Вы тут

Спецыялісты — пра вольны час з карысцю на асенніх канікулах


Асеннія канікулы ў школьнікаў пачнуцца з нядзелі, 30 кастрычніка, і працягнуцца 9 дзён. Арганізаваць для рабят паўнацэнны актыўны адпачынак у гэты час — задача не толькі бацькоў, але і педагогаў, выхавацеляў, розных устаноў адукацыі, культуры, фізкультуры і спорту, лагераў дзённага і кругласутачнага знаходжання. У лагерах, дарэчы, мяркуецца аздаравіць каля 62 тысяч школьнікаў, з іх паўтысячы дзяцей — у лагерах з круласутачным знаходжаннем. Датацыі дзяржавы для змяншэння кошту пуцёўкі складуць 98 рублёў.


Фота: pixabay.com

Усе дзеці, якія жадаюць і маюць патрэбу, будуць ахоплены аздараўленнем у восеньскіх лагерах 2022 года. Найбольшую цікавасць да адпачынку ў лагерах праявілі школьнікі ў Віцебскай вобласці, дзе аздараўленне пройдзе каля 11 тысяч вучняў. У Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абласцях і Мінску гэтыя лічбы складаюць больш за 9 тысяч. У Гродзенскай і Магілёўскай абласцях сёлетняй восенню аздаровяцца 6,1 тысячы і 7,5 тысячы школьнікаў.

Для аздараўлення дзяцей са сродкаў рэспубліканскага бюджэту выдаткавана больш за 1 мільён 750 тысяч рублёў, пры гэтым памер сродкаў на патанненне кошту пуцёвак у аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем на адзін дзень на кожнае дзіця складае 4 рублі 55 капеек, а ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем — 98 рублёў на кожную пуцёўку, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзь Балбатоўскі.

Работа лагераў будзе арганізавана ў адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі па прафілактыцы ўзнікнення і распаўсюджвання COVІD-19. У аздараўленчых лагерах будуць арганізаваны заняткі па інтарэсах, а таксама рэалізаваны аздараўленча-адукацыйныя праграмы, накіраваныя на патрыятычнае, маральнае выхаванне, фарміраванне навыкаў здаровага спосабу жыцця, развіццё дзелавых і камунікатыўных якасцяў у дзяцей.

Для тых, хто на канікулах застанецца дома, будуць арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Году гістарычнай памяці, увекавечанню подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і ахове помнікаў гісторыі, прыроды і культуры, шэраг экскурсійных мерапрыемтсваў, шэфства над ветэранамі, фізкультурна-масавыя мерапрыемствы.

— Уся выхаваўчая работа накіравана на стварэнне ўмоў для зняцця эмацыянальнага і разумовага напружання, — адзначыла начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Міхалевіч.

У Мінску больш за 11,5 тысячы дзяцей зможа адпачыць у аздараўленчых лагерах. Падчас восеньскіх канікулаў школьнікаў з Мінска прымуць чатыры загарадныя лагеры.

— Упершыню сёлета такую праграму для дзяцей арганізуе наш загарадны лагер «Змена», а разам з ім будуць яшчэ працаваць «Гарызонт», лагер Белпошты «Дружба» і, вядома ж, лагер БНТУ «Палітэхнік». Арганізатары распрацавалі цікавыя профільныя праграмы, узгаднілі іх з нашымі ўстановамі дадатковай адукацыі, — распавяла начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Рысявец. — І вектар гэтай профільнай накіраванасці настолькі разнастайны, што кожны з рабят не толькі знойдзе занятак даспадобы, але зможа актыўна і з карысцю правесці час у загарадных аздараўленчых лагерах.

Гатовыя ў дні школьных канікулаў прыняць дзяцей і музеі. Толькі ў сталічных школах іх дзейнічае 114, з якіх 14 маюць званне народных. Увогуле ж большасць сталічных музеяў удзельнічае ў сумесным з Міністэрствам культуры праекце, калі ў асобны дзень кожнага тыдня яны прымаюць школьнікаў бясплатна. Як правіла, гэта мусіць быць арганізаваная група па папярэднім запісе.

Ёсць магчымасць у школьнікаў наведаць і тэатры. Якраз у гэты час стартуе праект Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. М. Горкага «Майстры мастацтваў — дзецям». Непаўналетнія бясплатна ўбачаць некаторыя спектаклі. А сталічны кінатэатр «Піянер» падчас канікулаў арганізуе мэтавыя кінапаказы і правядзе акцыю «З любоўю ў сэрцы да Беларусі». Нацыянальная бібліятэка Беларусі чакае юных мінчан 1-2 лістапада на тэматычныя праграмы. Такія ж будуць арганізаваны і ў кожным раёне сталіцы на базе ўстаноў дадатковай адукацыі, а іх у Мінску 22.

Падчас вакацый старшыя школьнікі змогуць выбраць будучую прафесію: каледжы і ліцэі правядуць у межах праекта «Прафесійны навігатар» прафарыентацыйныя сустрэчы, а ВНУ — дні адчыненых дзвярэй.

Усім ахвотным можна будзе заняцца і прамысловым турызмам: пабываць на прадпрыемствах і заводах Мінска з экскурсіямі.

Падлеткі, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, наведаюць на канікулах маладзёжную антынаркатычную пляцоўку. Яна адкрылася нядаўна ў Адукацыйным цэнтры бяспекі жыццядзейнасці МНС.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?