Вы тут

Шэсць стагоддзяў Гайны і гісторыя школы ў Мар'інай Горцы


«У кожным месцы ёсць да чаго прыкласці рукі, ёсць дзе праявіць фантазію і ўмельства»

Газета «Звязда» досыць часта друкуе артыкулы аб тым, як жыхары вёсак, мястэчкаў, гарадоў наводзяць парадак на сваіх вуліцах, у дварах, як па месцы жыхарства ладзяць розныя святы. Вось такое з нагоды юбілею адбылося і ў нас, а напярэдадні...


Да юбілею Гайны (а ёй сёлета шэсцьсот ды яшчэ і дваццаць пяць!) мы пачалі рыхтавацца загадзя. У сацыяльных сетках я змясціла зварот да ўсіх неабыякавых, папрасіла выказаць свае прапановы па падрыхтоўцы і святкаванні гэтай прыгожай даты. Першай адгукнулася мая былая вучаніца Таццяна Матусевіч. Яна звязалася са сваімі аднакласнікамі, з аднавяскоўцамі, якія жывуць у іншых месцах, і працэс, што называецца, пайшоў: прычыніцца да справы абяцалі многія...

Пра свае намеры навесці парадак у парку, на крынічцы і на ўчастку рэчкі паміж дзвюма дарогамі, а таксама выдаць кнігу аб шасці стагоддзях мястэчка мы расказалі на прыёме ў старшыні райсавета. Тады ж прапанавалі дату святкавання: сярэдзіна жніўня, каталіцкае Успенне Багародзіцы, на якое ў Гайне цягам стагоддзяў праходзілі вялікія кірмашы.

Пасля гэтага наступаў час дзейнічаць, і я, забягаючы наперад, скажу: мы зрабілі ўсё, што планавалі. У Гайне з'явілася некалькі цудоўных месцаў, якія радуюць сваёй прыгажосцю, служаць візітоўкамі для нашых гасцей. Прычым зроблена ўсё талакой, клопатам гайненцаў і іх нашчадкаў, асобных дачнікаў і нават тых, хто ніколі не жыў тут, а проста зразумеў наш клопат. (Зазначу, што нямала было і тых, хто называў нас дзівакамі, а то і адкрыта смяяўся)...

Прывяду хіба некалькі лічбаў: амаль 70 чалавек сваім рублём, што называецца, падтрымалі выданне кнігі, 40 — ахвяравалі сродкі на набыццё матэрыялаў, неабходных для вырабу лавак, ветрака, для аздаблення крыніцы. Асаблівыя словы ўдзячнасці Міхаілу Пашэвічу, які набыў другое кальцо для крыніцы, дапамог з плітамі для ўмацавання яе берагоў, утрох, разам з сынам і пляменнікам, мужчыны ачысцілі ход крынічнай вадзе.

Калі наогул, то проста дзіву даешся, як можна было столькі зрабіць сіламі жменькі людзей, за тры месяцы, уручную, без капейкі дзяржаўных грошай! Парк, а дакладней сквер у цэнтры вёскі, ачышчаны ад смецця, па ім развезены два вялікія прычэпы завознай зямлі. Па перыметры і на клумбах высаджаны кветкі і кусты.

Віктар Матусевіч, нягледзячы на праблемы са здароўем, зрабіў для сквера адмысловыя лаўкі. Разам з сынамі і Сяргеем Кудрэвічам мужчыны змайстравалі дах для крынічкі, лесвічку (з узорнымі парэнчамі!) для спуску да вады, дэкаратыўны млын... Да іх каманды ўдала далучыўся Андрэй Вашчышын, здатны на розныя цікавыя прыдумкі.

Аднак і зноў жа ўсё аздабленне было зроблена пасля таго, як рукамі 10—12 чалавек абапал крыніцы высеклі сухія дрэвы, вывезлі залежы смецця, ачысцілі берагі, вынішчылі баршчэўнік. А найболей запомніліся сакавіцкія нядзельнікі па ачыстцы рэчкі, на якія выходзіла па 20 і больш чалавек. Асноўную работу — з бензапілой — браў на сябе Іван Кавалеўскі, усе астатнія — хто ачышчаў берагі, хто даставаў з вады рознае смецце, абломкі дрэў... Потым мы абкасілі берагі і дарогу, паставілі лаўкі... Уручную ўклалі два МАЗы шчэбеню на топкі ўчастак дарогі, на подступы да крыніцы.

...Да 1 ліпеня ўсё запланаванае было зроблена, кніга «Шэсць стагоддзяў Гайны» з дапамогай Іны Шэшко выйшла. Усе, хто прымаў удзел у добраўпарадкаванні нашых аб'ектаў, 2 ліпеня, у дзень вызвалення мястэчка ад фашысцкіх захопнікаў, сабраліся на свята падвядзення вынікаў. Да яго была падрыхтавана цэлая праграма з экскурсам у гісторыю вёскі, з узнагароджаннем, з аўтарскімі песнямі пра Гайну, з прыпеўкамі пра нашу працу і нават з гімнам.

Вельмі кранальнай атрымалася частка праграмы, прысвечаная вайне. Яе мы не рыхтавалі загадзя: проста ўсе расказвалі пра сваіх родных, пра гады акупацыі, спявалі песні.

Назаўтра, 3 ліпеня, мы ўсклалі кветкі да помніка землякам, на плітах якога 186 прозвішчаў загінулых.

А 13 жніўня на плошчы, дзе некалі праходзілі кірмашы, адбылося свята з вялікім канцэртам, атракцыёнамі, гандлёвымі палаткамі, салдацкай кашай, экскурсіяй на мясцовую аграсядзібу, асвячэннем крынічкі. Раённыя ўлады падарылі аграгарадку абсталяванне для дзіцячай пляцоўкі.

У газетах досыць часта пішуць пра людзей залатога ўзросту, пра тое, як зрабіць іх жыццё цікавым. Дам параду: бярыце прыклад з нас! У кожным месцы ёсць да чаго прыкласці рукі, ёсць дзе праявіць сваю фантазію і ўмельства.

Тамара КОХАН

м. Гайна, Лагойскі раён


Крыніца ведаў і натхнення

Нашай школе 85! Яна — першая сярэдняя ў Мар'інай Горцы. Яна — першая і цяпер адзіная гарадская беларускамоўная. І зноў жа першая, дзе з'явіліся групы дзіцячага садка і дзе створаны ўмовы для навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Іншымі словамі — гэта сапраўдны адукацыйны комплекс.

Некалі, у 1937-м, школа размяшчалася ў двухпавярховым цагляным будынку і мела 10 вучэбных класаў. Матэрыяльна-тэхнічная база была вельмі сціплай, падручнікі — на дваіх, а то і на траіх вучняў... І пры гэтым працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці, рыхтаваліся святочныя прадстаўленні, дэманстраваліся фільмы... Нашы вучні марылі стаць ваеннымі, лётчыкамі, настаўнікамі, інжынерамі, аграномамі, але... усё перакрэсліла вайна

У гады Вялікай Айчыннай на тэрыторыі Мар'інай Горкі дзейнічала падпольная партыйна-камсамольская група. Наш выпускнік Уладзімір Мацкевіч быў там радыстам, тройчы паранены ён кожны раз вяртаўся ў строй, каб працягваць барацьбу і ўрэшце прыняць удзел у знакамітым парадзе Перамогі...

Многія іншыя выпускнікі, настаўнікі, вучні да яе, на жаль, не дажылі: на франтах і ў партызанах загінулі завуч школы Іван Размысловіч, настаўнікі Рыгор Шкляр, Аляксандр і Лідзія Нічыпаровічы, выпускнікі Яўген Васілеўскі (навучэнец Таганрогскага авіяцыйнага вучылішча), Доніл Ідэльчык (студэнт Ленінградскага ўніверсітэта), вучаніца Вольга Бамбурава...

У будынку школы ў час вайны знаходзіліся нямецкія казармы, ад якіх пасля адступлення засталіся толькі сцены.

Нягледзячы на гэта, адразу пасля вызвалення краіны дзеці зноў селі за парты (хто — у разбураным будынку, хто — у памяшканнях рэдакцыі райгазеты і аптэкі). Вучыліся ў тры змены, без падручнікаў. Матэрыял засвойвалі па цудам захаваных канспектах настаўнікаў. Сярод іх былі Веньямін Ізраелевіч Мышалаў, Аляксандр Васільевіч Крывашчук, Юрый Навумавіч Борд, былыя франтавікі Мікалай Аляксеевіч Цялішчаў, Барыс Мікалаевіч Прасвірын, Аляксей Аляксандравіч Хрулёў, Андрэй Міхайлавіч Юркевіч... Школа, нягледзячы на цяжкасці, змагла наладзіць паўнавартасны адукацыйны працэс. У 1960-м, дзякуючы агульным намаганням, у нас з'явіліся спартыўныя зала і пляцоўка на вуліцы, дзе першыя крокі да вялікіх перамог зрабіў удзельнік Алімпійскіх гульняў, дзеючы рэкардсмен краіны ў хадзьбе на 20 км Артур Меляшкевіч.

У гэты ж час з'явіліся вытворчыя майстэрні і даследнае поле, дзе вырошчвалі яблыні, грушы, вішні, школа стала пераходзіць на кабінетную сістэму навучання. Імёны тагачасных дырэктараў Івана Барысавіча Дубінкі, Івана Васільевіча Макухіна, Аляксандра Епіфанавіча Карабцова, Віктара Сцяпанавіча Тарашкевіча, Абрама Маркавіча Гелера, Дзмітрыя Мікалаевіча Стасевіча, Тамары Ільінічны Іваніцкай упісаны ў гісторыю, у лёсы людзей, вялікімі, а то і залатымі літарамі.

...Са з'яўленнем у горадзе новых школ у нашай зменшылася колькасць навучэнцаў, мяняўся статус, назва і нават адрас. У новым будынку 35 вучэбных кабінетаў, сталярная і слясарная майстэрні, актавая і дзве спартыўныя залы, сталовая, сучасны медпункт... Школа ўпэўнена крочыць наперад: 25 нашых настаўнікаў і выхавальнікаў маюць вышэйшую катэгорыю, 8 педагогаў (чым не падстава для гонару?) — нашы выпускнікі. Яны ж, былыя вучні, прыводзяць да нас сваіх дзяцей.

...Як і ў кожнай установе адукацыі, у нас ёсць дасягненні ў самых розных конкурсах, прадметных алімпіядах, даследчай дзейнасці, мастацкай самадзейнасці, спартыўных спаборніцтвах... Але ж ёсць і тое, што робіць нас адметнымі. У гэтым навучальным годзе адчыніліся дзверы трох груп дзіцячага сада, створаны класы і для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Адзін з пасылаў, які мы імкнёмся данесці да навучэнцаў, — мы ўсе розныя, але павінны стаць адной вялікай сям'ёй, у якой за радасць дапамагчы іншаму. У нас створана безбар'ернае асяроддзе, працуе бацькоўскі клуб «Мы разам», профільны лагер «Вытокі». Дзясяткі нашых юнакоў і дзяўчат сталі выпускнікамі профільных класаў педагагічнага і спартыўнага напрамкаў, паспяхова працуюць авіямадэльны і ракетамадэльны гурткі. Кіраўнік іх Уладзімір Пасюкоў упэўнены, што сучасным дзецям цікавы не толькі камп'ютарныя гульні, але і тэхнічнае канструяванне. У школе ёсць асобнае памяшканне для вывучэння тэорыі авія- і ракетабудавання, вучні працуюць з чарцяжамі, ствараюць уласныя мадэлі і вяртаюцца чэмпіёнамі альбо прызёрамі міжнародных (!) спаборніцтваў.

А ўсё таму, што ў калектыве працуюць сапраўдныя педагогі, здольныя разгледзець таленты, убачыць, хто з вучняў можа стаць доктарам, настаўнікам, будаўніком, прадпрымальнікам, аграномам, зрабіць усё, каб выпускнікі змаглі адбыцца ў жыцці, у сваіх прафесіях. Школа ўсе свае 85 гадоў працавала і працуе дзеля вучняў, і яны не падводзяць: знаходзяць сваё месца ў жыцці, вытокі якога пачыналіся з крыніцы ведаў.

Вадзім КУШНЯРОЎ,

дырэктар Мар'інагорскага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад — сярэдняя школа.


З настальгіяй па сапраўдным

Сёння ўжо мала хто піша ручкай. Навошта, калі пад рукой клавіятура: націскай клавішы, чытай, выдаляй...

Я пісаць вучыўся ручкай з пяром. Пры гэтым трэба было прызвычаіцца да чарніліцы (шкляной альбо белай, керамічнай, з абадком...), каб не набраць на пяро лішняй вадкасці, каб не нарабіць кляксаў... Што, на жаль, не вельмі ўдавалася, асабліва дома, калі хацелася хутчэй зрабіць «дамашку» і лішнюю гадзіну пагуляць...

Потым надышоў век шарыкавых ручак. У маім стале іх цэлая калекцыя. Вось урачыста-чырвоная з надпісам «Звязда». Выдавецкі дом». Гэта — прыемны напамін аб перамозе ў конкурсе на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю. А вось вытанчана-беленькая з выявай першага нацыянальнага канала беларускага радыё, якая прыйшла да мяне, калі стаў фіналістам літаратурнага конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая».

Ёсць яшчэ ручка-падарунак ад «Беларускай лясной газеты» за супрацоўніцтва. Яна — з зялёненькімі рыскамі, якія сімвалізуюць елачку... Чырвоная ручка з санаторыя «Парэчча» — за ўдзел у канцэрце, які ладзілі адпачывальнікі і ў якім я чытаў свой верш... І яшчэ шэраг ручак, купленых, прывезеных, падараваных...

А вось маёй першай ручкі — той, з пяром — на жаль, няма, хоць мець хацелася б. Яшчэ і таму, што ў чацвёртым класе падпісваў ёю віншаванне адной сімпатычнай дзяўчынцы, што вучылася... у дзясятым...

Ручка, асадка, пісьмовыя зносіны выхоўвалі нас зусім не горш, чым сённяшні інтэрнэт. Ці не так?

Аляксандр МАТОШКА

Расонскі раён.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.