Вы тут

Праект новай Канцэпцыі школьнай гістарычнай адукацыі абмеркавалі ў НАН


На базе Акадэміі навук прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.


Фота: edu.gov.by

Савет па гістарычнай палітыцы функцыянуе практычна з пачатку года. У яго складзе сфарміравана некалькі камісій па напрамках дзейнасці. На апошнім Савеце разглядаліся пытанні школьнай гістарычнай адукацыі. У прыватнасці, на пасяджэнне быў вынесены праект новай Канцэпцыі школьнай гістарычнай адукацыі, распрацаваны спецыялістамі Нацыянальнага інстытута адукацыі, Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Як адзначыў Андрэй Іванец, актуальнасць распрацоўкі канцэпцыі абумоўлена наяўнасцю патэнцыяльных і рэальна існуючых пагроз нацыянальнай бяспецы Беларусі. Сярод іх — замахі на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і канстытуцыйны лад беларускай дзяржавы, падмена або скажэнне традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў беларускага народа, а таксама распаўсюджванне дэструктыўнага інфармацыйнага ўздзеяння на асобу, грамадства і спробы дэфармацыі гістарычнай памяці, мэтанакіраванае скажэнне гісторыі.

Пры гэтым міністр адукацыі звярнуў увагу на той факт, што Канцэпцыя школьнай гістарычнай адукацыі датычыцца не толькі школьных прадметаў — гісторыі Беларусі або інтэграванага курса гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, яна закранае таксама пытанні міжпрадметных сувязяў. У ёй закладзены ўзаемасувязі з беларускай літаратурай, грамадазнаўствам, геаграфіяй, шэрагам іншых дысцыплін. Яшчэ адзін найважнейшы аспект у плане навізны канцэпцыі — пытанне пазаўрочнай дзейнасці. У кожнай школе сёлета павінна быць створана музейная экспазіцыя.

Дарэчы, Міністэрствам адукацыі ўжо распрацавана палажэнне аб рэспубліканскім конкурсе школьных экскурсаводаў, каб школьнікаў можна было прыцягваць да вывучэння гісторыі не толькі ў рамках урокаў, але і пазаўрочнай дзейнасці. Можна задзейнічаць мноства форм работы — экскурсіі, краязнаўчую дзейнасць, лекторыі, выязныя мерапрыемствы на месцы баявой славы і іншыя аб’екты, якія маюць важнае гістарычнае значэнне...

Канцэпцыя прадугледжвае канцэнтрычны прынцып пабудовы зместу школьнай гістарычнай адукацыі і вывучэнне курса «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» ў 10-11 класах. Увядзенне новага курса плануецца з 2025/2026 навучальнага года, новы навучальны дапаможнік па курсе пройдзе папярэднюю апрабацыю ў асобных установах адукацыі.

Па словах міністра, з 1 верасня пытанні гістарычнай адукацыі на ўсіх узроўнях былі істотна ўдасканалены. Гэта звязана і з правядзеннем Генпракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, і з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Канстытуцыі. Таксама з 1 верасня ў ВНУ распачалося выкладанне новай дысцыпліны — «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці».

«Мы не стаім на месцы і бачым, што для фарміравання цэласнай карціны ў нашых навучэнцаў адносна падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі, вельмі важна надаць сёння ўвагу пераемнасці. І Канцэпцыя школьнай гістарычнай адукацыі нацэлена менавіта на гэта», — падкрэсліў у гутарцы з журналістамі кіраўнік ведамства.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.