Вы тут

Чатырохлапыя салдаты. Карэспандэнт паспытала на сабе прафесію ваеннага кінолага


У беларускай арміі ёсць падраздзяленні, адкуль салдаты тэрміновай службы не жадаюць сыходзіць на дэмбель, а калі апошні раз пераступаюць КПП вайсковай часці, у іх слёзы на вачах. Размова ідзе аб кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл. Гэтым разам я вырашыла праверыць на сабе прафесію ваеннага кінолага. Забягу крыху наперад і скажу, што гэта найлепшая работа на свеце...


Знаёмства

Ірыска, Мара, Ральф, Цыцэрон — не імёны казачных персанажаў. Гэта мянушкі чатырохногіх байцоў. Служаць яны ў вайсковай часці пад Мінскам, спяць у «казармах», харчуюцца па раскладзе і, як сапраўдныя салдаты, цэлымі днямі асвойваюць вайсковыя спецыяльнасці. А яшчэ знаходзяць тут найлепшых сяброў, дакладней, аднаго сябра.

Кінолаг — хутчэй за ўсё не прафесія, а пакліканне: працаваць з гадаванцамі і не любіць іх немагчыма. Аб службовых жывёлах спецыялісты ведаюць усё: і характар, і здольнасці. А вось да салдат тэрміновай службы прыглядаюцца вельмі ўважліва. Халерык ці флегматык? Цярплівы ці не вельмі? У ідэале чалавек і сабака павінны скласці гарманічны тандэм.

Перад тым, як я пераўвасобілася ў кінолага, мне трэба пазнаёміцца з чатырохногім сябрам. Сабаку мне падабралі разумнага, даволі спакойнага і, самае галоўнае, добрага! Знаёмцеся — бельгійская аўчарка па мянушцы Мара. Гэта было каханне з першага погляду, прынамсі, з майго боку.

Наша прывітанне было хуткім. Мара абнюхала мяне, трохі паскакала вакол — і вось ужо ланцужок у мяне ў руках. Сабака жвавы. Не паспела я падумаць, як ён зрываецца з месца і ляціць па тэрыторыі воінскай часці. Я з усіх ног бягу следам.

Дрэсіроўка

Кожны дзень чатырохногіх пачынаецца з трэніроўкі. Асвоіць каманды — пачатковы ўзровень навучання. Наступны этап — прафесійна-службовая падрыхтоўка. Але пра гэта крыху пазней. А цяпер патрэніруем Мару.

— Сядзець! Ляжаць! Стаяць! Да бар'ера! — камандую я.

Мара паслухмяна выконвае ўсе загады. Рухі хуткія, выразныя, грацыёзныя. «Малайчына, мая дзяўчынка!» — хвалю я, шчодра частуючы сабаку кормам, які загадзя выдалі мне інструктары. Падазраю, што без яго ён наўрад ці слухаўся б мяне. Толькі інструктара.

Адным з элементаў падрыхтоўкі сабак з'яўляецца затрыманне ўмоўнага непрыяцеля. Прасцей кажучы, гэта калі табе на руку апранаюць спецыяльны рукаў, ты аддаляешся ад жывёлы на некалькі метраў, дражніш яе здалёк, а затым... яе спускаюць. Перад тым, як праверыць гэта на сабе, я папрасіла супрацоўніка цэнтра прадэманстраваць, як гэта адбываецца. Выглядае страшна. Сабаку спускаюць з павадка, папярэдне раззлаваўшы яго да пены з рота. З усіх лап ён імчыць на ўмоўнага злачынцу і ўгрызаецца яму ў... рукаў.

Я вырашыла перастрахавацца і папрасіла не спускаць сабаку з павадка, а нацкаваць на мяне, кантралюючы нацяжэнне. Адчуванні не з самых прыемных. Сабака павінен кусаць менавіта ахоўны рукаў, а раптам ён на хаду перадумае і ўчэпіцца ў нагу ці... у горла?! Правяраць гэта на сабе асаблівага жадання не было, таму ідзём далей — у сабачае размяшчэнне.

Назіранне

Першы прыпынак — новыя «казармы», дзе жыве кіналагічны спецназ. Чатырохногія байцы падрыхтаваныя да выканання ўніверсальных задач: затрыманне, пошук злачынцаў ці наркатычных сродкаў, мінна-вышуковая работа, каравульная служба... Мяркуючы па істэрычным брэху, гасцям яны не вельмі рады.

Наступнае выпрабаванне для мяне — пакарміць аднаго з гадаванцаў. Здавалася б, задача з простых, але не зусім. Пакуль я дайшла да клеткі, грозныя чатырохногія ўжо ў думках разарвалі мяне. Гучны брэх, скачкі на дзверы вальераў — нават міска з ежай у маіх руках не выклікала ў іх даверу. Інструктары пашкадавалі і адчынілі клетку не з аўчаркай, а з лабрадорам. Ён, вядома, не рычаў, але ледзь не збіў мяне з ног, спрабуючы вырваць запаветную ежу.

Назіраючы за кінолагамі і іх гадаванцамі, я заўважыла, якімі вачыма яны глядзяць адзін на аднаго — там бясконцая любоў. Пасля заканчэння службы, якая доўжыцца ў сярэднім восем гадоў, сабаку кінолаг не кідае, назаўжды забірае да сябе. За гады сумеснай працы яны становяцца не чужымі адзін аднаму. Да таго ж, дзе яшчэ знойдзеш сябра, для якога тваё слова — закон?! Што датычыцца вайскоўцаў тэрміновай службы, сыходзячы на дэмбель, маладыя людзі вельмі перажываюць, што пакідаюць у воінскай часці сваіх сяброў. Яны і хацелі б забраць сабак да сабе, аднак, на жаль, гэта немагчыма. Але наведваць свайго гадаванца пасля звальнення ў запас былому вайскоўцу дазваляецца.

Мільёны гісторый сведчаць аб адданасці і вернасці чатырохногіх, іх мужнасці і гераізме. Сабака не здрадзіць свайму гаспадару, рызыкне, калі трэба, сваім жыццём, будзе любіць, нягледзячы на званні і рэгаліі. Гэтыя жывёлы лепшыя за нас.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Фота з архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?