Вы тут

Патрыятычны характар родных назваў


Выдадзеныя малым накладам, ды яшчэ ў рэгіёне (у дадзеным выпадку — і ўвогуле ў Мазыры), такія кнігі губляюцца, не заўсёды трапляюць у поле зроку нават спецыялістаў. А між тым іх вартасці, навуковым грунт, іх спалучэнне тэарэтычнага досведу з практычным жыццём заслугоўваюць самай шырокай увагі. Як, напрыклад, і манаграфія В. В. ШУРА і В. Р. СЛІВЕЦ «Малая і вялікая радзіма ў анамастыконе пісьменнікаў», якая пабачыла свет у 2019 годзе, у Мазыры. Выдавец — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна. Наклад — 100 экзэмпляраў. 


У прадмове да выдання доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры беларускай і рускай філалогіі МДПУ імя І. П. Шамякіна Васіль Шур ужо на самым пачатку акрэслівае характар працы: «Практычна любы мастацкі тэкст не існуе без уласных імёнаў, якія, як вядома, у творах літаратуры выконваюць не толькі назыўную (намінацыйную) функцыю. У мастацкім дыскурсе яны кваліфікуюцца як паэтонімы і выкарыстоўваюцца як выразныя сродкі адлюстравання рэчаіснасці, якія перадаюць нацыянальны каларыт, а таксама індывідуальна-аўтарскую адметнасць, узбагачаную традыцыямі і вопытам літаратурнага анамастыкону папярэдніх часоў, спецыфікай літаратурнага жанру і нават канкрэтнага твора. Яны выяўляюць разнастайныя функцыі, важныя для асэнсавана акрэсленага ўспрымання мастацкага тэксту: пазнавальную, адрасную, ідэалагічную, сацыяльна-ацэначную, эмацыйна-экспрэсіўную, кумуляцыйную і інш., якія ў канкрэтным творы могуць рэалізоўваць усе або некаторыя з названых уласцівасцей з большай або меншай ступенню выразнасці, адпаведнасці зместу мастацкага твора, аўтарскай ідэі». І яшчэ: «Літаратурныя онімы, апрача сваёй асноўнай, ідэнтыфікуючай (назыўной) ролі, нярэдка валодаюць канатацыйным значэннем, выяўленне якога звычайна дасягаецца падрабязным аналізам шырокага кантэксту, фактамі творчай біяграфіі мастака слова, веданнем жыццёвага лёсу прататыпаў яго літаратурных персанажаў, часам і глыбокім разуменнем літаратурнага працэсу ў перыяд стварэння мастацкага твора. У мове твораў пісьменнікаў паэтонімы — онімы рэальных гістарычных асоб, айконімы, іншыя анамастычныя адзінкі — падлягаюць „аўтарызацыі“, іперажываюць творчае асваенне, набываючы канатацыйныя прырашчэнні, падкрэсліваюць рэальнасць падзей, у якіх удзельнічалі асобы, носьбіты онімаў, вызначаюць плён іх працы, валодаюць павышанай асацыятыўнасцю, становяцца пэўнымі сімваламі, з’яўляюцца адным са сродкаў мастацкай вобразнасці, экспрэсіўнасці і інш». 

Васіль Шур разглядае ў манаграфіі наступныя тэматычныя абсягі: «Малая радзіма ў творах Якуба Коласа»; «Малая радзіма ў творчасці Івана Мележа»; «Малая і вялікая радзіма ў анамастыконе твораў Івана Шамякіна»; «Малая радзіма ў творах Івана Навуменкі»; «Малая і вялікая радзіма ў анамастыконе твораў Фёдара Янкоўскага»; «Анамастыкон Мазырскага Палесся ў творах Уладзіміра Верамейчыка»; «Тураўшчына, Мазыршчына ў анамастыконе паэтычных твораў Галіны Дашкевіч». Вольга Слівец звяртаецца да іншых «мастацкіх планет»: «Анамастыкон Магілёўшчыны ў кантэксце творчасці Віктара Карамазава»; «Малая радзіма Гаўрылы Вашчанкі ў анамастыконе аповесці-біяграфіі Віктара Карамазава «Брама»; «Гідронімы малой радзімы як кампаненты мастацкай прасторы твораў Уладзіміра Караткевіча». 

Выразна акрэсленыя тэмы сведчаць пра жаданне даследчыкаў стварыць красамоўны навукова-творчы, мовазнаўчы партрэт вядомых пісьменнікаў Беларусі, тым самым нагадаць чытачу, што адным з найгалоўнейшых складнікаў іх мастацкіх здабыткаў з’яўляецца надзвычай чуйнае стаўленне да слова, якое нас акружае. Да слова, якім перададзены назвы, прозвішчы, да слова, якое становіцца люстэркам жыцця, а пісьменніку ў сваю чаргу дапамагае выбудаваць кампазіцыю, умацоўвае сюжэт. І чытаючы артыкулы, якія склалі манаграфію, задумваешся: а сапраўды, ці адбыўся б Якуб Колас як масштабны эпік, як улюбёны ў Айчыну лірык без захопленасці роднай ракой — Нёманам?! Відаць, пытанне хутчэй рытарычнае... Якуб Колас да назвы Нёман звяртаўся 152 (!) разы, выкарыстоўваючы яе ў 29 паэтычных і празаічных творах. А што да творчасці Уладзіміра Караткевіча, то толькі ў адным яго нарысе «Зямля пад белымі крыламі» сустракаюцца 27 найменняў беларускіх рэк: Арэса, Бабёр, Буг, Бяроза, Бярэзіна, Вісла, Волма, Гарынь, Дзвіна, Дзясна, Дняпро, Дубровенка, Ловаць, Лоша, Мухавец, Нёман, Няміга, Палота, Піна, Піна, Прыпяць, Свіслач, Сервеч, Смердзь, Сож, Шчара, Ясельда. А ў паэтычных творах спіс пашыраецца. Ужывае Уладзімір Караткевіч і замежныя рэальныя гідронімы. 

Манаграфія В. Шура і В. Слівец карысная не толькі вучоным-літаратуразнаўцам, аспірантам, якія ладзяць свае сцежкі ў вялікую навуку. Праца мазырскіх рупліўцаў патрэбная і ў агульнаадукацыйнай школе. Даследванне, несумненна, дапаможа настаўніку беларускай мовы і літаратуры болей шырока разгледзець мастацкія вартасці тых ці іншых паэтычных і празаічных твораў. «Малая і вялікая радзіма ў анамастыконе пісьменнікаў» — гэта яшчэ і добры гісторыка-літаратурны, літаратурна-краязнаўчы ўрок патрыятычнага выхавання. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».