Вы тут

У госці да нячысцікаў у вясковый музей у Заронаве


Аржавень, Балотнік, Лазнік — гэтыя і іншыя персанажы беларускай міфалогіі жывуць не толькі ў павер'ях, якія перадаюцца вусна з пакалення ў пакаленне, але і ў вясковым музеі ў Заронаве. А вядомы беларускі этнограф-фалькларыст Мікалай Нікіфароўскі нават прысвяціў прадстаўнікам «нячыстага» свету цэлую кнігу, якая і стала асновай незвычайнай музейнай залы.


Захавальніца музейных каштоўнасцяў Людміла Нікіціна ў зале беларускай міфалогіі.

Мікалай Якаўлевіч нарадзіўся ў вёсцы Вымна, што цяпер у Віцебскім раёне, у 1845 годзе. Спачатку планаваў звязаць жыццё з царкоўнай дзейнасцю, але з-за фінансавай абмежаванасці сям'і не змог працягваць вучобу за мяжой, таму пачаў настаўнічаць. Нікіфароўскі заўсёды быў зацікаўлены ў вывучэнні духоўнай і культурнай спадчыны беларусаў, а з'яўленне ў Віцебску вядомага этнографа Шэйна і супрацоўніцтва з ім на працягу 20 гадоў сталі лёсавызначальнымі ў жыцці віцебскага краязнаўца, які пакінуў нам найкаштоўнейшыя фальклорныя зборнікі. Менавіта Мікалай Нікіфароўскі з'яўляецца аўтарам першага буйнога даследавання матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасці беларусаў XІX стагоддзя, у прыватнасці, сялян Віцебшчыны, «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895). І дагэтуль стваральнікам музейных этнаграфічных экспазіцый рэкамендавана азнаямляцца з гэтай работай. Сярод яго вядомых даследаванняў ёсць і «Простанародныя прыкметы і павер'і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны», дзе сабраны 2307 народных паданняў і забабонаў, звычаяў і абрадаў паўночнага рэгіёна; зборнік «Беларускія песні-частушкі», дзе сабраны 2356 прыпевак, быў выдадзены ўжо пасля смерці аўтара. Але самай незвычайнай і цікавай работай да сёння застаецца выданне 1907 года «Нячысцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу».

У дадзенай кнізе ў алфавітным парадку змешчаны істоты беларускай міфалогіі з кароткім апісаннем іх вонкавага выгляду, звычак і паводзінаў. Так, напрыклад, Аржавень — брудна-руды, з тоўстым жыватом і тонкімі, як сцяблінка хвашчу, нагамі, жыве ў аржавенні (балота, пакрытае ржою), больш спакойны, чым яго браты Багнік і Балотнік. А вось як аўтар апісвае Багніка: жыве ў тарфяным балоце, ніколі не з'яўляецца на паверхні і толькі бурбалкамі і зрэдку мелкімі агеньчыкамі выдае сваю прысутнасць; Балотнік — страшны таўстун без вачэй, у слоі гразі і прыліплых водарасцяў, смаўжах, жуках. Гэтыя звесткі этнограф доўгія гады збіраў сярод вяскоўцаў, і калі і праўда верыць у звышнатуральныя сілы, людзі апісвалі тое, што бачылі на свае вочы. Так Мікалай Нікіфароўскі стварыў своеасаблівы «пашпарт» прадстаўнікоў міфалагічнага свету, які і дагэтуль з'яўляецца ўнікальнай жамчужынай беларускай духоўнай культуры.

Імя земляка-этнографа ўвекавечана на яго малой радзіме ў Вымне: адна з вуліц аграгарадка названа ў яго гонар, у мясцовым музеі створана экспазіцыя, а на алеі славы Падзвіння ў Ноўцы сярод васьмі выдатных асоб ёсць і бюст Мікалая Нікіфароўскага.

Нашы продкі заўсёды верылі ў вышэйшыя сілы, пакланяліся ім, а жыццёвыя радасці або няшчасці звязвалі з магутнасцю нечага нябачнага. Сёння мы адносімся да міфалогіі больш з цікавасцю, чым з бояззю, але тагасветны подых дзе-нідзе заўважаем: звяртаемся да дамавіка, калі нейкая рэч не можа знайсціся, ставім місачку з малаком на ўсякі выпадак. Мала хто ведае, што ў беларускіх нячысцікаў ёсць шэраг адрозненняў ад істот рускай міфалогіі, а тое, як яны выглядаюць, бачылі адзінкі. А пад Віцебскам у вясковым музеі можна не толькі пазнаёміцца з тамтэйшымі нячысцікамі, але і пакаштаваць варыва з кацялка жывой беларускай Ягіні.

Комплексны музей «Гісторыя Заронаўскага краю», што ў Віцебскім раёне, на працягу 36 гадоў з'яўляецца культурна-адукацыйнам цэнтрам паўночнага рэгіёна. Восем выставачных залаў (у іх ліку натуральная партызанская зямлянка), экспазіцыі пад адкрытым небам і амаль 30 тысяч экспанатаў — не хопіць і цэлага дня, каб дэталёва разглядзець усе музейныя прадметы. А ў 2014 годзе, калі Заронаўскі сельсавет адзначаў 90-гадовы юбілей, захавальніца музейных каштоўнасцяў Людміла Нікіціна загарэлася ідэяй стварыць адзіную ў Беларусі залу беларускай міфалогіі. Пры падтрымцы райвыканкама незвычайны праект быў рэалізаваны і стаў яшчэ адной цікавінкай Падзвіння.

Першая «фішка» залы — яе размяшчэнне проста пад музеем, у падвале. З бойкіх радкоў верша «Вельмі здзівім зараз вас залай незвычайнай — пасялілася ў нас нечысць віртуальная», якія дэкламуюць юныя экскурсаводы, пачынаецца маленькае падарожжа ў свет беларускага фальклору. Першае аддзяленне залы насяляюць водныя істоты: Вадзяны Дзед, Русалка, Ціхоня. «Дарэчы, першы — вечны халасцяк, ніколі не жэніцца, але ў Русалкі ад яго нараджаюцца вадзяняткі. Жывуць нядоўга, да паўналецця, пасля паміраюць», — з усмешкай адзначае Людміла Нікіціна.

А яшчэ расказвае, што ў беларускіх Русалак былі не хвасты, а ногі (пасля русалчынага тыдня дзяўчаты выходзілі з вады і падоўгу гушкаліся на дрэвах). Пераходзім у другое аддзяленне залы, дзе ўладараць наземна-падземныя нячысцікі. Звыклыя для нас чарцяняты ў нашых продкаў называліся шэшкамі, якія былі вёрткімі і рухавымі, а вось Начніца — дух у выглядзе жанчыны, які прыходзіў са злым намерам да дзяцей, што дрэнна спяць, — вонкава поўнасцю адпавядае апісанню. Але галоўнай гаспадыняй гэтага міфалагічнага царства з'яўляецца Ягіня (менавіта так істота называлася ў беларусаў), якая, у адрозненне ад сваёй рускай сястры Бабы Ягі, лётае не толькі ў ступе, але і на лапаце, мятле. Толькі ў Заронаўскім музеі яна ажывае (ролю Ягіні выконваюць экскурсаводы), разам з наведвальнікамі варыць суп з курыных лапак і змей, а пасля прапануе пакаштаваць. Вядома, на такі вясковы экстрым адважваюцца нямногія — і дарма, бо «ўсіх ведзьмаў цётка» хутка мяняе страву на смачную. На печы жыве Дамавік — вялікі чорны змей, такі, якім яго і ўяўлялі беларусы. А са сцяны насупраць усміхаецца бог зімы Зюзя, у якога ў музейнай інсталяцыі нават свецяцца вочы. Сказаць, што зала інтэрактыўная — не сказаць нічога, бо экскурсія суправаджаецца не толькі каляровым святлом, але і гукамі, уласцівымі нячысцікам. Дарэчы, яны, як распавядаецца ў кнізе Нікіфароўскага, могуць ператварацца ў розныя прадметы і вобразы, але ніводная з істот, якіх стварылі ў музеі, нястрашная: нячысцікі ў наведвальнікаў выклікаюць замілаванне, а не агіду.

Над залай беларускай міфалогіі працавалі дружным музейным актывам. А ўсё мастацкае афармленне, 3D-выявы істот на сценах — работа выпускніцы Заронаўскай школы Наталлі Шыкаровай, якая сёння працуе настаўніцай працоўнага навучання і мастацтва ў Суйкаўскай школе. На дасягнутым, дзеліцца Людміла Нікіціна, спыняцца не збіраюцца: летам плануюць размаляваць вонкавыя сцены, а яшчэ ўстанавіць на вуліцы рухомыя выявы нячысцікаў.

Наведаць музей трэба абавязкова, бо дзе яшчэ сустрэнеш каларытную жывую Ягіню, пакаштуеш міфічных прысмакаў і зробіш сэлфі з Ціхоняй, а яшчэ — у літаральным сэнсе дакранешся да звышнатуральнага і невытлумачальнага?

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».