Вы тут

Больш рухацца, больш думаць: як не састарыцца заўчасна


Згодна з даследаваннямі, першыя незаўважныя кагнітыўныя змены, якія ўзмацняюцца ўжо ў больш сталым узросце, могуць пачацца з 35 гадоў. Яны настолькі лёгкія, што сам чалавек іх наўрад ці заўважыць. Гэта яшчэ не кагнітыўнае расстройства, але перадумовы да яго. У чалавека ёсць пэўная база ведаў, навыкаў і досведу. Гэта ўсё будзе выдатна ўтрымлівацца, але могуць узнікнуць праблемы з набыццём новых ведаў ці паслабленнем тых уменняў, што не выкарыстоўваюцца. Як гаворыцца, «Use іt or lose іt» («Выкарыстоўвай ці страціш»). Гэта ж датычыцца і нашага фізічнага стану: маларухомы лад жыцця паціху разбурае арганізм. Прычым з узростам праблема будзе заяўляць пра сябе ўсё больш. Дык што ж мы павінны выкарыстоўваць, каб не страціць раней часу? Пра гэта размаўляем з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гарбанніджадам.


— Доктар Гумен, у чым сутнасць праблемы «выкарыстоўвай ці страціш»?

— Адметна, што гэта з'ява характэрна не толькі для чалавека, але і для жывёл. Паколькі з-за сучаснай медыцыны, наяўнасці дастатковай колькасці прадуктаў сярэдняя працягласць жыцця чалавека істотна павялічылася, гэта праблема стала нашмат актуальней. Сутнасць у тым, што кожны орган выконвае свае функцыі, у ідэале заўсёды. Калі яны па нейкіх прычынах непаўнацэнна выконваюцца ці не выконваюцца ўвогуле, орган з часам пачынае працаваць непаўнацэнна ці ўвогуле перастае. Гэта выклікае пэўныя праблемы ва ўсім арганізме, пачынаючы ад нервовай сістэмы і заканчваючы астатнімі.

Гэта можна заўважыць, калі мяняецца асяроддзе нашага пражывання ці лад жыцця. Напрыклад, калі касманаўты трапляюць у бязважкасць, у іх атрафіруюцца мышцы, змяняюцца косці, іх структура робіцца больш мяккай, таму пасля прызямлення яны нейкі час не могуць хадзіць. Сэрца пачынае па-іншаму працаваць, бо не патрэбна такая сіла, каб перакачваць кроў, асабліва ў верхнюю частку цела, пераадольваючы сілу прыцягнення. Таму, каб падтрымліваць нармальную работу арганізма і, вярнуўшыся на Зямлю, не загінуць, касманаўтам на борце касмічнага карабля прыходзіцца пастаянна выконваць сілавыя практыкаванні. Але ўсё роўна, нягледзячы на трэніроўкі, калі яны вяртаюцца, даводзіцца праходзіць рэабілітацыю і аднаўляць работу ўсіх органаў і мышцаў.

Вядомы і такі факт: калі пасля крушэння субмарыны выратоўвалі падводнікаў, іх доўгі час трымалі ў цемры, а калі выпускалі на святло, даводзілася завязваць вочы, бо яны адвыклі ад святла, і яго «ўводзілі» дазіравана.

— Чым гэта праблема небяспечная?

— Калі нейкі орган не выконвае сваю функцыю, то пачынае паціху іх «забываць». У спартсменаў, якія прымаюць гарманальныя прэпараты, каб павялічыць мышачную масу, праз некаторы час спыняецца іх выпрацоўка, бо арганізм бачыць, што яны паступаюць звонку. Калі гэта працягваецца доўга, мала таго, што не выпрацоўваюцца гармоны, нават сама залоза атрафіруецца. І гэта незваротны працэс. У некаторых спартсменаў існуе такая праблема, і ўсё астатняе жыццё ім прыходзіцца атрымліваць гармоны звонку.

У дзяўчат, якія пакутуюць на анарэксію і доўгі час галадаюць, адбываюцца глабальныя змены страўнікава-кішачнага тракту: атрафіруецца кішэчнік, мяняецца форма страўніка.

Калі хтосьці ламаў руку ці нагу, калі канечнасць доўга знаходзілася ў гіпсе ў месцы разгібання сустава, той ведае, што потым, сустаў пэўны час не мог паўнацэнна працаваць. Гэта нерухомасць сустава мае назву анкілоз. З дапамогай механатэрапіі і фізіяпрацэдур яго прыходзіцца наноў распрацоўваць.

— З'ява «выкарыстоўвай ці страціш» характэрная для любога ўзросту?

— Пакуль арганізм малады, ён не моцна з-за гэтага пакутуе. Праблема больш характэрная для ўзросту 50+, калі чалавек становіцца больш лянівы. У юным узросце ўсе хлопцы ганяюць мяч, дзяўчаты вельмі актыўныя. Мозг працуе, бо хочаш не хочаш, а трэба ісці ў школу, потым атрымліваць прафесію, а гэта таксама новая інфармацыя і навыкі. У гэтым узросце такая праблема магчымая толькі ў выпадку крайне лянівых людзей. Як правіла, цяпер так не бывае. Праблема бацькоў, наадварот, у тым, каб супакоіць дзяцей і каб яны не ўлезлі, куды не трэба.

А вось калі вучоба заканчваецца, пачынаецца работа і больш спакойны лад жыцця, арганізм адчувае, што ад яго не патрабуецца такога інтэнсіўнага рытму, і пачынае паціху замаруджвацца.

— Калі і што варта пачынаць «выкарыстоўваць, каб не страціць»?

— Калі пару стагоддзяў таму 50-гадовы чалавек лічыўся глыбока старым, то праблема была не такая заўважная. Цяпер людзі нават пенсіённага ўзросту працуюць і хочуць весці актыўнае жыццё. Але скардзяцца, што косці і мышцы не тыя, памяць не такая добрая.

Каб пазбавіцца гэтых праблем, пажылыя прыбягаюць да дапамогі лекаў, ходзяць да дактароў. Насамрэч праблему не трэба назапашваць, з ёй варта змагацца з сярэдняга ўзросту, калі мы становімся не такімі актыўнымі. Варта прымушаць сябе больш рухацца, больш думаць, атрымліваць новыя навыкі, не збаўляць абароты жыцця.

Вучоныя ў часопісе Frontіers іn Neuroscіence прывялі доказы, што нервовая сістэма — не аднабаковая вуліца, дзе толькі нервовая сістэма падае сігнал органам ці мышцам. Аказваецца, ёсць дакладная двухбаковая сувязь. І наш маларухомы лад жыцця дазваляе прагрэсіраваць і амалоджваць такія захворванні, як рассеяны склероз, бакавы амнеатрафічны склероз, мышачная атрафія, атрафія пазваночніка і іншыя неўралагічныя хваробы.

Даследаванне праводзілі на лабараторных мышах: фіксавалі іх заднія лапы і бачылі, што, калі ніжнія канечнасці не рухаюцца, з'яўляюцца глабальныя змены і на ўзроўні хімічнага саставу арганізма, і ствалавых клетак, якія могуць утварацца ў нашым мозгу, і нават на ўзроўні генетыкі. Калі ніжнія канечнасці рухаюцца, гэта дае зваротную сувязь галаўному мозга, дадаткова стымулюе яго, павялічвае ўзровень кіслароду ў арганізме і прымушае мозг зусім па-іншаму працаваць. І нават змяняе актыўнасць некаторых генаў. Напрыклад, гена CDK5Rap1, які адказвае за здаровы лад жыцця.

Калі людзі раней, чым трэба, пачынаюць маларухомы лад жыцця, гэта дрэнна ўплывае на работу галаўнога мозга.

— У якім узросце ўжо можна і пераходзіць да спакойнага ладу жыцця?

— Справа ў тым, што ўвесь час варта весці актыўнае жыццё. Наш арганізм разлічаны на тое, што ўсё жыццё мы мусім бегаць, бо прыродай прадугледжана, што чалавек — драпежнік, які мусіць пастаянна шукаць здабычу, а таму трэба рухацца.

Цывілізацыя падарыла нам такія вынаходніцтвы, як ліфт, аўтамабіль, аўтобусы. Сёння, канешне, складана ўявіць, што гараджане будуць пешшу хадзіць на работу. Аднак мы ўсё часцей пачынаем выкарыстоўваць тэхналогіі, каб аблегчыць жыццё нават там, дзе можна без гэтага абысціся. Павялічваецца гіпадынамія, якая прыводзіць да амалоджвання неўралагічных захворванняў і змянення самога галаўнога мозгу.

Яшчэ адно даследаванне было праведзена на лонданскіх таксістах. А да іх самыя высокія патрабаванні пры атрыманні ліцэнзіі: яны мусяць ведаць усю карту Лондана, памятаць усе вуліцы і дамы, грамадскія месцы. Атрымаць гэту ліцэнзію дастаткова цяжка. Даследчыкі заўважылі, што ў таксістаў падчас навучання і падрыхтоўкі да экзамену мяняецца форма гіпакампу (участак мозга, які выконвае функцыю кароткачасовай памяці і адказвае за перавод інфармацыі ў доўгачасовую памяць), ён пачынае больш актыўна працаваць і нават павялічваецца ў памеры.

Таксама быў эксперымент з жанглёрамі — пачынаючымі і вопытнымі. У навічкоў, калі яны пачыналі гэту справу, аддзелы галаўнога мозга павялічваліся, і яго работа актывізавалася. У вопытных жанглёраў, калі яны на працягу трох месяцаў не жангліравалі, гэтыя ўчасткі галаўнога мозга пачыналі атрафіравацца і памяншацца ў памеры. Гэта сведчыць пра тое, што, калі чалавек доўга штосьці робіць, а потым перапыняе, паціху галаўны мозг пазбаўляецца гэтых нейронных сувязяў, якія ён раней стварыў.

Калі раней лічылі, што нейрапластычнасць мозга максімальна развіваецца да 14 гадоў, цяпер меркаванне вучоных змянілася. Вядома, што чалавек можа навучацца ўсё жыццё. Навукоўцы, якія атрымліваюць Нобелеўскія прэміі ў сталым узросце, вучыліся ўсё жыццё, зрабілі адкрыцці, а ў пажылым узросце іх удасканалілі. Гэта сведчыць, што колькі чалавек жыве, столькі мусіць працаваць яго мозг. І чым больш мы выкарыстоўваем наш галаўны мозг і ствараем новыя нейронныя сувязі, тым больш павялічваем працягласць жыцця. Людзі разумовай працы жывуць у сярэднім даўжэй.

— Давайце падсумуем, што варта рабіць усё жыццё, каб не ўзнікала дадатковых праблем у пажылым узросце?

— Самае галоўнае — пастаянна прымушаць мозг працаваць, у якім бы ўзросце чалавек ні быў. Гэта і вывучэнне замежных моў, і атрыманне новых навыкаў — займацца спортам, у тым ліку асвойваць новыя віды, танцамі, навучацца хоць нечаму. Вучыцца гуляць у новыя гульні, няхай і камп'ютарныя, — гэта таксама стварае новыя нейронныя сувязі. Дзякуючы гэтаму ў некаторай ступені нават спыняюцца пэўныя дыстрафічныя змены ў галаўным мозгу, звязаныя з пагаршэннем ці стратай памяці.

Калі пажылы чалавек раней часу возьме ў рукі палку, ствараецца сігнал, што на суставы меншая нагрузка, і яны пачынаюць працаваць па-іншаму. Гэта выклікае ранняе старэнне суставаў. Адна справа, калі ў чалавека артроз і неабходна дапамога суставам, і зусім іншая, калі гэта рабіць раней часу.

Фізічная нагрузка таксама мусіць быць пастаяннай, зыходзячы з таго стану здароўя, які чалавек мае. Калі ёсць гіпертанічная хвароба, хворае сэрца, маюцца спадарожныя хваробы, якія не даюць паўнацэнна выконваць фізічныя нагрузкі, яны ўсё роўна не адмяняюцца. Іх толькі варта правільна падабраць, звычайна такія рэкамендацыі дае доктар. Мы створаны для таго, каб актыўна рухацца, а не для таго, каб сядзець на канапе і глядзець тэлевізар.

Калі няма нагрузкі на касцявую сістэму, косці раней чым трэба пачынаюць разбурацца і размякчацца. І ў пажылым узросце вялікая рызыка атрымаць траўму — пералом шыйкі сцягна ці іншых, якія нашмат пагаршаюць якасць жыцця. Тое ж самае — са стрававальным трактам. Харчаванне мусіць быць нармальным, каб страўнік мог паўнацэнна працаваць і не дыстрафіраваўся. Бо часта здараецца, што зубы выпалі, і сталыя людзі пераходзяць на мяккую ежу, кашы і шкодзяць тым самым страўніку.

Таму колькі чалавек жыве, столькі ён мусіць прымушаць сябе рухацца, працаваць, думаць і вырашаць новыя задачы. Калі іх няма — варта самому ствараць і вырашаць. Тады ён будзе выкарыстоўваць усё, што яму дадзена, і не будзе страчваць.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.