Вы тут

Філалагічную навуку шануючы. Гісторыя жыцця Юльяна Пшыркова


Юльян Сяргеевіч Пшыркоў... Гэтае імя ўвайшло ў гісторыю беларускай літаратуры ў сярэдзіне мінулага стагоддзя і заняло там не проста прыкметнае, а пачэсна знакавае месца. Яшчэ да вайны дэбютаваўшы некалькімі сціплымі крытыка-літаратуразнаўчымі публікацыямі, ён ужо да канца 1950-х гадоў вырас у найбуйнейшага вучонага-філолага, праніклівага і аўтарытэтнага даследчыка айчыннай літаратуры, чые навуковыя працы, апублікаваныя ў выглядзе манаграфій або артыкулаў, заўжды вызначаліся актуальнасцю і навізной, таму нязменна былі запатрабаванымі не толькі ў асяроддзі вузкіх спецыялістаў, але і шырокага кола чытачоў — аматараў прыгожага пісьменства.


Юльян Пшыркоў з жонкай, 1940 г.

Нарадзіўся Юльян Пшыркоў 31 кастрычніка 1912 г. у сяле Кісцяні цяперашняга Рагачоўскага раёна ў сялянскай сям’і. Кісцяні — вялікае сяло, якое маляўніча раскінулася на правым беразе Дняпра. Падчас маленства будучага вучонага ў сяле была толькі пачатковая школа, якую ён і закончыў у 1924 г. Вучобу працягнуў у Свержаньскай сямігодцы, дзе ў той час настаўнічаў Міхась Лынькоў, аднак школу праз год ліквідавалі, таму сямігадовую адукацыю завяршыў у Рагачове (1928).

Скончыўшы ў 1930 г. Рагачоўскія двухгадовыя педагагічныя курсы, працаваў настаўнікам у Звальніцкай, Буднеўскай пачатковых школах Клічаўскага раёна (1930–1932) і Царкоўскай сямігодцы Буда-Кашалёўскага раёна (1932–1934). У 1934 г. паступіў на філалагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога (1939) працаваў выкладчыкам Магілёўскага педінстытута. Вельмі хутка знайшоў агульную мову са студэнтамі, паразуменне з калегамі-выкладчыкамі. Але недзе праз год усё ў яго жыцці крута памянялася: спачатку ў лістападзе 1940 г. быў прызыў у Чырвоную Армію, а потым накрылі пякельныя віхуры Вялікай Айчыннай вайны.

Удзельнічаў у баях пад Ленінградам і Кёнігсбергам, быў тройчы паранены. Прайшоў вайну, як кажуць, ад званка да званка. Выстаяў, выжыў, каб у доўгачаканым 1945-м адчуць усю паўнату шчасця салдата-пераможцы, які выратаваў свет ад карычневай чумы, адстаяў свабоду сваёй Айчыны. У дадатак да ўсяго гэтага адбыліся пазітыўныя перамены і ў асабістым жыцці: дзякуючы хадайніцтву Якуба Коласа яго дэмабілізавалі з войска і запрасілі на працу ў Інстытут літаратуры АН БССР. Чаму суджана было быць — тое і здзейснілася. Прынамсі, Якуб Колас ні разу не пашкадаваў, што працягнуў руку дапамогі здольнаму кісцянёўцу, а той, у сваю чаргу, ніколі не расчараваўся, што звязаў свой лёс з акадэмічнай навукай, абраўшы коласазнаўства сталым прыярытэтам уласнай даследчыцкай працы.

Захапленне творчасцю Якуба Коласа пачалося яшчэ ў школьныя гады. Падчас жа студэнцтва набыло пэўны прафесійны ўзровень. Прынамсі, сваю дыпломную работу, прысвечаную творчасці беларускага песняра, ён у выглядзе некалькіх артыкулаў надрукаваў у розных перыядычных выданнях. Сур’ёзную заяўку на рэпутацыю сталага і дасведчанага знаўцы гэтай тэмы ён прадэманстраваў у сваёй публічнай лекцыі «Народны паэт БССР Якуб Колас», прачытанай у 1949 г. у Мінску (выдадзена асобнай кнігай у тым жа годзе). 

Выданні ж «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951) і «Якуб Колас. Критико-биографический очерк» (1952) гэтую рэпутацыю не толькі пацвердзілі, але і істотна Юльян Сяргеевіч Пшыркоў... Гэтае імя ўвайшло ў гісторыю беларускай літаратуры ў сярэдзіне мінулага стагоддзя і заняло там не проста прыкметнае, а пачэсна знакавае месца. Яшчэ да вайны дэбютаваўшы некалькімі сціплымі крытыка-літаратуразнаўчымі публікацыямі, ён ужо да канца 1950-х гадоў вырас у найбуйнейшага вучонага-філолага, праніклівага і аўтарытэтнага даследчыка айчыннай літаратуры, чые навуковыя працы, апублікаваныя ў выглядзе манаграфій або артыкулаў, заўжды вызначаліся актуальнасцю і навізной, таму нязменна былі запатрабаванымі не толькі ў асяроддзі вузкіх спецыялістаў, але і шырокага кола чытачоў — аматараў прыгожага пісьменства. замацавалі. Літаратурная грамадскасць вельмі прыхільна сустрэла выхад гэтых кніг, бо яны і сапраўды распачыналі новы этап у асэнсаванні творчасці класіка айчыннай літаратуры. Пагаджаўся з такімі ацэнкамі і сам Якуб Колас, які заявіў, што менавіта Ю. Пшыркоў быў першы, хто правільна ўспрыняў паэму «Новая зямля». Зрэшты, у згаданых працах, а таксама ў манаграфіі «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях»» (1956) не толькі атрымалі правільную ацэнку канкрэтныя творы класіка, але і была прадэманстравана ў цэлым удалая спроба выйсці на якасна новы ўзровень асэнсавання многіх кардынальных праблем і з’яў гісторыі беларускай літаратуры. I выявілася гэта перш за ўсё ў паслядоўным адмаўленні догматаў вульгарнага сацыялагізму. Не, даследчык заўжды ўсведамляў непераходную значнасць сацыяльнага складніка ў выяўленчым полі літаратуры, але яшчэ са студэнцкіх часоў займеў перакананне, што творы мастацтва трэба ацэньваць па законах эстэтыкі. Менавіта недаацэнка эстэтычных крытэрыяў перашкаджала беларускаму літаратуразнаўству і крытыцы першага пасляваеннага дзесяцігоддзя ў поўнай меры выконваць сваю культуралагічную місію.

Павагу да іх Ю. Пшыркоў выказваў заўсёды, справядліва мяркуючы, што без яе нельга быць сапраўдным прафесіяналам. А на іх, гэтых сапраўдных, вельмі прыкметна ўзрос попыт у новай сацыяльна-палітычнай атмасферы, якая на пэўны час усталявалася ў краіне пасля гістарычнага ХХ з’езда КПСС. Роля Ю. Пшыркова ў пошуку і выхаванні новых кадраў для айчыннага літаратуразнаўства настолькі вялікая, што пра яе можна было б напісаць асобнае даследаванне. У 1954 г. ён узначаліў сектар дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі Інстытута літаратуры АН БССР і працу па сумяшчальніцтве (яшчэ з 1945 г. працягваў выкладаць літаратуру ў Белдзяржуніверсітэце) не без поспехаў выкарыстоўваў дзеля пошукаў здольнай моладзі. Прыходзіла яна ў Інстытут літаратуры, як правіла, праз аспірантуру, але з самага пачатку для кожнага загадзя вызначаўся канкрэтны напрамак будучых даследаванняў, акрэслівалася так званая навуковая спецыялізацыя.

У сектары дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі такіх напрамкаў і спецыялізацый было безліч, але яго загадчык выбраў некалькі прыярытэтаў: выяўленне новых твораў даўняй беларускай літаратуры, рэабілітацыя незаслужана забытых або забароненых імён, выданне твораў класікаў. Праўда, на практыцы атрымлівалася, што нікому з навукоўцаў не ўдавалася ўседзець на сваёй вузкай дзялянцы-спецыялізацыі, паколькі надта ж мала іх было ў параўнанні з агромністымі аб’ёмамі актуальных праблем, якія не цярпелі адкладу. Вось і Ю. Пшыркоў у знакавых выданнях сярэдзіны 1950-х гадоў «Очерк истории белорусской советской литературы» (Мінск, 1954) і «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры: дапаможнік для студэнтаў ВНУ» (1956) напісаў раздзелы не толькі пра «свайго» Якуба Коласа, але і наступныя: «Літаратура перыяду грамадзянскай вайны», «Літаратура перыяду аднаўлення народнай гаспадаркі і сацыялістычнай рэканструкцыі», «Міхась Лынькоў», «Максім Танк». 

Значнай падзеяй у айчынным літаратуразнаўстве стаў выхад у 1960 г. манаграфіі Ю. Пшыркова «Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гадоў)» У сваіх рэцэнзіях, а іх было апублікавана звыш паўдзясятка, вучоныя розных рангаў і пакаленняў (С. Александровіч, А. Макарэвіч, А. Семяновіч, Я. Усікаў, І. Навуменка, А. Лойка, Л. Царанкоў) дружна прызнавалі яе высокі навуковы ўзровень, хвалілі аўтара за ўмелы падбор фактычнага матэрыялу і яго багацце, за наватарскія трактоўкі многіх праблем метадалагічнага плана, за аб’ектыўнасць ацэнак канкрэтных літаратурных фактаў, фактараў і асоб. За гэтае даследаванне ВАК СССР у 1962 г. прысудзіў Ю. Пшыркову ступень доктара філалагічных навук, а яшчэ праз два гады ён стаў і прафесарам.

Такі ж высокі навуковы ўзровень адзначалі спецыялісты і ў астатніх яго манаграфіях: «А. Е. Богданович» (1966), «Эпас рэвалюцыі: паэмы Я. Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка», трылогія «На ростанях»» (1975), «Летапісец свайго народа: жыццёвы і творчы шлях Я. Коласа» (1982).

Юльян Пшыркоў, 1974 г.

Вышэй ужо згадвалася, што навукова-даследчую працу яшчэ з даваенных часоў Ю. Пшыркоў гарманічна спалучаў з педагагічна-выкладчыцкай. Зразумела, што праблему падрыхтоўкі вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для сістэмы адукацыі ён ведаў вельмі добра, як кажуць, знутры, таму заўсёды ахвотна ўдзельнічаў у праектах, скіраваных на вырашэнне гэтай праблемы. Так, у суаўтарстве з Н. Перкіным ён выдае ў 1959 г. кнігу «Беларуская савецкая літаратура: падручнік для 9–10 класаў сярэдняй школы», якая вытрымала 9 выданняў. Чатыры разы перавыдавалася кніга «Беларуская савецкая літаратура: дапаможнік для 10 класа сярэдняй школы» (1970–1971 гг., суаўтар — Н. Перкін). Вышэйшай жа школе фактычна адрасаваны ўсе публікацыі навукоўца: імі карысталіся дзеля вывучэння курса роднай літаратуры не толькі выкладчыкі ВНУ, але і найлепшыя студэнты.

Шчыры прыхільнік славянскага адзінства, Ю. Пшыркоў добра ведаў літаратуры ўсходніх славян, цікавіўся і іх гісторыяй, і сучасным станам. Пра гэта сведчаць многія яго публікацыі, у тым ліку «А. С. Пушкин и белорусская литература» (Известия АН БССР. 1949. № 3); «Пушкінскія традыцыі ў беларускай літаратуры» (ЛіМ. 1949. 21 мая); «Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура» (Беларусь. 1951. № 3); «Смотр искусства и литературы украинского народа» (Советская Белоруссия. 1951. 20 июня); «Вялікі сын украінскага народа» (Беларусь. 1956. № 8); «Новы часопіс «Радянське літературознавство»» (ЛіМ. 1957. 3 ліпеня) і інш.

Значны ўклад зрабіў Ю. Пшыркоў і ў станаўленне беларускай школы тэксталогіі. Пад яго кіраўніцтвам выйшлі першыя ў айчыннай эдыцыйнай практыцы навукова каментаваныя Зборы твораў Янкі Купалы ў шасці тамах (1952–1954), Якуба Коласа ў дванаццаці тамах (1961–1964), Максіма Багдановіча ў двух тамах (1969), Францішка Багушэвіча ў адным томе (1967). Тэарэтыка-практычныя набыткі гэтых выданняў дапамаглі ў працы па падрыхтоўцы больш поўных Збораў твораў — Янкі Купалы ў сямі тамах (1972–1976), Якуба Коласа ў чатырнаццаці тамах (1972–1978), Кузьмы Чорнага ў васьмі тамах (1972–1975), а таксама многіх іншых. У тым ліку і тых, якія выдаваліся пасля яго смерці.

Памёр Юльян Сяргеевіч Пшыркоў 23 снежня 1980 года. Памёр раптоўна, непрадказальна. Такую смерць звычайна называюць лёгкай. Але што такое лёгкая смерць? Ды яшчэ калі ўлічыць, што чалавек пераступіў мяжу нябыту, абцяжараны многімі і многімі творчымі планамі і задумамі? Думаецца, не ў нябыт ён сышоў, а заняў сваё пачэснае месца ў пантэоне беларускай культуры ў яго літаратуразнаўчым сегменце — побач з Я. Карскім, А. Вазнясенскім, І. Замоціным, М. Піятуховічам і многімі іншымі знакамітымі навукоўцамі нядаўняга мінулага.

Сцяпап ЛАЎШУК, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі

Фота з сайта nlb.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.