Вы тут

Сенатар Юрый Наркевіч правёў прыём грамадзян і маніторынг цэн


На мінулым тыдні член Савета Рэспублікі Юрый Наркевіч выбраў для наведвання аграгарадок Малеч Бярозаўскага раёна. Гэта даволі вялікі населены пункт — тут пражывае больш за 1600 чалавек. У савецкія часы Малеч славіўся сваёй аграфірмай, а таксама развітой інфраструктурай. Таму не дзіва, што населены пункт стаў у свой час першым аграгарадком у раёне.


Работа сенатара ў акрузе пачалася з прыёму грамадзян. Наведвальніца з Белаазёрска папрасіла паспрыяць з працаўладкаваннем. Жанчына па прафесіі медсястра. І ёй адразу падчас прыёму прапанавалі на выбар тры вакансіі, праўда, у райцэнтры. Медработнік падумала і прыняла прапанову, вырашыўшы, што ездзіць на работу ў горад за 25 кіламетраў не будзе праблемай, людзі дабіраюцца і далей.

Другая заяўніца скардзілася на стан дарогі каля яе дома па адной з вуліц Малечы. У дажджлівае надвор'е там становіцца цяжка прайсці. Праз старшыню раённага Савета Дануту Гукіну, якая прысутнічала на прыёме, даручэнне атрымала кіраўніцтва ДРБУ, што абслугоўвае дарогу. А шматдзетная маці з аграгарадка Падкраічы прыйшла дэлегатам ад групы аднавяскоўцаў. У іх па вуліцы ходзіць магутная тэхніка сельгаспрадпрыемства, машыны і трактары перыядычна разбіваюць дарогу, летам дабаўляецца пыл, які літаральна забівае вокны. Праблема вырашаецца не так проста: каб пусціць тэхніку ў аб'езд, магчыма, спатрэбяцца сродкі, пэўная арганізацыйная работа. Вывучыць пытанне і даць грунтоўны адказ жыхарам вёскі ўзяўся першы намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Міхаіл Крэйдзіч.

Маніторынг цэн і асартыменту сенатар пачаў з магазіна буйной гандлёвай сеткі. Як заўважыла памочнік сенатара Разалія Карпеш, гандаль у Малечы прадстаўлены прадпрыемствамі розных формаў уласнасці. Паміж магазінамі існуе здаровая канкурэнцыя. Таму пра асартымент, культуру абслугоўвання як формы барацьбы за пакупніка крамы нязменна клапоцяцца. Сведчанне таму — магазін «Капеечка» сталічнай гандлёвай сеткі. Пакупнікі, з якімі пагаварылі прадстаўнікі маніторынгавай групы, адзначылі рост цэн на працягу года, але за час з 5 кастрычніка цэны не ўзнімаліся. А пенсіянеры рэгулярна глядзяць тэлевізар, таму вельмі ўважліва вывучалі цэннікі і ніякага павелічэння не заўважылі. Да іх аўтарытэтнага меркавання не было нагоды не прыслухацца сенатару.

Дырэктар магазіна Іна Дрозд заўважыла, што тавар ім паступае з Мінска, там жа фарміруюцца і цэны. Яны тут, у Малечы, не могуць самастойна ўзняць альбо панізіць кошт тавару. Паводле слоў дырэктара, пачынаючы з пятага чысла цэны ў іх не мяняліся ні на капейку.

Зайшоў сенатар і ў суседнюю краму. Там парадавала разнастайнасць тавараў. Малочную і мясную прадукцыю прапаноўвалі ад некалькіх вытворцаў на выбар. Як заўважылі пакупнікі, цэны на малочную прадукцыю «Савушкінага прадукту» нават знізіліся на некалькі капеек за апошнія два тыдні.

— За цэнамі сачу як пакупнік, як старшыня абласнога Савета дэпутатаў, як сенатар. Гэта пытанне дзяржаўнай важнасці. З цэнамі нікому не дазволена «гуляць». Устаноўлены парадак, па якім будуць фарміравацца цэны, і гэты парадак будзе захоўвацца, — падсумаваў Юрый Наркевіч вынікі свайго маніторынгу.

Зазірнула ў той дзень маніторынгавая група і ў аптэку. Аптэка РУП «Фармацыя» ў Малечы мае як айчынныя, так і замежныя прэпараты. Фармацэўт Іна Бандарэнка паведаміла, што ў вёсцы пацыенты могуць атрымаць любы прэпарат, прызначаны доктарам: «Калі ў нас няма лякарства, мы хутка звязваемся з Брэстам і заказваем». А наведвальнікі адзначылі, што некаторыя лекі ў іх можна купіць нават танней, чым у горадзе.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ТЫМАНСКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».