Вы тут

Мікалай Чаргінец адзначыў свой юбілей


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў творчы вечар, прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння ганаровага старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, народнага пісьменніка Беларусі, аўтара многіх прыгодніцкіх і дэтэктыўных кніг Мікалая Чаргінца. 


Віншаванне кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з нагоды 85-годдзя пісьменніка агучыў на вечары намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. З прывітальнымі словамі да юбіляра звярнуліся намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Арцём Цуран, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта доктар педагагічных навук, прафесар Андрэй Кароль, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч, дзяржаўны і палітычны дзеяч, доктар педагагічных навук, прафесар, публіцыст Аляксандр Радзькоў, намеснік старшыні Беларускага Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Юрый Бацян, многія іншыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, калегі па творчаму цэху, вядомыя ў краіне людзі, калегі па службе ў праваахоўных органах. 

Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін прачыталі шчымлівыя ўрыўкі з раманаў Мікалая Чаргінца «Сыны» і «Аперацыя «Кроў». Добра вядомыя і новыя песні ў падарунак юбіляру выканалі народны артыст Беларусі Уладзімір Правалінскі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха, народны артыст Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Эдуард Ханок, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, паэт-песеннік Алег Жукаў. Кожны мастацкі нумар выклікаў самыя шчырыя апладысменты перапоўненай залы. На вечар да юбіляра прыйшлі пісьменнікі, воіны-«афганцы», бібліятэкары, студэнты, проста ўдзячныя чытачы. 

Калегі па творчаму цэху на чале з старшынёю Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесем Карлюкевічам падарылі Мікалаю Іванавічу яго партрэт, які намаляваў вядомы ў краіне мастак Віктар Барабанцаў. Кіраўнік творчага саюза адзначыў, што Мікалай Чаргінец заклаў многія традыцыі ў сучасным беларускім літаратурным працэсе, праявіў дзяржаўную мудрасць у фарміраванні творчай прасторы для паэтаў, празаікаў, літаратурных крытыкаў краіны. Ганаровы старшыня СП Беларусі, народны пісьменнік Беларусі, ганаровы грамадзянін горада Мінска і надалей — у творчым страі. Піша новыя кнігі, займаецца мастацкім кіно. Зусім нядаўна выдаў першы том задуманага ім цыкла мемуарных кніг. У выдавецтве знаходзіцца ўжо і другі том. Агульная назва мемуараў — «Цяжкія дарогі жыцця». А ў Саюзе пісьменнікаў створаны грамадска-палітычны кансультатыўны савет, які ўзначаліў Мікалай Чаргінец. Так што, і яго шматгадовы грамадска-палітычны досвед, вопыт удзелу ў працы Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у Асамблеях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый таксама запатрабаваны. 

Сяргей ШЫЧКО

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.