Вы тут

Чаму плітка на падлозе шкодзіць хатнім гадаванцам?


У суботнюю раніцу ў адной з вядомых ветэрынарных клінік горада Гомеля — на вуліцы Савецкай, 168 б — наплыў чатырохногіх пацыентаў і іх гаспадароў. Хтосьці прыйшоў зрабіць планавую прышчэпку сабаку, іншыя ж сур’ёзна занепакоеныя здароўем сваіх гадаванцаў. Журналісты «Роднай прыроды» выйшлі на дзяжурства разам з ветэрынарнымі ўрачамі і фельчарамі і даведаліся, з якімі захворваннямі жывёл часцей за ўсё звяртаюцца іх уладальнікі і пра што неабходна памятаць гаспадарам, каб іх гадаванцы не хварэлі.


У клініцы працуюць 9 вопытных ветэрынарных урачоў і 6 ветэрынарных фельчараў.

У прыёмным пакоі сваёй чаргі чакаюць уладальнікі дзвюх жывёлін. Ганна прывяла ёркшырскага тэр’ера, каб зрабіць прышчэпку. У чаканні выкліку яна дзелавіта расшпільвае на ўлюбёнцы камбінезончык, адначасова супакойваючы ўсхваляванага гадавалага сабачку.

— Гэтую клініку мне параілі сябры, — распавядае ўладальніца ёрка. — Сеня ўжо меў сумны досвед наведвання іншай, калі былі праблемы з зубамі. Таму вырашыла зрабіць прышчэпку тут, каб не нагадваць сабаку аб нядаўнім стрэсе.

Ветэрынарны фельчар Павел Рэкстэн праводзіць неабходныя маніпуляцыі і дае некалькі парад па ўтрыманні сабакі.

Адначасова на прыём да ўрача прыйшла сям’я — бацька з дзвюма дочкамі прынеслі буйнога аднагадовага кацяру Боню.

— У яго на шыі з’явілася ўшчыльненне, — дзеліцца старэйшая з сясцёр Лера. — Таму мы і вырашылі паказаць Боню ўрачу. Спадзяёмся, што зможам хутка яго вылечыць.

Ветурач Сяргей Пяруноў праводзіць агляд пушыстага пацыента, ставіць дыягназ, прызначае прэпараты і расказвае бацьку сямейства, як лячыць усеагульнага ўлюбёнца сям’і, каб той хутчэй паправіўся.

Побач на працэдурным століку ляжыць пад кропельніцай каток «дваровай» пароды Бублік.

— Так яго назвала дзіця, калі знайшло на вуліцы. Уручаючы бабулі, сказаў: «Трымай, гэта Бублік!» У нас усе любяць жывёл, у маіх бацькоў, у сястры і ў мяне дома — шмат сабак і катоў, прычым амаль усе — падабраныя на вуліцы, — расказвае Кацярына. — Бубліку, які жыве ў маёй мамы ў вёсцы, стала дрэнна, і мы хуценька прыехалі сюды, у клініку. Тут працуюць вопытныя ўрачы. Мы часта звяртаемся да іх, бо нашым гадаванцам неабходна праводзіць планавыя агляды і прышчэпкі. Бубліку паставілі дыягназ «вірусная інфекцыя», і зараз ён лечыцца...

У кабінеце ветэрынарнага ўрача Алены Калінінай з’яўляюцца новыя пацыенты. Юлія і Дзмітрый прывялі на прыём пушыстага сабаку Чарлі. У двухгадовага чау-чау з’явілася алергія на корм, і ўрач раіць уладальнікам сабакі высветліць, які менавіта кампанент выклікаў такую рэакцыю, а таксама тлумачыць, што праблема будзе ліквідаваная пасля замены корму. У канцы прапісвае курс лячэння для зняцця хваравітых рэакцый у сабакі.

А вось чорнаму сабаку Ніке пашанцавала менш. Яе ўладальнікі Алег і Яна распавядаюць, што ў Нікі з’явіліся праблемы з заднімі лапамі — яна часта стамляецца, пасля прагулкі доўга скуголіць ад болю, не хоча ўставаць.

Ветэрынарны ўрач Дзмітрый Огнеў пераконваецца, што ў сабакі лішняя вага і артрыт задніх лап. Ён цікавіцца, ці пакладзена ва ўладальнікаў жывёлы дома на падлозе плітка. На яго думку, гэта не самым лепшым чынам адбіваецца на здароўі сабакі:

— Па-першае, падлога ў такім выпадку слізкая, што стварае дадатковую нагрузку на суставы, а па-другое, доўгае ляжанне на халодным пакрыцці — прычына хвароб мочапалавой сістэмы.

У кароткія перапынкі паміж прыёмам пацыентаў задаю пытанні Дзмітрыю Генадзьевічу:

— З якімі захворваннямі жывёл часцей за ўсё звяртаюцца іх уладальнікі і якія меры неабходна прыняць, каб пазбегнуць або мінімізаваць іх наступствы?

— Ёсць група захворванняў, якія маюць пэўную сезоннасць. Напрыклад, зараз, як і вясной, актывізаваліся іксодавыя кляшчы, якія з’яўляюцца пераносчыкамі небяспечных захворванняў. Таму асабліва ўважлівымі трэба быць уладальнікам сабак. Не забываць апрацоўваць гадаванцаў ад насякомых-крывасмокаў, прычым якаснымі прэпаратамі. Яны даражэйшыя, але абараняюць лепш, чым танныя сродкі ці ашыйнікі.

— Да якіх захворванняў схільныя коткі, на што іх уладальнікам варта звярнуць увагу? — цікаўлюся ў ветурача.

— Кошкі ў большасці выпадкаў трапляюць да нас з цыстытам або мочакаменнай хваробай. У першым выпадку — халодныя падлогі і скразнякі. А вось у другім — вінаватыя самі ўладальнікі. Коткам лепш не даваць танны сухі корм, а таксама рыбныя і малочныя прадукты, пра што людзі часам забываюць. Не ўсё, што патрэбна чалавеку, карысна жывёлам.

— У практыцы клінікі былі выпадкі аказання дапамогі дзікім жывёлам або птушкам? — не супакойваюся я.

— Так, нядаўна да нас на прыём прывезлі лебедзя, якому сабака ледзь не перагрыз горла. Своечасова паспелі вызваліць птушку з палону. Яна выжыла. Быў выпадак, калі мне давялося лячыць ядавітую рэптылію: у яе назіраліся праблемы з вачамі. Выконваючы меры засцярогі, дапамогу аказалі ў поўным аб’ёме. У ліку нашых «падапечных» — і насельнікі кантактнага заапарка.

— Якіх экзатычных гадаванцаў прыносяць на прыём гамяльчане?

— Апроч звычайных кошак, сабак, трусоў і папугаяў розных парод, часам просяць палячыць ліс, міні-пігаў і рэптылій. Плітка, выкладзеная на падлозе дома, не самым лепшым чынам адбіваецца на здароўі сабак.

— Што б вы параілі ўладальнікам жывёл?

— Любіць і клапаціцца аб іх здароўі, выконваць рэжым харчавання і забяспечваць камфортныя ўмовы ўтрымання. І пры самым нязначным недамаганні не зацягваць паход да ветэрынарнага ўрача — хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

Дзмітрый Огнеў звяртае ўвагу на тое, што прыём у клініцы вядзецца кругласутачна.

— Ёсць магчымасць замовіць выезд урача на дом для аказання экстраннай дапамогі альбо планавага лячэння, напрыклад, пастаноўкі кропельніцы або правядзенні вакцынацыі маленькім кацянятам і шчанятам. У самой клініцы мы аказваем шырокі спектр ветэрынарных паслуг, уключаючы УГД і рэнтген, лабараторныя даследаванні і многія іншыя паслугі.

Не магла не пацікавіцца грашовым бокам пытання: адна справа — планавыя працэдуры, а іншая — экстранная дапамога, якая можа абысціся гаспадару «ў капейчыну». 

Пытанне аплаты вырашаецца ў індывідуальным парадку і так, каб улічыць інтарэсы ўладальнікаў жывёл, — запэўнівае мяне Дзмітрый Генадзьевіч.

Ірына ГРАМЫКА

фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».