Вы тут

Разбіраемся, што такое замяшчальная сем’я для пажылых людзей


Замяшчальныя сем'і для пажылых людзей і асоб з інваліднасцю з'явіліся ў нашай краіне ў 2017 годзе. Новая форма сацыяльнага абслугоўвання ў большасці выпадкаў не прадугледжвае фінансавай падтрымкі: апеку і догляд за адзінокімі пажылымі людзьмі і інвалідамі замяшчальная сям'я часцей за ўсё бярэ на сябе бязвыплатна. Навошта людзі рашаюцца на дадатковыя клопаты і велізарную адказнасць? Каб разабрацца ў гэтым, адправімся ў невялікі гарадок Кіраўск, цэнтр аднайменнага раёна Магілёўскай вобласці. Бо ў дадзенай з'явы ёсць дзве цікавыя асаблівасці, расказалі работнікі сферы сацыяльнай абароны: па-першае, пажылых людзей «усынаўляць» часцей людзі даволі сталага ўзросту — бліжэй да пажылога, і па-другое, гэта ў большай ступені ўласціва сельскай мясцовасці, чым вялікім гарадам.


«Нічыя старыя»?

А наогул, ідэя не новая — з 1990-х гадоў замяшчальныя сям'і для адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў паступова пачалі з'яўляцца ва ўсім свеце. І для нашай краіны яна таксама, што называецца, «ляжала на паверхні». Замяшчальныя сем'і — гэта ж не толькі догляд (тым больш, што большасць «усыноўленых» старых яшчэ ў стане пра сябе паклапаціцца). Гэта ў першую чаргу магчымасць зносін. Магчымасць стаць членам сям'і і перастаць востра адчуваць адзіноту. Герантолагі не стамляюцца паўтараць: сацыяльная ізаляцыя пажылых людзей, з'яўляючыся сумнай прыкметай нашага часу, стварае асяроддзе для развіцця дэменцыі і ў цэлым скарачае працягласць жыцця старых.

— Каб нашы пажылыя людзі заставаліся актыўнымі, каб не сыходзілі ў псіханеўралагічныя дыспансеры ў стане, калі дэменцыя не паддаецца карэкцыі, вельмі важна, каб яны не заставаліся ў адзіноце, — падкрэслівае галоўны герантолаг Беларусі Людміла Жылевіч.

Яшчэ ў сярэдзіне (і нават у канцы) XX стагоддзя чалавек жыў і старэў у коле сям'і. І гэта правільна, фізіялагічна для чалавека: мы — сацыяльныя істоты, такімі нас задумала прырода.

Калі вы маеце зносіны, уключаецца велізарная колькасць кампанентаў: вы выбіраеце тэму размовы, успрымаеце суразмоўніка, адзначаеце, як ён успрымае вас. Мозг рэагуе на дзясяткі раздражняльнікаў зыходзячы з таго, як развіваецца дыялог.

Сучасны свет, робячы наша існаванне камфортнейшым, спрыяе раз'яднанню людзей — гэта адваротны бок тэхналагічнага прагрэсу. І калі ў маладосці недахопу зносін мы не адчуваем, то ў першую чаргу з адзінотай сутыкнуліся людзі сталага ўзросту. Многія з іх у нашы дні праводзяць «сам-насам» амаль увесь свой час, асабліва калі здарылася так, што блізкіх сваякоў у іх не засталося. Пры гэтым сацыяльная ізаляцыя — ключавы фактар хуткага развіцця сіндрому старэчай астэніі: паталагічнага старэння. Церпіць у першую чаргу псіхічная сфера — адбываецца зніжэнне кагнітыўных функцый, і дэменцыя заяўляе пра сябе «на поўны голас».

Словам, замяшчальная сям'я для пажылога чалавека — гэта і якасць жыцця, і шанц на шчаслівую старасць, якая «ў радасць», у асяроддзі блізкіх людзей. Але што атрымлівае сям'я, якая рашыла стаць замяшчальнай?

Бясцэнны ўнёсак

Як ужо гаварылася, узнагароджанне для замяшчальнай сям'і, якая прыняла да сябе пажылога чалавека, не прадугледжана. Вядома, пажылыя людзі ўносяць свой уклад у сямейны бюджэт (па законе, такая сума не павінна перавышаць 75 % пенсіі з улікам надбавак, даплат і павышэнняў). Але гэта не тыя грошы, якія могуць схіліць шалю вагі на карысць рашэння ўзяць у сям'ю старонняга пажылога чалавека. Больш за тое, у шэрагу выпадкаў гэтая сума, цалкам магчыма, нават не пакрые выдаткі на дастойнае ўтрыманне яшчэ аднаго члена сям'і. Калі сям'я клапоціцца пра інваліда І групы, які не можа сам сябе абслугоўваць, прадугледжаны выплаты ў памеры 100 % бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Калі такіх непрацаздольных у замяшчальнай сям'і двое, выплата складзе 150% бюджэту пражытковага мінімуму. Пажылы чалавек можа выдзеліць жылплошчу замяшчальнай сям'і або пераехаць да іх, але яго квадратныя метры застаюцца яго ўласнасцю. Словам, матэрыяльны інтарэс выключаны.

Што ж кіруе людзьмі, якія прынялі рашэнне прытуліць адзінокую старасць? Фінансавы складнік тут ролі не адыгрывае, падкрэсліваюць супрацоўнікі ТЦСАН Кіраўскага раёна. Тут вядучая роля — у эмацыянальнай сферы. Іншымі словамі, замяшчальная сям'я — гэта не пра выгаду. Гэта пра пачуцці: чалавечае цяпло і дабрыню.

Дарэчы, колькасць замяшчальных сем'яў на Магілёўшчыне паступова павялічваецца, распавялі яны. У 2021 годзе іх было каля трох дзясяткаў, цяпер іх колькасць паступова набліжаецца да 50. У невялікім Кіраўскім раёне на сённяшні дзень замяшчальных сем'яў для старых — тры.

— Гэтая форма работы вельмі дабратворна ўплывае на нашых адзінокіх пажылых людзей — хоць адзінокімі іх цяпер і не назавеш, — распавядае намеснік дырэктара Кіраўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Дашкевіч. — Зразумела, з боку сацыяльнай службы існуе кантроль: як ставяцца да пажылых у «прыёмнай сям'і». І, як правіла, распавядаючы аб сваім новым жыцці, старыя ўсміхаюцца, іх настрой — пазітыўны, яны адчуваюць сябе абароненымі і любімымі.

Хто ж тыя людзі, якія згаджаюцца клапаціцца пра «чужую» старасць?

— Перш за ўсё, людзі, якія не лічаць, напрыклад, пажылых суседзяў «староннімі», — кажа Таццяна Іванаўна. — Менавіта таму больш замяшчальных сем'яў — у сельскай мясцовасці: мегаполісам гэтая грань ментальнасці ўласцівая ў меншай меры.

Трэба сказаць, што пяць гадоў таму ўпершыню падобная сацыяльная мадэль была апрабаваная ў Вілейскім раёне, і сёння ён сярод лідараў па колькасці замяшчальных сем'яў для старых. У Магілёўскай вобласці ў складзе лідараў — Кіраўскі і Кастрычніцкі раёны.

Вельмі часта сям'я «ўсынаўляе» пажылога чалавека, які калісьці быў блізкі да бацькоў, што пакінулі гэты свет, які дапамагаў і падтрымліваў у дзяцінстве або юнацтве — так яны аддаюць доўг падзякі, распавядаюць спецыялісты сацыяльнага цэнтра. Акрамя таго, пажылыя людзі могуць даць сям'і вельмі многае: гэта не вымяраецца ў грашовых адзінках, але часам каштоўнейшае за грошы, падкрэсліваюць яны.

Больш за палову замяшчальных — сем'і з дзецьмі. То-бок сем'і, якім патрэбныя... бабулі і дзядулі. Тыя, хто заўсёды пасядзіць з дзіцем, выслухае і зразумее, хто будзе песціць унукаў і ў любой сітуацыі станавіцца на іх бок. Пагадзіцеся, калі вы ніколі не хадзілі з дзедам на рыбалку і не давяралі бабулі свае дзіцячыя перажыванні, ваша маленства было... няпоўным, ці што. Бабуля і дзядуля — найважнейшыя людзі ў жыцці любога дзіцяці, і нават калі ўнук або ўнучка становяцца дарослымі, яны застаюцца для бабулі і дзядулі аб'ектам невычэрпнай любові і клопату. Толькі бабуля і дзядуля прымуць унука або ўнучку цалкам і безумоўна, з усімі капрызамі, дзіцячым эгаізмам або падлеткавым крызісам, будуць абараняць нават перад бацькамі і апраўдаюць у душы, нават калі ў нейкай сітуацыі «ўнучак» відавочна не мае рацыю... І калі здарылася так, што лёс абдзяліў вас старэйшым пакаленнем сям'і — менавіта «прыёмныя» пенсіянеры змогуць, у сваю чаргу, запоўніць тую пустату і зрабіць сям'ю больш шчаслівай, кажуць супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Кіраўскага раёна.

Яшчэ адзін тып сем'яў, якія часцей за ўсё вырашаюцца стаць замяшчальнымі для адзінокіх пажылых людзей, — пары сталага ўзросту без дзяцей. Людзі хочуць падзяліцца любоўю і клопатам з тымі, каму яны асабліва патрэбныя. На самай справе, ім магчымасць адарыць кагосьці сваім цяплом патрэбная не менш, чым атрымаць яго — тым, хто ў гэтым мае патрэбу...

Пра асабісты прыклад

Калі сям'я Манкеевых з аграгарадка Стайкі Кіраўскага раёна вырашыла стаць замяшчальнай для 91-гадовай Марыі Савелеўны Паладзенкі, некаторыя сталі пытацца Алу: маўляў, навошта табе тое?

— У мяне часам цікавяцца: «Навошта вы гэта робіце?» — распавядае жанчына. — Але Марыя Савелеўна нам як родная, мы заўсёды тут жылі разам. Яна не чужая, яна наша бабуля. Ды і мае дзеці і ўнукі яе любяць.

Ала была сяброўкай сваячкі Марыі Савелеўны, якая клапацілася пра яе. І калі даглядаць бабулю стала няма каму, Ала вырашыла ўзяць яе ў сваю сям'ю.

— Мая сяброўка часта ляжала ў бальніцы, і я прыглядала за яе цёткай. І калі паўстала пытанне, дзе будзе жыць адзінокі пажылы чалавек, бабуля сама сказала: «Пайду да радні». Гэта яна пра маю сям'ю так сказала: прывыкла да нас, лічыла роднымі, — распавядае Ала.

Суразмоўніца кажа: муж падтрымаў яе рашэнне, і ў цэлым у яе вялікай сям'і — трое дзяцей, чацвёра ўнукаў — усе ўхвалілі з'яўленне яшчэ аднаго чалавека. І вось ужо тры гады сям'я клапоціцца аб «сваёй бабулі».

— Маіх бацькоў ужо няма на свеце, і для мяне і маіх хатніх Марыя Савелеўна стала роднай. Маленькія ўнукі лічаць яе сваёй прабабуляй.

«Яна добрая, не капрызная, цярплівая», — усміхаецца Ала. Кажа, Марыя Савелеўна, нягледзячы на сталы ўзрост, здольная сама сябе абслугоўваць: і адзяваецца-мыецца, і есць таксама сама, з лыжачкі карміць яе не трэба. Часам спявае сваёй «дачцэ» народныя песні — Ала любіць яе спевы слухаць.

— Пытаюся: ці баліць што-небудзь? Адказвае: усё ў парадку, што ж ты хочаш — мне ж хутка сто гадоу! — кажа жанчына.

Ала перакананая, што гэты ўчынак стане добрым прыкладам для малодшага пакалення сям'і, бо дзяцей дарослым трэба выхоўваць не словамі, а справамі. І значыць, у сталыя гады ніхто з старэйшага пакалення сям'і Манкеевых не застанецца сам-насам са старасцю і хваробамі.

Аляксандра Анцэлевіч.

Старых «усынаўляюць» часцей людзі даволі сталага ўзросту —
бліжэй да пажылога.

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.