Вы тут

Настаўніку трэба апярэджваць час і нават паскараць яго


Беларускае педагагічнае таварыства адзначыла паўвекавы юбілей. За час свайго існавання грамадскае аб’яднанне стала прафесійнай пляцоўкай для абмеркавання самых актуальных пытанняў адукацыйнай практыкі на ўсіх узроўнях адукацыі. На прайшоўшым у БДПУ справаздачна-выбарным з’ездзе гэтага грамадскага аб’яднання і ўрачыстасцях быў дадзены старт новаму этапу яго развіцця.


Прывітальны адрас дэлегатам з’езда з нагоды юбілею даслала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА. «На працягу пяці дзесяцігоддзяў дзейнасць аб’яднання, якое ахоплівае больш за тысячу вучоных-педагогаў, настаўнікаў, грамадскіх дзеячаў, служыць важнай мэце — развіццю творчай ініцыятывы педагагічных работнікаў, распаўсюджванню перадавога вопыту і ўдасканаленню майстэрства, умацаванню сувязі навукі з практыкай, павышэнню прэстыжу прафесіі, — падкрэсліваецца ў віншавальным адрасе. — Глыбокай ўдзячнасці па праву заслугоўваюць усе тыя, хто стаяў каля вытокаў аб’яднання, сваім талентам і руплівай працай спрыяючы павышэнню яго аўтарытэту і ролі ў развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі, і ўсе тыя, хто цяпер прысвячае сябе прафесіі, узбагачаючы беларускую педагогіку інавацыйнымі падыходамі».

Адным з ветэранаў Беларускага педагагічнага таварыства з’яўляецца заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ, якая мае за плячыма каля 60 гадоў прафесійнага стажу: яна працавала настаўнікам, дырэктарам гімназіі, педагогам-метадыстам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе курыравала інавацыйную дзейнасць.

— Сёння прыгожая дата. Што мы рабілі ўсе гэтыя гады? Чым жылі? Мы кантактавалі, дзяліліся ідэямі, праблемамі, кнігамі. Мы хацелі ісці наперад і весці за сабой нашых вучняў і калег. У 1990-я гады ў краіне быў адкрыты першы ліцэй — пры БДУ, першыя гімназіі. Было вельмі цяжка, мы многае рабілі інтуітыўна, але заўсёды адчувалі падтрымку з боку Міністэрства адукацыі і дзяржструктур. З намі побач паўсталі вучоныя — члены нашага педагагічнага таварыства. Гэта дапамагала настаўнікам і натхняла. Калі я кіравала педагагічнай гімназіяй, да нашых вучняў у класы прыходзілі рэктары, гэта былі гутаркі як паміж роўнымі. Былі часы, калі ў нашай установе адукацыі працавала па тры дактары навук, шмат кандыдатаў навук і аспірантаў. Аднойчы ў Мінск прыбыла вельмі прадстаўнічая дэлегацыя з Расіі, з Акадэміі педагагічных навук — адразу 12 акадэмікаў. Яны кантактавалі з нашымі вучнямі і настаўнікамі. І мы імкнуліся стаць лепшымі.

Памятаю, як гімназічны бум у сістэме адукацыі змяніўся інавацыйным. Быў выпадак, калі сярод шматлікіх заявак на рэалізацыю інавацыйных праектаў паступіла 59 заявак на ўдзел у праекце па арганізацыі мультыпрофільнага навучання ў школе. А ўсяго з устаноў адукацыі паступіла больш за тысячу заявак. І ва ўсе трэба было паглыбіцца і паспрыяць іх увасабленню. Было цяжка, але вельмі цікава. Сёння іншы час, іншыя патрабаванні і іншыя складанасці, — канстатавала Ганна Дабрынеўская. — У лексікон увайшлі новыя словы і паняцці: «трансфармацыя», «лічбавізацыя», «камп’ютарызацыя», «віртуальныя экскурсіі», «штучны інтэлект», «дапоўненая рэальнасць». Так, сёння новы час, новыя хуткасці, але і новыя магчымасці. Настаўніку трэба не проста адпавядаць, але ў чымсьці і апярэджваць час, і нават паскараць яго. Мы не можам дазволіць сабе адстаць ад нашых вучняў, якія ўжо нарадзіліся ў лічбавым свеце. Нам трэба вучыцца працаваць з вялізнымі аб’ёмамі інфармацыі, бо сёння не хапае часу, каб іх апрацаваць і выкарыстаць з карысцю. Але на ўроку па-ранейшаму ўсё залежыць ад настаўніка. Я ў школе з 1945 года. Жыву ёю, вучуся для школы, працую для школы і не магу спыніцца, бо разумею, наколькі гэта сур’ёзная, адказная і ўнікальная прафесія. Я наведала шмат школ у розных краінах, была на ўроках, кантактавала з дзецьмі і настаўнікамі і хачу сказаць, што ў ніводнай самай крутой еўрапейскай школе не бачыла такой адданасці сваёй справе і сваім вучням, як у нас.

Да ўдзельнікаў і гасцей урачыстага мерапрыемства звярнуўся міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ. Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што юбілейнае мерапрыемства мае асаблівае значэнне для ўсёй педагагічнай грамадскасці нашай краіны: «Усе гэтыя гады мы прайшлі разам. У кожным рэгіёне нашай краіны, вобласці, горадзе, раёне актыўна працавалі педагогі-навукоўцы, настаўнікі-практыкі, яны ўзнімалі важныя праблемы развіцця сучаснай педагагічнай навукі, распаўсюджвалі эфектыўны педагагічны вопыт... Але час не стаіць на месцы, адукацыйныя патрэбы мяняюцца, таму для развіцця трэба бачыць перспектывы, распрацаваць стратэгію ўдасканалення Беларускага педагагічнага таварыства. Яно павінна стаць той арганізацыяй, якая аб’яднае педагогаў усіх узроўняў адукацыі».

Міністр падкрэсліў, што ў краіне дастаткова паспяхова дзейнічае Асацыяцыя кіраўнікоў устаноў адукацыі, эфектыўна працуе Рэспубліканскі савет рэктараў. Беларускае педагагічнае таварыства павінна выбудаваць сістэму работы з самых нізоў, стварыць своеасаблівую «педагагічную вертыкаль» — ад рэгіянальнага да рэспубліканскага ўзроўню.

«Галоўная задача — не проста абменьвацца думкамі, а выпрацоўваць рашэнні па найбольш важных, найбольш вострых, дыскусійных пытаннях развіцця сістэмы адукацыі, для таго каб мы маглі прымаць сапраўды вывераныя, узважаныя рашэнні, якія будуць перспектыўнымі ў будучыні. Тады мы атрымаем не проста адукаванае пакаленне, а пакаленне, выхаванае на нашых духоўна-маральных каштоўнасцях. Я веру, што Беларускае педагагічнае таварыства дастойна справіцца з ускладзенымі на яго задачамі, захоўваючы традыцыі паўвекавой работы і рухаючыся да новых, перспектыўных мэт на карысць развіцця нашай краіны», — дадаў Андрэй Іванец.

Падчас работы з’езда быў выбраны новы старшыня Беларускага педагагічнага таварыства. Прафесійнае аб’яднанне ўзначаліў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар навук, прафесар Аляксандр ЖУК.

— Я перакананы, што з улікам сусветных адукацыйных тэндэнцый і глабальных выклікаў спектр задач таварыства трэба пашыраць і канкрэтызаваць. Яго дзейнасць павінна быць накіравана найперш на арганізацыю эфектыўных прафесійных камунікацый, трэба больш клапаціцца аб выяўленні і падтрымцы даследчых і адукацыйных ініцыятыў і наватарства ў педагагічным асяроддзі, — падзяліўся новы старшыня сваім бачаннем дзейнасці Беларускага педагагічнага таварыства. — Трэба ўзмацніць інфармацыйную работу, аператыўна і змястоўна інфармаваць педагогаў аб сучасных сусветных тэндэнцыях у адукацыйнай практыцы і новых падыходах. Трэба больш актыўна прыцягваць педагогаў-практыкаў да экспертнай дзейнасці. Члены нашага аб’яднання павінны даваць прафесійную ацэнку прапанаваным канцэпцыям і дзяржаўным праграмам. Яшчэ адна найважнейшая місія — фарміраванне іміджу педагога. Сучасны педагог — інтэлігентны, высокакультурны, ён валодае сучаснымі тэхналогіямі, інавацыйна мысліць і ўсведамляе значнасць сваёй прафесіі. Каму, як не нам, клапаціцца пра тое, хто прыйдзе ў нашу прафесію...

Аляксандр Жук паведаміў, што ў бягучым навучальным годзе ў краіне дзейнічаюць 756 педагагічных класаў, у якіх навучацца 6700 старшакласнікаў. Дзякуючы профільным класам і групам на педагагічныя спецыяльнасці паступаюць сапраўды матываваныя выпускнікі. Больш за тое, першыя выпускнікі педкласаў ужо скончылі сваё навучанне ў ВНУ і вярнуліся ў школы ў якасці педагогаў...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.