Вы тут

Зборнік прозы і паэзіі Алеся Ветаха «Лібрэта лета» выйшаў у свет


Нядаўна выйшаў з друку зборнік прозы і паэзіі Алеся Ветаха «Лібрэта лета». Кніга арыгінальна выдадзена і з паліграфічнага пункту гледжання: з аднаго боку надрукавана проза, а з другога — паэзія. Атрымаўся такі своеасаблівы літаратурны «экватар», кніга-перакрутка. Надакучыла чытаць прозу — можна перавярнуць яе дагары нагамі і пачаць чытаць паэзію. Надакучыла паэзія — перавярнуў і чытай зноў прозу.


Цікава яшчэ і тое, што Алесь Ветах, ён жа Алесь Бельскі, доктар філалагічных навук, прафесар, у бацькоўскім доме ў Цімкавічах на Капыльшчыне адшукаў свае нататнікі, сшыткі з абразкамі, замалёўкамі, мініяцюрамі, якія пісаў у маладосці. Таму меў рацыю Рыгор Барадулін, калі аднойчы напісаў усім нам вядомыя радкі:

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць святое штосьці…

Святое не страчвае і Алесь Ветах-Бельскі, які не забывае сваю Капыльшчыну, родныя Цімкавічы. Запісы і вершы з 1980—1990-х гадоў ляжалі ў невялікім чамаданчыку ў хатняй бібліятэцы бацькоўскага дома. Многія з гэтых твораў друкаваліся ў тагачаснай перыёдыцы. А цяпер аўтару асабліва захацелася перачытаць тое, што некалі ён рыхтаваў як творчыя заданні ўніверсітэцкіх выкладчыкаў Яўгена Камароўскага і Віктара Каратая, якіх ужо няма на гэтым свеце. У 1990-я гады выйшлі з друку кнігі прозы Алеся Ветаха «Ружовая знічка» (1994) і «Хроніка смутку» (1999), але не ўсё тады ўвайшло ў гэтыя выданні. І вось найлепшае адшуканае пабачыла свет асобнай кнігай.

Слова «лібрэта» мае некалькі значэнняў, яны ўсе падыходзяць да кнігі Алеся Ветаха. Бо тут ёсць і літаратурны тэкст, і пераказ зместу, і сюжэтны план... Такім чынам назва для яго кнігі ўдалая.

Не сказаць, што лета Алеся Ветаха адцвіло, адгудзела — яно працягваецца ў жыццёвай ціхай восені і светлай чыстай зіме. Але ў творчым плане паэт, празаік і даследчык нашай літаратуры толькі расцвёў, як чаромха з бэзам каля акна яго хаты ў Цімкавічах. Напісана дзясяткі падручнікаў, даведнікаў, кніг прозы і паэзіі, краязнаўчых даследаванняў. І праца па-ранейшаму працягваецца. Але ж існуе, як і ў кожнага чалавека, нейкая шчырая тужлівасць па маладосці. А ў творчага чалавека гэтая тужлівасць нашмат большая, бо часта дае ўяўленне пра творчыя пошукі аўтара ў пару яго духоўнага сталення.

Вершы, якія ўвайшлі ў «Лібрэта лета», былі напісаны 20-30 гадоў таму. Гэта нават не столькі вершы, колькі імгненні жыцця, летуценні пра каханне, радасць, сум і надзею. Арыгінальныя, яркія, вобразныя:

Далёка да сонца,

Да месяца, зораў.

Далёка да смутку,

Да гора і слёзаў.

І блізка да гаю,

Да вёскі і рання.

І блізка да вуснаў,

Вясны і кахання.

Сапраўды, усё проста, але шчыра і прыгожа. Радкі паэта, напісаныя ў той далёкі час, гучаць і сёння як абагульняльная формула, як паэтычнае выяўленне аптымізму маладосці. Вера паэта і сёння мае, такім чынам, сваю канкрэтную аснову. Яна ў сваім рамантычным пафасе застаецца нявыдуманай і жывой:

Завіс па-над ростаняй месяц,

Падбельвае бровы начы.

А двое пра рай летуценяць,

Зліліся, нібы спарышы…

З другога боку кнігі Алеся Ветаха надрукаваны кароткія аповеды, абразкі і мініяцюры з нататнікаў і сшыткаў. З таго старога чамаданчыка. Сабраныя разам, гэтыя творы ствараюць пэўнае ўяўленне пра развіццё творчай індывідуальнасці пісьменніка на мяжы ХХ і ХХI стагоддзяў.

Для афармлення вокладкі Алесь Ветах выкарыстаў рэпрадукцыю акварэлі Алеся Квяткоўскага «Уваход у грыбы». Гэта сімвалічна: як уваход у тое далёкае маленства і юнацтва, што насамрэч можа быць  зусім блізкім. 

Сяргей ЧЫГРЫН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».