Вы тут

З першых вуснаў. Навошта прадстаўнікі сілавога блока наведалі прадпрыемствы?


Нашай краіне ніякая вайна не патрэбная. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі. «Мы сёння нікуды не збіраемся ісці. Генерал Хрэнін правільна і дакладна сказаў: калі вы не хочаце з намі ваяваць, значыць, вайны не будзе, — падкрэсліў беларускі лідар. — Калі ж хтосьці прыйдзе з вайной на беларускую зямлю, то зразумела, што ўсе стануць на абарону краіны». «Трэба супакоіцца. Кожны павінен рабіць сваю справу, калі мы хочам, каб не было вайны», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка. Даведацца аб усім можна без праблем — па даручэнні кіраўніка дзяржавы кіраўніцтва сілавога блока сустракаецца з працоўнымі калектывамі па ўсёй краіне для кампетэнтнага інфармавання па пытаннях існуючай ваенна-палітычнай абстаноўкі ў краіне і за мяжой.


Без панікі

Сілавы блок Рэспублікі Беларусь можа гарантаваць бяспеку грамадзян — прычын для хвалявання няма, кожны павінен займацца справай на сваім месцы. Аб гэтым заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч на сустрэчы з калектывам унітарнага прадпрыемства «Гефест-тэхніка» ў Брэсце, паведаміла БелТА. «Абстаноўка складаная, сапраўды напружаная. Захад, абвінавачваючы Беларусь, імкнецца ўцягнуць яе ў ваенны канфлікт, спрабуе мілітарызавацца, праводзячы вялікую колькасць вучэнняў, папракаючы нас у нейкай агрэсіі. Хоць у Беларусі ніякіх планаў па павелічэнні вучэнняў няма, усё ідзе на планавай аснове. Ніякай панікі не павінна быць», — адзначыў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Ва ўмовах гібрыднай вайны абстаноўка ў краіне кіруемая ў многім дзякуючы Прэзідэнту, які пастаянна трымае яе на асабістым кантролі. «Ваенна-палітычная абстаноўка, на жаль, мае тэндэнцыю да абвастрэння і падыходзіць да той чырвонай рысы, якая, напэўна, сапраўды з часоў халоднай вайны дасягнула мяжы. Прапрацоўваецца розны комплекс мер па стабілізацыі і недапушчэнні падрыву сітуацыі на тэрыторыі краіны. Беларусь заўсёды стаяла за вырашэнне праблем мірна, шляхам перагавораў, без вайны, без разбурэнняў. Вельмі дарагога вартае тое, што намі створана за 30 гадоў на тэрыторыі суверэннай Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.

Раскрылі рэзідэнтуру

Сітуацыя ў паўднёвым напрамку ўскладняецца не па віне Беларусі. Аб гэтым заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Тэртэль перад сустрэчай з калектывам ААТ «Гродна Азот» і ідэалагічным актывам арганізацый Гродна, паведаміла БелТА. «На жаль, сітуацыя складваецца вельмі сур'ёзна на нашым паўднёвым напрамку. Практычна кожны дзень мы бачым узмацненне разведвальнай дзейнасці з украінскай тэрыторыі, штодня спробы парушэння паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь», — сказаў Іван Тэртэль. Ён дадаў, што фіксуецца ад 6 да 10 такіх фактаў, усе яны спыняюцца.

На тэрыторыі Беларусі спынена дзейнасць ваеннай разведкі Украіны ГУР-рэзідэнтуры, заявіў Іван Тэртэль. «Затрыманы рэзідэнт, грамадзянін Украіны, а таксама двое нашых грамадзян, якія сталі на шлях здрадніцтва, працавалі ў інтарэсах замежнай дзяржавы. Акрамя таго, намі затрыманы былы ваеннаслужачы, падпалкоўнік, ён працаваў на службу бяспекі Украіны. Сустрэчы праводзіліся ў тым ліку ў Адэсе, іншых гарадах, на тэрыторыі трэціх дзяржаў. Вялікая колькасць грамадзян Украіны, якія закідваліся на нашу тэрыторыю, намі затрыманы ў іншых рэгіёнах краіны», — сказаў Іван Тэртэль.

Старшыня КДБ Беларусі дадаў: «Грамадзянін Украіны, які быў маршрутызаваны праз Польшчу на нашу тэрыторыю ў адным з прыгранічных раёнаў, стварыў агентурную сетку, завербаваў нашых грамадзян, якія збіралі інфармацыю закрытага характару аб дзейнасці нашых Узброеных Сіл, сілавых структурах. Іншую інфармацыю, якая складае дзяржаўную тайну. Адпаведна, яны былі затрыманы і прыцягнуты да крымінальнай адказнасці».

«Пастаянна адчуваюць правакацыі нашы пагранічнікі на Дзяржаўнай граніцы. Фактычна кожны дзень гэта пагроза прымянення зброі ў адносінах да нашых ваеннаслужачых, гэта знявагі, іншыя акты, якія не адпавядаюць высокаму ўзроўню ваеннаслужачых у любых дзяржавах», — падкрэсліў Іван Тэртэль.

Супраць чорных планаў Захаду

Людзі ў пагонах не дапусцяць развязвання ўзброенага канфлікту на тэрыторыі Беларусі, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін у час інфармавання на Мінскім трактарным заводзе. «Хачу запэўніць: мы дакладна ведаем сваю задачу, абстаноўку кантралюем, праводзім комплекс перш за ўсё прэвентыўных мерапрыемстваў для выканання той задачы, якую паставіў кіраўнік дзяржавы. Паверце, мы гэта робім прафесійна і са сваімі задачамі справімся», — запэўніў Віктар Хрэнін.

Інфармуючы людзей у калектывах, мы разбураем чорныя планы Захаду, заявіў міністр абароны ў ААТ «Беларуськалій». Паводле яго слоў, сёння інфармацыйны фон перапоўнены лжывай і недакладнай інфармацыяй. «З яе дапамогай спрабуюць спарадзіць трывожнасць, маніпуляваць грамадствам, каб потым выканаць свае чорныя планы. Самая галоўная наша задача — не дапусціць ваеннага канфлікту на тэрыторыі нашай краіны. Мы паказваем, што ведаем іх планы. Тым самым іх раззбройваем, прымушаем нервавацца, удакладняць свае планы і, вядома, паказваем сваю рашучасць, гатоўнасць абараняць сваю любімую Радзіму — Рэспубліку Беларусь», — падкрэсліў міністр абароны.

З першых вуснаў

Інфармацыя павінна зыходзіць з першакрыніцы, тады яна будзе дакладнай, без усякіх скажэнняў. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «МТЗ» Віталь Кухта. Ён узяў удзел у інфармаванні на Мінскім трактарным заводзе. «Людзі павінны валодаць інфармацыяй, каб разбірацца ў сітуацыі, якая складваецца ў краіне і за яе межамі. Такія сустрэчы заўсёды карысныя. Не проста ўбачыць першых асоб дзяржавы, але і задаць хвалюючыя пытанні», — заўважыў Віталь Кухта.

«Мы ўсе ведаем, у якой абстаноўцы цяпер знаходзімся, якія падзеі адбываюцца вакол нашай краіны. Сёння баявыя дзеянні ідуць не толькі на франтах, а больш за ўсё ў інфармацыйным полі, — адзначыў начальнік упраўлення ўласнасці ААТ «МТЗ» Мікалай Кузьміцкі. — Таму праўда мае насамрэч такую ж сілу, як сіла жалеза».

Пётр ДУНЬКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?