Вы тут

Чэмпіён Еўропы па каратэ Алег Кучмасаў пра сям’ю і выхаванне дзяцей


Працягваем расказваць аб важным і цікавым. Гэтым разам сваім поглядам на справу, якой служыць, сям’ю, выхаванне дзяцей, адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі дзеліцца тэхнічны дырэктар Беларускай федэрацыі каратэ, старшы трэнер спартыўнага клуба «Эверэст», уладальнік 2-га дана і чорнага пояса па каратэ, чэмпіён Еўропы Алег Кучмасаў.


Аб карысці правільных звычак

Цяпер на заняткі ў наш клуб усё часцей прыводзяць пяці—шасцігадовых дзяцей. Усе яны, безумоўна, не стануць чэмпіёнамі. Але дабратворнае ўздзеянне каратэ, перакананы, адчуюць усе. Любыя трэніроўкі спрыяльна адбіваюцца на здароўі і знешнасці дзяцей і падлеткаў. Да таго ж нашы заняткі прывучаюць да фізічнай актыўнасці, дысцыпліны, правільнага харчавання, развіваюць валявыя якасці, мэтанакіраванасць, сілу духу. Мы ўвесь час нагадваем: не Богі гаршчкі абпальваюць; няўдачы здараюцца ва ўсіх, і гэта не нагода — кідаць пачатае на паўдарогі і апускаць рукі.

Дзеці вучацца прыгожа перамагаць і годна прайграваць. Падчас спаборніцтваў ім даводзіцца мабілізоўвацца, спраўляцца са сваімі страхамі і няўпэўненасцю. Яны прывыкаюць пераадольваць цяжкасці і дамагацца свайго. Для нашых выхавальнікаў становіцца нормай — адказваць за свае словы, учынкі, паводзіны. Яны ўмеюць пастаяць — за сябе і за тых, хто слабейшы. Мусіць, таму рэдка падвяргаюцца булінгу, і самі не ўдзельнічаюць у цкаванні іншых. Дзеці і падлеткі разумеюць, што трэба лічыцца з таварышамі па камандзе, улічваць агульныя інтарэсы. І ў самастойнае жыццё яны выходзяць фізічна, маральна, духоўна падрыхтаванымі і псіхічна ўстойлівымі.

Нядзіўна, што сярод выпускнікоў «Эверэста» шмат паспяховых людзей. Сам я не раз дзякаваў спорту за прывітыя арганізаванасць, дысцыпліну і здаровыя ўсталёўкі. А яшчэ за сяброў з розных краін, якіх набыў, удзельнічаючы ў спаборніцтвах і спартыўных зборах, за вывучаныя замежныя мовы (англійскую і нямецкую) для свабодных зносін з імі. Дзякуючы каратэ добра разумею, чаго ў жыцці хачу і бачу шляхі дасягнення мэт.

Аб індывідуальным падыходзе

У нашым клубе дзяўчынкі і хлопчыкі трэніруюцца разам. Так яны вучацца ўзаемадзейнічаць, лепш разумець і паважаць адно аднаго. Каратэ — гарманічны від спорту. Ён падкрэслівае мужнасць мужчын і не пазбаўляе жаноцкасці дзяўчат. З трэнерскага пункту гледжання з дзяўчынкамі малодшага школьнага ўзросту лягчэй працаваць: яны больш уважлівыя і дысцыплінаваныя, хутчэй засвойваюць новую інфармацыю. У хлопчыкаў мацней развіты спаборніцкі дух, які падахвочвае іх дабівацца поспехаў. Дасведчаны трэнер заўсёды ўлічвае і гендарную прыналежнасць, і індывідуальнасць выхаванца, разумеючы, каго і калі трэба пахваліць, заахвоціць, а каго — пакрытыкаваць, імкнучыся знайсці для кожнага свой матыватар.

Аб жаночых і мужчынскіх абавязках

Сучасныя жанчыны сталі больш эмансіпаванымі, амбіцыйнымі, імкнуцца прафесійна самарэалізавацца, а не абмяжоўваць сябе адным толькі клопатам пра дом і дзяцей. Нічога дрэннага ў гэтым, па-мойму, няма. Я за партнёрскія адносіны паміж мужам і жонкай, за тое, каб рашэнні прымаліся сумесна. Але вось адказваць за іх наступствы абавязаны ўсё ж такі мужчына. І забяспечваць сям’ю, я перакананы, найперш павінны па-ранейшаму мы, моцная палова чалавецтва. Лічу цалкам нармальным, што мужчыны пачынаюць больш актыўна дапамагаць спадарожніцам жыцця ў побыце і ўдзельнічаць у выхаванні нашчадкаў. Мы з жонкай Таццянай бытавыя абавязкі дзелім прыкладна роўна. Для захавання шлюбу важна, каб у адносінах паміж мужам і жонкай захоўвалася рамантыка. Таму ў інтарэсах мужчын — даваць сваім прыгажуням «разгрузачныя дні», каб яны маглі адпачыць, заняцца прыемнымі справамі, сустрэцца з сяброўкамі. Тады ў іх з’яўляецца той рэсурс, які абавязкова пазітыўна адаб’ецца на сямейных адносінах.

Пра бацькоўства

Летась я ўпершыню паспрабаваў сябе ў ролі Дзеда Мароза ў дзіцячым садку, які наведвае мая пяцігадовая дачка Ліза. Яна мяне не пазнала, а дома прызналася: гэта быў лепшы Дзед Мароз у яе жыцці. Як прыемна было чуць такое! Калі з’яўляецца дзіця, адкрываеш сябе з новага, часам нечаканага боку, выяўляеш новыя якасці і таленты. Добра вядома: у жыцці дзяўчынак шмат чаго залежыць ад іх узаемаадносін з бацькам. Тата для дачкі — першая мадэль мужчынскіх паводзін, якая назаўжды адкладаецца ў яе падсвядомасці. Яшчэ і таму імкнуся надаваць Лізе час. Мамы ў большай меры адказныя за выхаванне пачуццяў, эмацыянальнага інтэлекту дзяцей, а бацькі — за іх адносіны і самасцвярджэнне ў грамадстве. На мой погляд, у сістэму сярэдняй адукацыі варта было б уключаць тэматычныя семінары для бацькоў, на якіх яны маглі б задаваць пытанні, абмяркоўваць самыя розныя праблемы з аўтарытэтнымі псіхолагамі, педагогамі. У «Эверэсце» рыхтуецца падобны праект, мэта якога — пры падтрымцы спецыялістаў дапамагчы татам і мамам наладзіць больш гарманічныя адносіны са сваімі дачкамі і сынамі. 

Аб сяброўстве

Я веру ў сяброўства. У мяне, на шчасце, ёсць сябар. Кірыл — чалавек пазітыўны, які натхняе, які здольны ў цяжкую хвіліну падставіць плячо, падзяліць радасць перамог і дасягненняў. У нас падобныя інтарэсы, каштоўнасці і высокая ступень даверу. Гэта правераныя часам, глыбокія адносіны. Вельмі даражу я і шматгадовым сяброўствам з адной сваёй аднакласніцай. На мой погляд, сапраўднае сяброўства — не перашкода і не пагроза шлюбу. Наадварот, яно дае людзям дадатковыя сілы, раскрывае ўнутраныя рэсурсы, неверагодна ўзбагачае нашае жыццё.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота героя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.