Вы тут

Успамінаючы маму


Апошнім часам часта сталі сніцца бацькі. Сяброўка кажа, што хутка асаблівы памінальны дзень — Дзмітраўская бацькоўская субота, трэба аднесці запіскі ў царкву, а лепей схадзіць на службу. Яно так. Але ўспамінаць бацькоў варта не толькі ў спецыяльныя дні. Ды і ўспаміны, як правіла, нас не пытаюцца, калі прыходзіць.


Дакладна ведаю, што з гадамі іх, успамінаў, стновіцца не менш, магчыма, яны пераходзяць на нейкі іншы ўзровень. Сціраюцца дэталі, але не эмоцыі, адчуванні. Часам усплыве адзін эпізод, карцінка з ранейшага жыцця, калі нешта робіш — гатуеш вячэру, прыбіраеш, пішаш тэкст, сядзіш каля акна вагона — усміхнешся сама сабе, уявіш амаль рэальна маму каля весніц, а потым як абалье, праніжа холадам: няўжо ніколі больш не ўбачу, ніколі не выйдзе яна насустрач?! Мамы няма ўжо 13 гадоў, бацька перажыў яе на шэсць гадоў.

У свае сямнаццаць як з'ехала з дому, паступіўшы на журфак, з той пары дома бывала толькі наездамі. Ну і летам, спачатку на канікулах, потым — у адпачынку. Успамінаюцца цяпер тыя прыезды, асабліва на Вялікдзень, калі ў бацькоў збіраліся ўсе. Мама дагэтуль, мусіць, тры дні гатавала, каб накрыць шыкоўны стол. На свята даставаўся абрус, які ёй некалі прывёз з Германіі брат у падарунак, а ложкі накрываліся асаблівымі посцілкамі, вышытымі ёю ў маладосці. Тыя белыя пакрывалы, пераробленыя з прасцін, з прыгожай вышыўкай, цяпер захоўваюцца ў маёй камодзе. Часам я іх накідваю на канапу на Вялікдзень. Але ж у гарадской кватэры яны не выглядаюць так па-святочнаму, няйначай, страчваюць сваю энергетыку, прынамсі, частку яе... Чамусьці ўспамінаюцца раннія Вялікадні, калі бывала яшчэ даволі холадна, палілася печка, а аднойчы мы прыехалі, і выпаў снег.

Заўсёды бацькі выбіралі халодныя дні, калі калолі кабанчыка. Тады таксама мы збіраліся ў родным доме. Але не на святкаванне, а каб дапамагчы. Гэта было падобна на абрад, нібы падвядзенне вынікаў года, своеасаблівыя дажынкі асобна ўзятай падсобнай гаспадаркі. Бацькі былі ў прыўзнятым настроі, згадвалі нейкія вясёлыя гісторыі з жыцця аднавяскоўцаў. Тата любіў успамінаць вясковую байку пра Ёселя, так называлі суседа маміных бацькоў Іосіфа. У таго было шасцёра дзяцей. Расказвалі, што аднойчы ўсе сабраліся на свежыну, зяці прыхапілі па пляшцы, нявесткі не адсталі, за сталом усе ўслужліва падлівалі бацьку — ну, той і заснуў рана. А яны разабралі свежыну па сумках ды з'ехалі вячэрнім аўтобусам. Ёсель назаўтра прачнуўся ранкам ды весела аклікнуў жонку: «Глянь, і нам засталося, вушы ды ногі пад лаву закаціліся!»

А яшчэ бацька артыстычна прыбядняўся, як толькі пачыналі разбіраць тушу: «Вой, трэба ў Моўчадзь па алей ехаць». Гэта афарызм з нашай мясцовасці, азначае, што сала зусім тонкае, каб пасмажыць, спатрэбіцца алей, які ў часы іх маладосці куплялі толькі ў мястэчку на кірмашах. І тым самым набіваўся на камплімент, што ён добры гаспадар, і сала вырасла добрае. Не толькі ў сумкі ўсім хопіць пакласці, але і каўбасы, вяндліна, кумпякі будуць прыпраўленыя і высушаныя. Прысмакаў хопіць амаль да лета. Гэта быў вясёлы тлум, мама ўсё спрытна перапрацоўвала, бо ў яе ўжо загадзя былі падрыхтаваныя міскі, тазы, каструлі, гарачая вада, чыстыя сурвэткі і ручнікі. Насамрэч свежына — гэта вялікая работа, і не аднаго дня.

Мы таксама рыхтаваліся да паездкі, планавалі выхадныя, у каго яны не супадалі. А аднойчы па дарозе на свежыну... трапілі ў аварыю. Ехалі звечара лістападаўскай слатой, калі дождж чаргаваўся з мокрым снегам. Было гэта гадоў 20 таму. Нас ехала трое, за рулём — муж сястры, яна — на пярэднім сядзенні, я — ззаду. Заўважыла, як нас абагнаў ліхач на іншамарцы, нібы віхура пранеслася, не паспела нават пракаментаваць яго язду, адчула штуршок і машыну занесла. Як высветлілася потым, ён зачапіў спадарожны «масквічык», таго развярнула на 90 градусаў, і мы ўжо не маглі пазбегнуць удару, разам з экстранным тармажэннем наша машына пратараніла яму заднія дзверы. На шчасце, ніхто з нас не пацярпеў, толькі машыны. А той вар'ят, які ўчыніў аварыю, сядзеў на зямлі, абхапіўшы галаву рукамі, побач плакала яго дзяўчына, магчыма, ад шоку, відавочных траўмаў на іх не было. Але ўсё зацягнулася надоўга, пакуль прыехала міліцыя, пакуль афармлялі, потым паехалі ў горад для праходжання ўсіх фармальнасцяў. Мы стаялі фактычна ў полі. Не ведаю, што перажыла б мама, яна ж чакала нас, каб я надоечы не купіла мабільны тэлефон. Тады яны толькі ўваходзілі ва ўжытак. Я патэлефанавала і сказала ёй, што мы стаім, бо зламалася машына, чакаем эвакуатар, а ён ўсё не ідзе. Яна задавала пытанні, мы, быццам бы звычайна, гаварылі.

Праўду я расказала, можа, праз год. А яна горка ўсміхнулася: «Я ўсё зразумела тады, па тваім голасе». А я ж лічыла сябе нядрэннай актрысай: часам магу сыграць, калі трэба. Ды толькі маму не падманеш.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.