Вы тут

Інстытут пладаводства правёў дэгустацыю сартоў яблыкаў і груш


На сталах — пранумараваныя плеценыя вазы з прыгожымі адборнымі пладамі. Усяго дваццаць сартоў яблык і груш — па дзесяць адных і другіх — і ўсе з іх можна прадэгуставаць. Наразалі іх супрацоўнікі РУП «Інстытут пладаводства», які днямі зладзіў дэгустацыю сваіх калекцый.


«Хочацца самыя-самыя...»

На пачатку дэгустацыі зялёная палатка Інстытута пладаводства нагадвала сапраўдны вулей. Ахвотных пакаштаваць плады з калекцыі было столькі, што прабіцца да талерак з нарэзанымі яблыкамі і грушамі было не так проста. Асабіста мне запомніўся мужчына, які спачатку сам смакаваў па чарзе кожны сорт, а потым упадабаныя нёс жонцы, якая стаяла ўбаку ў боціках на абцасіках. Маўляў, «вось гэтая такая смачная грушка, пакаштуй».

Уладзімір прыехаў на дэгустацыю з Уздзенскага раёна. Мужчына тры гады таму пачаў закладваць сад на набытым участку. З летнімі сартамі яблыкаў і груш пытанне ўжо закрыў. А вось з зімовымі трэба нешта вырашаць. Мужчына ўжо падрыхтаваў ямкі для таго, каб пасадзіць дзве яблыні і дзве грушы. Пакуль дакладна не вырашыў, якія. Хочацца самыя-самыя, бо месца на ўчастку засталося ўжо не так шмат.

«Я спачатку прадэгуставаў усе 20 сартоў яблыкаў і груш, — кажа Уладзімір. — Выпісаў у нататнік тыя, якія спадабаліся. Потым яшчэ раз прайшоўся па ўпадабаных сартах — каб ужо з іх выбраць адзін-два. Бо калі саджаць нешта на сваім участку, трэба быць на 100 працэнтаў упэўненым, што табе гэты сорт падабаецца. З груш мне запомніліся больш за ўсё «Просто Мария» і «Ясачка». Ну і «Талгарская красавица», канешне. Так супала, што якраз напярэдадні дэгустацыі жонка з працы прынесла тры грушы гэтага сорту, яе калега пачаставала. Таму я ўжо быў знаёмы з гэтым хрумсткім сакавітым смакам. Што датычыцца яблыкаў, то мой «топ» на сёння — сарты «Память Коваленко» і «Паланэз». Хацеў пакаштаваць «Память Сикоры», але сярод прастаўленых іх не было. Пасля дэгустацыі загарэўся набыць саджанец «Просто Мария», але не паспеў, бо іх ужо разабралі, як, прынамсі, і самі плады. «Просто Мария», кажуць, — самая смачная восеньская груша, шэдэўр беларускай селекцыі, яе трэба абавязкова пасадзіць.

У выніку набыў саджанец «Талгарской красавицы». Плюс 8 кілаграм пладоў груш гэтага сорту. Саджанец выбіраў прынцыпова на сеянцавым падвоі. Над астатнім пакуль думаю. Хацелася б пакаштаваць зімовыя сарты груш «Завея» і «Белорусская позняя», калі яны даляжаць. На дэгустацыі яны былі прадстаўлены, але каштаваць іх не было сэнсу, бо пакуль не праявілі сябе ў поўнай меры. Цудоўна, што праводзяцца такія мерапрыемствы. Я летась купляў саджанцы абрыкосу ў фермера, дык ён такі заняты быў, што не надта ахвотна адказваў на мае пытанні. А тут ніхто не адмаўляў, можна было пагутарыць з вопытнымі садаводамі, атрымаць ад іх карысныя парады».

«Большасць любяць салодкія. А кіслыя — пад настрой»

Прабіцца да спецыялістаў з Інстутыта пладаводства па каментарый адразу было таксама цяжка. Яны пастаянна знаходзіліся ў акружэнні цікаўных людзей. Сярод такіх — як спрактыкаваныя садаводы, так і аматары-пачаткоўцы.

— Людзі да вас падыходзяць і падыходзяць. Якія пытанні часцей за ўсё задаюць? — цікаўлюся.

— У асноўным пытаюцца пра асартымент: якія сарты можна набыць, як абараніць грушу ды яблыню ад хвароб — кажа Вольга Якімовіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства».

— Кагосьці цікавяць яблыкі і грушы, якія можна есці цяпер, — дадае загадчык аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства» Сяргей ЯРМОЛІЧ. — Але большасць пытаюцца пра сарты, якія захоўваюцца максімальна доўга, да лета. За апошнія гады заўважыў тэндэнцыю, што большасць людзей хочуць салодкіх яблыкаў. Гэта, на маю думку, звязана з тым, што ў 90-х гадах у нашы крамы пачалі завозіць польскія яблыкі, а яны ў асноўным салодкія. Вось з часам людзі і прызвычаіліся да гэтага смаку. Раней жа аддавалі перавагу кісла-салодкім.

— Самае частае пытанне, якое мне сёння задавалі, гэта якіх сартоў грушы падабаюцца асабіста мне, што б я парэкамендавала, — усміхаецца Вольга Якімовіч. — Але селекцыянеру вельмі складана адказаць на гэта пытанне, бо насамрэч кожная груша смачная ў свой час. У ідэале добра, калі ў садзе ёсць яблыні і грушы ранняга, сярэдняга і позняга тэрміну саспявання. Тады амаль круглы год чалавек будзе есці свае вітаміны. З летніх груш беларускай селекцыі я рэкамендую сорт «Кудесница» — яе плады буйныя, смачныя, сакавітыя, устойлівыя да хвароб (пры ўмове, што мы праводзім стандартныя 6—8 апрацовак). З восеньскіх — сорт «Просто Мария», з зімніх — «Белорусская позняя», «Завея». У будучыні, спадзяюся, наш новы элітны гібрыд 07-4/33 зойме сваё месца ў групе позніх сартоў.

— Цікава, а якія сарты груш растуць у вас на ўчастку?

— «Кудесница», «Просто Мария» і дрэва, на якім прышчэплена некалькі розных сартоў груш. «Просто Мария» — на сёння непераўзыдзеная класіка восеньскай грушы, якая расце без перабольшвання практычна ў кожным больш-менш маладым садзе (калісьці быў папулярны аднайменны серыял, аднак гэта груша названая ў гонар аднаго з аўтараў сорту Марыі Мялік. — «Аўт».). Плады падабаюцца ўсім без выключэння. Радуюць практычна да Новага года, калі захоўваць ў халадзільніку. Адзін з папулярных сартоў — «Талгарская красавица» ва ўмовах Казахстана лічыцца восеньскай грушай. У нашых умовах мы яе характарызуем як позневосеньскую ці ранне-зімнюю. Яна можа і да снежня паляжаць. Праўда, лепш яе есці ў кастрычніку-лістападзе, калі смакавыя якасці праяўляюцца максімальна. Як і ва ўсіх сартоў груш, у яе ёсць свае перавагі і недахопы. Яна салодкая, сакавітая, хрумсткая і ўстойлівая да хвароб. Але страчвае свае смакавыя якасці пры доўгім захоўванні, у сярэдзіне снежня «прыгажуня» ўжо будзе не такая смачная. Да таго ж пры перагружанасці ўраджаю плады драбнеюць. А дробныя грушы не такія смачныя, як буйныя.

— Раскажыце пра сарты яблыкаў, якія прадстаўлены на дэгустацыі.

— Хачу звярнуць увагу на нашы новыя сарты — «Белана», «Паланэз» і «Дыямент», — кажа Сяргей Ярмоліч. — Яны не толькі маюць прыгожы таварны выгляд, але і вельмі смачныя і ўстойлівыя да хвароб. «Белана» захоўваецца ўсю зіму да чэрвеня ў звычайным падвале, гэтыя яблыкі ў працэсе лёжкі яшчэ жаўцеюць, становяцца больш салодкімі і смачнымі. «Дыямент» захоўваецца да сакавіка, але смачны і цяпер. Ён не гніе, а вяне з часам. Плюс у яго вельмі спецыфічная мякаць, якой у іншых сартах не было дагэтуль. «Паланэз» захоўваецца на працягу двух месяцаў, да лістапада. Гэта аналаг сорту «Белорусское сладкое» па смаку. Вельмі хрумсткі, сакавіты.

— Сяргей Андрэевіч, а ў вас ёсць любімы сорт яблыкаў? Што параіце тым, хто вырашыў завесці ці папоўніць свой сад?

— Усё, што ўключана ў дзяржрэестр сартоў. Спіс можна паглядзець на сайце Інстытута пладаводства. Кожны яблык па-свойму смачны ў свой час. Можна, канешне, сарваць той самы «Імант» у кастрычніку і адразу ж пачаць есці. Але ў яго цяпер не той водар і смак, які будзе пасля Новага года. Таму нічога дзіўнага, што сёння вы яго пакаштавалі і яблык вам не надта спадабаўся. Проста ён яшчэ не гатовы, не даляжаў.

— Тут прадстаўлена далёка не ўсё, што вы можаце прапанаваць спажыўцам. Як выбіралі сарты для дэгустацыі?

— Выбіралі тыя, якія можна зараз прадэгуставаць, — кажа Вольга Якімовіч. — Разам з тым у дзясятку ўвайшла і груша «Ясачка», тэрміны саспявання якой ужо выйшлі. Вы ж каштавалі, яна ўжо вельмі мяккая, аж растае ў роце. Мы ледзьве яе захавалі. Хацелася проста паказаць людзям, што ёсць такі цудоўны сорт. Груша вельмі смачная, у яе стварэнні ўдзельнічалі эталонныя «Белорусская позняя» (РБ) і «Конференция» (Велікабрытанія). Нягледзячы на высокія смакавыя ўласцівасці, фермеры не вельмі хочуць ёй займацца, бо саджанец моцна разгаліноўваецца і патрэбна апора пры вырошчванні. У той жа час сарты «Белорусская позняя», «Завея», гібрыд 07-4/33 — свае смакавыя якасці яшчэ не праявілі. Але мы хацелі паказаць, што ў нас ёсць такія сарты груш, каб у людзей была гэта інфармацыя на слыху.

«Яблыкі па 1,5 рубля, грушы — па 3»

Многім падабаюцца такія кірмашы-дэгустацыі. Чаго там толькі не пачуеш! У прыватнасці, гаспадыні дзяліліся, як яны выціскаюць яблычны сок і выкарыстоўваюць яго для закаткі памідораў замест вады. Кажуць, смак непаўторны. А адна жанчына казала іншай, што яе дыетолаг раіць есці хоць бы адзін яблык у дзень, бо там шмат пекціну. Да таго ж вельмі карысныя печаныя яблыкі. У гэтым стане пекцін актыўна выводзіць з арганізма ўсе канцэрагены. Акрамя таго, перад тым, як адправіць яблыкі ў склеп на захоўванне, трэба, каб яны 5-6 сутак пастаялі ў прахалодным месцы, пры начной плюсавой тэмпературы 8—10 градусаў. Інакш разагрэтыя на сонцы плады аддадуць цяпло ў наваколле, і тэмпература захоўвання акажацца вышэйшая, чым трэба. Ідэальна, калі ў склепе 3-4 градусы цяпла.

А наогул грушамі людзі цікавіліся больш, чым яблыкамі. Відаць, таму што апошніх сёння ва ўсіх хапае. Як гарачыя піражкі разляцеліся плады сорту «Просто Мария» і элітнага гібрыду. За дзве гадзіны да канца дэгустацыі гэтыя грушы ужо нерэальна было пакаштаваць.

Падыходжу да палаткі, дзе прадаюць яблыкі і грушы, і станаўлюся ў чаргу.

«Можна мне пару кілаграм груш «Просто Мария?» — пытаецца мужчына з маленькім дзіцём на руках. — «Разабралі ўжо. Вазьміце «Талгарскую красавицу», яна таксама смачная», — адказвае касір.

Яблыкі прадавалі па 1,5 рубля за кілаграм, грушы — па 3.

— На кірмаш людзі звычайна прыязджаюць паглядзець, прыцаніцца, — кажа Тамара Грушава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела пітомнікаводства РУП «Інстытут пладаводства». — Бяруць па пару кілаграм груш ды яблыкаў на пробу. А потым у будні дзень — у нас ёсць свая крама ў Інстытуце пладаводства — прыязджаюць і скрынямі купляюць тыя сарты, якія спадабаліся, на далежванне. У нас можна купіць не толькі грушы і яблыкі, але і саджанцы. Асартымент вельмі багаты, на любы густ. Ёсць саджанцы каланавідных яблыняў, на якіх плады растуць па ствале. Вось перад вамі прыходзіў чалавек, кажа, хоча грушу на тарфянніку пасадзіць. Мы параілі, каб ён узяў на клонавым падвоі, а не на насенным. Я кожнаму пакупніку адразу задаю пытанне: «У якім раёне жывяце?» І ў залежнасці ад рэгіёна і глебы стараемся падабраць саджанец.

Пасадачнымі матэрыяламі сёння гандлююць многія. Каб не сутыкнуцца з ашуканствам, варта заўсёды цікавіцца пашпартам, які дазваляе вытворчасць і рэалізацыю саджанцаў. Акрамя таго, спытайце гатункавае пасведчанне. Усе, хто сумленна працуе, маюць гэтыя дакументы. Саджанцы павінны быць без знешніх пашкоджванняў на каранях і ствале. Можна папрасіць зрабіць зрэз на карэньчыку — ён павінен мець светлую, а не карычневую афарбоўку.

На пытанне, якія пладовыя дрэўцы карыстаюцца найбольшай папулярнасцю, Тамара Грушава адзначыла, што ў асноўным саджанцы беларускай селекцыі.

— Асабіста я ў першую чаргу прапаную менавіта іх, бо яны больш адаптаваныя да нашых умоў. Паспяхова перанясуць не толькі суровую зіму, але і парадуюць салодкім ураджаем нават у дажджлівае лета. Акрамя таго, устойлівыя перад самай распаўсюджанай і небяспечнай хваробай саду — паршой. Але бяда ў тым, што садаводы-аматары не заўсёды праводзяць неабходныя апрацоўкі ад шкоднікаў і хвароб. Пасадзілі і думаюць, што дрэва будзе расці само па сабе. А потым здзіўляюцца, чаму яблыкі ды грушы нясмачныя, з чорнымі кропкамі або чарвівыя.

Карыстаючыся магчымасцю, параілася са спецыялістамі, якую сліву мне лепш пасадзіць на сваім участку. Хачу чарнасліў, каб мякаць была тугенькая. «Вазьміце Венгерку, не пашкадуеце. Яна хутка расце, і яе плады ідэальныя для сушкі». Думаю, ранняй вясной, калі раяць садзіць костачкавыя, яшчэ вярнуся ў Самахвалавічы па «Венгерку беларускую».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.