Вы тут

Пытанне будаўніцтва дарогі ад вёскі да прыпынку


Жыхарка вёскі Альхоўка Магілёўскага раёна звярнулася ў Савет Рэспублікі па садзейнічанне ў будаўніцтве дарогі ад яе вёскі да чыгуначнага прыпынку «Новая Ніва». Прычым робіць гэта яна не ўпершыню. Зварот ужо быў разгледжаны магілёўскімі рай- і аблвыканкамамі. Мясцовая ўлада тлумачыць грамадзянцы, што ўчастак дарогі, пра які яна вядзе гаворку, стыхійны і не адносіцца да дарог агульнага карыстання. А да чыгуначнага прыпынку трэба ехаць па пад'язной дарозе да садаводчага таварыства «Новая Ніва» і далей па дарогах таварыства. Але жыхарку такі адказ не задаволіў. Яна зноў звярнулася ў Савет Рэспублікі з той жа праблемай. Жанчына папрасіла разгледзець яе скаргу «з улікам інтарэсаў насельніцтва» з выездам на месца і ўдзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, парламента і жыхароў.


І мы едзем. У разглядзе звароту ўдзельнічаюць намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Алег Дзячэнка, старшыня Маладзёжнага парламента Магілёўскага раёна Андрэй Трэй, намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Віталь Старчанка, старшыня Магілёўскага райсавета дэпутатаў Сяргей Ярошчанка, старшыня Семукацкага сельскага Савета Тамара Укружская, інжынер ДРБУ-128 Дзмітрый Бірукоў, прадстаўнік Дасовіцкага лясніцтва Мікалай Навальнеў.

Участак дарогі, пра які згадвае жыхарка, праходзіць праз глухі лес. Працягласць яго каля 220 метраў. Праехаць там на машыне немагчыма. Таму рушым па ўказаным маршруце пешшу. Надвор'е сухое, нават сонечнае, але лясная дарога залітая вадой. Яна стаіць у глыбокіх каляінах, пакінутых ад велікагрузных машын. Ёсць наогул вельмі забалочаныя месцы. Там зроблены драўляныя насцілы, па іх без гумавых ботаў немагчыма было б прайсці. Цяжка ўявіць тут цывільную дарогу, бо падобных стыхійных у лесе колькі заўгодна. Зразумела, калі б гэта быў адзіны шлях, які звязвае вёску з «вялікай зямлёй». Але ёсць іншыя. Спецыялісты кажуць, што за паўкіламетра адсюль ёсць добрая гравійная дарога. А гэта, маўляў, унутранага карыстання, па ёй лес вывозілі.

— Гэта і не дарога, і не вуліца, — кажа намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Віталь Старчанка. — Яе і дарогай назваць можна толькі ўмоўна, бо яе, па сутнасці, няма. Гэта будзе лічыцца ўжо як новае будаўніцтва. Уяўляеце, у якую суму яно абыдзецца? І гэта прытым, што да чыгуначнага прыпынку можна дабрацца ў абход праз садовае таварыства.

Старшыня Семукацкага сельсавета Тамара Укружская ўслых прыкідвае, колькі чалавек рэальна карыстаецца лясной дарогай. Па яе падліках, з пастаянных два — сама заяўніца і яшчэ адна дачніца. Яна лічыць, што жанчына магла б дабірацца да Магілёва і праз Семукачы.

— Які сэнс у гэтай дарозе? — не разумее яна. — Наогул на якой падставе мы будзем будаваць дарогу ў лесе? І з асвятленнем атрымліваецца няўзгодненасць. Мы што, павінны будзем і правады праз лес цягнуць? А ў пажаранебяспечны перыяд леснікі могуць яшчэ і аштрафаваць за незаконнае знаходжанне ў лесе.

— Тут няма дарогі, — цалкам згодны з старшынёй сельсавета інжынер ДРБУ-128 Дзмітрый Бірукоў. — Гэта ведамства наогул ляснічых. Тут ёсць напрамак, і не больш за тое. Гэта тая сцяжынка, па якой мы ідзём, абыходзячы лужыны ды раўкі. Каб пабудаваць тут дарогу, патрэбныя праектна-каштарысная дакументацыя, даследаванні грунту. Да таго ж землі лясфонду адчужаюцца толькі па рашэнні Прэзідэнта.

— Тут наогул небяспечна хадзіць, — лічыць сенатар Алег Дзячэнка. — Раптоўна чалавеку стане дрэнна, упадзе ў каляіну — і хто яго тут знойдзе. Асабліва калі пенсіянеру за 70.

Дарэчы, заяўніца просіць зрабіць лясную дарогу зручнай не толькі для праходу пешшу, але і для праезду спецтранспарту, той жа хуткай дапамогі. У якасці аргумента яна прыкладае фрагмент нейкай карты, дзе праз дадзены ўчастак сапраўды праходзіць дарога. Маўляў, бачыце, дарога была, таму прыводзьце яе ў нармальны стан. На жаль, удакладніць, што гэта за карта, немагчыма. Бо гэта толькі частка з канкрэтным участкам. Спецыялісты мяркуюць, што гэта нейкая турысцкая схема, дзе магчымы вольныя адступленні. Прадстаўнік Дасовіцкага лясніцтва ўважліва вывучае малюнак.

— На справе перад намі адзіная квартальная прасека, а што за дарога на карце, я не магу зразумець, — кажа ён. — На нашых картах усе дарогі пазначаны, а гэтай няма.

Вывучаем іншыя лясныя дарогі. Усе яны належаць садоваму таварыству «Новая Ніва». Відаць, што на іх падтрымліваецца парадак. Тамара Укружская кажа, што сама зацікаўлена, каб насельніцтву жылося лягчэй. У свой час да Альхоўкі не было нават і праезда, але старшыня сельсавета паклапацілася, каб яго зрабілі, бо бачыла, што гэта рэальна важна і неабходна. Што датычыцца лясной дарогі, то тут яна перакананая, што заяўніца ідзе на прынцып і не лічыцца з тым, наколькі гэта затратна і бесперспектыўна.

— Жанчына прынесла на прыём грамадзян фота лясной дарогі з гэтымі жахлівымі каляінамі, — кажа Тамара Укружская. — Вядома, якая была рэакцыя. У нас спыталіся: «Гэта што, у вас людзі так па вёсцы ходзяць?» Ніхто ж не ведае, што яны гэта ў лесе наздымалі.

Старшыня Магілёўскага райсавета Сяргей Ярошчанка падтрымлівае калегу, кажа, што па ініцыятыве Тамары Укружскай на тэрыторыі сельсавета зроблена 28 кіламетраў дарог. Яна сама першая ж дабіваецца, калі бачыць, што іх трэба рабіць.

— Рамантавалі нават такія дарогі, якія раней былі непраязнымі, а часам закінутыя, — кажа ён. — Але яны былі сапраўды патрэбныя. Штомесячна ў кожным нашым сельвыканкаме праводзяцца Дні Саветаў, на іх узнімаюцца розныя пытанні, якія датычацца і дарог, і якасці вады, і калодзежаў, і аўталавак. Што магчыма зрабіць і мэтазгодна, усё вырашаецца. А што датычыцца лясной дарогі, будаваць яе дзеля двух-трох чалавек няма сэнсу. Толькі вялікія выдаткі панясём. Праз некаторы час гэтая дарога наогул будзе незапатрабаваная.

У вёсцы Альхоўка сустракаемся з самой заяўніцай. У размове ўдзельнічаюць таксама яе дачка, якая прыехала з Магілёва, і сусед.

— Дарога нам патрэбная, — кажа жанчына. — Да мяне звяртаюцца дачнікі, і я агучваю і іх просьбы. Калі трэба, усе яны падпішуцца за гэтую дарогу. Жыхары вёсак Коркаць, Пушча, Альхоўка ўвесь час ёю карысталіся. Усе ходзяць сюды. Цяпер людзей мала, але летам дачнікі прыязджаюць разам з дзецьмі.

— Мы ўсё жыццё па гэтай дарозе хадзілі, — падключаецца дачка заяўніцы. — У нас адна дарога на станцыю. Іншых няма. Раней па гэтай дарозе і машыны ездзілі, і трактары.

Жанчыны лічаць, што іх дарога вялікіх укладанняў не патрабуе. Маўляў, там усяго дзве нізінкі, дзе вада стаіць. Трубу паклаў, насып зрабіў — і ўсё. Але ўлады глядзяць на праблему па-іншаму.

— Любое рашэнне павінна быць эканамічна ўзважана, — кажа намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Віталь Старчанка. — Уладкаванне новай дарогі — гэта вялікія выдаткі і тэрміны. Каб дарога служыла, трэба будзе ўкласці вялікія сродкі. Ці апраўдаецца тое? Крыніц фінансавання такога аб'екта ў раёне на дадзены момант няма. У Магілёўскім раёне пражывае вялікая колькасць насельніцтва. Зваротаў бывае шмат. Людзей цікавяць розныя пытанні, мы выязджаем, глядзім, калі зварот абгрунтаваны, вырашаем праблему. А гэты зварот патрабуе вялікіх фінансавых сродкаў. Пры гэтым яго мэтазгоднасць пад сумненнем.

— Калі ў кагосьці ёсць жаданне ісці па сцяжынцы праз лес, ніхто не супраць, — рэзюмуе сенатар. — Але чалавек патрабуе дарогу там, дзе знаходзіцца квартальная прасека. Трэба глядзець на рэчы рэальна. Хто будзе карыстацца гэтай дарогай? У Альхоўцы зарэгістраваны 3 чалавекі, у Коркаці — 13, у Новай Ніве — 12, у Пушчы — 9 чалавек. Але яшчэ не факт, што яны ходзяць менавіта гэтай дарогай. Па-першае, вялікія адлегласці, ад той жа Коркаці да Альхоўкі пяць кіламетраў, па-другое, ёсць альтэрнатыўныя шляхі вырашэння пытання. Па запытах жыхароў у Коркаць, напрыклад, ходзіць маршрутка.

Між тым, заяўніца настойвае на сваім.

— На Астраўшчыну зрабілі дарогу, а там зімой людзі нават і не жывуць, — кажа яна. — Але яны сталі дабівацца, пісалі ў Мінск, і ім зрабілі. Мы таксама дабіваемся ўжо з 2010 года. Але нічога не робіцца. Значыць, калектыўны зварот напішам і кожны падпішацца.

Зварот жыхаркі вёскі Альхоўка пакуль у рабоце. У азначаны заканадаўствам тэрмін па ім будзе дадзены абгрунтаваны адказ.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Магілёўскі раён

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.