Вы тут

Каляндар-слоўнік роднай мовы і свята спецыяльнай школы-інтэрната


«...І кожная раніца — добрая»

«Амаль год таму ў маёй хаце з'явілася цудоўная рэч: нявестка падарыла арыгінальны адрыўны каляндар на 2022 год. Ды не проста каляндар, а каляндар-слоўнічак. Зроблены ён з густам, прыгожа і з душой. На кожнай старонцы над яркай і натхняльнай ілюстрацыяй — цікавае беларускае слоўца (ці фразеалагізм) з перакладам на рускую мову. Побач — прыклад яго ўжывання з мастацкай літаратуры. Акрамя таго, у календары шмат філасофскіх цытат, народных прыказак. Напрыклад, «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой» (У. Караткевіч), «Шчасце можа быць поўным толькі тады, калі ўсе вакол цябе адчуваюць сябе шчаслівымі», «Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш» (Я. Колас), «Толькі чыстыя сэрцы бачаць сапраўдную прыгажосць» (Я. Брыль), «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці» (Р. Барадулін), «Усё, што кранае мяне, падобнае на мяне» (А. Разанаў)...


А якія ў слоўнічку словы?! Багоўка, веснічкі, вэлюм, філіжанка, кужаль, вехаць, бразготка, слота, блазан, сутарэнне... Факт, што цяпер кожная раніца ў мяне — добрая, бо пачынаецца з нечага вельмі свайго, беларускага.

Дарэчы, каляндар можна не толькі павесіць на сцяну, але і замацаваць на рабочым стале або падаконні. У камплекце ёсць два магніцікі, якімі я прымацоўваю на халадзільнік асобныя ўпадабаныя старонкі...

Іх, такіх цёплых, з надыходам восені ды зімы застаецца ўсё менш і менш: год канчаецца. Хацелася б мець такі каляндар на новы год. Але ж ці з'явіцца ён у продажы? Каб нагадваць забытыя слоўцы, каб засвойваць новыя, а што патрэбна не менш — штодзень, хоць крыху, узнімаць настрой...».

Таццяна МАРКАВА

г. Віцебск.

***

Каб адказаць на пытанні шаноўнай чытачкі, «Звязда» звязалася з Яўгеніяй Дудзянковай — стваральніцай календара не толькі на год сыходзячы, але і на наступны.

— Гэтым разам у ім, апроч слоў, прыказак і прымавак, цытат, фразеалагізмаў, з'явіліся беларускія скорагаворкі, — расказвае Яўгенія. — Словы ўсе новыя, многія вельмі самабытныя і сёння ўжо рэдка ўжываныя. Да таго ж у календара новы дызайн старонак з падзелам на поры года, новая вокладка, новы лагатып «Лёгкай мовы».

А пачыналася ўсё з таго, што гадоў дзесяць назад «Укантакце» была створана суполка «Беларуская мова для лянівых», бо трэба ж, як прызнала Яўгенія, каб родную мову ведалі і яны. Таму інфармацыя падавалася ў вельмі простай і сціслай форме: прыгожы фотаздымак, беларускае слова, пераклад яго на рускую мову.

Наступным крокам было пашырэнне аўдыторыі: Яўгенія стварыла моўны блог у «Інстаграме».

— На сёння ў блога, прысвечанага вывучэнню беларускай мовы, амаль 45 тысяч падпісчыкаў, — расказвае аўтар. — Праўда, першапачатковая назва падалася задоўгай. Таму, каб суполку прасцей было адшукаць у сацсетках, я перайменавала яе ў «Лёгкую мову», бо матэрыял і сапраўды стараюся падаваць цікава і з гумарам. Да таго ж я пастаянна кантактую са сваёй аўдыторыяй, з задавальненнем адказваю на кожны каментарый і паведамленне. Блог для мяне — сапраўдная аддушына, а кожны пост — вельмі важны і значны. Я магу гадзінамі падбіраць выяву пад цікавае беларускае слоўца, каб яно ўсё разам лягло на душу — спачатку мне. І толькі пасля ўжо дзялюся з падпісчыкамі. Яны ў мяне вельмі ўдумлівыя, цікаўныя, задаюць пытанні, уступаюць у дыскусіі.

З ростам колькасці падпісчыкаў да Яўгеніі пачалі паступаць і прапановы аб супрацоўніцтве. У прыватнасці, у канцы 2020 года мінская друкарня прапанавала выпусціць календары-слоўнічкі. Так блог @lohkaja_mova з «Інстаграма» перабраўся на старонкі адрыўнога календара.

— Я вельмі люблю гартаць слоўнікі, а таксама чытаць па-беларуску, — працягвае дзяўчына. — І пры гэтым пастаянна трымаю пад рукой нататнік і аловак. Калі сустракаю цікавае слоўка — абавязкова выпісваю. На сапраўдныя моўныя «перлінкі» найбольш багатая, як мне здаецца, творчасць Караткевіча... А здараецца і наадварот: спачатку знаходжу выяву, якая вельмі падабаецца, і ўжо да яе падбіраю слова. У кожную з 365 старонак і першага і другога календара «Лёгкая мова» я ўклала часцінку сваёй душы. Рада, што людзі гэта адчуваюць. Быў чалавек, які заказаў на падарункі аж 24 календары. Прыемна, што «слоўнічкі» набываюць настаўнікі і вешаюць у сябе ў класах, каб вучні штодзень адкрывалі для сябе новае слова.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК


«Дзеці — бадай, самы яскравы паказчык таго, наколькі плённым было жыццё»

Падчас добрых восеньскіх свят — Дня маці, Дня бацькі — асаблівыя словы падтрымкі хочацца выказаць бацькам, якія гадуюць дзяцей з інваліднасцю, з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У нашай спецыяльнай школе-інтэрнаце 117 такіх вучняў. І для кожнага з іх (за свой клас пішу з усёй адказнасцю) мама, тата — самыя-самыя!

Мама Лідзія Уладзіміраўна (з этычных меркаванняў не буду называць прозвішчаў) сама выпускніца нашай школы. Цяпер яна працуе тут прыбіральшчыцай, а сын Віталік — вучыцца. Хлопчык ён выхаваны, задуменны, вельмі любіць сваю сям'ю, дзе гадуецца трое дзетак. А клапоціцца пра іх найбольш мама, «бо яна — залатая». Так гаворыць Віталік.

Лёша і Саша — браты-блізняты і сапраўдныя мужчыны. Ім ёсць на каго раўняцца. Бацька блізнят — ваеннаслужачы. І таму сыны змалку прывучаюцца да парадку, ведаюць, што за свае ўчынкі трэба ўмець адказваць.

У гэтай сям'і вялікая ўвага аддаецца спорту: фізічным практыкаванням, валейболу, баскетболу. Пасля школы хлопчыкі (Аляксей — дакладна) бачаць сябе абаронцамі Айчыны, і калі дарослыя, а найперш бацькі, вераць у сілы сваіх дзяцей — усё магчыма.

...Асаблівыя дзеці — асаблівыя мары і шляхі да іх здзяйснення. Лерачка марыць аб тым, што разам з мамай пабудуе дом у выглядзе сэрца. На пытанне, для каго той дом, хто ў ім будзе жыць, дзяўчынка адказвае: «Людзі, у якіх добрае сэрца, такое, як у мамы».

Маці дзяўчынкі — па прафесіі і сапраўды будаўнік, упэўненая, смелая жанчына, выхоўвае траіх дзяцей.

А ў Наталлі Іванаўны іх двое: старэйшаму — 24 гады, малодшаму — дзевяць. Менавіта маміны любоў і вера дапамаглі хлопчыку вырвацца з лап хваробы. А яшчэ, як прызнаўся бацька хлопчыка, — яе бясконцая дабрыня і мудрасць, уменне зразумець і дараваць.

...Падчас аднаго з класных мерапрыемстваў, на якім, апроч дзяцей, былі і бацькі, я спытала ў іх, дарослых, што галоўнае ў выхаванні? Тата Алёшы адказаў тады: праца і павага да старэйшых, асабліва — да жанчын.

У гэтай сям'і іх, можна сказаць, дзве: мама і маленькая Даша. А вось мужчын — чацвёра: бацька і трое сыноў, якія кажуць, што мама для іх — нібы тая ікона, на якую моляцца, у якой у цяжкія хвіліны просяць падтрымкі і дапамогі. Што напраўду так (у гэтай сям'і, як і ў абсалютнай большасці іншых): мама — сімвал працавітасці і адказнасці. А дзеці — бадай, самы яскравы паказчык таго, наколькі плённым было жыццё.

Не ўсе, на вялікі жаль, гэта разумеюць, і таму ў краіне ёсць сіроты пры жывых бацьках... Як ёсць, на шчасце, і бацькі, згодныя выхоўваць не толькі сваіх дзяцей, але і чужых. Вось і двое нашых выхаванцаў (Мілена са сваім старэйшым братам Цімурам) не так даўно сталі жыць у дзіцячым доме сямейнага тыпу. Іх новыя бацькі Таццяна Анатолеўна і Павел Пятровіч сустрэлі новенькіх вельмі цёпла і хутка сталі для іх самымі блізкімі. Ва ўсякім разе, падчас падрыхтоўкі да Дня маці Мілена намалявала партрэт Таццяны Анатолеўны і напісала пад ім галоўнае слова: «Мама».

...Я — таксама маці і лічу, што гэта найвялікшае шчасце: дарыць жыццё, бачыць свой працяг у дзецях. І, вядома ж, вучнях: амаль 25 гадоў я працую ў школе-інтэрнаце. Выхаванне дзяцей — цяжкая, але важная работа. Асабліва калі пашчасціць знайсці падыход, наладзіць кантакт, даведацца пра захапленні... А ўрэшце — убачыць станоўчы вынік. Вельмі прыемна, што нашы выпускнікі падтрымліваюць сувязь са школай-інтэрнатам, з педагогамі.

Іна ПЕТУШКОВА

г. Навагрудак


Дзве мінуты абеду

Прачытала ў «Звяздзе», што сёлета зноў быў высокі конкурс у медыцынскія навучальныя ўстановы, і парадавалася: падумала, што ў прафесію па-ранейшаму ідзе найлепшая моладзь: самыя добрасумленныя, самыя працаздольныя выпускнікі школ.

Так, напэўна, было заўсёды. Але ж цяпер я хачу расказаць аб тым, што насцярожыла.

Мая прыяцелька (назавём яе Надзеяй Іванаўнай) не так даўно выйшла на пенсію. Да таго займала немалую пасаду, многім дапамагала, была, што называецца, паважаным чалавекам, а тут...

Мы сустрэліся ў паліклініцы, прыселі, каб перакінуцца нейкім словам, як бачым, па калідоры ідзе знаёмая доктарка. Надзея загадзя прыўстала, каб павітацца з ёю, бо даўно і добра ведала... У адказ жа — ні павароту галавы, ні слова, ні паўслова...

«Не пазнала», — вырашыла мая Іванаўна. «І не дзіва, — сказала я, каб падтрымаць яе, — мы ж у масках, у шапках». — «Трэба скінуць, зайсці ў кабінет», — вырашыла Надзея, ужо кіруючы ў канец калідора, услед за белым халатам...

І потым — прычым адразу ж — назад, прычым настолькі разгубленая... «Што сталася?» — спытала я.

«Ты не паверыш, — мусіць, сама нічога не разумеючы, зашаптала жанчына. — Я не паспела дзверы адчыніць, як пачула загад... зачыніць, бо ў яе абед... Яшчэ дзве мінуты... Дзве... Уяўляеш? Хіба можна з-за іх — вось так?»

Я суцяшала жанчыну як магла: паўтарала, што доктар і сапраўды яе не пазнала, што ў яе маглі быць непрыемнасці, што ў медыкаў цяпер вялікія нагрузкі, што нялёгка працаваць з людзьмі здаровымі, а ўжо з хворымі...

Надзея слухала мяне і не слухала, верыла і не верыла: не магла змірыцца з тым, што пачула.

...Напэўна, гэта было нейкае непаразуменне, проста недарэчны выпадак, але ж як хацелася б, каб іх, вось такіх, не было зусім.

А. БАРАНАВА

г. Магілёў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.