Дык што ж такое туман? Туман — гэта збіранне ў паветры вельмі дробных кропель вады (у вадкім або змёрзлым стане), якое прыводзіць да паніжэння метэаралагічнай дальнасці бачнасці да 1000 м і менш. Утварэнне туманаў падобнае да ўтварэння аблокаў, калі ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары паветра, які падымаецца, ахалоджваецца. Але ў выпадку з туманамі ахаладжэнне адбываецца не пры ўздыме паветра, а каля зямной паверхні.
Паколькі туманы суправаджаюцца прыкметным пагаршэннем бачнасці, ствараюцца неспрыяльныя ўмовы для кіравання аўтамабільным, чыгуначным і авіяцыйным транспартам. І чым больш шчыльны ўтварыўся туман, тым большую небяспеку ён нясе. Так, туман пры значэннях бачнасці 500 м і менш працягласцю 3 гадзіны і больш з’яўляецца неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’явай. Моцным лічыцца туман пры значэнні бачнасці 50 м і менш працягласцю не меней як 12 гадзін. Моцны туман з’яўляецца небяспечнай гідраметэаралагічнай з’явай.
За перыяд 1991–2021 гг. у сярэднім на тэрыторыі Беларусі адзначалася ў год ад 15 да 68 дзён з туманам. Найменшая іх колькасць характэрная для метэастанцый Вілейка і Нарач (15 і 19 дзён адпаведна), найбольшая — для метэастанцый, якія знаходзяцца на ўзвышшах (Валожын і Навагрудак (69 і 67 дзён адпаведна)). 59 % туманаў адзначаецца ў халодны перыяд года (лістапад — сакавік). Па месяцах найбольшая іх колькасць адзначаецца ў канцы года: у кастрычніку і снежні ў сярэднім рэгіструецца па 5 дзён з туманам, у лістападзе — 7 дзён (г. зн. туман адзначаецца кожны 4-ы дзень месяца).
У кастрычніку найбольшая колькасць дзён з туманам адзначана ў Ашмянах у 1964 годзе і склала 24 дні. У лістападзе — у Навагрудку ў 1958 годзе (26 дзён). У снежні — у Лепелі ў 1960 годзе (26 дзён). Таксама ў Навагрудку ў 1964 годзе было адзначана 140 дзён з туманам, што з’яўляецца рэкордным значэннем для Беларусі.
Віды туманаў вельмі разнастайныя: у залежнасці ад фазавага стану кропель вады, якія ўтвараюць завісь, адрозніваюць туман, які складаецца з кропель вадкай вады, і туман, які складаецца са змёрзлых кропель або крышталікаў лёду (ледзяны туман). Часам назіраецца змяшаны варыянт, які змяшчае і кроплі, і ледзяныя часціцы. Ледзяны туман утвараецца пры моцных маразах і вялікай вільготнасці паветра, таму днём на сонцы і ўначы пры месяцы ці пры святле ліхтара можна ўбачыць свячэнне граняў ледзяных крышталікаў.
Па вышыні распаўсюджвання туманы дзеляцца на суцэльны, прасвечвальны і паземны. Суцэльным туманам называюць такую з’яву, пры якой назіральнік знаходзіцца ў тумане і не адрознівае неба. Прасвечвальны туман — туман, пры якім чалавек можа бачыць аблокі ці яснае неба, дыск сонца або месяца. Паземны туман размяшчаецца невысокім пластом, пераважна над нізкімі месцамі і над воднымі аб’ектамі. Вышыня такога туману не больш за 2 м над сушай і не больш за 10 м над морам. Узнікаюць яны галоўным чынам у яснае надвор’е на працягу ночы і звычайна рассейваюцца пасля ўзыходу сонца.
Аднак асноўнай і найбольш інфарматыўнай для практыкуючых сіноптыкаў з’яўляецца класіфікацыя туману па ўмовах іх утварэння. У адпаведнасці з ёй туманы падзяляюцца на тры асноўныя групы:
• туманы ахаладжэння,
• туманы выпарэння,
• туманы змешвання.
Як можна зразумець з назвы, туманы ахаладжэння ўзнікаюць з-за ахаладжэння паветра. Яны дзеляцца на радыяцыйныя, адвектыўныя, адвектыўна-радыяцыйныя і араграфічныя. Пры гэтым найбольш распаўсюджанымі тыпамі туманаў у Беларусі з’яўляюцца радыяцыйныя, адвектыўныя і адвектыўна-радыяцыйныя.
Радыяцыйныя туманы.Тэрмін «радыяцыйныя туманы» ніяк не звязаны з радыяцыяй і ядзернымі рэакцыямі. Радыяцыйныя туманы ўтвараюцца з прычыны радыяцыйнага выстуджвання падсцілаючай паверхні і ахаладжэння ад яе прыземнага пласта паветра. Гэтыя туманы ўтвараюцца пры ясным ці малавоблачным надвор’і і слабым ветры. Таму яны часцей за ўсё назіраюцца ў антыцыклонах, грабянях і седлавінах. Улетку радыяцыйныя туманы могуць утварацца і ў вобласці паніжанага ціску.
Часта радыяцыйныя туманы ўтвараюцца ў нізінах, паколькі ў начныя гадзіны туды сцякае халоднае (і цяжэйшае) паветра. У цёплую пару года радыяцыйныя туманы ўтвараюцца ноччу, перад усходам сонца. Вертыкальная магутнасць такіх туманаў бывае ад некалькіх метраў да некалькіх дзясяткаў метраў. У радыяцыйных туманаў ахаладжэння ёсць характэрная асаблівасць — улетку, з-за хуткага прагрэву падсцілаючай паверхні пасля ўзыходу сонца, рассейванне туману адбываецца хутка.
У пераходны сезон года радыяцыйны туман можа захоўвацца пасля ўсходу сонца на працягу 3-5 гадзін. Зімой жа дзённы прагрэў над снежным покрывам невялікі, і ўзніклы туман можа захоўвацца на працягу ўсяго дня, калі не адбудзецца значнай змены сінаптычных умоў.
Адвектыўныя туманы. Адвекцыя — перанос паветра з аднаго раёна ў іншы. Адвектыўныя туманы ўтвараюцца ў тым выпадку, калі адносна вільготная і цёплая паветраная маса перамяшчаецца на больш халодную падсцілаючую паверхню і хутка ахалоджваецца. Пры гэтым чым большая розніца тэмпературы, тым больш інтэнсіўна адбываецца туманаўтварэнне. Такія туманы могуць назірацца ў любы час сутак, хоць звычайна яны ўзмацняюцца ноччу. У адрозненне ад радыяцыйных туманаў для адвектыўных найболей спрыяльныя цёплыя сектары цыклонаў і прылеглыя да іх ускраіны антыцыклонаў, таксама адвектыўныя туманы могуць узнікаць пры перамяшчэнні цёплага фронту. Пры гэтым для ўтварэння адвектыўнага туману павінна быць умераная хуткасць ветру (2–7 м/с). Калі яна будзе занадта высокай, то туман можа рассеяцца, а калі вельмі нізкай, то цёплая паветраная маса, якая перамяшчаецца, будзе ахалоджвацца занадта марудна. Адвектыўныя туманы ахопліваюць шырокія тэрыторыі, могуць існаваць суткі і больш. Часта ўзнікаюць у зімовы перыяд падчас адлігі, асабліва пры наяўнасці снежнага покрыва.
У рэальнасці туманы не заўсёды ўтвараюцца толькі па адной прычыне. Часта назіраецца спалучэнне сітуацый, калі адвекцыя цёплага паветра і радыяцыйнае выстуджванне ўзмацняюць адзін аднаго. У гэтым выпадку туманы называюцца адвектыўна-радыяцыйнымі. Такі туман утвараецца над сушай пераважна ў халодную пару года пры слабай адвекцыі цёплага паветра на заходняй ці паўночнай перыферыі антыцыклону, як правіла, уначы, калі адбываецца радыяцыйнае выстуджванне падсцілаючай паверхні. Значэнні хуткасці ветру для ўтварэння гэтага тыпу туману невялікія і складаюць у прыземным пласце 1-2 м/с, радзей 3-4 м/с.
Араграфічныя туманы ўтвараюцца ў выніку пад’ёму паветра ўздоўж схілаў гор і ўзвышшаў. Пры гэтым пры пад’ёме паветра ахалоджваецца, што прыводзіць да кандэнсацыі вадзяной пары.
Акрамя туманаў ахаладжэння, адрозніваюць таксама туманы выпарэння. Тут сітуацыя адваротная ў параўнанні з туманамі ахаладжэння: цяпер паверхня цёплая, а паветра, якое паступае, халоднае. Калі халаднейшае паветра паступае на больш цёплую паверхню, на ёй пачынаецца інтэнсіўнае выпарэнне, лішкі вадзяной пары кандэнсуюцца, і ўзнікае туман выпарэння. Такія туманы часта сустракаюцца над вадаёмамі.
Таксама туманы выпарэння ўтвараюцца пры выпарэнні кропель дажджу, які выпадае з адносна цёплай паветранай масы ў халодным падфрантальным паветры, і называюцца франтальнымі туманамі выпарэння. Часцей за такія туманы ўзнікаюць пры выпадзенні дробнага дажджу тыпу імжы. Туман выпарэння можа ўтварацца і пасля дажджу, які выпаў перад халодным фронтам на добра прагрэтую днём паверхню зямлі. За франтальным раздзелам ідзе рэзкае пахаладанне, што можа спрыяць утварэнню туману над сырой глебай і балотамі.
Пры пэўных умовах у выніку перамешвання (або змяшэння) мас паветра можа ўтварацца туман. Гэта адбываецца на мяжы судакранання дзвюх паветраных мас, тэмпературы якіх значна адрозніваюцца, а ўтрыманне вільгаці ў абедзвюх блізка да стапрацэнтнага. Перамешванне вільготнага халоднага і вільготнага больш цёплага паветра прыводзіць да ўтварэння такога роду туманаў.
Туманы змяшэння могуць утварацца зімой паблізу берагавой рысы мораў і вялікіх азёр, а таксама могуць узнікаць уздоўж мяжы паміж цёплымі і халоднымі марскімі цячэннямі.
Акрамя таго, існуюць туманы, на ўтварэнне якіх уплывае дзейнасць чалавека (антрапагенныя туманы), а таксама туманы, створаныя непасрэдна чалавекам (штучныя туманы і дымы), напрыклад, для барацьбы з замаразкамі, а таксама для вырошчвання розных відаў гародніны, садавіны і грыбоў на закрытых пляцоўках.
Таццяна ЧАТЫРКО, начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Белгідрамет)
Друкуецца ў часопісе «Родная Прырода»
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.