Вы тут

Лукашэнка аб армяна-азербайджанскім канфлікце і праблемах у АДКБ: Трэба супакоіцца і дамовіцца — вось мая пазіцыя


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб Калектыўнай Бяспецы Станіславам Засем. Падчас яе кіраўнік дзяржавы шчыра выказаўся аб армяна-азербайджанскім канфлікце і аб праблемах у АДКБ.


На пачатку сустрэчы Станіслаў Зась заўважыў, што тры гады для знаходжання аднаго чалавека на пасадзе генсека АДКБ — тэрмін недастатковы. Па яго словах, напрамкаў работы вельмі шмат і за тры гады ахапіць іх усе і адчуваць сябе ўпэўнена — вельмі цяжка. 

«Гэта мы абмяркуем на бліжэйшым пасяджэнні, добра, што сказаў. Я так разумею, што мы не адмяняем чарговае паседжанне АДКБ, якое 23 лістапада адбудзецца. У нас ёсць свая пазіцыя ў гэтым плане», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Аднак тэма рабочай сустрэчы была больш глабальнай, чым хуткае пасяджэнне. Галоўнай тэмай стала сітуацыя на армяна-азербайджанскай граніцы, якой у мінулую пятніцу было прысвечана пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на армяна-азербайджанскай граніцы быў і сам генсек АДКБ, і начальнік Аб’яднанага штаба працаваў. Па яго словах, ніхто лепей за гэтых спецыялістаў у сітуацыі не разбярэцца. «Вы ўцягнутыя ў гэты працэс, вы бачыце, што там адбываецца. Ну дык назірайце і дакладвайце. Навошта яшчэ туды пасылаць нейкіх назіральнікаў ад Беларусі, Расіі ды іншых? Чаго там целяпацца каля Расіі? Скончылася вайна, зразумела, чым скончылася. Вызначыліся бакі, што ім патрэбен пасярэднік груба кажучы. Гэта норма, класіка. Натуральна, гэта Расія. Звярнуліся да Расіі... Расійскія пагранічнікі, як сказаў Пуцін, знаходзяцца на ўсіх участках мяжы, і з Турцыяй, і з Іранам, і з Азербайджанам і гэтак далей. Што яшчэ трэба? Няхай у гэтым напрамку працуюць», — заявіў беларускі лідар. 

На пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі ў пятніцу Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што тут ідзе нейкая гульня. Але гульні быць не можа, паколькі вырашаецца пытанне вайны і міру. Падчас рабочай сустрэчы з генсекам АДКБ ён падкрэсліў, што нездарма тады сказаў пра гульню: «Я разумею, якая гульня. Навошта туды ўцягнулі Еўрасаюз, навошта туды цягнуць АБСЕ? Ну навошта? Зразумела ж, нашто. Што яны там будуць рабіць, калі там ужо ёсць пасярэднік? І яшчэ АДКБ туды трэба ўцягнуць, нібы больш няма чым займацца».

Вырашылі мірыцца — трэба мірыцца

Прэзідэнт расказаў, чаму так востра рэагуе на гэтае пытанне. У свой час, калі Беларусь чарговы раз старшынствавала ў АДКБ, Аляксандр Лукашэнка заняўся гэтым пытаннем. Ён сустрэўся з прэзідэнтам Азербайджана Ільхам Аліевым. «Я яму задаў пытанне так, жартуючы: «Ільхам Гейдаравіч, ну трэба Арменіі дапамагчы, калі дамовіцеся». Размова ішла аб пяці ці шасці азербайджанскіх раёнах, якія былі, як канстатавалі, захопленыя армянамі. Армяне прызналі, што гэта азербайджанская зямля, акрамя Карабаха. Ну дык вярні яе. І калі б тады, калі я прапанаваў гэта зрабіць, вярнулі гэтыя раёны — вайны б не было. У Ільхама (Аліева — прым.) не было, груба кажучы, матывацыі пачынаць гэтую вайну. Ну ты прасіў гэтыя раёны — вярнулі. Застаўся статус Карабаха. Вырашалі б у спакойным рэжыме. Тады ж не пагадзіўся ні Серж Саргсян (былы Прэзідэнт Арменіі — Зв.), ні потым Нікол Пашынян (цяпершані прэм’ер-міністр Арменіі —Зв.)», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Гэтае пытанне ён падымаў двойчы. Нават прапаноўваў Ільхаму Аліеву ў выпадку вырашэння канфлікту падумаць над інвестыцыямі ў Арменію, каб канчаткова памірыцца. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў той жа час будавалі трубаправоды, якія правялі ў абыход Арменіі. А Ільхам Аліеў прапаноўваў правесці іх праз Арменію, гэта быў больш выгадны і зручны варыянт. Але армянскі бок не пагадзіўся.

«Ну і што. Паставілі прэзідэнта Азербайджана ў вугал. Яму не заставалася іншага рашэння як сілавое. Далей цягнуць нельга было — больш за мільён бежанцаў стваралі напружанне. Вось у чым сутнасць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, як дасведчаны ў палітыцы чалавек, ён гэта выдатна бачыў і разёмеў.

«Ну што зараз гуляць. Цяпер трэба канчаткова, калі вырашылі мірыцца — трэба мірыцца і не трэба прыдумляць. Недзе ў гарах, як мне расказвалі дзеляць гэтую мяжу. Ну якія горы? Быццам бы сёння з гэтым Карабахам вырашылі, але пакуль Расія забяспечвае гэты працэс. Ну навошта зараз забіваць адзін аднаго? Амаль 300 чалавек забілі і яшчэ аб чымсьці разважаюць. Трэба супакоіцца і дамовіцца — вось мая пазіцыя. Адтуль, з далёкіх часоў — 10 з лішнім гадоў таму назад. Таму я так жорстка рэагую на гэта. Але канфлікт гэты трэба заканчваць. І не дай бог, мы яшчэ будзем распальваць канфлікт на таджыкска-кіргізскай мяжы — гэта таксама недапушчальна», — канстатаваў беларускі лідар. 

Ён упэўнены, што гэтыя канфлікты трэба заканчваць. Па словах Прэзідэнта, гэта не справа, калі ў рамках АДКБ існуюць канфлікты. Гэтыя пытанні будуць абмекраваны на чарговай сесіі АДКБ. Таксама беларускім бокам туды вынесены і іншыя пытанні, у тым ліку па сродках масавай інфармацыі, па прагназаванні, па інфармаванні на крызісныя сітуацыі. Шмат пытанняў. «І каб нас там не называлі «папяровым тыграм» ці яшчэ неяк — трэба актывізавацца тут. Калі хтосьці не жадае працаваць — бог з ім. Але трэба працаваць з тымі, хто хоча ў АДКБ працаваць, і забіць раз і назаўжды гэты жалезабетонны кол ці слуп, вакол якога мы ўсе будзем круціцца, і паказваць усяму свету, што ёсць такая ваенна-палітычная арганізацыя. Мы за гэта. Але без усялякіх гульняў і выкарыстання АДКБ у вырашэнні ўнутраных палітычных праблем. Яны ва ўсіх ёсць. Але ў нас АДКБ не для гэтага створана», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Станіслаў Зась, вяртаючыся да сітуацыі на армяна-азербайджанскай граніцы, расказаў, што неаданаразова бываў у Азербайджане. «Я бачыў, што краіна актыўна рыхтуецца да сілавога варыянта. Калі я казаў, што пытанне трэба перамовамі вырашаць, адказ быў просты — «мы 30 гадоў спрабуем дамовіцца, колькі яшчэ гадоў можна перамовы весці». Сітуацыя выспявала — і атрымалася тое, што атрымалася. На жаль, не маглі мірам вырашыць. Вось такое вырашэнне пытання», — сказаў ён. 

У тэму 

Прыярытэты не павінны быць абстрактныя 

Пасля рабочай сустрэчы з Прэзідэнтам генеральны сакратар АДКБ пагутарыў з журналістамі. Паводле яго слоў, у наступным годзе Беларусь будзе старшынстваваць у АДКБ і цяпер ужо на завяршальным этапе работа па падрыхтоўцы прыярытэтаў. «Патрабаванне ў кіраўніка дзяржавы традыцыйна простае і зразумелае: прыярытэты не павінны быць абстрактныя, надуманыя. Яны павінны датычыцца менавіта тых праблем, якія на парадку дня нашай арганізацыі, надзённых праблем, з якімі сутыкаецца арганізацыя сёння», — расказаў ён. 

Вядучай тэмай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы стала абстаноўка ў зоне адказнасці АДКБ. Гэта датычыцца і каўказскага рэгіёна. Станіслаў Зась праінфармаваў Прэзідэнта аб выніках работы місіі АДКБ, якая па даручэнні Савета калектыўнай бяспекі працавала ў Арменіі. На нечарговым саміце кіраўнікоў дзяржаў АДКБ 28 кастрычніка абмяркоўваліся прапановы па выніках работы місіі. Па словах генсека АДКБ, размова не завершана, ідзе дапрацоўка гэтах прапаноў. Гэтая тэма будзе абмеркавана і на хуткім саміце АДКБ у лістападзе. 

Станіслаў Засьі Аляксандр Лукашэнка абмеркавалі абстаноўку на мяжы Кыргызстана і Таджыкістана і магчымыя крокі АДКБ у інтарэсах яе стабілізацыі. Удзялялася ўвага і няпростай сітуацыі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. Генеральны сакратар АДКБ выказаў падзяку кіраўніку беларускай дзяржавы за працяглую шчырую размову: «Павінен адзначыць, што такі прамы падыход, сумленны і адкрыты, быў прадэманстраваны і ў ходзе праведзенага саміту кіраўнікоў дзяржаў на мінулым тыдні». 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.