Вы тут

Музею гісторыі Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа — 55!


Радзіма пачынаецца з той мясціны, дзе нарадзіўся, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва. А любоў да радзімы пачынаецца з любові да родных мясцін, з імкнення даведацца іх гісторыю. Выкладчыкі і навучэнцы Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, жыхары пасёлка Мар’іна збіраюць і клапатліва захоўваюць летапіс малой радзімы ў народным музеі гісторыі ўстановы адукацыі.


Заснавальнік музея Рыгор Ільіч Грабчыкаў.

Сёлета наша ўстанова адукацыі адзначыла 146 гадоў са дня свайго заснавання. Музей, які адлюстроўвае гісторыю станаўлення і развіцця найстарэйшай спецыяльнай установы нашай краіны, быў створаны 56 гадоў таму, у далёкім 1966 годзе, Рыгорам Ільічом Грабчыкавым. Рыгор Ільіч у той час працаваў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, быў вельмі апантаны захаваннем памяці пра ўстанову з такой багатай і цікавай гісторыяй. Яму было 12 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Успаміны пра тыя жахлівыя часіны не адпускаюць яго і зараз. Таму спачатку ён думаў стварыць экспазіцыю, якая б адлюстроўвала ваенныя падзеі ў лёсах выкладчыкаў, выпускнікоў, навучэнцаў, у гісторыі пасёлка. Наладзіўшы сувязь з выпускнікамі, ён атрымаў шмат цікавага матэрыялу пра ранейшы перыяд існавання вучэбнай установы. Стаў працаваць у Нацыянальным архіве і адшукаў вялікую колькасць фактаў, што ўказваюць на ўнікальнасць гісторыі альма-матэр, якая пачыналася з Мар’інагорскай сельскагаспадарчай школы, а сёння мае ганаровую назву «Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна «Знак Пашаны» аграрна-тэхнічны каледж імя У. Е. Лабанка».

За 146 гадоў існавання ўстановы адукацыі яе назва мянялася трынаццаць разоў. Трынаццаць радкоў на стэндзе адкрываюць прастору для творчасці сучасных навучэнцаў, якія любяць каледж, пасёлак, захапляюцца гісторыяй, імкнуцца яе спазнаць, захаваць і распаўсюдзіць. Сёння музейны фонд налічвае каля трох тысяч экспанатаў. У 2018 годзе музей атрымаў званне «Народны». Экспазіцыя ўключае пастаянныя раздзелы: «Гісторыя станаўлення сельскагаспадарчай школы», «Дарэвалюцыйнае развіццё ўстановы адукацыі», «Дзейнасць установы адукацыі ў 1917–1945 гг. Подзвіг Міхаіла Рудовіча», «Установа адукацыі ў час ваеннага ліхалецця. Герой Савецкага Саюза Уладзімір Елісеевіч Лабанок», «Пасляваеннае аднаўленне», «Добры прыклад — іншым навука (знакамітыя выпускнікі)», «Этнаграфічны куток», «Творчая спадчына выкладчыкаў каледжа».

Мы стараемся прадставіць усе знойдзеныя цікавосткі, таму да знакавых падзей ствараем часовыя выстаўкі. Так, у мінулым годзе абнавілі змест экспазіцыі «Героі не паміраюць...», прысвечанай подзвігу Міхаіла Рудовіча — навучэнца каледжа, чыё імя носіць не толькі цэнтральная вуліца ў пасёлку Мар’іна, але і чытальная зала бібліятэкі каледжа. Музейны фонд папоўніўся копіямі газетных артыкулаў 1925 і 1957 гадоў, якія адшукалі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Цяпер, у Год народнага адзінства, гэты матэрыял вельмі запатрабаваны. І постаць самога героя, і ўсё, што звязана з яго партызанскай дзейнасцю, зацікавіла сродкі масавай інфармацыі — нашы матэрыялы выкарыстаны для стварэння некалькіх рэпартажаў.

Школьнікі на экскурсіі ў музеі.

Да 145-годдзя з дня заснавання каледжа аформілі дзве экспазіцыі, якія дзейнічаюць пастаянна. «Адданасць прафесіі» прысвечана Сцяпану Туркіну — аграному, які двойчы закончыў нашу ўстанову адукацыі: спачатку сельскагаспадарчае вучылішча, а праз некалькі гадоў — сельскагаспадарчы тэхнікум. Жыццё гэтага чалавека напоўнена рознымі падзеямі — і радаснымі, і сумнымі, але ўсяго сябе ён прысвяціў абранай у юнацтве прафесіі. Яго ўнук — кампазітар Міхаіл Святлоў — перадаў нам цікавыя дакументы з сямейнага архіва, якія гарманічна дапоўнілі тыя, што ў нас былі. Атрымалася вельмі захапляльная экспазіцыя, якая поўна адлюстроўвае жыццёвы і працоўны шлях выпускніка: арыгінальныя дакументы, узнагароды, фотаздымкі, асабістыя рэчы. А пачынаецца знаёмства з кнігі з подпісам кіраўніка ўстановы адукацыі, якую атрымаў за выдатныя веды Сцяпан Туркін падчас вучобы. 

Экспазіцыя «Калючыя ружы лёсу Захара Біралы» прысвечана нашаму земляку, беларускаму паэту-сатырыку, які доўгі час працаваў у тэхнікуме выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Дзеці паэта перадалі ў музей сямейны архіў. Асаблівае захапленне выклікаюць аўтографы паэта, яго рукапісы і дакументы, асабістыя рэчы. Пачэснае месца займаюць і кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў, з якімі сябраваў Захар Якаўлевіч. 

Экспазіцыйныя вітрыны і стэнды музея змяшчаюць арыгіналы, копіі архіўных дакументаў пазамінулага і мінулага стагоддзяў, фотаздымкі, кнігі, падручнікі, макеты, сродкі для арганізацыі адукацыйнага працэсу на розных этапах існавання ўстановы адукацыі. У народным музеі дэманструюцца прадметы працы і побыту, якімі карысталіся ранейшыя навучэнцы і супрацоўнікі.

Цікавасць наведвальнікаў заўсёды выклікаюць каштоўныя экспанаты музея: медалі, заваяваныя на міжнародных сельскагаспадарчых выстаўках; гербарый шкодных раслін, сабраны першымі навучэнцамі школы; узнагароды і асабістыя рэчы Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Елісеевіча Лабанка — выпускніка, чыё імя носіць каледж; асабістыя рэчы і дакументы Валянціна Андрэевіча Свірыдава — выпускніка, які быў дырэктарам нашай установы адукацыі. 

Унікальнай можна лічыць і выстаўку «Вучэнне — шлях да ўмення», дзе дэманструюцца дакументы і вучнёўскія прылады Уладзіміра Дарафеевіча Рошчына — выпускніка, які пазней доўгі час працаваў выкладчыкам. Яны адлюстроўваюць вучнёўскі шлях будучага агранома ад паведамлення аб залічэнні да дыплома з адзнакай. Прыемна бачыць усмешку на тварах наведвальнікаў, калі яны заўважаюць «памочнікаў у вучобе» — шпаргалкі навучэнца, які атрымліваў веды ў пачатку 1960-х гадоў. 

Асабістыя рэчы У.Е. Лабанка.

У народным музеі гісторыі ўстановы адукацыі працуе аб’яднанне па інтарэсах «Старонкі гісторыі», якое з задавальненнем наведваюць навучэнцы. Вялікую падтрымку і сапраўдную дапамогу аказваюць былыя супрацоўнікі каледжа. Усе творчыя праекты, падрыхтаваныя для ўдзелу ў разнастайных акцыях, конкурсах, адзначаныя дыпломамі, граматамі, сертыфікатамі, грунтуюцца на мясцовым матэрыяле. Гісторыя каледжа, сабраная людзьмі розных пакаленняў і прадстаўленая ў музеі, адлюстроўвае ўсе значныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі нашай краіны. Навучэнцам цікава «прымяраць» вядомыя факты на гісторыю малой радзімы. Найбольшую цікавасць выклікаюць тыя моманты, сведкі якіх знаходзяцца побач з намі. Таму раздзел праграмы «Гутаркі са сведкамі гісторыі» — адзін з самых запатрабаваных. Слухаючы шчырыя аповеды былых супрацоўнікоў, шматлікіх выпускнікоў пра мінулае каледжа, мы разумеем, што чым больш ведаў пра родныя мясціны ўжо маем, тым больш шануем і любім малую радзіму — месца, дзе зрабілі першыя крокі ў дарослае жыццё. 

Сучасны музей немагчымы без тэхнічных і тэхналагічных дасягненняў. Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій дазваляе вырашыць шматлікія задачы, што стаяць перад тымі, хто хоча далучыцца да гісторыі. Стварэнне сайта музея гісторыі ўстановы адукацыі (http://museum.mgatk.by) прынесла сваю карысць: мы знайшлі сяброў з розных куткоў свету — гэта не толькі выпускнікі, але і іх сваякі, якія дапамагаюць пісаць нашу агульную гісторыю — гісторыю людзей і падзей, якіх лёс парадніў у Мар’інагорскім дзяржаўным аграрнатэхнічным каледжы. Нядаўна стварылі профіль музея ў Instagram — Muzei145, абазначыўшы лейтматыў дзейнасці «Злучаем мінулае, сучаснае і будучае». 

Крок за крокам мы разам ідзём па доўгім шляху гісторыі каледжа, дзень за днём адкрываючы ўсё новыя і новыя факты, каб асэнсаваць іх, апрацаваць і захаваць на доўгія гады. 

Алена СВІРЫДАВА, выкладчык, кіраўнік народнага музея гісторыі Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?