Вы тут

Чым адметны ХХ з'езд КПК?


ХХ з'езд Камуністычнай партыі Кітая, які адкрыўся ў мінулую нядзелю ў Доме народных сходаў у Пекіне, без перабольшвання можна назваць ключавой падзеяй глабальнага парадку дня. У топе навінавых стужак усіх інфармацыйных агенцтваў — менавіта матэрыялы з Паднябеснай.


Маштабы — насамрэч кітайскія. Для ўдзелу ў з'ездзе з усёй краіны ў Пекін з'ехаліся 2296 дэлегатаў, якія прадстаўляюць амаль 100 мільёнаў членаў КПК. «Каб расказаць усяму свету пра ХХ з'езд Кампартыі, сюды з'ехаліся больш за дзве тысячы журналістаў з Кітая і іншых краін», — паведаміў намеснік кіраўніка прэс-цэнтра партыйнага форуму Лю Сыян. Цырымонію адкрыцця стратэгічнага форуму перадавалі ў прамым эфіры Медыякарпарацыя Кітая і Xіnhuanet. Акрамя таго, яна транслявалася на тэлеканалах і радыёстанцыях па ўсім Кітаі, а таксама на сайтах навін, платформах новых медыя, вялікіх экранах на адкрытым паветры і на мабільных тэлеэкранах. Функцыянальныя зоны прэс-цэнтра размешчаны ў двух пекінскіх гатэлях — Beіjіng Medіa Center Hotel і Hotel Nіkko New Century Beіjіng. Па відэасувязі яны злучаны іх з прэс-залай у Доме народных сходаў. Менавіта адсюль самая актуальная інфармацыя разыходзіцца па ўсім свеце. Чым жа адметны ХХ з'езд КПК, які на тыдзень стаў галоўным сусветным ньюсмейкерам?

Ад Пекіна да Марса

Старшыня КНР, генеральны сакратар КПК Сі Цзіньпін у сваім выступленні на партыйным форуме акрэсліў мэты і задачы развіцця Кітая. Ён адзначыў, што здзейснены прарыў у асваенні шэрагу асноўных ключавых найноўшых тэхналогій, развіліся і ўмацаваліся галіны стратэгічнага значэння, паведаміла «Жэньмінь жыбаа» анлайн». «Былі адзначаны найважнейшыя дасягненні ў такіх галінах, як пілатаванае касмаплаванне, зандзіраванне Месяца і Марса, зандзіраванне зямных нетраў і глыбакаводнае марское зандзіраванне, суперкамп'ютары, спадарожнікавая навігацыя, квантавая інфарматыка, тэхналогіі ядзернай энергетыкі, вытворчасць вялікіх самалётаў, біямедыцына і біяфармацэўтыка, — падкрэсліў генеральны сакратар КПК.

З часу склікання XVІІІ з'езда партыі прайшло ўжо дзесяць гадоў. На працягу гэтага часу мы былі сведкамі трох найважнейшых падзей, якія маюць вялікае практычнае і глыбокае гістарычнае значэнне для справы партыі і народа, заўважыў Сі Цзіньпін. «Па-першае, мы сустрэлі стагоддзе Камуністычнай партыі Кітая; па-другое, сацыялізм з кітайскай спецыфікай уступіў у новую эпоху; па-трэцяе, мы выканалі гістарычную задачу інтэнсіўнай ліквідацыі беднасці і ўсебаковай пабудовы сярэднезаможнага грамадства, рэалізаваўшы намечаную да стагоддзя КПК мэту», — адзначыў Сі Цзіньпін.

За мінулае дзесяцігоддзе Кітай здзейсніў гістарычны скачок у нарошчванні эканамічнай моцы, заявіў генеральны сакратар КПК. Агульны аб'ём валавога ўнутранага прадукту краіны павялічыўся з 54 да 114 трыльёнаў юаняў (прыкладна 16 трлн долараў ЗША). Доля сукупнага аб'ёму эканомікі Кітая ў сусветнай эканоміцы дасягнула 18,5 працэнта, прырост склаў 7,2 працэнтных пункта, па гэтым паказчыку краіна трывала заняла другое месца ў свеце, адзначыў Сі Цзіньпін. ВУП на душу насельніцтва ў Кітаі павялічыўся з 39,8 да 81 тысячы юаняў. Па агульным аб'ёме вытворчасці збожжавых КНР замацавалася на першым месцы ў свеце. Кітай нязменна лідзіруе ў свеце па маштабе апрацоўчай прамысловасці і аб'ёме валютных рэзерваў, падкрэсліў Сі Цзіньпін.

Пяць гадоў, якія прайшлі пасля папярэдняга з'езда КПК, былі надзвычай няпростымі. ЦК партыі, комплексна ўлічваючы агульную стратэгію вялікага адраджэння кітайскай нацыі і нябачаныя за апошнія сто гадоў каласальныя перамены ў свеце, выпрацаваў найважнейшыя стратэгічныя планы па развіцці справы партыі і дзяржавы, заявіў Сі Цзіньпін. Паводле слоў кітайскага лідара, у барацьбе з карупцыяй была здабыта пераважная перамога. Гэта ўдалося дзякуючы таму, што адначасова «білі і па тыграх, і па мухах», а таксама «палявалі на ліс», вобразна выказаўся ён. Аднак спыняцца на дасягнутым у Кітаі не збіраюцца. «Карупцыя — гэта самая вялікая ракавая пухліна, якая ставіць пад пагрозу жыццяздольнасць і баяздольнасць партыі», — заявіў кітайскі лідар і дадаў, што барацьба з гэтай праблемай будзе працягнута самымі жорсткімі і бязлітаснымі метадамі.

Унікальная місія

Як заўважыў Сі Цзіньпін, наступная пяцігодка — «ключавы перыяд, які пакладзе пачатак усебаковаму будаўніцтву мадэрнізаванай сацыялістычнай дзяржавы». Партыя ставіць за мэту дасягнуць новых прарываў у развіцці эканомікі, значна павысіць незалежнасць і ўмацаваць уласны навукова-тэхнічны патэнцыял. Пры гэтым КПК не забываецца і пра культурны складнік, абяцаючы забяспечыць народу больш разнастайнае культурнае і духоўнае жыццё, а таксама надаць увагу ахове здароўя. На наступныя пяць гадоў запланаваны рэформы і мадэрнізацыя Народна-вызваленчай арміі Кітая. Як адзначыў Сі Цзіньпін, ператварэнне НВАК у адны з наймацнейшых узброеных сіл у свеце да 2027 года — прыярытэт для кіраўніцтва краіны.

Паводле яго слоў, Пекін працягне працаваць над уз'яднаннем з Тайванем. Улады КНР будуць імкнуцца дасягнуць названай мэты мірным шляхам. Пры гэтым Сі Цзіньпін падкрэсліў недапушчальнасць умяшання знешніх сіл ва ўнутраныя справы Кітая. Закранаючы міжнародную палітыку, Сі Цзіньпін звярнуў асаблівую ўвагу, што КНР не прымае мыслення часоў халоднай вайны, умяшання ва ўнутраныя справы іншых краін і выступае супраць двайных стандартаў. Кітай таксама выступае рашуча супраць любых форм гегемоніі і палітыкі грубай сілы, пратэкцыянізму, аднабаковасці і цкавання ў міжнародных адносінах. «Неабходна ўдасканальваць механізмы барацьбы з санкцыямі, умяшаннем звонку і экстэрытарыяльнай юрысдыкцыяй», — адзначыў кітайскі лідар. Кітайскія эксперты адзначаюць, што гэтая гегемонія і яе паслядоўнікі не прымаюць поспехі Кітая, паколькі гэта можа прывесці да краху сістэмы, якую яны пабудавалі, адзначыла выданне Global Tіmes.

Сі Цзіньпін адзначыў важнасць мадэрнізацыі сістэмы і патэнцыялу нацыянальнай бяспекі. Ён заўважыў, што «гэта аснова нацыянальнага адраджэння, а сацыяльная стабільнасць — неабходная ўмова пабудовы моцнага і квітнеючага Кітая». Не менш важная і мадэрнізацыя эканомікі. У прыватнасці, прамысловая сістэма будзе развівацца з прыняццем мер па прасоўванні новай індустрыялізацыі і ўмацаванні патэнцыялу Кітая ў галіне вытворчасці, якасці прадукцыі, аэракасмічнай вобласці, транспарту, кіберпрасторы і лічбавага развіцця. Будзе ўдзелена ўвага развіццю і падтрымцы сельскай гаспадаркі, барацьбе з беднасцю, харчовай бяспецы. Як трапна заўважыў Сі Цзіньпін, «кубак рысу кітайцаў знаходзіцца ў іх уласных руках».

Мадэрнізацыя ў Паднябеснай будзе паспяховай у тым выпадку, калі па тым жа шляху якаснай трансфармацыі пойдзе і ўвесь астатні свет. Фактычна гэта агульны росквіт для ўсіх. Сам кітайскі лідар назваў місію ўнікальнай, паколькі яна змяшчае элементы, агульныя для мадэрнізацыйных працэсаў усіх краін. Хоць, вядома, гэта найбольш унікальна менавіта для кітайскага кантэксту. Адным словам, наступныя пяць гадоў будуць мець вырашальнае значэнне. І беспраблемнымі яны не будуць. «Мы павінны быць гатовымі да горшага сцэнарыя і супрацьстаяць моцнаму ветру, неспакойнай вадзе і нават небяспечным штормам», — адзначыў кітайскі лідар.


У тэму

Ключавая падзея

З'езд з'яўляецца ключавой падзеяй у палітычным календары КНР. Першы адбыўся ў год заснавання КПК — у 1921-м, і тады партыя ўяўляла сабой толькі некалькі асобных гурткоў агульнай колькасцю крыху больш за паўсотню чалавек. Раней партыйныя форумы склікаліся з рознай перыядычнасцю, а з 1977-га замацавалася практыка праводзіць іх кожныя пяць гадоў.

ХХ з'езд завершыць работу сёння, за гэты час дэлегаты разгледзелі даклад ЦК КПК 19-га склікання, вывучылі даклад аб рабоце Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны, разгледзелі і ўхвалілі папраўкі да статута. Таксама былі абраныя ЦК і Цэнтральная камісія па праверцы дысцыпліны. Пасля закрыцця з'езда адбудзецца першы пленум ЦК 20-га склікання. На ім абяруць новы склад Палітбюро і яго Пастаяннага камітэта, а таксама генеральнага сакратара КПК.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».