Вы тут

Аб'яднаць клас і стаць дзецям другой мамай. Гісторыя суражскай настаўніцы


Педагог — адна з найважнейшых прафесій у свеце, бо хто, як не ён, адчыняе дзецям дзверы ў дзівосны свет ведаў, вучыць дабраце і ўзаемадапомозе? Вясковы настаўнік увогуле выконвае мноства роляў па-за межамі сваіх прафесійных абавязкаў і становіцца для дзяцей другой мамай, а невялікі клас аб'ядноўвае ў сям'ю.


Кожны раз, калі па рабоце мне даводзіцца знаёміцца з вясковымі настаўнікамі, па-добраму ўражваюць гэтыя людзі. Сапраўды, працаваць у горадзе і вёсцы — розныя рэчы, і калі ў першым выпадку педагог адказвае толькі за свой, пэўны прадмет, у другім — ён сумяшчае часам несумяшчальныя дысцыпліны. Мне нават пашчасціла пазнаёміцца з настаўніцай нямецкай мовы, якая вяла яшчэ і ўрокі фізічнай культуры. Адметна, што за бясконцым шэрагам сшыткаў і праверачных работ яны знаходзяць час на хобі.

У Суражскай сярэдняй школе Віцебскага раёна ўжо восьмы год працуе настаўніца пачатковых класаў Алена Аркадзьеўна Тарарышкіна. З шырокай усмешкай і натхнёнымі вачыма яна дзень за днём расчыняе сваім шасцярым чатырохкласнікам акенцы ў вялікае жыццё. Яна — выпускніца гэтай школы, у педагогіку пайшла ўслед за маці Інесай Васільеўнай, якая шмат гадоў была загадчыцай мясцовага дзіцячага садка. Яшчэ тады Алена Аркадзьеўна, будучы школьніцай, часта дапамагала маці і зразумела, што дзеці — крыніца незгасальнай энергіі, якая неўсвядомлена сілкуе ўсіх вакол. Атрымала адукацыю ў Віцебскім педагагічным універсітэце і пачала пісаць працоўную біяграфію ў мясцовай Задуброўскай школе з 1997 года, а пасля рэарганізацыі ўстановы з-за недахопу навучэнцаў перайшла ў Сураж.

З цеплынёй настаўніца ўспамінае свой першы набор чатыры гады таму: упершыню ў гісторыі Суражскай школы за парту селі сем хлопчыкаў-першакласнікаў. Зараз сітуацыя амаль не змянілася: у класе шэсць чалавек, сярод іх — адна дзяўчынка, але, не зважаючы на хлапчуковую перавагу, дысцыпліна на высокім узроўні. На занятках, як бы цяжка ні было ўседзець на месцы, пануе ўважлівасць і засяроджанасць, а адзінай «кветачцы» Аксане хлопцы дапамагаюць і, калі трэба, абараняюць, — урокі выхавання ад класнага кіраўніка засвоены на «выдатна».

Зараз, расказвае Алена Аркадзьеўна, працаваць з дзецьмі стала лягчэй і цікавей: у параўнанні з мінулым стагоддзем школьнікі сталі больш узважанымі, начытанымі, а яшчэ ўжо ў такім маленькім узросце маюць свой пункт гледжання, які адстойваюць. «Цяпер адукацыйны працэс пабудаваны па прынцыпе «роўны навучае роўнага», і гэта здорава, бо чатырохкласнікі могуць у некаторых інфармацыйных тэхналогіях чамусьці каштоўнаму навучыць і мяне. Зараз мы вучымся разам з імі». І гэта дае добрыя вынікі на адукацыйнай ніве: у скарбонцы агульных узнагарод — перамога на алімпіядзе па рускай мове, літаратурным конкурсе «Жывая класіка». Акрамя таго, Ксенія Кавалёва і Вікторыя Кучарава пад кіраўніцтвам Тарарышкінай занялі першае месца на міжнародным конкурсе даследчых праектаў з работай пра ўласцівасці соку.

Па-за межамі школы галоўным захапленнем Алены Аркадзьеўны заўсёды былі колы і руль: яшчэ будучы ў дэкрэтным водпуску, паставіла перад сабой мэту атрымаць вадзіцельскія правы. Мару ажыццявіла і ўжо на працягу дзесяці гадоў штодзень атрымлівае зарад хуткасці і адрэналіну на шляху да школы. А два гады таму, калі пачалася эпідэмія каранавіруса, асвоіла новае хобі — кандытарства. «Цяжкі для многіх перыяд самаізаляцыі я павярнула ў свой бок і пачала асвойваць «салодкае» захапленне. Вучылася па майстар-класах у інтэрнэце, прыдбала неабходнае абсталяванне», — расказвае настаўніца. Гледзячы на работы Алены Аркадзьеўны, уражвае ўзровень дамашняга хобі: роўныя торцікі з цікавым і якасным аздабленнем даўно павінны былі стаць бізнесам, але салодкімі прысмакамі яна радуе толькі сваю сям'ю. Ёй прыемна, што давяла свой узровень да прафесійнага, але пераўтвараць занятак душы ў сродак заробку не збіраецца, лічыць, што тады хобі перастане прыносіць задавальненне.

Абапіраючыся на педагагічны прыклад бабулі і маці, настаўніцай пачатковых класаў стала і старэйшая дачка Алены Аркадзьеўны Крысціна, якая скончыла гэтую ж школу з залатым медалём, але навучае дзетак не ў вёсцы, а ў школе № 12 горада Віцебска. Працягваць педагагічную дынастыю Тарарышкіных плануе і малодшая Дар'я, якая зараз вучыцца ў восьмым класе.

Жыццёвым дэвізам настаўніцы з'яўляецца вядомае выказванне «Знайдзі сабе занятак па душы, і ты не будзеш працаваць ні дня». Алена Аркадзьеўна знайшла яго, стаўшы на нялёгкі, але цікавы педагагічны шлях, з якога збочваць не збіраецца.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.