Вы тут

Паляўнічы сезон стартаваў у краіне


Аб асаблівасцях сёлетняга паляўнічага сезона ў краіне расказвае начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз.


Фота: pixabay.com

Як вядома, з 1 кастрычніка адкрыўся сезон загоннага палявання на дзікіх капытных. «Нашы правілы палявання пабудаваны дастаткова дэмакратычна і накіраваны на ўсебаковае рацыянальнае выкарыстанне паляўнічай фаўны», — расказаў ён. Да 31 снежня дазваляецца здабываць ружэйным спосабам лася, дзіка, казулю, высакароднага і плямістага аленя, лань, муфлона любога полу і ўзросту. Загонным спосабам — толькі ў светлы час сутак. У любы час сутак можна праводзіць паляванне з засады і з падыходу.

Паводле слоў спецыяліста, асаблівасць паляўнічага бягучага года ў тым, што цяпер у Беларусі ўстанаўліваецца аптымальная колькасць буйных траваедных жывёл. На сёння ў краіне налічваецца больш за 120 тысяч казуль, больш за 43 тысячы ласёў, 36 тысяч аленяў. Асноўны напрамак работы Міністэрства лясной гаспадаркі — рацыянальнае выкарыстанне такіх рэсурсаў. Аляксандр Казарэз падкрэсліў, што, калі колькасць гэтых відаў расце, неабходна сфакусіравацца на рацыянальным планаванні вымання жывёл.

Спецыяліст таксама адзначыў, што сёння ёсць пэўныя праблемы з патравамі лясных культур, а таксама неаднаразова паведамлялася аб павелічэнні колькасці ДТЗ з удзелам дзікіх жывёлін. «Таму колькасць трэба трымаць на пэўным узроўні», — сказаў ён.

Планы адабрання лася і аленя сёлета ў арганізацыях Мінлясгаса ўжо выкананы на 20 працэнтаў, па казулі — амаль на 40 працэнтаў. «У асноўным на гэтых жывёлін палююць беларусы, развіваецца ўнутраны турызм. Дзякуючы таму мы ўбачылі трафейны патэнцыял нашых угоддзяў», — адзначыў Аляксандр Казарэз. Ён дадаў, што найлепшыя трафеі былі здабыты ў Пружанскім і Крычаўскім лясгасах.

Асноўныя змяненні для аматараў палявання на дзіка таксама ўступілі ў сілу з 1 кастрычніка. Так, адмяняюцца кампенсацыйныя выплаты (са сродкаў бюджэту) паляўніцтва карыстальніку і таму, хто здабыў звера. Таксама прадугледжана выкарыстанне прадукцыі палявання, атрыманай ад здабычы дзіка, пры гэтым плата спаганяецца з паляўнічага (групы паляўнічых) у памеры адной базавай велічыні за здабычу маладняку (жывёлы ва ўзросце да двух гадоў) і дзвюх базавых велічынь за здабычу дарослай жывёлы незалежна ад полу і трафейных якасцяў.

Што датычыцца загоннай здабычы, то яна дазваляецца ва ўсе дні тыдня з 1 кастрычніка да 31 студзеня.

Прадукцыя палявання, атрыманая пры здабычы дзіка, падлягае абавязковаму ветэрынарнаму кантролю і выкарыстоўваецца паляўнічым для асабістых мэт.

Закраналася на прэс-канферэнцыі і пытанне паляўнічага турызму.

— Ён адносіцца да нішавых відаў, не масавых. Тым не менш адыгрывае важную ролю. Гэта той від турызму, дзе часта прысутнічаюць крэдытаздольныя кліенты, якія могуць дазволіць сабе набор дадатковых паслуг, — сказаў Дзмітрый Марозаў, дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме. — Цяпер у нас бываюць госці з Расійскай Федэрацыі. Хоць, вядома, на тэрыторыі нашай краіны-суседкі ёсць вялізная колькасць прыродных рэсурсаў і лясных гаспадарак, таму працэнт гасцей адтуль, як і раней, не вельмі вялікі.

З іншых краін таксама невялікая колькасць гасцей можа цяпер даехаць да Беларусі, таму нядзіўная сітуацыя ў плане прыярытэту беларускіх кліентаў. Практычна ва ўсіх нашых нацыянальных парках, заказніках ёсць выдатныя функцыі, выдатныя прадукты, якія адносяцца не столькі да паляўнічых, а ў цэлым могуць быць цікавыя шырокаму колу насельніцтва. Якраз праз прасоўванне такіх прадуктаў можна прыцягнуць новых наведвальнікаў.

Якія менавіта віды паслуг аказваюць паляўнічыя гаспадаркі і нацыянальныя паркі, расказаў Аляксандр Іваноў, намеснік дырэктара РУП «Белдзяржпаляванне».
Ён жа адзначыў, што ў Беларусі цікавасць да палявання была заўсёды і яна не згасае, нягледзячы на пандэмію і іншыя цяжкасці.

— На сённяшні дзень паляўнічых цікавіць паляванне не толькі на капытных, але і на вадаплаўную дзічыну. Папулярнае веснавое паляванне на гусака, глушца, цецерука. Людзі прыязджаюць сем'ямі. Мы прапануем комплекс паслуг, экскурсіі. Сёння базы ў лесапаляўнічых гаспадарках сваёй інфраструктурай дазваляюць займацца сямейным адпачынкам. Гэта і веласіпедныя маршруты, і плаванне на байдарках, розныя фізкультурныя зоны і многае іншае, — расказаў Аляксандр Іваноў.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».