Вы тут

Электронныя мытныя дэкларацыі


Тавары, якія пераязджаюць праз мяжу, павінны абавязкова дэкларавацца ў мытных органах. Пры гэтым усе віды сучасных мытных дэкларацый існуюць толькі ў электронным выглядзе. Папяровымі засталіся ўнутраныя дакументы перавозчыка, якія мае пры сабе вадзіцель: таварна-транспартныя накладныя, паперы на груз, кнігі міжнароднага мытнага транзіту і іншыя. Як з дапамогай электронных дакументаў скараціць час праходжання мытнага кантролю, паскорыць транзітны праезд праз краіну, перадаць пэўны груз мытным прадстаўніком, а таксама калі мытнае афармленне грузу не патрэбна, расказалі ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг.


Спачатку — паперы, потым — груз

Электронныя платныя паслугі пры мытным дэклараванні аказваюцца юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам — рэзідэнтам Беларусі, якія зарэгістраваны як карыстальнікі Нацыянальнай аўтаматызаванай сістэмы мытнага дэкларавання. Пры гэтым задача Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг — перадача ў мытныя органы розных дакументаў праз Адзіны партал электронных паслуг. А вось запаўняе ўсе электронныя формы і заказвае сервіс дэкларант, падкрэслілі ў Цэнтры.

Папярэдзіць прыезд свайго грузу на мытню можна з дапамогай паслугі 3.00.01 «Прадстаўленне мытным органам ЭПІ (Электроннага папярэдняга інфармавання)». Гэты сэрвіс неабавязковы пры перавозцы і ўвозе тавараў на тэрыторыю Мытнага саюза, аднак ён зручны тым, што, калі груз трапляе на мытню, дакументы на машыну, якая яго перавозіць, ужо будуць разгледжаны спецыялістамі. З аднаго боку, такі падыход эканоміць час вадзіцелю, з другога — мытныя органы ўжо будуць гатовыя прыняць фуру з грузам, падкрэсліла Настасся ЗАСІНЕЦ, вядучы спецыяліст аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг:

— Дэкларант, які адпраўляе на экспарт, напрыклад, фуру з яблыкамі, накіроўвае ў мытню дакументы, дзе сказана, калі, што і ў якім памеры будзе перавозіць машына. Паведамленне аб грузе трэба накіраваць не менш як за дзве гадзіны да прыбыцця фуры ў пункт мытнага кантролю. Па факце прыезду вадзіцель фуры на мытні называе нумар ЭПІ (ён прысвойваецца заяўцы, якая падаецца на выкананне паслугі папярэдняга інфармавання праз Адзіны партал электронных паслуг). Нумар звяраецца, на груз выдаюць дазвольныя дакументы, і ён рушыць далей. Аднак гэта датычыцца, як правіла, тавару аднасортнага ці таго, які хутка псуецца. А вось калі груз іншы (напрыклад, фура з запчасткамі, сярод якіх могуць сустракацца дэталі з заніжаным ці завышаным коштам), то мытныя органы, атрымаўшы папярэдняе інфармаванне, ужо будуць ведаць, што такой машыне спатрэбіцца надгляд.

Мытная сістэма бачыць, які перавозчык заказаў паслугу, як часта ён перавозіць грузы, які мае крэдыт даверу адносна парушэнняў праезду, і такім чынам падказвае спецыялістам, ці спатрэбіцца на надгляд такога кліента дадатковы час або праблем з ім узнікнуць не павінна. Такім чынам, лепш арганізоўваецца работа з грузамі. Па папулярнасці, дарэчы, паслуга ЭПІ (каштуе шэсць рублёў) знаходзіцца на другім месцы сярод іншых мытных дэкларацый. Аднак можна і проста прыехаць з грузам на мытню і падаць на ёй адпаведныя дакументы.

Амаль што аналаг сэрвісу па ЭПІ — паслуга 3.00.03 «Прадстаўленне мытным органам ЭТД (Электроннай транзітнай дэкларацыі)» (таксама каштуе шэсць рублёў). У прынцыпе, яны фактычна могуць замяняць адна адну, заўважыла эксперт:

— Транзітная мытная дэкларацыя прадстаўляецца, калі фура з грузам будзе знаходзіцца не толькі ў адзінай эканамічнай прасторы краін — удзельніц Мытнага саюза, але і перасякаць яго межы, то-бок, тэрыторыя ЕАЭС стане для такой фуры транзітнай. І нават у гэтым выпадку дэкларант можа падаць у мытныя органы не электронную транзітную дэкларацыю, а электроннае папярэдняе інфармаванне. Тады фура прыедзе на мытню ў межах ЕАЭС, а адтуль накіруецца за межы Мытнага саюза ўжо па сваіх іншых дакументах.

Спрошчаныя ўмовы і гарантыі для сяброўскай пяцёркі

У межах Мытнага саюза, у які ўваходзяць Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан і Кіргізія, мытнае афармленне тавараў не робіцца, засяродзіла ўвагу спецыяліст:

— Калі мы вязём у нашу краіну, напрыклад, груз з Казахстана ці Расіі, то ў Беларусі яны, згодна з заканадаўствам, не афармляюцца. Тавар проста трапляе ў краму на продаж. Аднак да 10 чысла наступнага пасля паступлення гэтага тавару месяца неабходна падаць на мытню дэкларацыю. У ёй трэба адлюстраваць, што ў мінулым месяцы па дагаворы куплі-продажу было атрымана на рэалізацыю, умоўна, 500 футраў і тысяча мехавых шапак ад расійскай футравай фабрыкі.

Такія спрошчаныя ўмовы дзейнічаюць для грузаў, якія перамяшчаюцца па тэрыторыі ЕАЭС, дзякуючы паслузе 3.00.02 «Прадстаўленне мытным органам ЭСД (Электроннай статыстычнай дэкларацыі)». Яна найбольш запатрабаваная з усіх існуючых мытных сэрвісаў, бо тавараў у межах адзінай эканамічнай прасторы сяброўскай пяцёркі курсіруе вялікае мноства. Каштуе паслуга 1,5 рубля.

Дарэчы, за экспартаваныя Беларуссю тавары плата за аказанне гэтай паслугі не бярэцца. Пры ўвозе імпартных тавараў давядзецца плаціць — за афармленне імпартных статыстычных дэкларацый. Літаральна летам на партале з'явілася новая паслуга 3.00.07 «Прадстаўленне мытным органам ППЗ (Пасведчанне аб аказаным забеспячэнні)», падкрэсліла Настасся Засінец:

— Пасведчанне аб аазаным забеспячэнні неабходнае ў выпадках, калі тавар выпускаецца мытняй адной краіны, а выплата плацяжоў — задача мытні іншай дзяржавы. І пры гэтым абедзве краіны — члены Мытнага саюза. Наяўнасць такога пасведчання пацвярджае, што мытныя пошліны, плацяжы і падаткі ў краінах Мытнага саюза будуць выплачаны, то-бок, гэта пэўная гарантыя выканання абавязкаў па пагашэнні мытных плацяжоў з боку ўдзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці. Кошт паслугі залежыць ад колькасці пададзеных арганізацыяй за месяц дакументаў.

Міжнародныя перасылкі экспрэс-грузаў

Як вядома, на пасылкі і бандэролі з розных краін свету, якія перасякаюць мяжу і якія можна атрымліваць праз розныя паштовыя сэрвісы, трэба выплачваць пошліну. Для правільнага афармлення падобных міжнародных адпраўленняў неабходна запаўняць на іх пасажырскую мытную дэкларацыю для экспрэс-грузаў. Зрабіць гэта можна, выкарыстоўваючы паслугу 3.00.04 «Прадстаўленне мытным органам ПМДЭГ (Пасажырскай мытнай дэкларацыі для экспрэс-грузаў)». Яна каштуе шэсць рублёў.

— Гэты дакумент выкарыстоўваецца пры мытным дэклараванні тавараў для асабістага выкарыстання. Яны дастаўляюцца мытным прадстаўніком (напрыклад, нейкай транспартнай кампаніяй ці іншай службай дастаўкі, якая мае адпаведныя паўнамоцтвы) у якасці экспрэс-грузу ў адрас фізічнай асобы (атрымальніка гэтых тавараў) ад фізічнай асобы (адправіцеля), — патлумачыла Настасся Засінец. — Калі дэкларацыі на тавар не будзе, з яго адпраўкай узнікнуць праблемы.

Для некаторых катэгорый тавараў для асабістага выкарыстання, якія дастаўляюцца экспрэс-перавозчыкам, ПМДЭГ пры мытным дэклараванні не выкарыстоўваецца. Гэта, напрыклад, наяўныя грашовыя сродкі; тавары для асабістага карыстання, вызваленыя ад выплаты мытных пошлін і падаткаў; алкагольныя напоі і недзялімыя тавары для асабістага карыстання; транспартныя сродкі. Для такіх тавараў прадугледжаны іншыя дакументы.

Дэкларацыю на тавары для экспрэс-грузаў можна аформіць з дапамогай паслугі 3.00.05 «Прадстаўленне мытным органам ДТЭГ (Дэкларацыі на тавары для экспрэс-грузаў)», кошт якой — шэсць рублёў, абазначыла спецыяліст:

— Пры мытным дэклараванні тавараў, якія дастаўляе перавозчык у якасці экспрэс-грузу, выкарыстоўваецца дэкларацыя на тавары для экспрэс-грузаў (яе афармляе мытны прадстаўнік).

Аднак і тут ёсць выключэнні: такая дэкларацыя не выкарыстоўваецца пры мытным дэклараванні наступных катэгорый тавараў:

валюта дзяржаў — членаў ЕАЭС, каштоўныя паперы, металы і камяні;

тавары, якія перамяшчаюцца з умовамі, што ўстаноўлены Мытным кодэксам ЕАЭС;

выбухованебяспечныя, выбуховыя, атручвальныя, небяспечныя хімічныя і біялагічныя рэчывы (выключэнне — для біялагічных узораў), наркатычныя сродкі, псіхатропныя, моцнадзейныя, ядавітыя, радыеактыўныя матэрыялы, небяспечныя адходы;

тавары, якія перамяшчаюцца трубаправодным транспартам і па лініях электраперадачы;

увазныя падакцызныя тавары (выключэнне — для тавараў, якія ўвозяцца ў якасці проб і падакцызных тавараў, якія вывозяцца (для Беларусі);

тавары, у дачыненні якіх прымяняюцца льготы па выплаце пошлін, падаткаў, квот, а таксама тавары, адносна якіх устаноўлены спецыяльныя абаронныя антыдэмпінгавыя, кампенсацыйныя меры ці іншыя меры абароны ўнутранага рынку.

Прасачыць за экспартам тавараў і імпартам аўто

Пры ўвозе асобных відаў і катэгорый транспартных сродкаў у Беларусь імпарцёры павінны выплачваць утылізацыйны збор. Квітанцыю, якая гэта пацвярджае, неабходна абавязкова прадставіць у мытныя органы. На гэты выпадак вельмі зручнай будзе паслуга 3.00.08 «Прадстаўленне мытным органам РЗ (Дакумент, які адлюстроўвае вылічэнне і выплату ўтылізацыйнага збору)», якая запрацавала сёлета з верасня і каштуе 1,5 рубля, заўважыла прадстаўніца НЦЭП:

— Утылізацыйны збор выплачваецца за аўтамабілі, якія ўвозяцца ў нашу краіну ў якасці тавару з наступнымі мэтамі. Для асабістага карыстання; машыны, якія памяшчаюцца пад мытную працэдуру выпуску для ўнутранага спажывання; аўто, увезеныя з тэрыторый дзяржаў — членаў ЕАЭС, якія падлягаюць дзяржрэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі адпаведна з законам.

Прасачыць, ці выехаў тавар Еўразійскага мытнага саюза на экспарт, можна з дапамогай паслугі 3.22.02 «Звесткі аб пацвярджэнні фактычнага вывазу экспартных тавараў з мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза (для зацікаўленых асоб)». Яна найперш цікавая і карысная дэкларантам і адправіцелям тавараў.

— Мэта паслугі — магчымасць прасачыць за лёсам тавару, на які дэкларант аформіў дэкларацыю. Аднак праз пэўны час (калі неабходна зняць дэкларацыю з кантролю) трэба праверыць, дзе ўвогуле гэты тавар, ці выехаў ён за мяжу, ці рэалізаваны і г. д. Напрыклад, спецыяліст айчыннага завода па вырабе камбайнаў аформіў дэкларацыю, што 15 камбайнаў выехалі на экспарт. Каб праз нейкі час праверыць, дзе яны, яму дастаткова ўвесці рэгістрацыйны нумар таварнай дэкларацыі пры заказе паслугі 3.22.02, — акрэсліла Настасся Засінец. — Гэты сэрвіс, дарэчы, быў удасканалены: інтэрвал запыту ў мытны орган зрабілі больш працяглым. Раней, калі літаральна праз хвіліну адказу з мытні не паступала, то выдавалася памылка, а паслуга ўсё роўна аплачвалася. Цяпер жа яе можна заказваць да атрымання канкрэтных вынікаў. Няважна, колькі разоў вы будзеце ўводзіць рэгістрацыйны нумар таварнай дэкларацыі, паслуга тарыфікуецца як адна і каштуе 84 капейкі.

Па выніках заяўнік атрымае звесткі пра дату рэгістрацыі дэкларацыі на тавары, код мытнай працэдуры, дату і нумар дазволу на адбыццё тавару, найменне і код тавару па таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці ЕАЭС, колькасць фактычна вывезенага тавару ў асноўных адзінках вымярэння, а таксама — у дадатковых адзінках вымярэння.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.