Вы тут

Два беларускія «зубры» выступяць у Матчы зорак КХЛ


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя навіны апошніх дзён.


Аб'ява тыдня. Вызначаны 16 першых удзельнікаў Матчу зорак Кантынентальнай хакейнай лігі — 2022. Сярод іх — два хакеісты «Дынама-Мінск». Галкіпер Аляксей Коласаў і форвард Віталь Пінчук. Абодва хакеісты каманды згуляюць у Матчы ўсіх зорак КХЛ упершыню ў кар'еры. Матч Зорак КХЛ — 2022 пройдзе на арэне «Трактар» імя Валерыя Белавусава ў Чэлябінску 10 і 11 снежня.

Медалі тыдня. У грузінскім Кабулеці адбыўся галоўны турнір года для шашыстаў — чэмпіянат свету па шашках-64. Абсалютнай чэмпіёнкай свету сярод жанчын стала беларуска Вікторыя Нікалаева. Яна выйграла ўсе тры асабістыя турніры: класічную, хуткую і імгненную гульні. У мужчын залатыя медалі ў рапідзе і бліцы заваяваў Ігар Міхальчанка. Пераможцам у класічнай праграме стаў прадстаўнік Беларусі Андрэй Валюк. Прызёрамі чэмпіянату свету таксама сталі Аляксей Куніца, Вера Хвашчынская і Паліна Петрусёва. Удзел у сусветным першынстве ў Грузіі прынялі 54 спартсмены з 19 краін.

Турнір тыдня. У сталічным Палацы мастацкай гімнастыкі прайшоў XІX Міжнародны турнір на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач. Галоўны прыз турніра — імянную статуэт- ку алімпійскай чэмпіёнкі—заваявала Настасся Салас. Яна стала пераможцай у мнагабор'і, набраўшы па суме чатырох відаў 141,400 бала. Сярэбраны медаль дастаўся Аліне Гарнасько (141,150), бронза — у Лізаветы Зоркінай (134,950). У юніёрак наймацнейшай аказалася Дар'я Грахотава, якая апярэдзіла Аліну Рэчкіну і Ангеліну Іпатаву з Санкт-Пецярбурга.

У групавых практыкаваннях не было роўных пецярбургскім гімнасткам, другое і трэцяе месцы занялі прадстаўніцы беларускіх клубаў РЦАП-1 і «Дынама». У камандных спаборніцтвах, дзе за кожную каманду выступалі па тры гімнасткі розных узростаў, перамог «Белы лотас» у складзе Ганны Каменшчыкавай, Аліны Рэчкінай і Нікі Рэзнік.

Надзеі тыдня. Міжнародная асацыяцыя бокса (ІBA) апублікавала сусветныя рэйтынгі баксёраў і краін. Арганізацыя ўвяла новую рэйтынгавую сістэму, згодна з якой спартсменам налічваюцца ачкі за выступленні на буйных міжнародных спаборніцтвах. Бягучы рэйтынг складзены па выніках Алімпійскіх гульняў у Токіа, двух апошніх чэмпіянатаў свету па боксе, а таксама па выніках кантынентальных першынстваў і турніраў Сусветнага баксёрскага тура. У адпаведнасці з дадзенай табліцай Беларусь займае 40-е месца сярод 119 краін.

Таксама ў сусветныя рэйтынгі ў сваіх вагавых катэгорыях увайшлі шэсць прадстаўнікоў нашай краіны. Аляксей Алфёраў займае 3-е месца ў катэгорыі да 80 кг, Яўген Кармільчык размяшчаецца на 4-й пазіцыі сярод баксёраў да 48 кг. Акрамя таго, Уладзіслаў Смяглікаў — 12-ы ў катэгорыі да 92 кг, Дзяніс Салоцкіх — 38-ы у вазе да 51 кг, Кірыл Самадураў — 45-ы ў катэгорыі да 75 кг, Артур Туніеў — 48-ы ў вазе да 60 кг.

Пазіцыі тыдня. Прадстаўлены абноўлены рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі. Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка апусцілася з чацвёртай на сёмую пазіцыю. На мінулым тыдня яна прайграла ў 1/16 фіналу турніру ў Гвадалахары. Цяпер у яе актыве 2970 ачкоў. Яшчэ адна беларуска Вікторыя Азаранка дайшла да паўфіналу спаборніцтваў у Гвадалахары і з 37-га ўзнялася на 27-е месца, набраўшы 1597 ачкоў. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 31-м радку (1428 балаў).

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) найлепшы з беларусаў Ілья Івашка на 72-м месцы (730 ачкоў), Ягор Герасімаў займае 253-ю пазіцыю (203).

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?