Вы тут

Больш за 70 работ у юбілейнай выстаўцы Уладзіміра Уродніча


Экспазіцыя «Берагі маіх гарызонтаў» заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі займае ўвесь другі паверх Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў «Палац мастацтва». Выстаўка прысвечана 80-годдзю з дня нараджэння мастака і 50-годдзю яго творчага шляху.


Уладзімір Уродніч — уплывовы чалавек у мастацкім асяроддзі. Па-першае, ён асабіста ўплываў на мастацкія працэсы, бо 30 гадоў працаваў у Міністэрстве культуры Беларусі. Па-другое, ён быў дэканам мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і вёў падрыхтоўку маладых творцаў. Па-трэцяе, праз стварэнне творчай суполкі «Традыцыя» падтрымлівае ўвагу да пэўнага кірунку ў мастацтве, які мае багата прыхільнікаў у Беларусі (відаць, не ў малой ступені з-за таго, што высілкі рупліўцаў маюць плён). Чацвёртае — не адмаўляецца да свайго савецкага мінулага ні як чалавек, ні як мастак; і пятае — у свае 80 гадоў усё яшчэ згадвае сваё пасляваеннае дзяцінства і не пакідае ваеннай тэмы ў творчасці. Такім чынам транслюе ў грамадства пэўныя ідэі — і гэта не застаецца незаўважаным: Уладзімір Уродніч быў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў 2005 годзе.

Выстаўку адкрылі пад песні з радзімы юбіляра (ён нарадзіўся на хутары Лучкі каля вёскі Вялікія Арлы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці), якія прадставіў народны калектыў у вельмі арыгінальных строях. Павіншаваць калегу прыйшлі творцы і людзі, з якімі яму давялося працаваць у розных дзяржаўных установах. Але найбольш парадавалі Уладзіміра Васільевіча менавіта спевы: гэта голас яго радзімы, яго блізкіх — маці і бабулі Тэклі, якая вельмі хацела пабачыць, кім стане яе ўнук…

Здавалася, што ў дзяцей, якія раслі пасля вайны, ёсць асаблівая місія: жыць не толькі за сябе, але і за тых сваіх блізкіх, якіх не дачакаліся з вайны. Прынамсі, Уладзімір Уродніч гэта адчуў яшчэ ў маладосці. Аднойчы на ўрачыстасцях у Столінскім раёне каля помніка на месцы, дзе ў 1943 годзе загінуў яго бацька-партызан, мастак нібыта пачуў яго голас і запавет: «Трымайся, ты застаешся замест мяне». Тады ля абеліска паабяцаў аднавяскоўцам, што будзе працаваць за сябе і за свайго бацьку. Усё, што рабіў, — дзеля памяці тых, хто загінуў падчас вайны, дзеля малой радзімы, дзеля сваёй краіны. І вось 50 гадоў працы за плячыма: на выстаўцы шмат работ, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны і памяці загінулых герояў ды партызан. Але Уродніч пайшоў далей: ён быў адным са стваральнікаў Студыі ваенных мастакоў у Беларусі. Як вынік — работы на тэму сучаснай арміі. Глядзіш — і бачыш: мастацкія традыцыі звязаныя з тэндэнцыямі, якія ёсць у краіне. І разумееш: аўтар выяўляе тое, што яму блізка, пра што ён сапраўды думае. Сам прызнаецца: цяпер такое можа быць і не ў «трэндзе», але па-іншаму ён працаваць не будзе.

Ён сапраўды шчыры ў сваёй улюбёнасці ў малую радзіму і яе людзей: адчувае замілаванне ад прыгажосці дробных з’яў і простых рэчаў. Бачыць прыгажосць у краявідах і тварах людзей. У квецені вясенняга саду, у заспакаяльнай воднай плыні, у прасторы прыбраных палёў. І ў тым, як у гэтае асяроддзе ўпісаны чалавек — вясковец, працаўнік ці той, хто тут апынуся, каб набрацца сіл. Усё ў лепшых традыцыях і з рамантызацыяй, якая засталася ў спадчыну ад творцаў недалёкага мінулага, што цалкам зразумела. Уладзімір Уродніч — выхаванец беларускай савецкай мастацкай школы, яго настаўнікамі ў прафесіі былі Іван Ахрэмчык і Натан Воранаў. Сам Уладзімір Уродніч з’яўляецца пастаянным удзельнікам усесаюзных і рэспубліканскіх выставак з 1973 года. У 1974-м годзе ён стаў членам Саюза мастакоў СССР. У Беларускім саюзе мастакоў ён узначальвае аб’яднанне «Традыцыя». Творы яго знаходзяцца ў калекцыях буйных беларускіх музеяў.

Але ці не самае галоўнае дасягненне для Уладзіміра Уродніча — гэта персанальная галерэя, якая створана на яго радзіме ў Століне ў 2020 годзе. У аснову легла калекцыя з 28 жывапісных палотнаў пад назвай «Плывуць аблокі над Радзімай», прысвечаная людзям Століншчыны.

— Калі б мне хтосьці задаў пытанне: «Ці шчаслівы ты?» — я б адказаў: "Не зусім шчаслівы, бо мне трэба яшчэ паўвека пражыць, каб аддзячыць сваіх землякоў за тое, што я ад іх атрымаў, — адуначыў Уладзімір Уродніч. — Калі я бываю ў сябе на радзіме, то адчуваю зусім іншае жыццёвае дыханне...

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».