Вы тут

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Успаміны відавочцаў трагедыі вёскі Кабылева


На Гомельшчыне за час нямецка-фашысцкай акупацыі было спалена звыш 1500 населеных пунктаў. 700 знішчана цалкам, амаль 70 так і не аднавілася. У межах даследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд пракуратура Гомельскай вобласці сабрала інфармацыю аб 58 спаленых вёсках, якія раней не трапілі ў адпаведныя спісы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Факты знішчэння населеных пунктаў і іншыя зверствы фашыстаў атрымалася сабраць у тым ліку дзякуючы ўспамінам рэальных сведкаў тых падзей.


Пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў, удастоены звання «Чалавек года Гомельскай вобласці — 2021» у намінацыі «Служу Айчыне».

Рэчыцкія сёстры Хатыні

Сведчанні больш чым 100 відавочцаў — ветэранаў вайны, былых вязняў канцлагераў, а таксама людзей, якія былі прымусова вывезены з тэрыторыі Беларусі за мяжу, сабралі супрацоўнікі пракуратуры Рэчыцкага раёна. Большасць з апытаных у гады Вялікай Айчыннай вайны былі дзецьмі, але ніколі не забудуць тое, што давялося перажыць.

На тэрыторыі Рэчыцкага раёна нямецкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны з 222 вёсак было спалена 118, 69 з іх знішчаны цалкам. У межах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа пракуратурай вобласці вывучаны архіўныя матэрыялы УКДБ па Гомельскай вобласці аб спаленай вёсцы Кабылева (сучасная назва — Першамайск, Караваціцкі сельсавет Рэчыцкага раёна). На жаль, аб трагедыі гэтага населенага пункта і сёння многія нічога не ведаюць. Між тым 14 мая 1943 года ў гэтай вёсцы фашысты і іх памагатыя расстралялі і спалілі 1050 чалавек. Ахвярамі сталі ў тым ліку амаль 600 дзяцей.

Са старонак архіўнай крымінальнай справы

Варта адзначыць, што злачынцы, вінаватыя ў гібелі жыхароў вёскі, былі вызначаны і пакараны ўжо праз некалькі месяцаў пасля трагедыі ў Кабылева, падкрэсліў пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў. Віктар Мікалаевіч перакананы, што архіўныя старонкі даследавання гэтай справы і сёння не страцілі важнага гістарычнага значэння:

— Вядома, што 23 лістапада 1943 года Чырвоная Армія вызваліла вёску Маканавічы Васілевіцкага раёна, дзе падчас акупацыі знаходзіўся цэнтр воласці. І адразу ж органы ваеннай контрразведкі «Смерш» (Смерць шпіёнам!) пачалі пошук асоб, якія супрацоўнічалі з фашыстамі. Неацэнную дапамогу ім аказалі партызаны атрада «Мсціўца» Рэчыцкага злучэння. Так, афіцэрамі «Смерша» 77-й Чарнігаўскай гвардзейскай стралковай дывізіі праз тры дні быў затрыманы былы бургамістр Маканавіцкай воласці 45-гадовы Мікалай Гуляй. У вёсцы Рудзец контрразведчыкі 9-га гвардзейскага стралковага корпуса знайшлі і былога старасту Кабылева — 53-гадовага Еўдакіма Белага.

Падчас допытаў здраднікі не адмаўлялі, што былі на службе ў акупантаў. Прызнавалі, што адбіралі па патрабаванні нямецкіх улад у насельніцтва жывёлу, збожжа, бульбу, прадукты харчавання і адзенне. Яны ж складалі спісы моладзі для перапраўкі ў Германію, а таксама паведамлялі немцам аб месцазнаходжанні партызан і іх сем'яў. Свой жа ўдзел у расстрэлах і спаленні жыхароў рэчыцкіх вёсак катэгарычна адмаўлялі. Паказанні супраць фашысцкіх прыслужнікаў далі відавочцы іх злачынстваў. Захаваліся сведчанні на той момант 38-гадовага Філіпа Кандраценкі — партызана атрада «Мсціўца» Рэчыцкага злучэння:

Жыхары вёскі Першамайск (раней Кабылёва), актывісты Караваціцкага дома народнай творчасці і Краснадуброўскага клуба народнай творчасці кожны год збіраюцца, каб ушанаваць памяць ахвяр трагедыі 1943 года.

«17 лістапада 1942 года ў нашым сяле Кабылева, якое ў 1938 годзе перайменавана ў Першамайск, арганізаваўся атрад партызан «Мсціўца». 15 снежня 1942-га ён напаў на валасную паліцыю, якая размяшчалася ў вёсцы Маканавічы, і забіў траіх паліцаяў. На другі дзень бургамістр воласці Гуляй сумесна з начальнікам паліцыі Лешчанка і паліцаямі Шалейкам, Захаранкам, Голубам забралі ўсю сям'ю маёй жонкі з 16 чалавек, загналі іх у свінарнік вёскі Маканавічы і спалілі ўсіх... Гуляй для разгрому Кабылева, якая лічылася партызанскай, сабраў усіх паліцэйскіх Маканавіцкай, Васілевіцкай і Бабіцкай валасцей. Усяго ў вёску наляцела 150 паліцаяў. Да моманту нападу на Кабылева большасць жыхароў пайшла ў лес. Паліцэйскі атрад жыў у вёсцы 10—12 дзён, чакаючы вяртання людзей. У гэты перыяд паліцэйскія расстралялі і спалілі 42 чалавекі. Частку людзей расстралялі і кінулі на вуліцы, а частку загналі ў курэнь і там спалілі. Партызанскія сем'і прыходзілі хаваць іх уначы».

Архіўныя матэрыялы УКДБ па Гомельскай вобласці захоўваюць паказанні партызана Філіпа Кандраценкі таксама аб дні, калі фашысты знішчылі амаль усіх жыхароў вёскі Кабылева.

«У пачатку мая наша разведка ўстанавіла рух нямецкіх матацыклістаў на трасе Калінкавічы — Гомель. Наладзілі ім засаду, 8-9 мая быў забіты нямецкі палкоўнік і 12—15 салдат. Пасля гэтага выпадку стараста нашага сяла ўцёк у Маканавічы да бургамістра Гуляя і заявіў, што вёску Кабылёва трэба ўсю спаліць, бо ўсе ў ёй партызаны. 12 мая ў лес, дзе жылі кабылёўцы, прыехалі каля 20 немцаў з атрада СС і расстралялі 11 чалавек. На другі дзень у Кабылева наляцелі чатыры паліцэйскія з Маканавічаў і сталі сумесна са старастам Белым аб'яўляць, каб усе неадкладна збіраліся ў вёску, а хто гэтага не зробіць, будзе расстраляны ў лесе. Большасць жыхароў паверыла і выйшла. 14 мая раніцай у Кабылева прыбылі грузавыя машыны, на якіх прыехалі 150 эсэсаўцаў. Вёска была ачэплена салдатамі. Жыхароў зганялі па 20—30 чалавек у хаты, расстрэльвалі і падпальвалі. Большасць згарэла жывымі, параненымі».

Усяго немцы 14 мая 1943 года расстралялі і спалілі 1050 чалавек. Засталося параненых, якія ўцяклі ад гэтай расправы, толькі 10... У дзень расстрэлу немцамі жыхароў Кабылева выратавалася Фядора Мікалаеўна Гайдаш. Падчас пажару ёй удалося схавацца. Але яе заўважыў Гуляй, падышоў і стрэліў з нагана. Куля прабіла левае плячо. Жанчына праляжала сярод развалін двое сутак. Партызанскія сем'і выйшлі з лесу, падабралі яе. Яна шэсць сутак жыла ў атрадзе. Пасля гэтага памерла.

«Муж і сын згарэлі. Я іх не апазнала»

Паказанні супраць здраднікаў далі і жыхары Кабылева, якім цудам удалося выжыць. Сведчанні 52-гадовай Ульяны Гайдаш:

«Калі ў канцы студзеня 1943 года ў Кабылева прыехала нямецкая разведка, каля нашай хаты спынілася чалавек 10. Мой сын атуліўся ў печы, а я стала хаваць сваё дабро. У гэты час адзін з разведкі ўвайшоў у двор і сказаў гэтага не рабіць. Адказала: «Пан, баюся пажару і таму хаваю сваё дабро». — «Я не пан, а маканавіцкі Гуляй. Скажы людзям, каб заўтра ўсе, як адзін чалавек, былі дома, а то паб'ём», — адказаў ён. На наступны дзень у нашу вёску наехала вялікая колькасць немцаў і паліцаяў (жылі ў ёй 10—12 дзён) і забілі 42 чалавекі. У маіх сына і дачку таксама стралялі, але не трапілі, і яны ўцяклі ў лес. Гуляй паставіў у вёсцы старастам Еўдакіма Белага, які стаў угаворваць усіх выходзіць з лесу. Партызаны адгаворвалі нас, але большасць жыхароў вырашыла вярнуцца ў вёску. 14 мая 1943 года пачалася расправа — сталі гнаць народ і падпальваць дамы. Калі я ішла ў натоўпе па вуліцы, то бачыла, як каля адной нямецкай машыны стаяў з афіцэрам бурмістр Гуляй. Да гэтага я хадзіла да Гуляя дзевяць разоў клапаціцца, каб мне вярнулі каня, аднятага паліцаем. Таму асабіста яго ведаю добра. У адну хату на маіх вачах загналі 20 чалавек, там была і мая нявестка Мальвіна. У хаце былі іншыя дзверы — народ выскачыў і кінуўся бегчы. Немцы з кулямёта паклалі ўсіх, а потым хадзілі і дабівалі параненых штыкамі. Астатніх людзей зганялі ў іншыя хаты і тамака расстрэльвалі. Пасля ўсе падпальвалі. Мая дачка Анюта сядзела ў калодзежы і чула, як з запаленых дамоў даносіліся крыкі жыўцом спаленых людзей. Мне ўдалося ўцячы, а муж, нявестка і сын былі забітыя. Нявестку я потым знайшла, а муж і сын згарэлі, іх не апазнала».

Дапаўняюць аповед пра тыя трагічныя дні і ўспаміны 16-гадовага Уладзіміра Гайдаша:

Архіўная крымінальная справа са сведчаннямі жыхароў Рэчыцкага раёна.

«У студзені 1943 года ў Кабылева прыехаў атрад паліцаяў і немцаў на чале з валасным бургамістрам з сяла Маканавічы — Мікалаем Гуляем. Пад яго кіраўніцтвам паліцаі расстралялі 42 чалавекі, спалілі тры дамы і разрабавалі маёмасць насельніцтва, якое пайшло ў лес. Пасля расправы Гуляй заявіў: «Калі ў вас у вёсцы будуць партызаны, то прыедзем і змяцём да адной душы ўсіх разам з хатамі. Вы не думайце, што Чырвоная Армія вернецца: яна ўжо за Масквой, а ўсіх сталінскіх бандытаў мы пералавілі. Нас вызвалілі ад ярма, зараз будзе толькі нямецкая ўлада». Гуляй пагражаў і казаў, што ад яго нідзе не схавацца. 13 мая бургамістр з васьмю паліцаямі і чатырма немцамі прыехаў у Кабылёва, і ў лесе забілі 12 чалавек. На другі дзень раніцай прыехала 11 машын немцаў і паліцаяў — атрад СС. Кіраваў ачапленнем Кабылева асабіста Гуляй. Я бачыў, як Гуляй расстаўляў салдат і вёў атрад вакол вёскі. Гуляй з трыма паліцаямі завёў у нашу хату маіх бацьку, маці і сястру 13 гадоў. Іх там расстралялі. З прычыны таго, што сам Гуляй стаяў побач з мастком, пад якім я схаваўся, чуў, як ён, звяртаючыся да паліцаяў, заявіў: «А я каго буду біць, зайцоў, ці што?». Адзін з паліцаяў адказаў: «Я вось дам табе партыю з пяці чалавек». Бачыў, як перад Гуляем паставілі Ганну Белую, яе сына Валодзю чатырох гадоў, Грышу сямі гадоў. Разам з імі стаяла Марыя Брэль з сямігадовай дачкой Юляй. Усіх іх Гуляй паклаў чаргой з аўтамата. Яны ўпалі недалёка ад мастка і так ляжалі пяць дзён пасля расстрэлу. Вылазячы з-пад моста, я за дымам незаўважна прабраўся ў агарод і затым уцёк у лес...».

Па законах ваеннага часу

— Ужо 12 снежня ў Маканавічах пачалося адкрытае судовае пасяджэнне ваенна-палявога суда 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Сабраныя следствам матэрыялы дакладна сведчылі аб вінаватасці фашысцкіх прыслужнікаў Гуляя і Белага ў знішчэнні жыхароў вёскі Кабылёва. Акрамя таго, за здраду Радзіме і расправу над мірным насельніцтвам перад судом паўсталі старасты вёскі Хобнае — Гаркуша, вёскі Дрэвішча — Кохан, вёскі Маканавічы — Кандраценка, а таксама Шаўлоўскі і Дзмітрыенка, па даносах якіх распраўляліся з партызанамі і іх сем'ямі, — звяртае ўвагу пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў. — Вядома, што ўжо на наступны дзень абвясцілі прысуд: Гуляй, Белы, Гаркуша прыгавораны да смяротнага пакарання праз павешанне, а Шаўлоўскі, Дзмітрыенка, Кохан і Кандраценка — да катаржных работ тэрмінам на 20 гадоў. У той жа дзень прыгавор у дачыненні да карнікаў Кабылева прывялі ў выкананне. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавіка № 39 «Аб мерах пакарання для нямецка-фашысцкіх зладзеяў, вінаватых у забойствах і катаваннях савецкага грамадзянскага насельніцтва і палонных чырвонаармейцаў, для шпіёнаў, здраднікаў Радзімы з ліку савецкіх грамадзян і для іх памагатых» устанаўлівалася адказнасць.

Пры гэтым для першай катэгорыі абвінавачаных — пакаранне смерцю праз павешанне, а для другой — катаржныя работы тэрмінам ад 15 да 20 гадоў. Указ ад 19 красавіка 1943 года не прадугледжваў абскарджання. У дакуменце асабліва падкрэслівалася, што выкананне прысудаў у дачыненні да асоб, прысуджаных да смяротнага пакарання, варта «вырабляць публічна, пры народзе, а целы павешаных пакідаць на шыбеніцы на працягу некалькіх дзён, каб усе ведалі, як караюцца і якая адплата напаткае ўсякага, хто зробіць гвалт і расправу над грамадзянскім насельніцтвам і хто здраджвае сваёй Радзіме.

Ёсць падставы меркаваць, што ахвяр спаленай вёскі Кабылёва было нашмат больш, чым удалося ўстанавіць спачатку. Вядома, што пасля расправы мясцовых жыхароў хавалі хаатычна. Па адной з версій партызаны, якія прабіраліся па начах, капалі магілы на месцах, дзе ляжалі целы. З акта перапісу зверстваў акупантаў ад 28 лістапада 1943 года вядома, што ў той момант буйныя магілы знаходзіліся на паўночна-заходняй, заходняй і ўсходняй ускраінах Кабылева. Дзясяткі гэтых магіл ужо пасля вайны перанеслі ў адно агульнае пахаванне — брацкае, у цэнтры вёскі Кабылёва. На гэтым месцы ўсталяваны помнік у памяць аб ахвярах страшнай расправы.

Прысуд ваеннага трыбунала.

Дарэчы, налета з дня малавядомай трагедыі спаленай вёскі споўніцца 80 гадоў. Жыхары Рэчыцкага раёна і ўсе неабыякавыя да захавання ваенна-гістарычнай спадчыны раёна людзі спадзяюцца, што існуючы мемарыял ахвярам фашызму ў вёсцы Першамайск (раней Кабылёва) будзе рэканструяваны і гэта месца памяці стане больш вядома ў патрыятычных маршрутах.

«Я з вогненнай вёскі»

Між іншым сёлета пракурорам Гомельскай вобласці Віктарам Марозавым асабіста перададзены ў дар Рэчыцкаму краязнаўчаму музею дакументы і каштоўныя матэрыялы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, звязаныя з населенымі пунктамі раёна. Для стварэння асобнай экспазіцыі Рэчыцкага краязнаўчага музея падрыхтаваныя копіі архіўных дакументаў, вынікаў расследавання крымінальных спраў. Гэтыя і многія іншыя каштоўныя музейныя матэрыялы былі выяўлены дзякуючы актыўнаму ўзаемадзеянню пракуратуры і дзяржаўнага архіва грамадскіх аб'яднанняў Гомельскай вобласці. Рэчыцкаму краязнаўчаму музею перададзены таксама рэдкія карты Рэчыцы і Рэчыцкага раёна 1938 года.

— З базы звестак спаленых вёсак Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, размешчанай на сайце нацыянальнага архіва, можна даведацца, што толькі на тэрыторыі Рэчыцкага раёна фашысты і іх памагатыя спалілі 68 населеных пунктаў. Работнікі пракуратуры вобласці і супрацоўнікі архіваў выявілі чатыры ўнікальныя карты рэчыцкай мясцовасці, алічбавалі іх, а на адну з карт нанеслі ўсе спаленыя вёскі раёна, — патлумачыў Віктар Марозаў.

Віктар Мікалаевіч — сам ураджэнец Рэчыцкага раёна, выпускнік Салтанаўскай сярэдняй школы. Любоў да вывучэння ваеннай гісторыі малой радзімы захоўвае ў сэрцы з дзяцінства. Будучы пракурор Гомельскай вобласці яшчэ ў школьным узросце, у 1975 годзе стаў пераможцам рэспубліканскай віктарыны «Ішла вайна народная...», якую праводзіла рэдакцыя газеты «Піянер Беларусі». У якасці прыза выпускнік Салтанаўскай школы атрымаў кнігу «Я з вогненнай вёскі» з віншаваннем аднаго з трох яе аўтараў — пісьменніка Янкі Брыля.

— Я памятаю, як да нас у школу прыязджалі на сустрэчы з піянерамі былыя камандзіры партызанскіх атрадаў, расказвалі праўду пра вайну. Мы чулі гэта з першых вуснаў, і наша задача — перадаць эстафету памяці далей, — перакананы Віктар Мікалаевіч. — Шчыра прызнацца, у адным з ваенных пахаванняў на тэрыторыі Рэчыцкага раёна магла ляжаць і мая сям'я. Калі вывучаў крымінальныя справы часоў вызвалення Беларусі, то знайшоў дакументы, якія датычыліся дзейнасці паліцая Чумака. Там убачыў запіс допыту свайго дзядулі: ён быў старшынёй калгаса і таму лічыўся ў нямецкіх расстрэльных спісах, у якія ўключалі ўсіх партыйных і савецкіх работнікаў. Цудам яму ўдалося ўгаварыць памагатага акупантаў не губіць сям'ю... Для мяне гэта памяць жывая, — падзяліўся суразмоўца.

Кіраўніцтва Караваціцкага сельвыканкама рыхтуе праект рэканструкцыі памятнага знака ў в. Першамайск (раней Кабылёва) для ўдзелу ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў.

Сёння ў межах крымінальнай справы аб расследаванні генацыду беларускага народа на Гомельшчыне працягваецца маштабная работа па ўвекавечанні гістарычнай памяці, звяртае ўвагу пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў:

— Мы бачым задачу ў тым, каб у кожнай сельскай школе раёна і вобласці быў свой невялікі куток, прысвечаны спаленым вёскам. На нашай Гомельскай зямлі кожны населены пункт пацярпеў, і важна данесці да маладога пакалення маштабы тых зверстваў, генацыду беларускага народа, важна не толькі аднавіць гістарычную праўду аб падзеях тых часоў, але і не дапусціць фальсіфікацыі фактаў і вынікаў Другой сусветнай вайны.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».