Вы тут

Школа маладога журналіста сабрала больш за 70 навучэнцаў


Сёлета праект «Школа маладога журналіста» на факультэце журналістыкі БДУ сабраў больш за 70 навучэнцаў 8—11 класаў школ, ліцэяў і гімназій з усёй Беларусі.


Госцем першай сустрэчы быў палітычны аглядальнік АНТ Ігар Тур. Ён пагаварыў з абітурыентамі на тэму падрыхтоўкі добрага інтэрв'ю. Журналіст таксама падзяліўся сваімі прыёмамі выхаду са складаных сітуацый, якія здараюцца ў прафесійнай сферы. Акрамя гэтага, мерапрыемства наведалі студэнты-валанцёры, якія ў свой час былі ўдзельнікамі праекта. Яны распавялі аб структуры заняткаў, сістэме балаў, патлумачылі правілы паводзін у аўдыторыі. На сустрэчы абітурыентам было даручана выканаць творчае заданне, якое трапіць у іх партфоліа будучага журналіста. А што думаюць адносна праграмы самі яе ўдзельнікі?

Валерыя Канцавая, 16-гадовая навучэнка 11 класа з Ашмян, распавяла, як ёй прыйшла ідэя прыняць удзел у праекце, і падзялілася сваімі ўражаннямі.

— Я зразумела, што дзякуючы «Школе маладога журналіста» ў мяне ёсць магчымасць якасна падрыхтавацца да творчых іспытаў, таму вырашыла скарыстацца гэтым шанцам. Для мяне быць сапраўдным журналістам — значыць захоўваць адданасць справе і любіць сваю работу. Дзякуючы праекту я атрымала шмат новай і патрэбнай інфармацыі, якая будзе карыснай пры паступленні і ў далейшым. Кожны раз выходзіла з аўдыторыі са станоўчымі эмоцыямі.

Ралан Дзядовіч, 17-гадовы студэнт трэцяга курса Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, распавёў, што аб рабоце журналістам задумаўся ў 8 класе.

— Я ўмею добра гаварыць — з такой якасцю пералік прафесій звужаецца, таму з'явіліся думкі аб журналістыцы. Калі на другім курсе пачаліся прадметы па спецыяльнасці, я зразумеў, што абраная сфера мне нецікавая, і вярнуўся да ідэі аб журфаку. Вырашыў паступаць туды пасля заканчэння каледжа.

Эмілія Рачыцкая, 17-гадовая навучэнка 11 класа сталічнай школы, таксама падзялілася сваёй гісторыяй.

— З будучай прафесіяй я вызначылася ў 9 класе. Тады ў верасні да нас у школу прыйшлі прадстаўнікі з Палаца дзяцей і моладзі і паведамілі аб адкрыцці новага гуртка «Журналістыка», які вяла карэспандэнт СТБ, — мяне гэта зацікавіла.

Суразмоўніца распавяла, што ўдзельніцай праекта становіцца ўжо другі раз. Леташні вопыт пакінуў моцнае ўражанне, таму дзяўчына вырашыла зноў акунуцца ў праграму.

— Я канчаткова пераканалася, што хачу паступіць у БДУ, бо там асаблівая атмасфера, адкрытыя, таварыскія, цікавыя людзі.

Для Эміліі, напрыклад, вельмі карыснай стала інфармацыя аб тыпах пытанняў пры інтэрв'ю. Дзяўчына зрабіла для сябе памятку і адзначыла, што дзякуючы ёй не дапусціць памылак у рабоце ў далейшым.

— У маім разуменні быць сапраўдным журналістам азначае пастаянна развіваць свае навыкі ў напісанні матэрыялаў, умець разбірацца ў людзях і іх невербальных жэстах, дапамагаць іншым у вырашэнні праблем. І самае галоўнае — заўсёды прытрымлівацца кодэкса сваёй маралі.

Лізавета МАЛЬЧУК, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Мы выбіраем журфак!

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.