Вы тут

Зямля герояў і месца подзвігу. Чым славіцца Любанскі край і чаму ён не чужы для «звяздоўцаў»?


Адным з адрасоў ваеннай біяграфіі газеты «Звязда» з'яўляецца Любаншчына. На гэтай зямлі, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны стала партызанскім краем, пасля трагічнага правалу ў акупаваным Мінску працягнула свой выхад найстарэйшае рэспубліканскае выданне. Першы нумар «Звязды»-партызанкі выйшаў 27 студзеня 1943 года. Праз некалькі дзён — 31 студзеня 1943-га — у Любанскім раёне аднавіла сваю дзейнасць, спыненую вайной, і найбольш аўтарытэтная, папулярная па тым часе маладзёжная газета — «Чырвоная змена».


Жорсткая неабходнасць

Першыя нумары падпольных выданняў у партызанскай зоне выйшлі ў вёсцы Шостая брыгада (цяпер Дварэц). Рэдакцыя размяшчалася ў звычайнай вясковай хаце, дзе гаспадарыла Марфа Мігун. Аб гістарычным факце сведчыць мемарыяльная шыльда, якую ўрачыста адкрылі тут у маі 1975 года. Праўда, на месцы хаты, дзе некаторы час размяшчалася падпольная тыпаграфія, цяпер стаіць новая. Аднак памяць аб тым, што адбывалася тут у найбольш складаны перыяд у нашай гісторыі, захоўваецца дагэтуль — няхай і іншымі гаспадарамі, няхай і новымі жыхарамі Дварца.

Над выпускам «Звязды» і «Чырвонай змены» ў зоне партызанскіх злучэнняў працавала ўсяго некалькі чалавек: былы рэдактар Любанскай раённай газеты Піліп Касцюкавец, карэспандэнт даваеннай «Советской Белоруссии» Георгій Шчарбатаў, супрацоўнікі Капаткевіцкай раённай газеты Амяльян Шурпач, Аляксандр Сакевіч, Мікалай Курыка і Ніна Цылько. Узначальваў абагульненую рэдакцыю дзвюх газет даваенны рэдактар «Чырвонай змены» Міхаіл Барашкаў.

Калі ў хаце Марфы Мігун размяшчалася друкарня, то ў суседняй, дзе гаспадарыла Марыя Бубіч, журналісты-падпольшчыкі жылі. Як успамінаў адзін з супрацоўнікаў рэдакцыі Амяльян Шурпач, які да самай пенсіі працаваў у «Звяздзе», умовы работы і быту былі суровыя. «Мы не мелі права нікуды, акрамя нашых кватэр, адлучацца, нікому нічога гаварыць пра свой занятак, — расказваў ён. — Нам, вядома, не падабалася ўсё гэта. Пасля шматлікіх паходаў, небяспечных аперацый апынуцца ледзь не пад арыштам — прыемнасці мала. Хутка мы пераканаліся, што суровыя ўмовы канспірацыі — не выдумка, а жорсткая неабходнасць».

Герой Сацыялістычнай Працы Кузьма Іванавіч Шаплыка.

Адно жаданне — хутчэй вызваліць Радзіму

Ствараць газеты ў тыле ворага — надзвычай рызыкоўная справа: у любы момант журналісты маглі трапіць у рукі да гітлераўцаў. Няпроста было друкаваць газеты і з тэхнічнага пункту гледжання: памяшканне не падыходзіла для выдавецкай дзейнасці, ды яшчэ ўвесь час нечага не хапала: то друкарскай фарбы, то паперы (бывала, што ў ход ішлі нават вучнёўскія сшыткі). Яшчэ больш складана было знаходзіць патрэбныя словы, каб не горш чым зброяй біць імі ворага. У журналістаў гэта выдатна атрымлівалася, аб чым сведчыць той факт, што чарговы выпуск «Звязды» або «Чырвонай змены» прыводзіў гітлераўцаў у шаленства — нацысты прыкладалі шмат намаганняў, каб знайсці падпольную рэдакцыю.

«Партызаны і партызанкі! — пісала ў адным з ваенных выпускаў «Звязда». — Мініруйце ўсе шляхі адходу нямецкіх войскаў. Пад адхон нямецкія эшалоны! У паветра аўтамашыны, танкі і гарматы праціўніка. Ірвіце сувязь і чыгуначнае палатно, нападайце на тылы, высочвайце і знішчайце штабы і склады гаручага і боепрыпасаў. Агнём і куляй сустракайце нямецкіх фашыстаў заўсёды і ўсюды!»

Пра подзвігі моладзі рэгулярна на сваіх старонках распавядала «Чырвоная змена». Наколькі яна была баявой, можна меркаваць па наступных радках: «Маладыя патрыёты! Не ідзіце з немцамі на ніякія згоды. Трымайцеся, каб вораг не пахіснуў вашай упэўненасці ў нашу перамогу, каб не завалодаў вамі. Усе на бой з гітлераўцамі за вызваленне сваёй Радзімы ад нямецкай тыраніі!» Пераканаўча ў маладзёжным выданні гучыць і паведамленне памочніка камісара па камсамолу энскай партызанскай брыгады Уладзіміра Ш.: «Моладзь і камсамольцы гараць адным жаданнем — хутчэй вызваліць сваю Радзіму ад нямецкай няволі. Зварот воінаў-беларусаў да партызанаў і партызанак, да ўсяго беларускага народа, поспех Чырвонай Арміі ўзнялі новую хвалю баявой актыўнасці». Журналісты-падпольшчыкі рэгулярна атрымлівалі перамогі на інфармацыйным полі бою.

У партызанскім краі «Звязда» выходзіла два разы на тыдзень — па суботах і серадах, «Чырвоная змена» — па нядзелях. Часцейшая перыядычнасць была проста не па сілах невялікаму рэдакцыйнаму калектыву. Мала было толькі напісаць публікацыю і змясціць яе ў газету: дзякуючы сучасным сродкам яно робіцца вельмі хутка, раней жа
гэта быў вельмі працаёмкі працэс. Нягледзячы на тое, што самі партызаны, адказныя падпольныя партыйныя і камсамольскія работнікі прыносілі ў рэдакцыю матэрыял, журналісты рэгулярна знаходзіліся «ў камандзіроўках». Здабываючы актуальную інфармацыю з месца падзей, яны разам з народнымі мсціўцамі ўдзельнічалі ў аперацыях па разгроме варожых гарнізонаў, у дыверсіях на чыгунцы і дарогах — а значыць, увесь час знаходзіліся пад куляй. Нярэдка, калі вораг быў зусім побач, замест алоўкаў і вярстатак у рукі даводзілася браць аўтаматы.

Праўдзіва і трапна

У партызанскай зоне калектыву «Чырвонай змены» і «Звязды» часта прыходзілася змяняць месца дыслакацыі — такія абставіны ваеннага часу. У цяперашнім Дварцы выйшла па некалькі выпускаў газет. Ствараліся выданні і ў іншых населеных пунктах. Асноўнай жа «прапіскай» у партызанскім краі для найстарэйшых газет Беларусі стаў легендарны востраў Зыслаў. Менавіта тут у гады акупацыі размяшчаліся Мінскія падпольныя абкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, Любанскі падпольны РК КП(б)Б, штабы некаторых партызанскіх злучэнняў, партызанскі аэрадром, а таксама рэдакцыя любанскай раённай газеты «Кліч Радзімы».

На Любаншчыне «Звязда» ўбачыла свет 98 разоў (усяго ў партызанскай зоне было выпушчана 105 нумароў газеты). У тыле ворага выйшла 48 выпускаў «Чырвонай змены». Уклад гэтых дзвюх газет у барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі вельмі істотны. Журналісцкае слова праўдзіва расказвала аб падзеях на фронце, выкрывала сапраўдныя намеры акупантаў, заклікала папаўняць шэрагі народных мсціўцаў. Насельніцтва з нецярпеннем чакала чарговыя выпускі газет, чытала кожную змешчаную публікацыю і, вядома, добра разумела, што кожны радок быў напісаны ў неверагодна складаных умовах, з рызыкай для жыцця.

У сакавіку 1944 года маладзёжная газета адасобілася ад «Звязды» і пачала выдавацца ў вызваленым Гомелі, дзе яе ўзначаліў і рэдагаваў Іван Матыль. Пасля вызвалення сталіцы выданне беларускай моладзі вярнулася ў Мінск. У ліпені 1944 года аднавіла тут сваю дзейнасць і «Звязда». Займеўшы асобныя рэдакцыі, уласныя штаты творчых супрацоўнікаў, маючы сваю перыядычнасць і тэматычную скіраванасць, дзве рэспубліканскія газеты заўсёды крочылі побач. Грунтуючыся на гераічным мінулым, яны, як дзве сястры, дапаўнялі адна адну ў айчынным медыяполі. Невыпадкова, калі ў красавіку 2002 года «Чырвоная змена» спыніла выхад як самастойнае выданне, яе далучылі да «Звязды», дзе газета выходзіць у якасці дадатку пад назвай «Чырвонка. Чырвоная змена». Два перыядычныя выданні ствараюцца ў адной рэдакцыі.

Слава Шаплыкі

Подзвіг супрацоўнікаў дзвюх газет увекавечаны не толькі ў Мінску («Звяздзе» тут пастаўлена некалькі помнікаў), а і таксама на Любаншчыне: і на Зыславе, і ў канкрэтных населеных пунктах, дзе хоць і часова, але знаходзілася падпольная рэдакцыя (у тым ліку ў цяперашнім Салігорскім, Слуцкім раёнах). Калі ж імя газеты «Звязда» носіць адзін з праспектаў сталіцы, то ў гонар «Чырвонай змены» ў Любанскім раёне яшчэ да вайны быў названы цэлы калгас.

Дарэчы, Любаншчына ўвайшла ў гісторыю Беларусі не толькі як партызанскі край. Гэтая зямля, якая натхняла самога Янку Купалу (менавіта тут класік напісаў знакамітую паэму «Над ракой Арэсай») і іншых знакамітых пісьменнікаў, дала краіне трох Герояў Савецкага Саюза, а таксама 18 Герояў Сацыялістычнай Працы. Сярод іх — Кузьма Іванавіч Шаплыка, імем якога быў названы калгас «Чырвоная змена».

Усё, як той казаў, па заслугах. 51 год Кузьма Іванавіч кіраваў гаспадаркай, якая стала адной з перадавых ва ўсёй Беларусі. Ці думаў пра гэта колішні партызан-разведчык, які пасля вызвалення вярнуўся ў родныя мясціны, на Любаншчыну, і праз год узначаліў калгас? Як адданы Радзіме баец (аб гэтым сведчылі яго ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі»), ён прасіўся на фронт. Не адпусцілі. Арганізатарскія здольнасці Шаплыкі былі неабходныя для аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі. І Кузьма Іванавіч з усёй адказнасцю, якая была ўласцівая яго характару, узяўся за даручаную справу. Неўзабаве слава аб Шаплыку грымела на ўсю краіну, за яго эксперыментатарскімі рашэннямі сачылі і па тэлебачанні, і ў прэсе. У гасцях у легендарнага старшыні калгаса бываў і сам Машэраў.

Нягледзячы на такую ўвагу з боку найвышэйшага кіраўніцтва краіны і вялікую колькасць ганаровых званняў (Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер трох ордэнаў Леніна, трох ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знака Пашаны», заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і іншае), ён заўсёды быў сціплым чалавекам, які, не шкадуючы сябе, імкнуўся як мага больш зрабіць добрых спраў, дапамагчы людзям. Пры Кузьме Іванавічы цэнтр гаспадаркі — вёска Сарачы — стала прыгожым, сучасным пасёлкам. На вясковых вуліцах з'явіліся шматпавярховыя жылыя дамы, былі пабудаваны адміністрацыйны будынак, гасцініца, гандлёвы цэнтр, дзіцячы садок, школа, кафэ-рэстаран, Дом быту, Палац культуры. У 1971 годзе разам з атрыманнем высокай узнагароды — ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга — гаспадарка стала адной з найбольш паспяховых у Беларусі.

11 красавіка 1997 года Кузьма Шаплыка пайшоў з жыцця. Аднак галоўнае яго тварэнне — калгас «Чырвоная змена» — жыве дагэтуль. Называецца, праўда, па-сучаснаму — адкрытае акцыянернае таварыства — і носіць імя чалавека, які не толькі праславіў гэты невялічкі куточак Любаншчыны на ўсю краіну, а і зрабіў жыццё яго жыхароў больш камфортным і прыстойным. Удзячныя нашчадкі ў гонар Кузьмы Шаплыкі назвалі не толькі гаспадарку. Імя Героя Сацыялістычнай Працы ў аграгарадку Сарачы носіць вуліца, у Любані ў гонар сапраўднага беларуса ўстаноўлены помнік і памятны знак. Беларусы памятаюць сваіх герояў — і тых, хто змагаўся з ворагам на франтах і ў акупацыі, і тых, хто праслаўляў сваю Айчыну ўжо на мірных палетках.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?