Вы тут

Наколькі чыстыя беларускія рэкі і ці можна піць з любой крыніцы?


Вада, дзе ўтрыманне солей не перавышае 0,5 %, лічыцца прэснай. Такіх радовішчаў у нашай краіне больш за 400. Іх рэсурс ацэньваецца як 43560,0 м3/сут. Стан паверхневых водных аб'ектаў (якасць вады, яе чысціня і бяспечнасць) вызначаецца ўзроўнем эканамічнага развіцця рэгіёна: рэсурсы паверхневых водаў выкарыстоўваюцца для патрэб прамысловасці, сельскай гападаркі, гідраэнергетыкі, воднага транспарту, рэкрэацыі і турызму.


Бяспека крыніц

У рамках Дзяржпраграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» Мінпрыроды праводзіць інвентарызацыю паверхневых водных аб'ектаў. Згодна з данымі Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя, стан (статус) большасці паверхневых водных аб'ектаў, якія летась былі ахоплены назіраннямі, па гідрахімічных паказчыках вызначаўся як «выдатны» і «добры». Стан паверхневых водных аб'ектаў па гідрабіялагічных паказчыках (даследаванні праводзяцца раз на два гады) у басейнах рэк Нёман, Заходні Буг і Дняпро палепшыўся ў параўнанні з 2019-м, паведаміў Анатоль Сільчанка, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (ЦНДІКВВР):

— Лічыцца, што вада з крыніцы — чысцюткая і карысная, аднак гэта не зусім так. У 2017—2020 гадах навукоўцы ўпершыню правялі даследаванне айчынных крыніц. Па яго выніках пацверджана наяўнасць 1183 крыніц, 95 % з якіх маюць дэбіт (магутнасць) 0,01-0,1 л/с. Гэта дазваляе забяспечыць сутачную патрэбу ў пітной вадзе (чатыры літры) чалавека пры ўмове прыдатнасці для піцця 75 % верыфікаваных крыніц. Тым не менш, крыніца — гэта натуральны выхад падземных водаў на паверхню, што падвяргае іх рызыцы забруджвання і вычарпання. Каб адназначна казаць, што крынічую ваду можна выкарыстоўваць як пітную, неабходна не толькі ацаніць якасны склад вады крыніцы і яе дэбіт, але і забяспечыць яе ахову ад навакольных забруджвальнікаў.

На жаль, комплекснага даследавання якасці крынічнай вады не праводзілася. Былі толькі выбарачныя даследаванні, якія не даюць поўнай карціны функцыянавання крыніц. Лабараторныя выпрабаванні крынічнай вады паказваюць перавышэнне ў ёй дапушчальных канцэнтрацый нітрат-іонаў, фасфат-іонаў і мікрабіялагічных паказчыкаў. Відавочна, што найбольш падвяргаюцца забруджванню крыніцы паблізу ад аўтадарог, сельскагаспадарчых зямель і ў межах населеных пунктаў.

— Падчас інвентарызацыі ацэнены стан больш як тысячы крыніц, вызначана іх дакладнае месцазнаходжанне з указаннем геаграфічных каардынат. Вывучаны марфаметрычныя і гідралагічныя характарыстыкі, тып сілкавання, ступень добраўпарадкаванасці, наяўнасць каптажу (спецыяльна абсталяваных канструкцый для збору вады), а таксама ўказана прыналежнасць да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Верыфікацыя на мясцовасці праводзілася з выкарыстаннем беспілотнага лятальнага апарата з наступнай апрацоўкай даных у геаінфармацыйнай сістэме, — расказаў спецыяліст.

Найбольш магутныя крыніцы знаходзяцца ў Мінскай (8 %), Магілёўскай (5 %) і Гродзенскай (5 %) абласцях.

Антрапагеннае і кліматычнае ўздзеянні

На стан паверхневых водаў уплываюць як антрапагенныя фактары, так і змена клімату. Па выніках інвентарызацыі, у паўднёвай частцы Беларусі ў басейне ракі Прыпяць больш за 30 % малых рэк і ручаёў мае перасохлыя ўчасткі рэчышча. У паўночна-заходняй частцы краіны ў басейне ракі Нёман перасохлыя ўчасткі назіраюцца радзей, адзначыў спецыяліст ЦНДІКВВР:

— Паверхневыя водныя аб'екты, якія падвяргаюцца найбольшай антрапагеннай нагрузцы, — гэта рака Свіслач у Каралішчавічах; Лошыца ў Мінску; Пліса ў раёне Жодзіна; Уза і Дняпро ў Сарвірах (басейн Дняпра); Нарэў, Лясная Правая, Мухавец у межах Брэста (басейн ракі Заходні Буг); Іпа, Ясельда ніжэй Бярозы; Морач (басейн ракі Прыпяць); Уша ніжэй Маладзечна; Крынка ў Генюшах (басейн ракі Нёман).

На якасць вады ўздзейнічае мноства фактараў. Гэта скід гаспадарча-бытавых і вытворчых сцёкавых водаў; вынас забруджвальных рэчываў паверхневымі, грунтавымі і сцёкавымі водамі з урбанізаваных і сельскагаспадарчых тэрыторый; паступленне забруджвальных рэчываў ад разгрупаваных на вадазборнай пляцоўцы басейнаў рэк жывёлагадоўчых комплексаў, складоў захоўвання ядахімікатаў, мінеральных угнаенняў, нафтапрадуктаў і іншых небяспечных аб'ектаў; выпадзенне забруджаных атмасферных ападкаў; трансгранічны перанос забруджвальных рэчываў.

— У Беларусі дзейнічаюць пэўныя стратэгічныя дакументы па кіраванні воднымі рэсурсамі. Гэта Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд да 2030 года, Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021—2025 гг., Стратэгія ў галінеаховы навакольнага асяроддзя да 2025 года, — заўважыў Анатоль Сільчанка. — Адпаведна з пералічанымі дакументамі, наш інстытут займаецца навукова-даследчымі работамі для канкрэтных суб'ектаў гаспадарання. А таксама ўдзельнічае ў праграмах і мерапрыемствах у межах нацыянальных праграм і праграм Саюзнай дзяржавы з мэтай навуковых даследаванняў для фарміравання навукова абгрунтаваных мерапрыемстваў, скіраваных на рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў і іх ахову.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.