Вы тут

Шматдзетная маці са Славянска і трое яе дзяцей атрымалі грамадзянства Беларусі


Святлане часта сніцца родны горад, дом, у якім вырасла, у якім з'явіліся пазней і яе дзеці. Наогул дзеі любых сноў, самых неверагодных і нечаканых, разгортваюцца там, што і не дзіва. Там прайшлі найлепшыя гады, там была шчаслівая, там перажывала страты, няўдачы, роспач — тое, з чаго складаецца чалавечае жыццё. Раней і не задумвалася асабліва, як любіла гэты дом, пабудаваны некалі бацькамі.


У родным Славянску

...Дома больш няма, замест яго — вялікая варонка з рэшткамі руін. Усё гэта ўжо ў мінулым: адчай, слёзы, разгубленасць, пытанні без адказу: за што і чаму? Яна лічыць, што перажытае варта адпускаць, каб яно не выпальвала душу. Як ні цяжка, трэба перагортваць старонку і жыць далей. Хоць бы дзеля дзяцей. І яна жыве, у Брэсце, ужо сёмы год.

Святлана Даўгаполава пакідае ўражанне чалавека пазітыўнага, нясумнага. Яна верыць, што ўсё будзе добра, верыць актыўна, іншымі словамі, усё робіць дзеля таго, каб было добра. Асабліва цяпер, калі жыццё карэнным чынам памянялася.

Нарадзілася і вырасла яна ў Славянску Данецкай вобласці. Там жа некалі нарадзіліся і яе бацькі, яны карэнныя жыхары 100-тысячнага горада ў некалькіх пакаленнях. Бацькі, расказвала яна, у савецкі час працавалі на вядомым у той час керамічным камбінаце. Ваколіцы яе роднага горада — радовішча знакамітай данецкай блакітнай гліны. Кераміку там рабілі для ўсяго былога Саюза. Пасля развалу вялікай краіны прадпрыемства таксама развалілася. І толькі апошнім часам сталі адраджацца невялікія керамічныя вытворчасці. Традыцыі захавалі, сыравіна ёсць, вось і ўспомнілі дзеці справу бацькоў. Паводле яе назіранняў, з развіццём гэтага дробнага бізнесу горад пачаў ажываць, з'явіліся рабочыя месцы, пайшло паляпшэнне і добраўпарадкаванне тэрыторый.

Па спецыяльнасці Святлана — чыгуначнік. У свой час скончыла чыгуначны тэхнікум, працавала ў вагонным дэпо, выяўляла дэфекты дэталяў і вузлоў вагонаў перад рамонтам. Работа была цікавая, зарплата добрая. Адзінае, што азмрочыла жыццё, — ранні сыход бацькоў. Мама памерла, калі дзяўчыне толькі споўнілася дваццаць, бацька перажыў жонку ўсяго на паўгода. Нібы ратуючыся ад адзіноты і горычы страт, спяшалася стварыць сям'ю, спадзявалася пабудаваць свой маленькі сусвет. Спачатку так і было, потым сямейнае жыццё перастала ладзіцца. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці муж сышоў з сям'і. Засталася адна — тады гэта падавалася найбольшай у свеце праблемай. Не ведала яшчэ: наперадзе чакае такое, што перакрые ўсе ранейшыя беды.

З Насцяй на апошнім званку.

Прыехалі — а дома няма

— Калі гэта ўсё пачалося ў 2014 годзе, — згадвае Святлана, — была найперш разгубленасць. Ніхто ж не ведаў, як сябе паводзіць, што рабіць. У кіно альбо ў кніжках вайна — гэта адно, а калі побач з табой выбухае, страляе, грукае — зусім іншае. Мы разумелі, што трэба шукаць паратунак, што неабходна некуды ехаць, ісці, уцякаць. І я, і некаторыя суседзі з вуліцы паехалі, дзе бліжэй, у Расію. Мы з дзецьмі некаторы час былі ў Краснадарскім краі. Там нават крыху падпрацоўвала, трэба ж было неяк жыць, карміць дзяцей. Вядома, хацелася дадому. Праз тры месяцы, у сярэдзіне лета, Украіна вярнула кантроль над Славянскам. Знаёмыя і сябры паведамілі, што стала цішэй, бамбёжкі спыніліся. Мы паехалі дадому. Прыехалі — а дома няма...

— Па вуліцы засталося нямала пустых дамоў. Людзі, асабліва тыя, у каго недзе былі сваякі, выехалі, падобна на тое, назаўсёды. З дазволу гаспадароў мы пасяліліся часова ў чужым доме, я выйшла на сваю былую работу. Але ранейшага спакою і бяспекі ў горадзе ўжо не было. Як вам растлумачыць, — задумваецца Святлана. — Звычайнае мірнае жыццё мае перадумовай захаванне базавых правоў, свабод чалавека, ты падсвядома спадзяешся на праваахоўныя органы, на нейкія грамадзянскія інстытуты. Калі ж горад аказваецца ў прыфрантавой паласе, яго кантралююць тыя ці іншыя ваенныя, там дзейнічае права аўтамата. І гэтым усё сказана. Ты жывеш у страху, ніколі не ведаеш, што прыйдзе ў галаву чалавеку са зброяй. Адным словам, усё стала па-іншаму. І я пакутліва шукала выйсце, ды ўсё часцей прыходзіла да высновы, што трэба з'язджаць, ратаваць сябе і дзяцей.

Аўтара гэтых радкоў цікавіла, чаму менавіта Беларусь, можа, раней тут бывала? Аказалася, не. Святлана Даўгаполава да 2015 года ніколі не была ў нашай краіне.

Апошнім рэйсам — да Баранавіч

— Можна сказаць, тыцнула пальцам у карту, знайшла пункт, — жартуе яна, а потым дадае: — Можа, і не зусім выпадкова. У такой сітуацыі, у якой я была, людзі ператвараюцца ў слых. Любую інфармацыю стараешся атрымаць з першых вуснаў. Гаварыла з многімі людзьмі, хто збіраўся з'язджаць, чые родныя, знаёмыя ўжо з'ехалі. Самыя лепшыя водгукі з усіх бакоў гучалі пра Беларусь. Вядома, лепей было таму, у каго калі не сваяк, то хоць бы знаёмы жыве тут. У мяне такіх не было. Я падышла да вывучэння пытання як чыгуначнік. Глядзела, дзе большыя чыгуначныя вузлы, як дабрацца. На той час хадзіў яшчэ цягнік Харкаў — Баранавічы. Баранавічы ж буйны чыгуначны вузел. Вось і рашыла туды перабірацца. Сабрала чамаданы, па адным на кожнае дзіця, узялі самае неабходнае, дабраліся да Харкава. Як высветлілася, гэта быў адзін з апошніх рэйсаў поезда. Мы ўзялі на яго білеты.

У дарозе пазнаёмілася з жанчынай. Яны з мужам і двума дзецьмі крыху раней выехалі менавіта ў Баранавічы, яна прыязджала адна па рэчы і дакументы. Яны ўжо здымалі кватэру, на першы час нас прытулілі ў сябе. Я стала шукаць работу, жыллё. Не вельмі, праўда, з усім гэтым шанцавала. Нічога ж не ведала спачатку, куды можна звярнуцца, каб хто дапамог. Шукала хоць якія кантакты знаёмых людзей. І выпадкова знайшла адну жанчыну ў Брэсце, яна раней працавала ў нашым вагонным дэпо, тады гэта было павярхоўнае знаёмства, а тут сустрэліся ўжо нібы родныя. Яна і параіла перабірацца ў Брэст, сказала, што ёй дапамаглі ў арганізацыі Чырвонага Крыжа, потым далі інтэрнат. Вось так я і прыехала ў Брэст, — працягвае аповед Святлана.

Спагада, жыллё, работа

— І праўда, Чырвоны Крыж дапамагаў першы час і з прадуктамі, і з вопраткай для дзяцей. Паступова атрымалі пасведчанне на права жыхарства, статус дадатковай абароны. Усё выглядала важным. Нават простая юрыдычная кансультацыя значыла шмат. Усё роўна, калі прыязджаеш у іншую краіну, не ведаеш многіх нюансаў, напрыклад розніцы ў законах, маеш патрэбу, каб хто падказаў, падтрымаў маральна, — заўважае суразмоўніца.

Паступова жыццё стала наладжвацца. Некалькі месяцаў сям'я здымала кватэру, потым ім далі два пакоі ў інтэрнаце. З работай было больш складана. Але ж жанчына хапалася за любую магчымасць, працавала спачатку пасудамыйкай у медыцынскім каледжы, потым паштальёнам, адміністратарам у філармоніі. Нейкі час ездзіла па прыгарадных гаспадарках, прапаноўвалі работу даяркі, а жыллё не абяцалі. Такі варыянт, вядома, не падыходзіў. Цяпер яна ўладкавалася ў будаўнічай арганізацыі, спадзеючыся на больш высокую зарплату. Але ўжо як атрымалася. За гэтыя гады Святлана навучылася жыць у рэжыме жорсткай эканоміі. Далей — будзе відаць.

Са Святланай Даўгаполавай аўтара гэтых радкоў пазнаёміла намеснік начальніка аддзялення па грамадзянству і міграцыі УУС адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Наталля ДЗЕНІСЮК. Святлана Аляксандраўна і трое яе дзяцей сёлета атрымалі грамадзянства Беларусі. «Мы ўжо тут канчаткова свае», — кажа шматдзетная маці. Насці, старэйшай, ужо 21 год, яна скончыла школу, цяпер вучыцца ва ўніверсітэце фізічнай культуры. Вучыцца завочна, каб працаваць і аплачваць вучобу. Такое рашэнне было прынята на агульнай іх сямейнай нарадзе. Дзяўчына не пакрыўдзілася, што ёй не выпадае пабыць студэнткай, бо разумее, што маці не выцягне яшчэ і яе вучобу. Галоўнае, што яна ідзе да ўвасаблення сваёй мары стаць трэнерам. Насця скончыла школу алімпійскага рэзерву па акадэмічным веславанні. Цікава, што ўсе дзеці Даўгаполавых вельмі любяць спорт. Шаснаццацігадовая Софія паспяхова займаецца стральбой з лука, таксама сваю будучыню не аддзяляе ад спорту. Дванаццацігадовы Руслан, вучань школы № 10, наведвае лёгкаатлетычны манеж і не прапускае ніводнай трэніроўкі.

Самая вялікая каштоўнасць

— Мяне ўразіла, — кажа маці сям'і, — што тут ёсць магчымасць дзецям займацца амаль любым відам спорту, прычым бясплатна. У нас такога не было. А яшчэ адразу кідаюцца ў вочы чысціня, парадак, стан дарог, акуратныя палі, якія апрацоўваюцца. У вас пасля савецкага перыяду захавалі калгасы, проста па-іншаму іх назвалі. У нас калектыўнай гаспадаркі больш няма, а прыватныя, як выглядала, апрацоўвалі далёка не ўсю зямлю, таму хапала закінутых, недагледжаных участкаў. У Беларусі ўсё па-іншаму.

— І галоўная каштоўнасць — цішыня і спакой. Памятаеце, як некалі даўно нашы бабулі казалі: галоўнае, каб не было вайны, а мы даволі іранічна, калі не сказаць, паблажліва, як нейкі перажытак мінулага, успрымалі тыя разважанні. Груба кажучы, на сваёй шкуры, сваімі вантробамі давялося зведаць вялікі філасофскі і жыццёвы сэнс тых слоў. Яны рабілі высновы не на пустым месцы, а зыходзячы з перажытага, выпакутаванага жыццёвага вопыту. Цяпер кожны дзень думаеш, толькі б сюды тая вайна не дакацілася, не зачапіла гэты край, які нас прытуліў... — дзеліцца Святлана.

— Мы ўпэўніліся, што людзі тут добрыя, памяркоўныя. Даводзілася не раз сутыкацца са спагадай, разуменнем. Вядома, даволі доўга жыло адчуванне, што ты тут у гасцях, часова, а цяпер часам лаўлю сябе на думцы: «У нас, у Брэсце, лепей». Гэта калі даводзіцца па рабоце бываць на аб'ектах у іншых гарадах. І дзеці, заўважаю, сталі лічыць гэты горад сваім. Дзеці наогул хутчэй прывыкаюць, адаптуюцца. Цяпер, нават калі б прапанавалі лепшую работу ў сэнсе аплаты ў іншай мясцовасці з жыллём, не ведаю, ці рашылася б я ўсё памяняць. Шчыра кажучы, стамілася ад пераездаў, пошукаў. Тут мы ўжо, наколькі магчыма ва ўмовах інтэрната, наладзілі свой быт. Дзяўчаткі ў мяне працавітыя, калі я ў камандзіроўцы, прыгатуюць паўнацэнны абед, не будуць карміць меншага бутэрбродамі альбо сасіскамі. На дні нараджэння кожнага з нас абавязкова пячом усе разам торт, любім сумесныя прагулкі па выхадных. Бываем у самых прыгожых мясцінах горада. Мы ўжо — брастаўчане, — падсумоўвае жанчына.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з архіва Святланы Даўгаполавай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​