Вы тут

Старажытнае ткацтва ўсё часцей упрыгожвае сучасны інтэр'ер


Здаецца, надыходзіць час, калі мы пачынаем даставаць з бабуліных куфэркаў саматканыя посцілкі, дываны, палавікі і ручнікі. Сапраўды, з густам падабраныя традыцыйныя рэчы могуць зрабіць нашу кватэру альбо дом асабліва ўтульным і арыгінальным. Магчыма, многія яшчэ аддаюць перавагу хайтэку і мінімалізму ў інтэр'еры. Але заўважана, што саматканыя рэчы ўсё больш заваёўваюць нашу жылую прастору. Верагодна, тое адбываецца яшчэ і таму, што старадаўняе рамяство актыўна прапагандуецца, захоўваецца і аднаўляецца.


Напрыклад, нядаўна з фондаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ў філіяле «Гарадніца» выстаўлены ўнікальныя ткацкія вырабы, якія былі характэрныя толькі для Панямоння. Гэта белыя і пераборныя ручнікі, падвойныя дываны, шматнітовыя посцілкі, абрусы і паясы. Трэба сказаць, што народны тэкстыль Гродзеншчыны мае сваю выразную рэгіянальную распазнавальнасць, характэрныя мастацкія рысы.

У чым яны праяўляюцца? Па словах навуковага супрацоўніка аддзела народнай творчасці Алены Сарокі, адрозніць «гродзенскі» тэкстыль нескладана. Мы падыходзім да вельмі прыгожай калекцыі ручнікоў. Як патлумачыла экскурсавод, так званыя шматнітовыя вырабы вылучае дасканаласць рэльефнай структуры вытканай тканіны. На канцах ручнікоў — узоры крыжыкам і гладдзю. Пазней іх дапаўнялі тканым пераборным бардзюрам з расліннымі матывамі.

— Вось узор пераборнага ручніка. Ён адметны вертыкальнай кампазіцыяй у адзін рад альбо некалькімі аднолькавымі паслядоўна. Для іх характэрная вертыкальная кампазіцыя — раўнамерна размешчаныя ў адзін ці некалькі радоў выявы ромбаў, разетак, зорачак, кветак. Самы папулярны матыў — дрэва жыцця. На вясельным ручніку гродзенскай майстрыхі Алены Шапель змешчаны зорачкі — сімвал дзіцяці, — расказвае Алена Сарока.

У сувязі з гэтым прыгадалася знаходка ў вёсцы ў мамінай шафе. З паліцы дасталі цэлы стос саматканых ручнікоў. Большасць з іх — звычайныя льняныя дарожкі з вышыўкай, але ёсць некалькі менавіта з вертыкальным узорам у выглядзе невялікіх квадратаў. Не іначай, як гродзенскі пераборны ручнік. У маёй гарадской кватэры ён упрыгожвае драўляны стол, які, дарэчы, застаўся яшчэ ад бабулі. Стол пафарбавалі, але ўсё роўна відаць, што ён стары, і гэта робіць пакой вельмі ўтульным. Цяпер задалася мэтай набыць тканыя посцілкі. Але не простыя, а падвойныя. Як аказалася, яны ў свой час з'яўляліся візітоўкай народнага ткацтва Панямоння. А прыйшлі такія падвойныя ці двухасноўныя дываны ў сялянскі быт у другой палове ХІХ стагоддзя. Для іх патрэбныя шырокія ткацкія станкі, спецыяльныя навыкі. Таму заказвалі іх у асноўным заможныя сяляне для вясельнага пасагу. Але паступова гэтай тэхнікай авалодалі многія вясковыя жанчыны.

— У міжваенны перыяд даследчыкі назвалі падвойныя дываны «гродзенскімі», бо яны вырабляліся паблізу Гродна. Нават ёсць меркаванне, што тут у перадваенны час магла існаваць рамесная майстэрня падвойных дываноў з багатым асартыментам вырабаў высокага мастацкага ўзроўню, — паведаміла супрацоўніца музея.

У другой палове XX стагоддзя падвойныя дываны ткалі ў Гродзенскім, Свіслацкім, Мастоўскім, Зэльвенскім раёнах, а таксама ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. У вёсках каля Гродна такія вырабы называюць «ткацкія дываны». А самай вядомай ткачыхай, якая іх ткала на Гродзеншчыне, была Ядвіга Райская з вёскі Адэльск Гродзенскага раёна. На выставе мне давялося ўбачыць дыван, які майстрыха выткала ў 1989 годзе. Ён вытрыманы ў зялёна-шэрых адценнях. Цэнтральнае поле дывана запоўнена буйнымі стылізаванымі расліннымі матывамі, акантоўка з дробных геаметрычных і раслінных узораў, па краі аздоблены махрамі. Сёння такія дываны — сапраўдны рарытэт, а некалі ткалля іх вырабляла за зіму да дзесяці, гэтым і зарабляла сабе на жыццё. Умела ткаць да дванаццаці ўзораў, заказвалі ў асноўным у жоўта-бардовых, чорна-чырвоных, зялёна-чырвоных, бела-бардовых тонах. На ўсіх яе дыванах ёсць дата вырабу. Налета да 100-гадовага юбілею з дня нараджэння майстрыхі музей будзе ладзіць выстаўку яе вырабаў.

У наш час падвойныя дываны ткуць толькі асобныя майстрыхі, расказала супрацоўніца музея. Такую традыцыю аднавілі ў вёсках Гудзевічы Мастоўскага раёна і Падбела Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Дарэчы, тэхналогія падвойнага ткацтва ў 2011 годзе ўнесена ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі як нацыянальная каштоўнасць.

На выстаўцы даволі шмат вырабаў, якія дайшлі з 1960-х гадоў. Тады з'явіліся розныя дэкаратыўныя ніткі, штучны шоўк, ірыс, мулінэ. Вырабы насілі дэкаратыўны характар, упрыгожвалі пакоі.

Звяртаю ўвагу і на тканыя палавікі. Яны цяпер зноў у трэндзе. Ад работніка музея даведваюся, што такія палавікі на Гродзеншчыне мелі сваю адметнасць. Гэта пераход ад светлага колеру да больш цёмнага ў спалучэнні з шырокімі манахромнымі палоскамі. У ткалляў былі папулярныя так званыя вясёлкавыя ўзоры. Іх самі майстрыхі называлі «паласацікамі». Дарэчы, такімі стракатымі ўзорамі ткалі і дываны. Пэўна, іх нямала захоўваецца ў вёсках. Здаецца, традыцыя вяртаецца і ў гарады. Сапраўды, чаму не засцілаць такімі дыванамі канапы, тахту ці ложак замест сінтэтычных пледаў? Апошнім часам ткацкія вырабы можна набыць падчас кірмашоў, свят альбо проста зрабіць заказ у цэнтры рамёстваў таго ці іншага раёна.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.