Вы тут

Энергія раслін — вампіры і донары


А ці ведаеце вы, што расліны не толькі ўпрыгожваюць участак? Яны могуць здымаць стомленасць і напружанне, надаваць сіл свайму ўладальніку і паляпшаць самаадчуванне. Прычым гаворка не пра лекавыя расліны, а пра дэкаратыўныя, многія з якіх, напэўна ж, знойдуцца ў кветніку ў кожнага.


Мала хто ведае, што кожная расліна мае сваю энергетыку. Здольнасць усяго жывога выпраменьваць энергію ва ўльтрафіялетавай зоне спектра была пацверджана шматгадовымі эксперыментамі і даследаваннямі навукоўцаў.

Таму, каб скласці «энергетычны» кветнік, трэба ведаць, што ўсе расліны дзеляцца на тры групы: расліны-донары, расліны-вампіры і гарманічныя (нейтральныя) расліны, якія аб'ядноўваюць у сабе ўласцівасці першых дзвюх груп.

Расліны-донары

Пачнём з раслін-донараў. Яны маюць вострыя доўгія лісцікі, накіраваныя звычайна ўверх, кветкі ў іх сабраныя ў суквецці і размяшчаюцца на доўгіх кветканосах. Возьмем, напрыклад, лілеі. Гэта расліна, якая дае энергію.

Якія яшчэ расліны валодаюць такімі ўласцівасцямі? Астыльба. Таксама накіравана ўверх, мае вострыя разныя лісцікі, кветкі-мяцёлкі ў цэлым вострай формы. Дэльфініум, лубін, флёкс — вонкавы выгляд кажа пра тое, што яны таксама належаць да гэтай групы.

Гэта расліны, якія аддаюць. І аддаюць яны ні што іншае, як энергію. Калі вам патрэбная крыніца энергіі, пасяліце ў вашым садзе донараў.

Расліны-вампіры

Ці патрэбныя яны нам? Насамрэч яны вельмі карысныя. Так, расліны-вампіры сапраўды адымаюць у нас энергію. Нягледзячы на жахлівую назву, яны вельмі карысныя, бо забіраюць толькі адмоўную энергію.

Вампіраў адрозніваюць круглыя або авальныя шырокія лісты, яны разгалістыя, часта не вельмі высокія, лістота пераважае над кветкамі. Як знайсці іх у сваім садзе? Ды вельмі проста: зазірніце ў ценявыя куткі саду. Там вы знойдзеце хосты, манжэтку, капыцень. Ведаючы пра такія асаблівасці ценевынослівых раслін, няцяжка зразумець, чаму так камфортна адпачываць у цяньку.

Буферныя расліны

З донарамі разабраліся, з вампірамі таксама ўсё зразумела, застаюцца нейтральныя расліны. Гэта гарманічныя расліны, у якіх ураўнаважаныя ўласцівасці першых дзвюх груп. Да такой групы можна аднесці наступныя расліны: папараць, фіталака, бадан.

Але такія расліны маюць слабыя энергетычныя ўласцівасці. Чым жа тады яны добрыя? Іх можна саджаць для гарманізацыі першых дзвюх груп, а таксама для нейтралізацыі кожнай з іх у выпадку, калі ў вас энергетычны манакветнік.

Чым дапамогуць кусты?

Але ці толькі кветкі могуць валодаць падобнымі ўласцівасцямі? Зусім не. Кусты таксама здольныя падсілкаваць нас энергіяй або зняць негатыў.

Здольнасцю здымаць стомленасць, стрэсы і негатыўную энергію вызначаюцца шматлікія кусты: маліна, айва, агрэст, ружа, а таксама вінаград ядомы і дэкаратыўны дзявочы.

Як выкарыстоўваць гэтыя расліны?

На кожным участку ёсць агароджа. Трэба паблізу высадзіць гэтыя кусты ці павойныя расліны. Кусты маліны або агрэсту будуць выступаць шчытом ад негатыўнай энергіі.

Аднак лепш за ўсё падтрымлівае і аднаўляе біяполе ружа, здольная пазбавіць ад стомленасці і раздражняльнасці. Яе ўздзеянне эфектыўнае, калі побач з ёю растуць меліса, базілік, мята ці эстрагон. А кусты парэчкі ці ляшчыны з завостранымі разнымі лісточкамі стануць донарамі гаючай энергіі ў вашым садзе, падвысяць энергетычны тонус.

Энергія дрэў

А што ж дрэвы? Як і любыя іншыя расліны, дрэвы могуць быць донарамі і вампірамі. Гэта, напрыклад, асіна, каштан, вярба, таполя.

Вярба заўсёды лічылася надзейным сродкам супраць сурокаў і псоты.

Каштан — энергетычна вельмі моцнае дрэва. Асіна вядомая як даволі моцнае дрэва-вампір. Сярод дрэў-донараў варта асабліва вылучыць бярозу, стасункі з якой вельмі карысныя людзям. Таксама донарамі з'яўляюцца вішня, яблыня, груша, рабіна.

Так што, разумна выкарыстоўваючы вампіраў і донараў у сваім садзе, вы зможаце эфектыўна выконваць свае задачы. Што вам трэба цяпер: адпачыць і расслабіцца, забыцца пра штодзённую мітусню? Ці, наадварот, вы ўжо гатовыя набрацца новых сіл, у вас ёсць нейкая задача, мэта, якую трэба дасягнуць? Адпаведна і выбірайце, што пасадзіць у сваім кветніку — тады сад стане не проста ўпрыгажэннем участка, а адмысловым месцам, дзе можна адпачыць і падзарадзіцца.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?