Вы тут

Украінец Сяргей Машошын пра новую радзіму


Ён трапіў у спіс шчасліўчыкаў, якія атрымалі права на беларускае грамадзянства. Адпаведны ўказ нядаўна падпісаў Прэзідэнт Беларусі. Хутка Сяргей Машошын стане ўладальнікам беларускага пашпарта. Краіна ўжо даўно стала для яго другой радзімай, але з-за розных абставін афіцыйна яе грамадзянінам ён прызнаны толькі цяпер. Разам з бацькамі, братам і сястрой ён пераехаў сюды з Крыма ў 1998 годзе. Некалькі разоў спрабаваў атрымаць грамадзянства, але трэба было сабраць шмат дакументаў плюс заплаціць дзяржпошліну. З грашыма на той момант было напружана. Таму адкладваў на потым. Але пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб спрошчанай працэдуры атрымання беларускага грамадзянства, вырашыў давесці справу да ладу. Тым больш што тут у яго і сям'я, і дом, і работа.


Абавязковы для кожнага чалавека мінімум суразмоўнік, лічы, выканаў. Сына нарадзіў, дрэва пасадзіў, дом у працэсе (калі дакладна, то купілі з жонкай, але там непачаты край работы). Затое, акрамя сына, у Сяргея яшчэ дзве дачкі. Старшай, Дашы, у лістападзе спаўняецца 16 гадоў, а малодшая, Ніколь, сёлета ў першы клас пайшла.

Пераехаць у Беларусь бацькоў Сяргея прымусіў лёс. Пасля распаду СССР у іх крымскім пасёлку з красамоўнай назвай Савецкі стала цяжкавата жыць.

— Апошнія пяць гадоў тата зарплату не атрымліваў, ратавала толькі свая гаспадарка, — расказвае Сяргей. — Здадуць з маці парася, у школу нас, дзяцей, апрануць, за маю секцыю каратэ заплацяць — і зноў перабіваемся. Прадавалі малако на рынку, з гэтага і жылі. Бабуля з дзедам па мацярынскай лініі ўвесь час запрашалі да сябе ў Шклоўскі раён, вось мы і надумаліся.

Сяргей прызнаецца, што яму і раней падабалася бабуліна вёсачка Данькавічы — сюды ён прыязджаў кожнае лета на канікулы. Таму пераезд быў «мяккі». Школу заканчваў ужо ў Беларусі. За адной партай сядзеў са сваёй будучай жонкай. Пасля школы іх сцяжынкі на нейкі час разышліся, але пасля сустрэчы выпускнікоў усё зноў закруцілася.

І, мяркуючы па тым як мабільны тэлефон Сяргея за час нашай размовы перыядычна напяваў «Моя любимая жена, ты половиночка моя», адчуваецца, што тыл у яго надзейны.

З украінскай раднёй сувязі страціліся. Калі дачцэ трэба было скласці радавод для школьнага ўрока, дапамагчы было няпроста.

— Мая маці нарадзілася ў Казахстане, — распавядае Сяргей. — Яе бацькі спачатку цаліну падымалі па камсамольскай пуцёўцы, а потым пераехалі ў Крым. Там яна і пазнаёмілася з маім бацькам, таксама Сяргеем. З радні ў яго былі толькі бацька і сястра. Маці памерла, калі яшчэ ён малы быў. Далёкая радня, да якой мяне вазілі ў дзяцінстве, жыла ў Крывым Рогу.

Тое, што адбываецца сёння ў краіне, дзе ён нарадзіўся, для Сяргея балюча.

— У жыцці важна, каб быў мір, — разважае ён. — Вядома, што зарплаты ніколі шмат не бывае, але ж якая ёсць. Лічу, што мы — сям'я з дастаткам. І клопат дзяржавы адчуваецца. За мацярынскі капітал мы купілі сабе дачу — домік у Данькавічах з невялікім агародам. У школе нашы дзеці атрымліваюць бясплатнае харчаванне.

Сёлета на дачы было шмат работы. Адных толькі яблык назапасілі на ўвесь год. Частку ўраджаю здалі. Мясціны тут прыгожыя, экалагічна чыстыя. Побач лес, нават ліса ў двор забягае ў госці. «З такой суседкай курэй не завядзеш», — жартуе Сяргей. Разам з жонкай і дзецьмі ён, лічы, увесь вольны час праводзіць за горадам. Сістэму ацяплення перарабіў, каб у доме было цёпла. Збіраецца лазню пабудаваць. Хочацца, каб было не горш, чым у іншых. Тым больш дзеці падрастаюць. Даша школу заканчвае, зусім дарослая стала. Праўда, з прафесіяй пакуль не вызначылася. «Можа, рызыкне паступаць на ветэрынара? — спадзяецца тата. — Вельмі жывёл любіць, але баіцца ім рабіць балюча».

У Шклоўскім раёне жывуць брат і сястра Сяргея, працуюць у прыватных фірмах. Сам суразмоўца — слесар-рамонтнік на ТЭЦ Шклоўскага завода газетнай паперы. Ва ўсіх, у тым ліку і ў іх маці, дагэтуль быў толькі від на жыхарства. Беларускія пашпарты атрымаюць усе разам.

— Грамадзянства чакалі на працягу года, — кажа суразмоўнік. — Першачарговым правам карысталіся бежанцы. Некаторыя ўцякалі ад вайны, нават дакументы не прыхапіўшы. Але прыйшла і наша чарга. Станаўлюся паўнавартасным грамадзянінам. Цяпер і мне можна будзе ўдзельнічаць у выбарах. Жонка і дзеці ў мяне беларусы, толькі я выдзяляўся. Цяпер мы ў правах роўныя. Ды і наогул прыемна адчуць сябе грамадзінам краіны, якую даўно ўжо лічыш сваёй. Вось атрымаем пашпарты, збяромся на дачы і шашлыкі пасмажым. Добрая нагода для сямейнага свята. Знаёмыя віншуюць: мяне ж ужо двойчы па тэлебачанні паказвалі. Нават не чакаў такой рэакцыі. Вельмі прыемна, што дзяржава аказвае такую ўвагу. Для мяне гэта вялікая адказнасць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Шклоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».