Вы тут

Першы міжнародны калоквіум памяці Мітрапаліта Філарэта праходзіць у Мінску


Першы міжнародны біблейскі калоквіум памяці Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) праходзіць у Мінску, паведамляецца на сайце Беларускай праваслаўнай царквы.


У пленарным пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, канфесій рэспублікі, біблеісты, выкладчыкі духоўных школ і багаслоўскіх навучальных устаноў, навукоўцы, выкладчыкі, аспіранты і магістранты дзяржаўных устаноў адукацыі, духавенства.

З павучальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён падкрэсліў, што вывучэнне Святога Пісання — важны складнік жыцця чалавека, якому, на жаль, сёння надаецца ўсё менш увагі. Сучасніку не хапае слова Божага, якое дапамагае ў яго добрых пачынаннях. «Асяродкам служэння ўладыкі Філарэта было служэнне слову Божаму. Яно з’яўляецца асновай чалавека і дапамагае яму ісці па жыцці. Сёння вельмі важна прыцягнуць увагу сучасніка да духоўнага слова. Бо слова, якое ідзе ад Бога, нясе святло, мір, спакой, упэўненасць у заўтрашнім дні», — адзначыў Патрыяршы Экзарх.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Таццяна Шэндзік у сваім прывітальным слове адзначыла, што сістэма правільных маральных нормаў мае жыццесцвярджальнае значэнне для сучаснага грамадства: «Падзеі, якія сёння адбываюцца на сусветнай арэне, цяжка паддаюцца логіцы. Нягледзячы ні на што важна захоўваць веру ў справядлівасць, дабро, стварэнне. Дзякуючы ўзаемадзеянню дзяржавы і Беларускай праваслаўнай царквы, ля вытокаў якога стаяў Мітрапаліт Філарэт, фарміруюцца сучасныя маральныя асновы грамадства».

Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў калоквіума, намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Алена Радчанка канстатавала, што аўтарытэтнае слова Царквы заўсёды знаходзіла водгук у людзей. І сёння першы міжнародны біблейскі калоквіум памяці Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) дазволіць яшчэ раз падкрэсліць важнасць святых тэкстаў і біблеістыкі ў жыцці чалавека.

У сваю чаргу Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч акцэнтаваў увагу на тым, што першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, як чалавек мудры і адкрыты, шмат у чым падаваў прыклад. Ён паказваў дарогу да супрацоўніцтва праз абмен духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі. Арцыбіскуп Антэ Ёзіч выказаў надзею, што ў цяжкі гістарычны перыяд прыклад Уладыкі Філарэта дапаможа будаваць братэрскія адносіны.

У завяршэнне пленарнага пасяджэння і першага дня канферэнцыі адбылася прэзентацыя сучасных біблейскіх навуковых выданняў.

Арганізатарам першага міжнароднага біблейскага калоквіума памяці Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) выступіў Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла. Удзельнікі з Беларусі, Расіі і Германіі разгледзяць надзённыя праблемы сучаснай біблеістыкі, пытанні перакладу і значэння Святога Пісання, абмяняюцца навуковымі даследаваннямі, абмяркуюць пытанні біблейскай гісторыі і археалогіі, біблейскую антрапалогію і іншыя. Праца біблейскага калоквіума працягнецца 26 кастрычніка.

Даты канферэнцыі прымеркаваны да дня біскупскага пасвячэння Мітрапаліта Філарэта, якое адбылося 24 кастрычніка 1965 года. Мітрапаліт Філарэт, першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, стаяў ля вытокаў стварэння біблейскай акадэмічнай школы ў Беларусі, з’яўляўся доктарам багаслоўя і прафесарам у Мінскіх духоўных школах і Інстытуце тэалогіі БДУ з 1989 па 2003 год, а таксама з 1993 па 2011 год узначальваў Сінадальную багаслоўскую камісію Рускай праваслаўнай царквы.

Мэтай калоквіума з’яўляецца ўвекавечанне памяці першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, а таксама абмен навуковымі даследаваннямі ў галіне тлумачэння Святога Пісання, разгляд надзённых праблем сучаснай біблеістыкі, пытанняў перакладу і значэння Святога Пісання ў духоўным жыцці чалавека.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.