Вы тут

Прадуктовыя карткі і дэмаграфічная «яма». Куды рушыць Літва?


Абсалютная большасць жыхароў Літвы (9 з 10) лічаць, што сітуацыя ў краіне пагаршаецца. Аб гэтым сведчаць вынікі апытання кампаніі Baltіjos tyrіmaі, паведаміла delfі.lt. Па словах кіраўніка кампаніі Расы Алішаўскенэ, жыхары спадзяюцца, што палітыкі возьмуць на сябе адказнасць за пагаршэнне сітуацыі. «Зараз, напэўна, упершыню за 30 гадоў у нас не адзін крызіс, а адразу тры: у сектары аховы здароўя, у энергетыцы і цэнах, плюс няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Маса фактаў, якія не даюць усміхацца», — адзначыла Алішаўскенэ. Паводле яе слоў, настрой жыхароў напрамую залежыць ад палітычнай сітуацыі ў краіне. Людзі занепакоеныя ў сувязі з базавымі патрэбамі: бяспекай, жыллём, цэнамі на прадукты. Як адзначыла Алішаўскенэ, эканамічнае развіццё і яго выклікі значна ўплываюць на грамадства. Афіцыйны Вільнюс далёкі ад патрэб простых літоўцаў, улады займаюцца выключна палітычнымі гульнямі, нягледзячы на тое, што крызіс у прыбалтыйскай рэспубліцы ўсё больш пашыраецца. Куды ж рушыць Літва?


«Усё выключыла, застаўся толькі халадзільнік»

Дэпутат Сейма Літвы, сацыял-дэмакрат Эўгеніюс Сабуціс заявіў, што інфляцыя ў рэспубліцы з'яўляецца самай высокай за апошнія 26 гадоў. Паводле яго слоў, па-ранейшаму не вырашаецца «найвялікшая цяперашняя праблема» — рэкордныя цэны на прадукты харчавання», паведаміў obzor.lt. «Яны [цэны] з'яўляюцца самымі высокімі ў еўразоне. Гэта нармальна? Абсалютна не. Адзінкавыя заявы тых, хто мае ўладу, што павелічэнне даходаў з наступнага года дапаможа змякчыць рост цэн, выглядаюць неадэкватнымі і зусім не адлюстроўваюць рэальнага становішча насельніцтва», — заявіў Сабуціс.

Паводле яго слоў, прапанаваны ўрадам рост даходаў ніжэйшы за бягучы ўзровень інфляцыі, які перавышае 24 працэнты. Дэпутат таксама падкрэсліў, што зарплаты і сацыяльныя выплаты «адстаюць і будуць адставаць ад вялізных тэмпаў інфляцыі», а найбольш уразлівыя пласты грамадства апынуцца ў яшчэ больш цяжкім становішчы. «Ці могуць быць дадатковыя і больш эфектыўныя меры, якія ўрад павінен прыняць у такой экстрэмальнай сітуацыі росту цэн на прадукты харчавання? Адказ адназначны — так», — упэўнены сацдэм.

Эўгеніюс Сабуціс нагадаў, што энергетычны сектар у краіне не развіваецца больш за 10 гадоў, а сітуацыя з цэнамі на электраэнергію выйшла з-пад кантролю, таму няма ніякіх прыкмет паляпшэння ў літоўскім энергетычным сектары. Рэзкае павелічэнне тарыфаў прывяло да росту кошту жыцця грамадзян краіны. Зараз Літва плаціць у 100 разоў больш за электрычнасць, чым Швецыя.

Эксперты неаднаразова адзначалі, што Літва займае «ганаровыя» першыя месцы па ўзроўні інфляцыі. Так, галоўны саветнік прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы па пытаннях сацыяльна-эканамічнай палітыкі Ірэна Сегаловічэнэ адзначыла, што рост цэн на прадукты ў прыбалтыйскай рэспубліцы самы вялікі ў еўразоне, яны падаражэлі амаль на трэць. Пры гэтым жыхарам даводзіцца аплачваць яшчэ і вялізныя рахункі за электраэнергію. У сувязі з гэтым ураду краіны трэба падумаць над «неардынарнымі рашэннямі», лічыць Сегаловічэнэ. У верасні гадавая інфляцыя ў Літве перавысіла 24 працэнты. Старшыня праўлення Банка Літвы Гедымінас Шымкус папярэджваў, што эканоміка рэспублікі будзе расці павольней, а інфляцыя пратрымаецца даўжэй з-за негатыўных фактараў, звязаных у тым ліку і з энергетычным шокам.

Зараз у літоўскіх улад адна парада грамадзянам: эканомце, на чым магчыма. «Але калі вы пенсіянер, які ўжо эканоміць на электрычнасці, магчымасць далейшай эканомікі вельмі абмежаваная», — мяркуе палітолаг, кіраўнік Інстытута энергетычных даследаванняў Томас Янелюнас. Кошт электраэнергіі ўзмацняе апасенні адносна таго, што жыхарам Літвы давядзецца выбіраць паміж аплатай сваіх рахункаў і пакупкай прадуктаў. Некалькі мільёнаў грамадзян жывуць у энергетычнай беднасці і не змогуць дастаткова абагрэць свае дамы будучай зімой.

Рэкордныя цэны на электраэнергію прымусілі жыхароў і бізнес перагледзець свае звычкі спажывання электрычнасці. У верасні было зафіксавана рэкордна нізкае спажыванне электраэнергіі за апошнія чатыры гады, паведаміў партал Delfі. Некаторыя жыхары пайшлі на дастаткова радыкальныя меры эканоміі, напрыклад, адна пажылая жанчына расказала, што прынцыпова не ўключае ніякія электрапрыборы і жыве ў паўзмроку. «Выключыла мікрахвалеўку, чайнік — усё выключыла, застаўся толькі халадзільнік. І святло не ўключаю. Усім нам цяжка, не толькі мне», — сумна распавяла пажылая жанчына. Як адзначыў генеральны дырэктар Lіtgrіd Рокас Масюліс, калі вытворчасць ветравой энергіі знізіцца, цана на электраэнергію ўзрасце, ваганні непазбежныя.

«Ваўкі» ў прыярытэце

Перспектывы зусім не аптымістычныя: гінуць цэлыя галіны эканомікі. Дзяржаўнае прадпрыемства «Літоўскія чыгункі» (Lіetuvos gelezіnkelіaі, LTG) адзначыла, што сёлета за дзевяць месяцаў з-за санкцый, уведзеных Еўрасаюзам супраць Расіі і Беларусі, страціла амаль 40 працэнтаў агульнага аб'ёму грузавых перавозак. Пра гэта заявіла прадстаўнік ведамства Катрына Дзікарайтэ, паведаміў RuBaltіc.ru. Паводле яе слоў, страты ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склалі 23,6 млн тон ад усяго грузаабароту.

Найбольшае скарачэнне перавозак LTG адзначана па ўгнаеннях, якіх са студзеня да верасня перавезена 3,4 млн тон, тады як годам раней за такі ж перыяд па чыгунцы Літвы іх прайшло 13,2 млн тон. З 3,2 млн тон да 1,6 млн тон зменшыліся перавозкі каменнага вугалю, з 6 млн тон да 3,8 млн тон — перавозкі грузаў з катэгорыі «іншыя тавары». Усё гэта — вынік дзеянняў літоўскіх улад. Як вядома, раней кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс прапанаваў і зусім адмовіцца ад чыгуначнага злучэння з Расіяй. Нагадаем таксама, што, паводле слоў спецыялістаў, частка грузаў, страчаных Літвой, пайшла ў парты Латвіі і Эстоніі.

Затое поўным ходам ідзе мілітарызацыя прыбалтыйскай рэспублікі — грошай не шкадуюць. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў павысіць фінансаванне сістэмы Мінабароны ў наступным годзе да 3 працэнтаў аб'ёму валавога ўнутранага прадукту, паведаміў RuBaltіc.ru. «Лічу, што неабходна забяспечыць пэўную гнуткасць бюджэту. Пакінуць, напрыклад, 2,5 працэнта ад ВУП, але прадугледзець магчымасць узяць у крэдыт да асігнаванняў у тры працэнты ВУП», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Наўседа прывёў у прыклад Эстонію, якая нарошчвае ваенныя выдаткі да 2,9 працэнта ВУП. «Я ўжо не кажу пра Польшчу, дзе фінансаванне абаронных расходаў перавышае 4 працэнты», — адзначыў прэзідэнт. Урад Літвы ў праекце дзяржаўнага бюджэту на 2023 год прапанаваў выдзеліць на ваенныя расходы больш за 1,77 млрд еўра. Раней міністр абароны прыбалтыйскай рэспублікі Арвідас Анушаўскас заяўляў, што налета ваенны бюджэт Літвы ўдвая перавысіць адпаведныя выдаткі, панесеныя сёлета.

Ну і, вядома, НАТА пра Літву не забывае. Так, цяпер тут праходзяць ваенныя вучэнні «Жалезны воўк». Пра гэта паведаміла РІА «Навіны» са спасылкай на камандаванне літоўскага войска. Адзначаецца, што ў вучэннях бяруць удзел 3,5 тысячы вайскоўцаў і 700 адзінак баявой тэхнікі краін Паўночнаатлантычнага альянсу. У прыватнасці, у манеўрах бяруць удзел ваенныя Бельгіі, Чэхіі, Германіі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Люксембурга, Вялікабрытаніі, ЗША і Аўстраліі.

Рэкордная эміграцыя

Менш чым за год паток эмігрантаў з Літвы павялічыўся амаль удвая. Калі эміграцыя будзе працягвацца такімі тэмпамі, жыхароў у Літве не застанецца, заўважыў Delfі. У аэрапортах Літвы эмігранты, як і гады таму, распавядаюць журналістам, што едуць у іншыя краіны на заробкі. «Ездзіла зарабляць на машыну, бо ў Літве я здала на правы. Вось, праз 13 гадоў купіла яе», — сказала Сігіта, якая з'ехала ў Англію. Алег выбраў Шатландыю яшчэ ў 2010 годзе. «З'ехаў дзеля кар'еры, знайшоў добрую працу», — распавёў ён. Аляксандр, які жыве ў Англіі, распавёў, што пакінуць сваю краіну яму ў свой час прапанавалі сябры. «Я паехаў і застаўся», — коратка адзначыў ён.

Паводле даных Дэпартамента статыстыкі Літвы, сёлета са студзеня да жніўня з краіны з'ехалі 30 тысяч чалавек. «Гэтыя тэндэнцыі выклікаюць неспакой, паколькі баланс эміграцыі пачаў пагаршацца з мінулага года», — тлумачыць эканаміст Жыгімантас Маўрыцас. «Падаражанне жыцця ў Літве можа прымусіць многіх з'ехаць на заробкі», — лічыць дацэнт Віленскага ўніверсітэта, сацыёлаг Ірма Будгінайтэ-Мачкенэ.            Жыгімантас Маўрыцас пацвярджае, што эміграцыі спрыяе рост цэн. «У Вялікабрытаніі танней, чым тут. Простыя рэчы, напрыклад, пачак чыпсаў, у Англіі на 30 працэнтаў таннейшы, чым у Літве. Бензін: я была ў шоку, паверыць не магла, што ў Літве ён каштуе столькі ж, колькі ў Вялікабрытаніі», — распавяла Delfі Сігіта. Алег пацвярджае: «Цэны на многія тавары ў Англіі ніжэйшыя, чым у Літве. Гэта факт. У фермераў бульбу можна купіць нашмат танней».

Жыгімантас Маўрыцас адзначае: цяпер у Літве самы высокі паказчык эміграцыі за мінулыя тры гады. Спецыяліст лічыць, што гэта толькі пачатак. «Не трэба думаць, што хваля спадзе. Я думаю, у нас будзе рэкордны паказчык эміграцыі ў Еўрасаюзе», — прагназуе эксперт.

Як вядома, нядаўна спецыялісты паведамілі, што Літва трапіла ў найглыбейшую за 20 з лішнім гадоў дэмаграфічную «яму». Па разліках еўрапейскіх экспертаў, да 2040 года ў дзяржаве будзе пражываць менш чым два мільёны чалавек.

Тым часам апазіцыя ў літоўскім парламенце мае намер паставіць пытанне аб вынясенні вотуму недаверу ўраду на чале з прэм'ер-міністрам Інгрыдай Шыманітэ. Як паведаміла ТАСС, пра гэта расказаў кіраўнік апазіцыйнай Партыі працы Андрус Мазуроніс. Паводле яго слоў, трэба праверыць на давер увесь кабінет міністраў, а не выказваць вотум недаверу асобным міністрам ва ўрадзе. Раней ужо неаднойчы з боку апазіцыі гучала крытыка палітыкі кіруючай кааліцыі, а таксама крытыка асобных міністраў. Гучалі прапановы выказаць вотум недаверу шасці міністрам, сярод якіх кіраўнікі МЗС, Мінэнерга, Мінэканомікі.

Палітычныя эліты ў краінах Прыбалтыкі імпартаваныя з ЗША і Вялікабрытаніі і таму не клапоцяцца аб сваім народзе. Такую думку на YouTube-канале БелТА выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных. «Яны працуюць на свайго гаспадара, выконваюць задачы», — адзначыў парламентарый. Гэтыя краіны ў бядотнай сітуацыі. «Праблема ў тым, што эліта, якая зараз кіруе гэтымі краінамі, не звязвае сваю будучыню з жыццём ні ў Літве, ні ў Латвіі, ні ў Эстоніі. Іх дзеці вучацца ў ЗША, і яны там будуць працягваць жыць, — заўважыў Андрэй Савіных. — Яны проста паедуць, калі аперацыя ліквідацыі еўрапейскай дзяржаўнасці будзе скончана».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.