Вы тут

«Ёсць чуткі, што Янук едзе ў Маскву. Вось ужо дасць дыхту»


«І кожны міг сябе я пазнаю часцінкай злітаю вялікага сусьвету», — так завяршаў Якуб Колас у 1937-м годзе верш з сімвалічнай назвай «Я жыву».

3 лістапада мы адзначаем 140-годдзе з дня народзін Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча, які сапраўды жыве сярод свайго народа. Мы працягваем спазнаваць яго творчасць, яго асобу... Зразумець, якім ён быў, дапамагае ліставанне. Эпісталярная спадчына песняра вялікая — ад лістоў да радні да перапіскі як народнага дэпутата... Толькі чалавеку чуламу, які сапраўды многім дапамагаў у бядзе, маглі так раскрываць свае сэрцы. Няхай сёння нейкія штрыхі да асобы Коласа дададуць лісты да яго, напісаныя іншымі пісьменнікамі.


Якуб Колас, Кандрат Крапіва і Міхась Лынькоў.

«Але што значыць вольным адлегласці і час?»

Хоць абодва нашыя песняры, Купала і Колас, успрымаюцца як вельмі блізкія адзін аднаму і хоць яны сапраўды сябравалі, перапіскі між імі засталося зусім няшмат. Адзін з допісаў Янкі Купалы да Якуба Коласа застаўся толькі дзякуючы памяці сына Коласа Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча — той запомніў верш, напісаны Купалам на зваротным баку свайго фотаздымка, дасланага Якубу Коласу з Кіславодска:

«Шкадую, дружа Колас,

што тут цябе няма,

Ярчэй свяціла б сонца,

мякчэй была б зіма.

Дзве тысячы кілометраў

сягоння дзеляць нас,

Але што значыць вольным

адлегласці і час».

У кароткім прысвячэнні — не толькі шчырая прыязнасць, але і прызнанне, што яны — аднадумцы, творцы, аднолькава вольныя там, куды не могуць дасягнуць ні цэнзары, ні жорсткія абставіны — у небе свайго таленту...

Колас таксама пабывае ў Кіславодску... Вось толькі калі будзе вяртацца адтуль, праз акно яго купэ выцягнуць валізку з рукапісам перапрацаванай на курорце паэмай «Сымон-музыка».

«Ёй патрэбна даведка, бо дакументаў у яе няма»

Пятрусь Броўка быў у сяброўскіх адносінах і з Купалам, і з Коласам. Адметныя лісты Броўкі да Коласа часоў вайны. 1 верасня 1941-га ён дасылае з Масквы ліст Коласу ў Ташкент, дзе той апынуўся разам з эвакуіраванай беларускай Акадэміяй навук:

«Дарагі дзядзька Якуб!

Прыехаў я ў Маскву з Саратава, а вас ужо няма. Горка мне было, ды нічога не зробіш. Хацелася Вас пабачыць. У Маскве сяджу тры тыдні. Не ведаў, куды ехаць. Учора прыехаў тав. Панамарэнка, і цяпер наша справа вырашаецца. Куды паеду — напішу.

Тут было пісьмо ад Юркі. Янка ўзяўся яго адправіць...

Лёля паехала да сваіх у Алма-Ату. Будзе там жыць і работаць, а каб паступіць на працу, ёй патрэбна даведка, бо дакументаў у яе няма. Можа б вы напісалі і заверылі ў Саюзе пісьменнікаў свой подпісдаведку прыблізна такога зместу: «Удостоверяю, что гр. Бровка Елена Михайловна окончила педагогический институт им. Горького в г. Минске и работала мл. научным работником Института литературы и языка Белорусской академии наук. Вице-президент АН БССР, народный поэт Якуб Колас...

Прывітанне Вам ад Максіма Танка. Ён тут разам са мною. Часта ўспамінаем Вас добрым беларускім словам».

У гэтым лісце шмат што трэба тлумачыць. Броўка, якому ўдалося выбрацца з акупаванага Мінска, чакае ў Маскве свайго далейшага прызначэння. А даведка для яго жонкі — справа, за якую не кожны наважыцца ўзяцца. Цесць Броўкі, Міхал Рыдзеўскі, дырэктар Белпедтэхнікума, быў расстраляны як вораг народа ў ноч на 29 кастрычніка 1937 года, цешча з непаўналетнім сынам Алегам адправілася ў лагер. Броўка пасля даб'ецца вызвалення цешчы, але жыць яна ў яго мінскай шыкоўнай кватэры будзе нелегальна. Так што Алена Броўка была не толькі жонкай вядомага паэта, але і дачкой ворага народа, што магло кагосьці ў той неспакойны час насцярожыць.

Юрка, які згадваецца ў лісце, — сярэдні сын Якуба Коласа, які патрапіў на фронт, Янка, які ўзяўся перадаць Юрку ліст, — Купала.

30 верасня 1941 года Пятрусь Броўка дасылае ліст Якубу Коласу ўжо з дзеючай арміі — ён атрымаў прызначэнне ў франтавую газету «За Савецкую Беларусь»:

«Любы наш дзядзька Якуб!

Шлю вам, Мар'і Дзмітраўне, Даніку і Міхасю прывітанне ад усіх хлапцоў, якія кожны дзень у густым сасновым бары ўспамінаюць Вас.

Просім мы, каб Вы былі сталым супрацоўнікам нашай роднай газеты «За Савецкую Беларусь». Прысылайце нам усё, што можаце. Нашы сябры, якія дзень і ноч змагаюцца з ворагам на радзіме, прачытаюць і не раз успомняць Вас добрым словам. Ведаючы Вашу акуратнасць, мы спадзяёмся, што хутка атрымаем ад Вас усё, што можна. Напішыце і прозай зварот да беларускіх партызанаў.

...Шлём Вам у сонечны Ташкент з асенняга бору самыя найлепшыя пажаданні, а большае за ўсё — радасна сустрэцца на роднай зямлі.

Пятрусь».

У зваротным лісце Колас паслаў Броўку верш «Абаронцам роднай зямлі», яго зварот «На бітву, браты-беларусы» быў надрукаваны 7 лістапада.

З лістоў бачна, як беларускія пісьменнікі ў эпоху, калі яшчэ не існавала ні сотавай сувязі, ні інтэрнэту, намагаюцца ў ваенных віхурах знайсці адзін аднаго, падтрымаць, і цэнтрам такіх сувязяў быў Якуб Колас. 26 снежня 1941-га Броўка паведамляе яму навіны:

«Дарагі дзядзька Якуб!

...Сумная навіна: памёр Змітрок Бядуля ў Уральску ад разрыву сэрца. Бядняга не дачакаўся звароту дахаты.

Толькі ўчора знайшоўся Пеця Глебка. Ён працуе ў гор. Саратаве ў рэдакцыі газеты «Чырвонаармеец». Думаю, што яго выклікаюць да нас, і мы будзем разам.

Па прапанове т. Панамарэнкі вы ўведзены ў склад нашай рэдкалегіі. Друкуем Вашы вершы. Хутка Вышлем нумары.

P. S. Нонік — гад, адпусціў вусы, як сом. А пісаць нікому не хоча».

«Нонік» — жартоўная мянушка Петруся Глебкі, яго так любоўна звалі ў сям'і.

5 мая 1942 года Броўка напіша Коласу, які засмучаўся, што ніяк не мог знайсці сына: «паслалі вам тэлеграфам радасную навіну: Юрка знайшоўся. Ён у Калузе ў запасным палку. Пра гэта нам гаварыў Нортман».

Сцяпан Нортман — беларускі журналіст. Але Колас непакоіцца — чаму ж Юрка нічога не піша сям'і, хоць адрасы ведае, мо Нортман пераблытаў яго з земляком і цёзкам? 16 чэрвеня 1942-га, зноў з Масквы, Броўка чакае новага прызначэння, ён шле Коласу ліст:

«Я жыву ў казарме, бо кішэня мая ніяк не можа задаволіць гасцініцу. Лынькоў і Крапіва ў «Маскве» па-ранейшаму і ў тых жа самых нумарах.

Ганялі мы Нортмана. Ён клянецца, што бачыў Юрку. Папрасілі дакладна ўстанавіць. Я таксама баюся, ці не наблытаў ён. Хацелася б, каб ён бачыў Юрку сапраўды.

Ёсць чуткі, што Янук едзе ў Маскву. Вось ужо дасць дыхту. Яшчэ добра, калі без Уладкі».

Янук, які згадваецца ў лісце, гэта, зразумела. Янка Купала, Уладка — яго жонка, Уладзіслава Францаўна. Меней чым праз два тыдні, 28 чэрвеня, Купала загіне ў лесвічным пралёце гатэля «Масква». Наступны ліст Броўка пашле Коласу толькі ў ліпенІ:

«Смерць Янкі так выбіла з раўнавагі, што літаральна не мог узяцца за пяро. Які недарэчны выпадак!»

Сына Юрку Колас так і не знайшоў... Знік на фронце без вестак. У адным з лістоў паскардзіцца: «Дзе Сцяпан Нортман? Нашто наблытаў ён мне пра Юрку? Юрка — мая загвоздка, глыбока засеўшая ў маім целе».

«Хаджу літаральна як вар'ят...»

Калі Броўка звяртаўся да Коласа папросту, «дзядзька Якуб», Міхась Лынькоў пачынае свае лісты «Дарагі Канстанцін Міхайлавіч!». Лынькоў быў рэдактарам газеты «За Савецкую Беларусь!». 17 жніўня 1941-га ён піша Коласу:

«За ліст вялікая падзяка. Кожнае роднае слова ўлівае ў нас свежыя сілы. Шмат перажылі мы — і раней, яшчэ разам з Вамі ў родным горадзе — і ў гэтыя дні, але ўсё перажытае мы пастараемся забыць, калі зноў давядзецца апынуцца з Вамі ў родных мясцінах пасля разгрому праклятых гітлераўскіх гадаў. Як хочацца пабыць там, на родных папялішчах. Адно, што турбуе мяне да сённяшняга дня, — не ведаю, ці жывы мой сынок і жонка. Дзе яны, ці выбраліся яны адтуль — не ведаю. Былі чуткі, што яны ішлі пешкі, што іх бачылі ля Дукораў. Вось гэта самае цяжкае, што цісне маё сэрца, не дае супакою».

Калі пачалася вайна, Лынькоў разам з Купалам і Броўкам былі ў Рызе, на з'ездзе латышскіх пісьменнікаў. З'ехаць удалося з цяжкасцю, на апошнім цягніку-«лятучцы»... З сям'ёй Лынькоў размінуўся, яны засталіся на акупаванай тэрыторыі. І гэта было страшна, бо яго каханая жонка Хана была яўрэйкай, і сын Марык яшчэ малы...

У кастрычніку 1942-га Лынькоў піша Коласу з Масквы, дзе адбываўся з'езд беларускіх партызан:

«Прыляцелі да нас на мітынг нашы слаўныя лясныя сокалы і адзін з іх — Герой Савецкага Саюза таварыш Казлоў Васіль Іванавіч — перадаў мне такую вестку: «Жыва твая сям'я, не сумуй, мы пастараемся як-небудзь даставіць яе табе». Можаце сабе ўявіць, чым я цяпер жыву і чым дыхаю. Хаджу літаральна як вар'ят, страціўшы ўсякі розум ад радасці. І разам з тым апанаваў мяне страшэнны непакой: сям'я жыве ў акружэнні ворагаў, у пастаяннай небяспецы за жыццё, бо, як сказалі мне, яна хаваецца, відаць, пад чужымі прозвішчамі. У вёсцы, у якой яна жыве, стаіць фашысцкі гарнізон. Частыя вобыскі, арышты, рэпрэсіі і г.д. і да т.п. Гэта раз. Па-другое, калі я падумаю, чым жа яны жывуць там і як жывуць, дык мае сівыя валасы гатовы пазелянець ад тугі і адчаю».

Аднак эвакуіраваць Хану і Марыка не ўдалося... 16 студзеня 1943 года Броўка піша Коласу: «аб сям'і маёй пакуль што ніякіх новых чутак не маю. Узрадваўся раз, як ашалелы, і хопіць...» А 10 ліпеня 1943 года паведамляе:

«Сёмага гэтага ліпеня атрымаў я ліст з нашай радзімы. Напісала мне родная сястра, настаўніца. Яна цяпер з мужам у адным з партызанскіх атрадаў. З пісьма я даведаўся, што жонка мая з Марыкам жылі ў яе больш года, а потым іх забралі забойцы, якіх парадзіў нямецкі народ, і адвезлі ў бабруйскі лагер. Разам з маёй сям'ёй забралі сям'ю брата Рыгора... Жыў я апошні год цьмянымі спадзяванкамі, па ўсяму бачыў, што яны ператвараюцца ў ілюзіі».

Вядома, Лынькоў спадзяецца, што родныя нейкім чынам выжылі: «Астаюцца цуды. Але ж практыка немцаў-дзетазабойцаў гаворыць аб тым, што цудаў не бывае».

Калі Беларусь вызвалілі, Міхась Лынькоў атрымаў пацверджанне: жонка і сын загінулі ў фашысцкім канцлагеры.

«Купала быў моцны сваёй тугою па Радзіме, Вы — упэўненай верай у яе»

Пісалі Коласу, вядома, і пачынаючыя паэты, спадзеючыся на падтрымку і блаславенне. У поўным зборы твораў Уладзіміра Караткевіча прыводзяцца два яго лісты да Якуба Коласа, датаваныя 1952 годам. Караткевіч тады быў яшчэ студэнтам Кіеўскага ўніверсітэта. У 1951-м у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» ён дэбютаваў вершам «Якубу Коласу».

У ліпені 1952-га, знаходзячыся на вакацыях у роднай Оршы, Караткевіч паслаў Коласу сшытак са сваімі творамі «Казкі і легенды маёй Радзімы»:

«Канстанцін Міхайлавіч!

Выбачайце за тое, што аднімаю ў Вас каштоўны час. Магчыма, што з гэтай жа справаю я павінны быў звярнуцца ў кабінет маладога аўтара, але тут справа ў тым, што мне трэба не тое, каб заўважылі асобныя недахопы, а каб ацанілі наогул усё. З маленства я звык лічыць Вас прыкладам і таму звяртаюся да Вас і ні да каго больш. Калі знойдзеце магчымым — напішыце мне, ці варта мне прадоўжваць... Адны лаюць, іншыя хваляць, але мне ўсё здаецца, што гэта не тое... Вось толькі што вярнуўся з Вязынкі і зараз шкадую толькі аб тым, што не давядзецца мне быць тут на гадавіну Купалы. У канцы лета паеду на Палессе. Казкі, якія ў сшытку стаяць першымі, не выдуманыя. Я іх толькі вельмі моцна і, здаецца, няўдала абрабіў. Але іншага й нельга было зрабіць, бо першыя дзве казкі чуў я ад свайго дзеда яшчэ да вайны, не памятаў нічога, акрамя сюжэта і асобных выразаў. «Надзвычайную котку», «Мужыка і дзіва» і «Аўтуха-дамоўніка» пашырыў з двух-трох сказаў, «Пятра-разбойніка» пачуў у Рагачове ад рыбака Ганцоўскага, які мне сказаў яе «па случаю» (я яму расказаў «Казку аб двух вялікіх грэшніках» з Някрасава, падобную да гэтай). Казак у мяне ёсць яшчэ з паўсотні, дзясятак песень і іншае. «Вобразы казак» нарадзіліся з павер'яў, асобных фрагментаў казкі. Чаму толькі не намагаюцца фалькларысты запісаць усё гэта? Яно ж перад новымі інтарэсамі адступае.

Вершы кепскія, хоць я пісаў спачатку толькі іх. Прыклаў нават два вершы па-руску, гэта з ранніх. «Ваўкалака» — гэта з падання аб разбойніку, які мог перакідацца ваўком і ў якога калісь паны забілі бацьку і матку. Апавяданняў шлю два. Калі ласка, прышліце свой вырак.

Яшчэ раз прашу прабачэння.

У. Караткевіч».

Як бачыце, ліст адметны — юны аўтар не ліслівіць, пры ўсім піетэце не асцярожнічае. Разважае, мысліць... А 3 лістапада ён віншуе Коласа з сямідзесяцігоддзем:

«...дзякую вам за тое, што Вы існуеце на зямлі, што ў мінуты вялікага шчасця думаеш аб Вас, што ў мінуты, калі вельмі і вельмі цяжка — зноў-такі звяртаешся да Вашых вершаў і паэм, бясконца набіраючы ад іх сілы. Наўрад ці Вы самі ўяўляеце, як уяўляюць гэта Вашы чытачы, што Вы для Беларусі, чым бы мы з'яўляліся без Вас і Купалы. Купала быў моцны сваёй тугою па Радзіме, Вы — упэўненай верай у яе, спакойнаю любоўю да яе...

Тое, што Вы пасеялі — не знікне, і людзі, выхаваныя Вамі, цвёрдай хадой пойдуць па гэтым шляху і справы Вашай не згубяць».

Зерне не знікла, даследчыкі бачаць шмат агульнага ў творчасці Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча. Прынамсі, імя галоўнага героя трылогіі Коласа «На ростанях» Андрэя Лабановіча невыпадкова стане імем галоўных герояў некалькіх твораў Караткевіча.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.