Вы тут

«Мы ўсёй сям'ёй радаваліся за нашага мужа і бацьку»


Кажуць, што чалавек вызначаецца не па словах, а па справах. У гэтым давялося ўпэўніцца пасля размовы з жыхарамі Мастоўскага, Шчучынскага і Ваўкавыскага раёнаў. Менавіта ў гэтых раёнах праводзіць прыёмы грамадзян і прамыя лініі член Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Валянцін Байко. На жаль, з самім сенатарам сустрэцца не давялося — цяпер ён знаходзіцца ў камандзіроўцы па справах прадпрыемства «Контэ Спа», заснавальнікам якога з'яўляецца. Затое давялося пагутарыць з тымі жыхарамі, якія звярталіся да сенатара са сваімі праблемамі. І вось што яны расказалі...


Праблемы пасля рамонту

Здавалася б, павінна быць наадварот. Праблемы якраз рамонт і павінен вырашыць. Але жыхарка аграгарадка Руткевічы Шчучынскага раёна Ганна Клышэвіч сутыкнулася з яго негатыўнымі наступствамі. А праявіліся яны ў выглядзе вільгаці ў спальні.

Па словах жанчыны, па сцяне і столі пайшоў грыбок, шпалеры, вядома, паадпадалі. Такое суседства мала каму спадабаецца, а для яе, інваліда ІІ групы, хворай на анкалогію, гэта стала яшчэ і асабліва небяспечным для здароўя.

Грамадзянка расказала, што жыве тут больш за 50 гадоў. Праўда, раней з такой праблемай не сутыкалася. А пасля рамонту яшчэ і ў пад'езде пачало цячы.

Ганна Людвігаўна, не знайшоўшы паразумення з мясцовымі службамі, звярнулася на прамую лінію да сенатара. У хуткім часе яе наведала жыллёвая камісія. Было ўстаноўлена, што праблема ўзнікла з-за нядобрасумленнага рамонту старога двухпавярховага дома — пасля рамонтных работ стаў працякаць дах, што і прывяло да з'яўлення вільгаці ў кватэры.

Як правіла, такая праблема можа цягнуцца даволі доўга. Яе рашэнне ўзяў на кантроль сенатар Валянцін Байко. У выніку праведзены адпаведныя работы па выдаленні вільгаці ў пакоі. Паверхня апрацавана спецыяльным растворам, адноўлена столь. Пераклеілі шпалеры. Разабраліся і з пад'ездам. Ганна Людвігаўна не хавае сваёй удзячнасці не толькі сенатару, але і выканаўцам. На яе думку, вельмі аператыўна спрацавала кіраўніцтва Шчучынскай ЖКГ. Была выдзелена брыгада для ліквідацыі наступстваў вільгаці. Дзякуе жанчына за падтрымку і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганне Хвядзюк, якая пастаянна тэлефануе і цікавіцца станам спраў. «Сітуацыю трымаюць на кантролі, — заўважае суразмоўніца, — кажуць, каб абавязкова паведаміла, калі будуць праблемы, але пакуль вільгаці няма».

Пуцёўка ў «Аксакаўшчыну» і каляска з аўтапрыводам

Так здарылася, што ў выніку аварыі Віктар Філіпчык з Мастоў аказаўся ў інваліднай калясцы. Вось ужо амаль 26 гадоў яна з'яўляецца яго галоўным транспартным сродкам. Але каляскі часта выходзілі са строю.

—- Мой муж крыху паўнаваты, каляскі ламаюцца, два тыдні — і трэба рамантаваць. А Віктар любіць паездзіць, пагаварыць, ён наогул вельмі кантактны у мяне, не можа дома сядзець, — расказвае жонка Алена Лявонцеўна. — Вось і да ўладаў пастаянна звяртаецца, каб з'езды з тратуараў былі зручныя для каляскі. Яму ідуць насустрач.

Трэба сказаць, што ў гэтай сям'і незвычайны лёс. Ім выпала нямала сур'ёзных выпрабаванняў... Але Філіпчыкі прымалі ўдары лёсу вельмі дружна і стойка.

Пасля аварыі Віктар Віктаравіч доўгі час знаходзіўся ў коме. Ніхто не верыў, што ён будзе жыць, не кажучы пра тое, што ўстане на ногі. Акрамя жонкі.

— Адзін працэнт толькі давалі, і я схапілася за гэты працэнт, — кажа жанчына. — Я яго даглядала, рэфлексы распрацоўвала. Я вельмі верыла, што ён ачуняе. Але гэта здарылася толькі праз чатыры месяцы. Дзеці-школьнікі — вучылі яго чытаць, пісаць, хадзіць. Разам рабілі масажы. Выцягнулі яго. Сама два інсульты перанесла пасля таго. Але мне вельмі дапамагалі мае сёстры. Муж таксама імкнецца дапамагаць, хоць і цяжка яму. Асабліва нервуецца, калі ламаецца інвалідная каляска.

У сям'і падумалі і вырашылі звярнуцца да Валянціна Байко. Віктар Віктаравіч патэлефанаваў сенатару падчас прамой лініі з просьбай дапамагчы набыць трывалую і зручную каляску. Сенатар не толькі ажыццявіў гэту мару, але і сам прыехаў, каб уручыць свой падарунак заяўніку.

— Мы ўсёй сям'ёй радаваліся за нашага бацьку і мужа, — расказвае Алена Філіпчык. — Каляска яму вельмі дапамагла. Раней часта прыходзілася нешта рамантаваць, муж прасіў хлопцаў зрабіць зварку дэталяў. Новая каляска трывалая, з электрапрыводам. Нам самім складана такую набыць, бо каштуе нятанна — больш за тры тысячы рублёў. Вельмі ўдзячны Валянціну Валянцінавічу.

Удзячныя словы адрасуе сенатару і жыхар вёскі Вялікая Рагозніца Мастоўскага раёна Канстанцін Дзямідзік. Пасля звароту на прамую лінію інваліду І групы аказана дапамога ў рэабілітацыі ў Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі «Аксакаўшчына».

— Я сёлета ездзіў лячыцца ў «Аксакаўшчыну». Такая рэабілітацыя дапамагае мне заставацца на нагах. Мой урач, якая мяне і раней лячыла, сказала, што ёсць станоўчая дынаміка. Мне хочацца вярнуцца да работы.

Канстанціну Браніслававічу 55 гадоў, больш за 20 з іх ён працаваў механізатарам у мясцовай гаспадарцы. Яшчэ з 12 гадоў дапамагаў на жніве, быў памочнікам камбайнера. А ў той час абавязкаў было значна больш, бо тэхніка была не такая дасканалая, як цяпер. Інваліднасць атрымаў пасля двух інсультаў. Кажа, што лячэнне і рэабілітацыя значна паляпшаюць стан здароўя. Асабліва яму спадабалася ў Рэспубліканскай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі, куды яму была аплачана пуцёўка коштам 4200 рублёў.

Памочнік сенатара Алена Івановіч паведаміла, што Валянцін Байко шмат дапамагае сваім выбаршчыкам у медыцынскім кірунку. Так, Івану Казлоўскаму з Мастоў пасадзейнічаў ва ўстанаўленні групы інваліднасці. З дапамогай сенатара закуплены тры дарагія апараты для вентыляцыі лёгкіх у медыцынскія ўстановы.

Будуць з цяплом

Летась у Таццяны Гайко з вёскі Раднікі Ваўкавыскага раёна паўстала паліўная праблема. Яшчэ задоўга да халадоў яна стала ў чаргу на брыкет на мясцовым паліўным прадпрыемстве. Чакаць давялося некалькі месяцаў. Ужо і халады падышлі, а брыкет усё не вязуць. Калі Таццяна Яўгенаўна звярнулася на прадпрыемства, там растлумачылі, што Ваўкавыскаму філіялу не выдзяляецца паліва ў поўным аб'ёме. Аб гэтым яна паведаміла сенатару падчас прамой лініі, якая праходзіла ў снежні мінулага года. Рэакцыя на званок аказалася проста маланкавай.

— Не паспела патэлефанаваць, а мне ўжо вязуць брыкет. Вось што значыць дайсці да сенатара. Так што працуюць добра. Званкі прымаюць і выконваюць пажаданні. Калі хто скардзіцца, іх стараюцца задаволіць. Я больш не скардзілася, у мяне ўсё ёсць.

Сёлета жанчыне нават заказваць брыкет не прыйшлося. Тры з паловай тоны паліва прывезлі задоўга да халадоў. Задаволілі патрэбу ў ім і іншых вяскоўцаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота дадзена памочнікам сенатара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.