва ўвесь голас». Бацькі жылі ў загарадным доме ў сваіх сяброў. Там сярод іншых кніг аказаўся поўны збор твораў Маякоўскага. Так падабралі тэксты. Праграма выйшла ў няўдалы час — пачыналася перабудова — іі Ленін, Маякоўскі сталі непапулярныя. Але калі забыцца аб палітычным фоне, то праграма вельмі годная. Ды і Ленін там згадваецца толькі ў адной песні. Вядома, тады «маёй» песняй была «Што такое добра і што такое дрэнна». Мама — аўтар сцэнарыя праграмы «Ва ўвесь голас», гэта яе сумесная праца з рэжысёрам Сяргеем Віннікавым.

Мама ніколі не выпінала сваю ролю, яна заўсёды ішла як бы на паўкрока ззаду таты. Бацька быў сціплым чалавекам і вельмі цаніў гэтую якасць у іншых людзях. Дома заўсёды любілі цытаваць Амара Хаяма: «Чем ниже человек душой, тем выше задирает нос. Он носом тянется туда, куда душою не дорос».

14 мая 2002 года на 25-ым кіламетры шашы Заслаўе-Калодзішчы адбылася фатальная аварыя. Машына, якой кіраваў Уладзімір Мулявін, на вялікай хуткасці на павароце сышла з трасы і ўрэзалася ў дрэва. У першыя дні стан музыканта ацэньвалі як крытычны. Лячэнне праходзіла ў НДІ траўматалогіі, затым у лечкамісіі. Пасля кансультацыі дактароў з Мінска і Масквы, было прынята рашэнне працягнуць лячэнне і рэабілітацыю ў Маскве. З Мінска Уладзіміра Георгіевіча перавезлі самалётам у Маскву ў НМДЦ нейрахірургіі імя Бурдэнкі — дапамог Іосіф Кабзон. Мулявін, нягледзячы на цяжкую траўму пазваночніка нават пачаў паволі ісці на папраўку. Ўзмацнілася работа пальцаў рук пасля доўгіх, месцамі хваравітых трэніровак і заняткаў.

— Увесь гэты час мама была побач з бацькам. У яго палаце паставілі дадатковы ложак. Я кожны дзень прыходзіў да таты, часам падмяняў маму, каб яна адпачыла ў гасцініцы. Ужо планавалі, што тату выпішуць і ён пройдзе курс рэабілітацыі. Цудаў не абяцалі, казалі, што гэта будзе доўга і няпроста.

За некалькі тыдняў да сыходу ў вечнасць, тата вырашыў нас здзівіць. Мы адправіліся ў іншае крыло медустановы, дзе змаглі паставіць бацьку каля шведскай сценкі, ён самастойна стаяў, трымаючыся толькі рукамі. Калі мама ўбачыла, то ледзь не расплакалася ад радасці.

Але 26 студзеня 2003 года таты не стала. Памёр ён не ад наступстваў траўмы, не вытрымала сэрца…

Развітваліся з «песняром» у Маскве калегі і прыхільнікі, а потым у Мінску тысячы людзей праводзілі яго ў апошні шлях апладысментамі.

— Было прынята распараджэнне кіраўніка дзяржавы па ўшанаванні памяці народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна. Але каб усё запланаванае адбылося, патрэбен нейкі рухавік. Ім была мама, якая пачала ствараць музей у філармоніі. Яе папракалі, што «Песняры» не ў тых памяшканнях працавалі. Але не сцены ж важныя, а тое, чым яны напоўнены. Музей стаў месцам сустрэч у тым ліку музыкантаў, якія працавалі з татам. Цяпер кожны вечар перад канцэртам у філармоніі публіка можа зайсці ў музей, у якім захоўваюцца рарытэты.

Святлана Пенкіна займалася арганізацыяй канцэртаў памяці Уладзіміра Мулявіна. Надмагільны помнік на Усходніх могілках, мемарыяльная дошка на доме, у якім жыў музыкант, і помнік на бульвары яго імя створаны скульптарам Аляксандрам Каструковым. Святлана Пенкіна ўнікала ва ўсе нюансы, кожную дэталь скульптурных твораў абмяркоўвала з аўтарам.

— Трынаццаць гадоў мама была нястомным захавальнікам памяці таты.

20 кастрычніка 2016 года Святланы Пенкінай не стала. Зрэшты, памерла яна Мулявінай-Пенкінай, бо незадоўга да смерці перайшла на падвойнае прозвішча. Як і муж, Святлана памерла з-за спынення сэрца.

— Маме было ўсяго 65 гадоў... Яна пахавана побач з татам, па сутнасці ў адной магіле, так як яна і хацела. Мне здаецца, дзесьці ў іншым свеце бацькі сустрэліся і іх сумеснае жыццё даўжынёю ў 22 зямных года працягваецца…

Маргарыта ДРАЗДОВА 

Фота з асабістага архіва Валерыя Мулявіна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Вядучыя анколагі расказалі пра новыя метады лячэння, якія яшчэ нядаўна былі недаступныя, а сёння выратоўваюць жыцці пацыентам.

Грамадства

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Працягваем сачыць за развіццём паводкавай сітуацыі.

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.